Вы тут

На кожную праблему знойдзецца рашэнне


Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава на мінулым тыдні правяла асабісты прыём грамадзян у Полацку. На сустрэчу са спікерам прыехалі людзі з Полацка, Наваполацка і раёнаў, Брэста, Оршы, Мінска, Віцебска, Слуцка. Пытанні самыя розныя. Прыём, як заўсёды, доўжыўся амаль цэлы дзень, пакуль не выслухалі ўсіх.


Фота БелТА

Цяпло, ліўнёўка, жыллёвыя пытанні

Адразу два жыхары Полацка з раёна аэрапорта, але з розных дамоў, прыйшлі на прыём з аднолькавымі праблемамі. Палачанка з панэльнага дома па вуліцы Багдановіча паскардзілася на ацяпленне, якое не даходзіць да дзявятага паверха. Прычым у астатніх суседскіх кватэрах, па словах заяўніцы, такіх праблем няма. Жанчына адзначыла і тое, што тэмпература гарачай вады трымаецца на ўзроўні 40 градусаў. Спецыялісты ЖКГ паведамілі, што тарцовыя сцены ў доме ўцяплялі ў 2020 годзе, пры замерах тэмпературы ў пакоях камісіяй менш за 21 градус цяпла не было ніколі. А палачанка адзначае адваротнае: нібы цяпло сыходзіць разам з членамі камісіі пасля замераў.

Фо­та Бел­ТА

Наступная заяўніца, таксама з дзявятага паверха, расказала, што раней у кватэры па сценах «паўзла» цвіль, пасля капітальнага рамонту ў 2021 годзе (мяняліся элементы цеплавых камунікацый, рамантаваліся стыкі) праблема з ацяпленнем не вырашылася. «Калі адразу два чалавекі адзін за адным прыйшлі з аднолькавымі скаргамі, значыць, існуе праблема. Нельга адмахвацца ад людзей. Міністру ЖКГ трэба ўзяць на кантроль сістэму ацяплення ў раёне аэрапорта і ўвогуле работу жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўсёй вобласці», — дала даручэнне Наталля Іванаўна.

Уласніца дома ў прыватным сектары па вуліцы Кандраценкі паскардзілася на падтапленне і зімой, і летам. Па словах заяўніцы, дом быў пабудаваны ў 1968 годзе на беразе возера, аднак праблема амаль пастаяннай вады на ўчастку і ў падвале пачалася з 2012 года. Адказныя службы своечасова не чысцяць канавы, і сусед засыпаў балота, таму вада, якой няма куды дзецца, падтапляе ўчастак. Таксама заяўніца адзначыла, што да дома няма пад’езду, бо агульную вуліцу пачалі падсыпаць пяском і скончылі на паўдарогі. 

У раённай ЖКГ прызналіся, што магістральны канал, і праўда, зарос цінай. На што Наталля Качанава заўважыла, што, калі няма закрытай ліўневай сеткі, адкрытыя чыстыя канавы павінны быць. «Прайдзіце па суседніх участках, паглядзіце, хто мог перакрыць. Калі праблемы не было да 2012 года, значыць, хтосьці гэтаму паспрыяў. Пачысціць канал і абавязкова падсыпаць вуліцу да канца», — дакладна паставіла задачу яна.

Жанчына пенсіённага ўзросту звярнулася з просьбай выдзялення жылля. Дзесяць гадоў яна жыла з сынам у доме ў Полацку, маёмасць была аформлена таксама на яго, хоць прыбудову і рамонт у пакоях заяўніца рабіла сваімі сіламі. Пасля смерці сына дом перайшоў у спадчыну ўнучцы, якая перапісала яго на сябе разам з маці. Жанчына не зразумела, як дакументальна аказалася без якога-небудзь жылля, хаця ўнучка бабулю не праганяла, заяўніца і цяпер жыве ў тым доме. Праблема адна: дакументальна яна не мае правоў на дом, таму заказаць дровы, газавы балон не можа.

Фота БелТА

Старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч патлумачыў, што жанчыне ўжо аказвалі матэрыяльную дапамогу і прапаноўвалі сацыяльнага работніка, ад якога тая адмовілася. Пакой у інтэрнаце, які прасіла заяўніца, выдзеліць не атрымаецца, бо ён для работнікаў мясцовага прадпрыемства. Атрымаць арэнднае жыллё пенсіянерцы таксама нельга. Пасля візіту заяўніцы на прыём прыехала ўнучка, якая распавяла, што справа ў рэальнасці выглядае не так крытычна, як расказала бабуля, а лагічна і законна. Наталля Качанава і Ігар Марковіч дамовіліся з унучкай, каб родзічы мірна вырашылі жыллёвае пытанне, а ў заяўніцы была законная доля ў доме.

Сяргей Барысавіч звярнуўся да спікера з жыллёвым пытаннем. Яго бацька амаль 15 гадоў адпрацаваў на «Палімір-агра», яму прадпрыемства выдзеліла дом. З мінулага года стала дазволена выкупляць іх тым, хто адпрацаваў 15 і больш гадоў на гэтым прадпрыемстве. Мужчына пацікавіўся, ці будзе ўлічвацца працоўны стаж бацькі, бо сам заяўнік працуе на тым жа прадпрыемстве чатыры з паловай года і баіцца, што сям’ю пасля смерці бацькі могуць выселіць. Генеральны дырэктар ААТ «Нафтан» Алег Жэбін запэўніў мужчыну, што яго з маці ніхто не плануе высяляць з дома, а ў будучым дом можна будзе выкупіць. Наталля Качанава таксама супакоіла Сяргея Барысавіча і падкрэсліла, што дзяржаве важна, каб людзі заставаліся ў вёсцы. «А мы будзем ствараць для гэтага ўсе ўмовы. Не хвалюйцеся, гендырэктар даў слова», — адказала Старшыня Савета Рэспублікі.

