Вы тут

Наталля Якубіцкая: «Мы імкнёмся аб’яднаць усіх жанчын у адзіны магутны рух»


Нагодай для сустрэчы з парламентарыем сталі адразу некалькі падзей. Першая — Форум рэгіёнаў Расіі і Беларусі, які адбудзецца ўжо ў канцы чэрвеня, другая — XV Міжнародны эканамічны форум «Расія — Ісламскі свет: KazanForum 2024», што прайшоў у маі. Адной з галоўных тэм апошняга стаў жаночы парадак дня. Пра гэта і не толькі — у нашай размове з намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, старшынёй Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталляй Якубіцкай.


— Наталля Віктараўна, адна з важных падзей чэрвеня — Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Як да яго рыхтуюцца мясцовыя Саветы дэпутатаў?

— Адзін з кірункаў дзейнасці Мінскага абласнога Савета дэпутатаў і мяне як сенатара, намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні — развіццё міжнародных сувязяў і адносін. Для гэтага ў нас ёсць усе неабходныя магчымасці і рычагі. Штогадовы Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі — адзін з самых эфектыўных. Сёлета яго прымае Беларусь, Віцебская вобласць.

Мы ўсе рыхтуемся да гэтай найважнейшай міжнароднай падзеі. Такія форумы праводзяцца пад эгідай Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі. Летась быў дзясяты, юбілейны, форум. Больш маштабны за ранейшыя. Чым ён адрозніваўся? Калі раней у нас было па пяць секцый, то летась — дзесяць. Адна з секцый называлася «Рэгіянальнае супрацоўніцтва», якую вяла я ад беларускага боку як мадэратар. З расійскага боку секцыю вёў старшыня Камітэта Савета Федэрацыі па федэратыўным упарадкаванні, рэгіянальнай палітыцы, мясцовым самакіраванні і справах Поўначы Андрэй Анатольевіч Шаўчэнка. 

У гэтым годзе мы таксама будзем актыўна працаваць. Я буду весці адну з секцый — «Міжнароднае рэгіянальнае супрацоўніцтва Расіі і Беларусі».

Форум выклікае вялікую цікавасць, шмат ахвотных з боку Расійскай Федэрацыі прыехаць у нашу краіну для таго, каб развіваць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, разглядаць пытанні прыцягнення інвестыцый, развіваць культурнае, адукацыйнае, навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва.

— Нядаўна вы ўзялі ўдзел у мерапрыемствах XV Міжнароднага эканамічнага форуму «Расія — Ісламскі свет: KazanForum 2024». Якія задачы стаялі перад вамі? Якія пытанні ўзнімаліся там? Як сустрэлі беларускі бок?

— Па прапанове Савета Рэспублікі я наведала горад Казань. Там праходзіў Міжнародны эканамічны форум. У склад дэлегацыі разам са мной уваходзілі старшыні раённых Саветаў дэпутатаў Лагойскага і Вілейскага раёнаў. Мая галоўная задача — годна прадставіць нашу краіну. Гэта не толькі ганарова, але і адначасова велізарная, каласальная адказнасць. На форуме прысутнічалі прадстаўнікі каля 100 краін свету. Калі казаць у колькасным выяўленні, гэта 20 тысяч чалавек. Была прадстаўлена велізарная колькасць пляцовак, бо ў кожнага свае інтарэсы.

На форуме абмяркоўваліся найважнейшыя пытанні эканамічнага, гуманітарнага і палітычнага супрацоўніцтва. Калі казаць у больш вузкім фармаце, улічваючы, што форум ісламскі, — гэта пытанні індустрыі прадукцыі «Халяль». Гэта здаровае харчаванне, здаровы лад жыцця.

Мне хацелася б адзначыць вельмі цёплае і паважлівае стаўленне да беларусаў. Дзякуючы каму? Вядома, дзякуючы нашаму глыбокапаважанаму Прэзідэнту Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку. Менавіта ён падымае аўтарытэт нашай краіны на міжнароднай арэне. Дзякуючы яму такое стаўленне да нас, беларусаў. І мы ў сваю чаргу таксама стараліся годна прадстаўляць нашу краіну.

Падчас форуму ў мяне быў вельмі шчыльны графік. Я паспела правесці перагаворы са старшынёй Дзяржаўнага Савета Рэспублікі Татарстан Фарыдам Мухаметшыным. Я прыехала ў Казань не толькі ў якасці ўдзельніцы форуму. Справа ў тым, што нас звязваюць дружалюбныя адносіны з Рэспублікай Татарстан. Нездарма мы распачалі нашу размову з Форуму рэгіёнаў.

