Вы тут

Ірына Варфаламеева: За ўсё ўдзячна маме!


«У аснове поспеху ляжаць правалы і памылкі, — гаворыць наша гераіня. — Без гэтага не будзе выніку». Мала хто ведае, які складаны шлях трэба пераадолець, каб выступаць на галоўнай сцэне краіны. І наколькі для творцы важная падтрымка сям’і. Для Ірыны такая падтрымка — матуля, якая расціла дачку адна. Пра месца сілы, погляд на сямейныя традыцыі і шлях да прафесіі — у нашай размове з лаўрэатам міжнародных конкурсаў, балерынай Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Ірынай Варфаламеевай.


«Усё, чаго дасягнула, — матуліна заслуга»

— Мая маці — цудоўны чалавек. Родам з Крычава. Бацька загінуў, калі я была зусім маленькай. Яго радзіма — Алтайскі край, — пачынае размову Ірына. — У матулі, Таццяны Аляксееўны, тры вышэйшыя адукацыі. Па першай яна інжынер, па другой — эканаміст, і трэцяя адукацыя — выкладчык. Працуе ў Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце на кафедры трактароў і аўтамабіляў. У нашай сям’і ніхто не быў звязаны з творчасцю. Усе інжынеры, матэматыкі, будаўнікі. Толькі мяне неяк занесла ў творчую прафесію (смяецца). 

Аднак, нягледзячы на тое, што ў мамы тэхнічная адукацыя, яна вельмі творчы чалавек. Расціла мяне адна, паспявала і працаваць, і ўдзяляць мне час па максімуме. Усе грошы, якія зарабляла, укладала ў маю адукацыю. Адзенне мне шыла. Старалася рознабакова развіваць, — расказвае дзяўчына. У дзяцінстве будучая балерына наведвала студыю Рышальда Мая пры Нацыянальным мастацкім музеі, тэатральную студыю «Рэвю», займалася лепкай, скончыла музычную школу. За ўсё гэта яна дзякуе маме.

Артыстка гаворыць, што не марыла стаць балерынай. Калі споўнілася дзесяць, з мамай паехалі на экскурсію ў Санкт-Пецярбург. Гуляючы па вуліцы Зодчага Росі, убачылі аб’яву аб наборы ў балетную школу. Таццяна Аляксееўна прапанавала паспрабаваць. Да таго моманту Ірына ні разу не была ў тэатры. Яна прайшла прагляд. Аднак жыць у Пецярбургу не было магчымасці. Здала ўступныя экзамены ў Мінскую харэаграфічную гімназію-каледж. Так трапіла ў балетны свет.

— За мае дзесяць сезонаў у тэатры мама наведвала амаль кожны спектакль. Дзесьці заўважала памылкі, недахопы. Проста была побач, падтрымлівала. Цяпер ужо ходзіць менш, — дзеліцца танцоўшчыца.

Таццяна Аляксееўна навучыла дачку не кідаць справу на паўшляху.

— Падабаецца ці не, але пачатае трэба даводзіць да канца. Таму, каб пачаць нешта новае, трэба было падумаць, ці зможаш гэта завяршыць. Магчыма, такі падыход і дапамог дасягнуць пэўнага выніку, — кажа Ірына.

«Калі табе плююць у спіну, значыць, ты наперадзе»

Дзяўчына прызнаецца: было складана ў прафесіі. Таццяна Аляксееўна заўсёды вучыла дачку дабівацца ўсяго самой. Яе не расцілі балерынай: з дзяцінства была ў спорце — займалася мастацкай гімнастыкай. Перад балерынай таксама ставілі задачы і вучылі іх выконваць. І цяпер яна стараецца рабіць тое, чаму навучалася за ўсе гады, добра.

— Мой дэвіз па жыцці — словы Людмілы Маркаўны Гурчанкі: «Калі табе плююць у спіну, значыць, ты наперадзе». І калі мне цяжка, успамінаю гэты выраз і іду далей, — кажа Ірына. — А яшчэ лічу, што ў аснове поспеху ляжаць правалы і памылкі, без гэтага не будзе выніку. Вядома, што балерына — гэта не толькі прыгажосць, а яшчэ і пастаянная цяжкая праца.

