Вы тут

З чым Саюз пісьменнікаў Беларусі адзначае сваё 90-годдзе


Трапіць у асяроддзе аднадумцаў, творчых людзей, аб’яднаных любоўю да прыгожага пісьменства, — вялікая ўдача для літаратараў незалежна ад іх узросту і жанру, тэматыкі, у якіх яны працуюць. І Саюз пісьменнікаў Беларусі сёння якраз з’яўляецца той суполкай аднадумцаў, паплечнікаў, дзе паэты, празаікі, драматургі, краязнаўцы, публіцысты могуць знайсці падтрымку сваёй творчасці, наладзіць кантакты і сумесна працаваць на памнажэнне літаратурнай спадчыны нашай краіны. На сустрэчы з журналістамі, прымеркаванай да 90-годдзя творчага аб’яднання, прадстаўнікі творчай арганізацыі расказалі, якім быў лёс іх саюза, на чым засяроджана іх работа на сучасным этапе і якой яны бачаць перспектыву сваёй дзейнасці.


— Уступіўшы ў саюз у 1977 годзе, я зразумеў, што такое сіла пісьменніка. У той час там працавалі вядомыя нашы мэтры Іван Шамякін, Васіль Быкаў, Андрэй Макаёнак, Максім Танк і іншыя, — падзяліўся ўспамінамі ганаровы старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі народны пісьменнік Беларусі Мікалай Чаргінец. Згадаў ён і пра няпростыя часы пачатку 2000-х, калі творцаў, гатовых працаваць на карысць народа і краіны, падтрымаў кіраўнік дзяржавы. 

І сёння ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі нямала людзей, уганараваных высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. «Гэта сведчанне таго, што наш саюз на правільным шляху», — сказаў Мікалай Чаргінец.

— Сёння Саюз пісьменнікаў — арганізацыя, якая аб’ядноўвае калектыў у 660 чалавек — празаікаў, паэтаў, публіцыстаў, краязнаўцаў, дзіцячых пісьменнікаў. Працуе сем аддзяленняў — у абласцях нашай краіны і ў Мінску. У складзе нашай арганізацыі ёсць таксама прадстаўнікі і грамадзяне іншых краін. Гэта тыя, хто актыўна з намі супрацоўнічае, хто нарадзіўся ў Беларусі ці мае своеасаблівыя паўнамоцтвы прадстаўнікоў беларускай літаратуры ў іншых краінах, — распавёў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. — У складзе нашай арганізацыі працуюць секцыі прозы, паэзіі, драматургіі, публіцыстыкі, прыгодніцкай літаратуры, навуковай фантастыкі, краязнаўства, крытыкі і літаратуразнаўства, дзіцячай літаратуры. Разам з культурна-асветніцкімі ўстановамі мы праводзім вялікую работу па прапагандзе сучаснай беларускай літаратуры. Дзякуючы такому партнёрству з установамі культуры нам удалося наладзіць і цэлую сетку фестываляў, у першую чаргу — дзіцячай літаратуры і дзіцячага чытання. Добрыя стасункі ў нас з Міністэрствам адукацыі, дзякуючы чаму пісьменнікі частыя госці ў школах. Арганізатарам многіх нашых праектаў з’яўляецца Міністэрства інфармацыі, дзякуючы якому ёсць дзяржаўная падтрымка літаратурна-мастацкай перыёдыкі, сумесна вядзецца ў нас работа па вызначэнні літаратуры, якую трэба выдаваць па запытах чытачоў і бібліятэк. Падтрымка Міністэрства інфармацыі — гэта і правядзенне такога вялікага свята, як Дзень беларускага пісьменства…

Дарэчы, у ходзе сустрэчы з нагоды юбілейнай даты пісьменніцкай арганізацыі кіраўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа перадалі СПБ свае віншавальныя адрасы. «Роднае слова для беларусаў заўсёды было значным. Яно ахоўвала духоўную спадчыну і памяць народа ў песнях, казках, легендах, паданнях. Ад народа ўзялі яго песняры, сярод якіх быў і Янка Купала. Народны паэт быў і ў шэрагах стваральнікаў і заснавальнікаў вашага творчага саюза, які амаль век яднае сілы і хараство беларускага слова. Мы бачым у вас годных прадаўжальнікаў традыцыі нашых класікаў, іх сяброў і паплечнікаў», — гаворыцца ў адным з іх.