Фота БелТА

Даступнасць магазіна і... вады

Старшыня адзінага ў Полацку камітэта грамадскага самакіравання звярнулася ад імя жыхароў мікрараёна «Ноўка» па праблемных пытаннях, звязаных з закрыццём магазінаў і аптэкі. Жанчына расказала, што большасць насельніцтва мікрараёна складаюць пенсіянеры, якім складана пераадольваць вялікія адлегласці. Яшчэ заяўніца звярнула ўвагу на жылы дом, які калісьці закрылі на рэканструкцыю, а цяпер яго руіны не толькі псуюць выгляд вуліцы, але і з’яўляюцца месцам прыцягнення маргінальных асоб. Наталля Качанава запэўніла, што магазін і аптэка будуць абавязкова адкрыты, установяць і банкамат. Руіны былога дома таксама знясуць, райвыканкам афармляе неабходныя дакументы.

Фота ТГ-канала Савета Рэспублікі

Калектыўную просьбу жыхароў вёскі Азіна Полацкага раёна агучыла адна жыхарка. Вёска — сапраўдны райскі куток, бо знаходзіцца на беразе маляўнічага возера Белае. Зразумела, уласнікі дамоў на ўзбярэжжы рабілі невялікія драўляныя масткі, каб можна было падысці да вады і з камфортам паплаваць. А нядаўна ўсе масткі былі зрэзаны са спасылкай на Водны кодэкс, паводле якога ўстаноўка пірсаў і прычалаў забаронена (пра драўляныя масткі ў заканадаўчым дакуменце не згадваецца). Заяўніца падкрэсліла, што яны з суседзямі хацелі афіцыйна ўзяць бераг у арэнду і ўстанавіць масткі, але фізічным асобам рабіць гэта забаронена... Жанчыне ў адказ нагадалі, як тры гады таму месцічы арганізавалі такое ж месца для адпачынку на агульным возеры і павесілі на ўваходзе замок. Прыезджыя захацелі там паплаваць, разгарэўся скандал, які дайшоў да крымінальнай справы... Наталля Іванаўна згадала словы Прэзідэнта аб тым, што ва ўсіх людзей павінен быць доступ да азёр і рэчак — нашага народнага скарбу і паабяцала вырашыць гэта пытанне.

Не толькі скаргі — прапановы

Жыхар Полацкага раёна звярнуўся не са скаргай, а з прапановай. Яму ў спадчыну дастаўся бацькоўскі дом, насупраць быў нічыйны ўчастак зямлі, які стаў апрацоўваць яшчэ яго бацька. Цяпер на тым участку дзве цяпліцы, каля дваццаці пладова-ягадных саджанцаў, сетка-рабіца з боку лесу. Пасля афармлення дома мужчына аформіў участак насупраць у часовае карыстанне пад агародніцтва да канца 2031 года, але з-за змен у заканадаўстве вырашыў і яго аформіць у пажыццёвае карыстанне. У сельсавеце параілі адмовіцца ад участка, прывесці ў першапачатковы выгляд і выкупіць на аўкцыёне. Па сутнасці, мужчына хоча змяніць від права на ўчастак, і нідзе не прапісана, што, калі не прыбраць насаджэнні і пабудовы, землеўладкавальнік не будзе афармляць дакументы. Спікер згадзілася, што ў гэтым пытанні трэба разабрацца і спрасціць парадак афармлення ўчасткаў, перапісаць у Зямельным кодэксе, што не трэба прыводзіць зямлю ў першапачатковы выгляд, калі ўласнікам будзе той жа гаспадар.

Жанчына з садовага таварыства «Надзея Полацкага раёна» паскардзілася на тое, што праз СТ пастаянна ездзяць лесавозы, якія разбіваюць дарогу. Заяўніца прасіла мясцовае лясніцтва ўзяць дарогу на свой баланс і рамантаваць разбуранае пакрыццё, аднак сумлення і дапамогі жыхары таварыства не дачакаліся. За свае грошы людзі ў 2022 годзе падсыпалі друзам дарогу, зрабіўшы яе вышэйшай на 20 сантыметраў. А прадстаўнікі лясніцтва не толькі працягваюць разбіваць гэту і іншыя дарогі, але і неналежным чынам вядуць дыялог з заяўніцай. Наталля Іванаўна парэкамендавала кіраўніцтву лясгаса звярнуць увагу на ўменне работнікаў выбудоўваць камунікацыю. «Наша краіна для народа, і так паводзіць сябе няправільна. Разбілі дарогу — аднавіце, а найперш выберыце аптымальны лагістычны шлях», — рэзюмавала Наталля Качанава, даручыўшы гэта пытанне ўзяць на кантроль міністру лясной гаспадаркі.

Людзі таксама звярталіся па пытаннях добраўпарадкавання населеных пунктаў і вадаёмаў, устанаўлення граніц зямельных участкаў, аказання садзейнічання ў паляпшэнні жыллёвых умоў дзіцяці-сіраты. Скончыўся прыём грамадзян на пазітыўнай ноце: словы падзякі ад імя жыхароў Полацка за садзейнічанне ў развіцці горада выказала Наталлі Іванаўне старшыня гарадской ветэранскай арганізацыі.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Эканоміка

Першыя —  найлепшыя!

Першыя — найлепшыя!

Віцебшчына ўвайшла ў актыўную фазу ўборкі па ўсіх культурах. 

Грамадства

Тое,  што вырасцілі самі

Тое, што вырасцілі самі

За шэсць месяцаў гэтага года нарыхтоўшчыкі Белкаапсаюза выплацілі насельніцтву 146 мільёнаў рублёў.