На дзявятым Форуме рэгіёнаў паміж Мінскім абласным Саветам дэпутатаў і Дзяржаўным Саветам Рэспублікі Татарстан былі заключаны пагадненні аб гандлёва-эканамічным, гуманітарным, навукова-тэхнічным, культурным супрацоўніцтвах. Мы сапраўды якасна працуем над усімі пагадненнямі. У 2023 годзе з дружалюбным візітам наведалі гэтую рэспубліку. Перад Адзіным днём галасавання дэлегацыя з Татарстана прыязджала да нас на чале са старшынёй Дзяржаўнага Савета Фарыдам Мухаметшыным.

Падчас форуму ў Казані з’явілася магчымасць правесці сустрэчу на афіцыйным узроўні. Мы абмяркоўвалі развіццё нашага супрацоўніцтва на ўзроўні раёнаў. Так, было заключана пагадненне паміж Старадарожскім раёнам і муніцыпальным утварэннем «Рыбная Слабада Рэспублікі Татарстан».

Далей я выступіла на пленарнай сесіі форуму «Роля жанчыны ў палітыцы» трэка «Жаночы погляд», арганізаванага Дзяржаўным Саветам Рэспублікі Татарстан. Ён быў удала ўпісаны ў архітэктуру ўсяго форуму. Удзельнікамі нашага трэка былі прэзідэнт Міжнароднага форуму краін БРІКС — прадстаўніца Індыі, прэзідэнт Асацыяцыі жанчын краін Афрыкі, упаўнаважаная па правах чалавека Рэспублікі Азербайджан.

Я выступіла з дакладам на тэму жанчыны ў палітыцы, падзялілася сваім досведам, распавяла аб тым, якія магчымасці ёсць у жанчыны для таго, каб прасунуцца ў палітычнай сферы і годна яе прадставіць.

— Якія ж магчымасці ў жанчын сёння? 

— Усе, але важна валодаць такімі якасцямі, як прафесійны вопыт, асабістыя кампетэнцыі, здаровыя амбіцыі. Вельмі важна быць патрыётам сваёй краіны, важна разумець, дзеля чаго ты працуеш, а ўсе мы працуем на карысць нашай Беларусі, робім усё, каб нашым людзям ствараць найлепшыя ўмовы і ўмацоўваць іх дабрабыт.

Мы, дэпутаты, працуем для людзей. Мы разумеем усю ступень адказнасці. Вельмі важная падтрымка Прэзідэнта. Жаночы рух і саміх жанчын падтрымлівае Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, за што яму вялікая падзяка. Нашы жанчыны ставяцца да кіраўніка краіны з вялікай павагай і заўсёды яго падтрымліваюць.

На другі дзень форуму ў Казані жанчыны надзелі нацыянальныя касцюмы. Гэта было так прыгожа! Усе імкнуліся прадставіць сваю культуру, гісторыю. Было відаць, што людзі ганарыліся сваімі нацыянальнымі адметнасцямі. Гэта вельмі правільна, выклікае захапленне і павагу!

— Якая ўдзельная вага жанчын у палітыцы сёння?

— Сёння ўжо ні ў кога не ўзнікае сумненняў, што жанчыны — драйверы працэсу ўстойлівага развіцця і адыгрываюць вырашальную ролю ва ўмацаванні трох слупоў трывалага свету — аднаўленні эканомікі, сацыяльнай згуртаванасці і палітычнай легітымнасці. Роля жанчын у прыняцці рашэнняў працягвае расці. У 143 краінах свету на заканадаўчым узроўні ліквідаваны перашкоды па ўдзеле жанчын у палітычнай дзейнасці. Паводле апошняга даклада Міжпарламенцкага саюза «Жанчыны ў парламенце за 2023 год» глабальная доля жанчын-парламентарыяў павялічылася да 26,9 працэнта. Для параўнання: у 2000 годзе гэта было толькі 13 працэнтаў.

Калі мы гаворым пра ўдзел жанчын-парламентарыяў у палітыцы сёння, я скажу мовай лічбаў. Нядаўна ў нас у краіне прайшоў Адзіны дзень галасавання. 47 працэнтаў жанчын увайшлі ў склад мясцовых Саветаў дэпутатаў. Калі казаць пра парламент, то ў Палаце прадстаўнікоў іх удзельная вага складае 34 працэнты, а ў Савеце Рэспублікі — 31 працэнт.

Навуковымі даследаваннямі, якія праводзілі міжнародныя інстытуты, даказана: калі жанчына займае ў кіраўнічых структурах ад 30 да 40 працэнтаў, то і грамадства развіваецца стабільна, мае сацыяльную накіраванасць. Гаворачы аб нацыянальным вопыце, адзначу, што Беларусь прымае рэальныя меры для паляпшэння становішча беларускіх жанчын, павышэння іх ролі ў развіцці краіны, прыняцці рашэнняў.