Не абмінулі падчас сустрэчы і пытанні, якія патрабуюць прапрацоўкі, але не толькі з боку пісьменніцкай арганізацыі. Так, сёння ў Саюзе пісьменнікаў вельмі актыўная і плённая праца назіраецца ў секцыі публіцыстаў, прадстаўнікі якой звяртаюцца не толькі да мінулага, але і адлюстроўваюць апошнія падзеі ў лёсе нашай краіны. А вось што датычыцца драматургіі, то там ёсць прастора для росту.

— Мы ўдзячныя Міністэрству культуры, што разварушыла аўтараў гэтага жанру, звярнула ўвагу і на рэпертуар, дзе не хапае п’ес сучасных беларускіх творцаў. І цяпер праводзіцца конкурс, напрыклад, на найлепшую п’есу, прысвечаную 80-годдзю Вялікай Перамогі. Я думаю, што і стварэнне секцыі драматургіі, якая ў нас з’явілася нядаўна, і іншыя творчыя праекты паспрыяюць таму, што гэты жанр будзе больш актыўна развівацца, — адзначыў старшыня Саюза пісьменнікаў. — І ў фармаце Нацыянальнай літаратурнай прэміі ёсць намінацыя «За найлепшы твор у галіне драматургіі». Многія сюжэты мастацкіх твораў маглі б быць і п’есамі, і асновай кінасцэнарыяў. Мы памятаем класічную беларускую літаратуру, калі фільмамі і п’есамі станавіліся празаічныя творы Івана Шамякіна, Васіля Быкава і іншых літаратараў, якія не былі прафесійнымі драматургамі. Я гавару гэта да таго, што павінен быць яшчэ і ўзаемны камунікат з боку тэатралаў, кінематаграфістаў.

А вось Аляксей Чарота, намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў, засяродзіў увагу прысутных на супрацоўніцтве з маладымі аўтарамі, адзначыўшы, што арганізацыяй праводзіцца вялікая работа ў гэтым кірунку: «Пры нашай творчай арганізацыі створаны Савет па рабоце з моладдзю, які закліканы аб’яднаць усіх маладых творчых людзей, дапамагчы ім, накіраваць іх у правільнае рэчышча. У рамках гэтай работы праводзяцца і сустрэчы з маладымі людзьмі, у тым ліку і ў бібліятэках. Наша маладзёжная арганізацыя падпісала дамову з Саюзам пісьменнікаў Расіі, дзе ёсць аналагічная суполка, для таго, каб неяк заахвоціць маладых творцаў». І варта адзначыць, што шэрагі беларускіх пісьменнікаў папаўняюцца сёння таленавітымі маладымі людзьмі.

У сваю чаргу беларускі грамадскі дзеяч, палітык, педагог, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Радзькоў адзначыў:

— Па родзе сваёй дзяржаўнай службы мне даводзілася ўдзельнічаць у рабоце Саюза пісьменнікаў і прысутнічаць на пасяджэннях прэзідыумаў. Мяне заўсёды прываблівала гэта супольнасць. І мяне цягнула да пісьменнікаў, таму што гэта мудрацы, вельмі назіральныя і каларытныя людзі. Было жаданне быць сярод іх. І як педагог я раздзяляю тую думку, што чалавек павінен увесь час вучыцца. У маім дзяцінстве дзве крыніцы ведаў былі — кніга і настаўнік. А вось жыццю я вучыўся, чытаючы «Палескіх рабінзонаў», «Міколку-паравоза», «Глыбокую плынь». Пазней мяне жыццё звяло з кнігамі Мікалая Чаргінца, Алеся Карлюкевіча, Генадзя Пашкова, Георгія Марчука, Алеся Бадака, Віктара Шніпа і іншых. І зноў адкрываеш мудрасць думак, новых таленавітых людзей, аўтарскія погляды на краіну, на ўсё, што адбываецца навокал…

Алена ДРАПКО

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Загаловак у газеце: На службе ў прыгожага пісьменства

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.