Працоўны дзень пачынаецца прыкладна ў 8.00-8.30. Снедае, прымае душ. Едзе ў тэатр загадзя, каб разагрэцца, пераапрануцца і заплесціся. У дзесяць павінна стаяць каля станка. Пасля — масаж, наведванне ўрача. У дзве гадзіны — рэпетыцыі. Ёсць час, каб схадзіць у медкорпус, на прымерку новага касцюма, на інтэрв’ю ці здымкі.

З мамай і бабуляй

— Наш тэатр рэпертуарны, — тлумачыць балерына. — Таму мяне можна ўбачыць ва ўсіх пастаноўках. Не заўсёды танцую ў пачатку спектакля. Прыходжу за дзве гадзіны да выхаду на сцэну. Гэтага ў прынцыпе дастаткова для падрыхтоўкі. Бывае, што вечарам толькі рэпетыцыя. Пачынаецца ў шэсць гадзін і завяршаецца прыкладна ў дзевяць. Скончылася — і ты зноў распранаешся, расплятаешся, ідзеш дадому. Як правіла, адразу кладуся спаць, рэдка калі пакідаю нейкія справы на вечар.

Адпачынак — толькі ў марах

Свой выхадны дзень балерына з гумарам называе «канапаляжаннем».

— Гэта, канешне, у ідэале (смяецца). Вольны дзень у нас усяго толькі адзін. І на яго звычайна звальваюцца такія справы, як прыбраць кватэру, прыгатаваць, разабраць гардэробную, падшыць пуанты, пачытаць, калі атрымаецца, пайсці да ўрача, а яшчэ схадзіць на вучобу (калі вучышся паралельна). Таму ідэальны выхадны — праведзены ў гарызантальным становішчы. На жаль, рэдка так бывае, бо часта запланаваны здымкі, інтэрв’ю, сустрэчы. Так што адпачынак толькі ў марах, — распавядае дзяўчына. Ірына кажа, што не заўсёды атрымліваецца выязджаць за горад. Аднак, калі з’яўляецца магчымасць, едзе на любімае лецішча. Гэта для яе месца сілы.

— Там магу пабыць сам-насам з прыродай, сваімі думкамі. Займаюся рознымі справамі: кашу траву, збіраю ягады, вару варэнне, паліваю агарод і нават фарбую. Літаральна нядаўна фарбавала столь, магу і прыбіць штосьці. Карацей, на лецішчы займаюся ўсім, — усміхаецца Ірына.

Дабівацца ўсяго самой

Ірыне не дораць кветкі ў звычайным жыцці — толькі на сцэне.

— Верыце ці не, але гэта праўда (усміхаецца). Кветкі мне дораць толькі пасля спектакляў. Тым больш каштоўным становіцца выхад на сцэну і сустрэча з гледачом. Прыемна ведаць, што там чакаюць. Мая прафесія няпростая, у ёй важны вынік. Разумееш, дзеля чаго працуеш, — дзеля захопленага позірку людзей, іх апладысментаў.

Усе падарункі ад гледачоў для нашай гераіні вельмі важныя. Яна ставіцца да іх з асаблівай шчымлівасцю. У кватэры ім адведзена пэўнае месца. І, спадзяецца артыстка, з цягам часу з’явіцца дом і прастора, дзе можна размясціць падоранае.

— Хачу, каб кожная рэч знайшла сваё месца. Сярод незвычайных — карціна з дзесяці тысяч маіх фота. Яе падарылі пасля майстар-класа па класічным танцы, які давала ў Міжнародным цэнтры балета ў Пецярбургу. Атрымаць такую вялікую карціну было незвычайна. А ехаць з ёй у аэрапорт — тым больш (смяецца). А яшчэ калекцыянірую цацачных кароў. Многія дзеці гэта ведаюць, і калі прыходзяць да мяне на спектакль, прыносяць іх у падарунак. Я такое вельмі люблю, ды любая ўвага для артыста — ужо вялікі і незвычайны падарунак, — гаворыць Ірына.

«Каб сабрацца разам, нагоды не трэба»

— Мы з мамай — дамашнія людзі. Нават паміж рэпетыцыямі з радасцю прыбягаю дадому. Вялікі перапынак абсалютна не магу праводзіць у грымёрцы. Люблю ствараць утульнасць, хоць і няма на гэта часу. Нядаўна перабірала гардэроб, і аказалася, што там зусім не хапае хатняга адзення. Пасля святочных дрэскодаўскіх сукенак у мяне адзенне для дома на другім месцы. Настолькі абажаю адчуваць сябе дома камфортна, што лепш набуду яшчэ адзін хатні касцюм, чым убор для выхаду ў свет.