У Беларусі роля і значэнне жанчын у палітыцы нязменна расце. Мы ўваходзім у лік 27 краін свету, якія дасягнулі мэтавага паказчыка па ўдзеле жанчын у прыняцці кіраўніцкіх рашэнняў. У гендарнай структуры дзяржаўных служачых, гэта значыць людзей, якія вызначаюць сучаснае аблічча Беларусі, фарміруюць умовы для росту эканомікі і развіцця сацыяльнай сферы, удзельная вага жанчын перавышае 70 працэнтаў, у тым ліку на кіруючых пасадах — каля 60 працэнтаў. Жанчыны Беларусі займаюць актыўную пазіцыю ва ўмовах санкцыйнай палітыкі і знешняга ціску на нашу краіну.

Мы імкнёмся аб’яднаць усіх жанчын у адзіны магутны рух, які будзе абараняць традыцыйныя каштоўнасці, адстойваць дзяржаўнасць, суверэнітэт краіны, супрацьстаяць спробам знешняга ўмяшання. Жанчыны — лідары Беларусі выступаюць на міжнародных пляцоўках у абарону справядлівага стаўлення да беларускага народа, заклікаюць спыніць неправамерную санкцыйную палітыку і парушэнне міжнароднага права, даносяць аб’ектыўную інфармацыю аб сітуацыі ў краіне, аб’яднальных і мірных ініцыятывах, якія вылучаюцца кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь.

Жанчыны — парламентарыі Беларусі выкарыстоўваюць розныя міжнародныя фарматы для абмеркавання жаночага парадку дня. Актыўная работа вядзецца на пляцоўцы Міжпарламенцкай асамблеі СНД. Дзейныя парламенты краін СНД упэўнена дэманструюць узрослую ролю жанчын у палітыцы.

Мне хацелася б падсумаваць, што на форуме мы ўсе былі прадстаўніцамі розных краін, розных веравызнанняў, але нас аб’ядноўвала жаданне падзяліцца дасягненнямі сваіх дзяржаў і народаў. Толькі разам мы — сіла. 

А мір і стваральная праца — сёння — самае важнае.

— Важны аспект у рабоце парламентарыя — работа са зваротамі грамадзян. Як арганізавана ўзаемадзеянне дэпутата з народам? З якімі пытаннямі да вас прыходзяць людзі?

— У нас даволі шмат формаў і магчымасцяў зносін з людзьмі. Па-першае, гэта асабістыя прыёмы. Апошнім часам я стала больш практыкаваць узаемадзеянне з грамадзянамі па прынцыпе работы Савета Рэспублікі. Мы праводзім і выязныя прыёмы, і адзіныя дні прыёму грамадзян. Гэтую форму ўзяла як узор у Прэзідыума Савета Рэспублікі і глыбокапаважанай Наталлі Іванаўны Качанавай.

Мы стараемся аператыўна вырашаць праблемы людзей. На месцах здымаем каля 30-40 працэнтаў пытанняў. Калі ж яны патрабуюць фінансавага ўкладання альбо іх немагчыма вырашыць аператыўна, ставім і на кантроль і, пакуль не вырашым, з кантролю яго не здымаем.

Пытанні, з якімі да нас прыходзяць, розныя. Звяртаюцца з праблемамі капітальнага рамонту дамоў, жыллёва-камунальнай сістэмы. Не рэдкія пытанні зямельных адносін. Часта разглядаем праблему рамонту дарог, добраўпарадкавання тэрыторыі. Калі гаворым пра дарогі, неабходна адзначыць і данесці да людзей, што ў нас у 2024 годзе павялічылася фінансаванне на мясцовыя дарогі амаль у 1,6 раза.

Часам даводзіцца вырашаць спрэчкі без далучэння мясцовых органаў улады. Аказваецца, дастаткова бывае перагаварыць з людзьмі на сваім, дэпутацкім, узроўні. Стараемся выслухаць абодва бакі канфлікту і прымірыць іх.

Акрамя асабістых і выязных прыёмаў, праводзім прамыя тэлефонныя лініі. Нярэдка робім тэматычныя, калі, напрыклад, адчуваем, што ёсць пытанні па рабоце грамадскага транспарту. Пасля правядзення прамой тэлефоннай лініі запрашаю кіраўнікоў «Мінаблаўтатранса», «Пасажыртранса». Разам вырашаем пытанні ўстаноўкі прыпыначных пунктаў, разглядаем графікі руху аўтобусаў. Калі патрэбна, абмяркоўваем дадатковую закупку і набыццё машын.

Людзі могуць звяртацца да нас з любымі праблемамі. Няма пытанняў больш маштабнага альбо больш дробнага характару. Усе важныя. Калі людзі іх задаюць, значыць, мы павінны дапамагчы іх вырашыць.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота з архіва Наталлі ЯКУБІЦКАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.