Вы тут

Актыўныя ўдзельнікі ветэранскага руху Гомельскай вобласці наведалі Палац Незалежнасці


Яшчэ ў першай палове дня ў Палацы Незалежнасці ва ўсю віравала дзяржаўная работа: у Прэзідэнта былі дзве важныя сустрэчы... Аднак ужо пасля абеду манументальны сімвал беларускай дзяржаўнасці гасцінна расчыніў свае дзверы перад гасцямі, сярод якіх былі актыўныя ўдзельнікі ветэранскага руху Гомельскай вобласці.


Нашу ўвагу прыцягнула група экскурсантаў ад Беларускага металургічнага завода са Жлобіна. Яны з захапленнем разглядалі ўбранне залы ўрачыстых цырымоній і рабілі фота на памяць.

— Вы ведаеце, мы даўно марылі трапіць сюды. Але неяк усё не атрымлівалася. Сёлета ўсё склалася цудоўна: у красавіку наш савет ветэранаў адзначыў 20-гадовы юбілей, і неўзабаве мы даведаліся пра тое, што летам зможам убачыць палац на свае вочы. Гэта быў самы лепшы падарунак, — падзялілася намеснік старшыні савета ветэранаў БМЗ Ірына Рцішчава.

Менавіта яна старанна рыхтавала дакументы ўсіх прэтэндэнтаў на экскурсію. Прызнаецца, што вельмі хвалявалася. Хацелася, каб усе самыя вартыя і заслужаныя змаглі ўбачыць гэтую прыгажосць на свае вочы. Усяго сабралася 16 чалавек — гэта члены савета ветэранаў БМЗ і актыўныя ветэраны завода, якія, нягледзячы на ўзрост, імкнуцца жыць ярка і насычана.

— Наогул, я адчуваю захапленне. Мне вельмі спадабалася архітэктура. Усё гэта зроблена ўрачыста, магутна і ў той жа час свежа і чыста, як наша Беларусь, — дадала Ірына Рцішчава.

Ва ўнісон з яе меркаваннем гучалі і словы старшыні савета ветэранаў БМЗ Віктара Біцюкова:

— Толькі заходзіш у палац і разумееш, наколькі ж усё цудоўна зроблена — тэлевізар гэтай моцы не перадае.

Паводле яго слоў, такія экскурсіі вельмі важныя для кожнага грамадзяніна. Бо гэта літаральна магчымасць дакрануцца да месца, дзе вырашаецца лёс нашай краіны.

Таксама Віктар Біцюкоў адзначыў важнасць таго, што сімвал беларускай дзяржаўнасці зроблены з беларускіх матэрыялаў.

— Грэе душу, што, магчыма, і мая доля ёсць у гэтым будынку, таму што ўвесь метал ішоў з БМЗ, а я там працаваў, — дадаў ён.

Станоўчымі эмоцыямі таксама падзяліліся і ветэраны працы ААТ «Гомельшкло».

— Мы марылі аб гэтай экскурсіі, і вось, нарэшце, гэта стала рэальнасцю. Сёння тут дзевяць чалавек ад нашага прадпрыемства. Усе яны — ветэраны працы, якія маюць стаж на прадпрыемстве больш за 35 гадоў, — падзялілася намеснік начальніка аддзела па ідэалагічных і адміністрацыйных пытаннях Таццяна Сабко.

Паводле яе слоў, яны ўсе вельмі актыўныя, пастаянна прымаюць удзел у грамадскім жыцці прадпрыемства, а таксама з радасцю перадаюць моладзі свой бясцэнны вопыт.

— Убранне палаца ашаламляе. Асабліва нас радуе тое, што шкло на вокнах — гэта «Гомельшкло». Уражвае і тое, што мы ходзім па тых жа залах, дзе праходзяць мерапрыемствы самага высокага ўзроўню. Мы ганарымся тым, што ў нас ёсць такі Палац Незалежнасці, і думаем, што гэтыя ўражанні ў нас на ўсё жыццё, — заключыла Таццяна Сабко.

Адназначна абыякавым ад экскурсіі не застаўся ніхто. Усе госці даведаліся шмат новага і цікавага, а таксама зрабілі фатаграфіі на памяць.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.