Для Ірыны святы ў коле сям’і — дастаткова абстрактнае словазлучэнне. Як яна расказвае, з блізкіх родных у яе — толькі маці і бабуля, усе астатнія — стрыечныя ці траюрадныя. Да таго ж насычаны графік.

— У чатыры гады я на дастаткова высокім узроўні займалася мастацкай гімнастыкай. І перавага аддавалася майму развіццю, а не сямейным сустрэчам. Увогуле, лічу, каб сабрацца разам, нагоды не трэба.

І хоць «святочныя сталы», як гаворыць Ірына, у сям’і бываюць нячаста, Таццяна Аляксееўна заўсёды стараецца прыгатаваць што-небудзь смачнае.

— Яшчэ з дзяцінства ў нас традыцыя пячы тарты. Яны робяцца з невялікіх эклераў. Іх выпякае матуля. Гатуецца крэм са сметанковага масла альбо са згушчонкі, усё выкладваецца, заліваецца і выносіцца на балкон. Гэты дзіцячы ўспамін, калі хадзіла і глядзела, ці гатовыя эклерчыкі, застанецца назаўсёды, — успамінае дзяўчына.

У сям’і Ірыны ніколі не было, як яна называе, культу дня нараджэння.

— Месяц рыхтуешся, усё іншае адмяняеш, а потым месяц адпачываеш ад святкавання. Гэта не наша гісторыя, бо я была ў спорце, а там жорсткі графік. Пасля ў балеце — не менш жорсткі. Потым — тэатр. Самыя яркія эмоцыі адчуваю ад спектакля, — прызнаецца Ірына, — на якім бачу вынік, усё тое, што напрацавала. А дзеля дня нараджэння не трэба нічога рабіць. Ён усё роўна надыдзе, тут без варыянтаў. Дарэчы, заўважыла, што мяне віншуюць часцей з добрым спектаклем. А яшчэ калі атрымала пасведчанне кіроўцы, у «Інстаграме» павіншавала каля ста чалавек!

Балерына ў глядзельнай зале

Другі любімы горад Іры пасля роднага Мінска — Санкт-Пецярбург.

— У паўночнай расійскай сталіцы бываю ўсё часцей і часцей. Наведваю па магчымасці балетныя спектаклі ў Марыінскім тэатры. Балерына ў глядзельнай зале нічым не адрозніваецца ад балерыны за кулісамі, — упэўнена артыстка. — Усё роўна ідзе няспынны аналіз: добра — дрэнна, так — не так, падабаецца альбо не... Таму, скажу шчыра, доўгі час за сваю кар’еру не глядзела спектаклі з залы. Не магла адключаць мозг. І толькі пасля дзявятага сезона пачала хадзіць. І здараецца, што падчас пастаноўкі хочацца сказаць: «Так не трэба». Аднак гэта мастацтва, і двух аднолькавых спектакляў увогуле не бывае.

* * *

...Напрыканцы размовы мы закранулі тэму стварэння ўласнай сям’і. Якой яна ўяўляецца нашай гераіні, каго б хацела бачыць побач з сабой па жыцці?

— Мы ўсе, асабліва дзяўчаты, задумваемся пра будучыню, пра сям’ю. Хочам адно, а ў рэальнасці так не заўсёды атрымліваецца. У мяне яшчэ мала вопыту, таму не разабралася, які тыпаж падабаецца. Але гэта павінен быць той, хто мяне пакахае — без нюансаў, незалежна ад прафесіі і жыццёвага ўкладу. Ён будзе цаніць, паважаць. Гэта надзейны чалавек, якому можна верыць і смела ісці з ім у заўтрашні дзень. Бо прафесія артыста нестабільная: разлічваеш толькі на сябе самога і працуеш кожны дзень на вынік. І калі побач акажацца чалавек, з якім будзе камфортна, я звяжу з ім сваё жыццё.

Чытачам «Сямейнай газеты» хачу пажадаць, каб вашы мары спраўджваліся. Не бойцеся ставіць перад сабой самыя смелыя мэты. Шануйце тое, што ёсць, а нам ёсць што шанаваць!

Надзея ЗУЕВА

Фота з архіва балерыны

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.