Вы тут

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў


Калі для адных лета — час адпачыць і расслабіцца, то для іншых, наадварот, вельмі адказны перыяд. І назва яго — купальны сезон. Па стане на раніцу 11 чэрвеня ў вадаёмах краіны патанулі 49 чалавек, у тым ліку чацвёра дзяцей. Толькі ў першыя летнія выхадныя ў краіне загінулі восем грамадзян!


Каб даведацца, чаму ў наш час на вадзе гінуць людзі, карэспандэнт «Звязды» накіравалася ў рэйд з супрацоўнікамі Мінскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях. Лакацыяй прафілактычнага мерапрыемства стаў пляж «Цэнтральны» горада Барысава — улюбёнае месца масавага адпачынку.

На беразе Бярэзіны з першых цёплых дзён бавяць час як дарослыя, так і дзеці. Нягледзячы на тое, што вада ў рацэ яшчэ добра не прагрэлася, на пляжы шмат адпачывальнікаў. Дарэчы, тут не толькі купаюцца. Многія прыходзяць проста пазагараць або пагуляць у пляжны футбол. Адным словам, інфраструктура для належнага адпачынку створана. Аднак перш за ўсё ратавальнікаў цікавіць, у якім стане знаходзіцца водны аб’ект з пункту гледжання бяспекі і наколькі гатовы месцічы да купальнага сезона.

Людзі «пад градусам» — патэнцыяльныя тапельцы

Бяспека адпачывальнікаў на пляжы «Цэнтральны» — на пастаянным кантролі адказных асоб.

Прафілактычныя гутаркі з грамадзянамі рэгулярна праводзяць супрацоўнікі МНС, прачэсваюць пляж міліцыянеры, літаральна за некалькі метраў — Барысаўская ратавальная станцыя, супрацоўнікі якой кругласутачна дзяжураць на месцы адпачынку.

Як расказвае старшыня Барысаўскай раённай арганізацыі Таварыства ратавання на водах Ала Жукава, напярэдадні летняга сезона рашэннем выканкама падрыхтавана восем зон масавага адпачынку насельніцтва на водных аб’ектах. «Для бяспекі нашых грамадзян летась былі арганізаваны тры ратавальныя пасты ў зонах масавага адпачынку, сёлета, задоўга да летняга перыяду, рашэннем Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта закуплена маёмасць для абсталявання яшчэ чатырох ратавальных пастоў на тэрыторыі Барысаўскага раёна, — канкрэтызавала яна. — Акваторыі дна ачышчаны і падрыхтаваны для купання. Усюды ўстаноўлены як папераджальныя, так і дазваляльныя знакі. У цяперашні час для бяспекі нашых грамадзян робіцца вельмі шмат».

Летась на водных аб’ектах Барысаўшчыны патанулі два чалавекі. Трагедыі адбыліся ў месцах, не прызначаных для купання. Ёсць ахвяра вады ў раёне і сёлета — мужчына таксама купаўся ў неабсталяваным для гэтага месцы.

Яшчэ адна найбольш папулярная прычына водных трагедый — алкаголь. Не сакрэт, што некаторыя нашы людзі любяць з ім праводзіць час на беразе. Як толькі градусы зробяць сваю справу, іх цягне на прыгоды — вядома, без вадаёма не абыходзіцца. На пляжах, дзе дзяжураць ратавальнікі або супрацоўнікі органаў унутраных спраў, адпачывальнікі пад градусам да вады нават не даходзяць — як патэнцыяльных тапельцаў іх адпраўляюць на бяспечную адлегласць. Аднак да кожнага чалавека міліцыянера не прыставіш. І далёка не ўсе пляжы, асабліва ў сельскай мясцовасці, знаходзяцца пад кантролем кампетэнтных асоб. Пра стыхійныя месцы адпачынку каля вады ўвогуле няма размовы. Таму, будучы ў алкагольным стане, вадаёмы варта абыходзіць, дзе б яны ні знаходзіліся. Жыццё чалавека — у яго ж руках, і тут не паспрачаешся.

Дзеці — на адлегласці выцягнутай рукі

Паколькі «Цэнтральны» з’яўляецца самым шматлюдным пляжам Барысава, супрацоўнікі Таварыства ратавання на водах, якія тут дзяжураць, заўсёды знаходзяцца напагатове. За лічаныя хвіліны яны гатовы аказаць дапамогу таму, хто тоне. Карэспандэнты атрымалі магчымасць убачыць, наколькі аператыўна пры паступленні сігналу аб дапамозе матросы-ратавальнікі набліжаюцца да сваёй маторнай лодкі, да ўказанага месца і выцягваюць пацярпелага з вады. На шчасце, пакуль умоўнага — трывога была вучэбная.

Аднак нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. Узяць хаця б заплыў за буйкі. Як правіла, дно вадаёма, якое размешчана за пластмасавымі конусамі, не абследавана і не ачышчана. Значыць такі рызыкоўны манеўр з боку плыўца можа каштаваць яму жыцця. Таму асноўны ўпор — на прафілактыку.

Падыходзім да адзінокага мужчыны, які толькі што вылез з вады. Па знешнім выглядзе — пенсіянер. Старшы інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Барысаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мілана Сташкевіч удакладняе, ці часта ён адпачывае на гэтым пляжы.

— Кожны дзень, — кажа грамадзянін.

— Вы ведаеце, што гэта абсталяваны пляж. Ёсць буйкі, за якія заплываць нельга. У стане алкагольнага ап’янення заходзіць у ваду забараняецца.

Супрацоўніца МНС пацікавілася ў мужчыны, што ён будзе рабіць, калі раптам зразумее, што тоне. Адпачывальнік разгубіўся. Мілана Сташкевіч агучыла алгарытм дзеянняў у выпадку надзвычайнай сітуацыі. Напрыканцы размовы яна параіла яму насіць галаўны ўбор, уручыла памяткі з карыснай інфармацыяй і пажадала бяспечнага адпачынку.

Наступнымі ў поле зроку ратавальнікаў трапілі дзве дзяўчынкі і хлопчык, якія гулялі каля вады.

— Усе вашы? — падышоўшы да жанчыны, якая знаходзілася побач з імі, спытала інспектар.

Атрымаўшы станоўчы адказ, Мілана Сташкевіч расказала аб правілах бяспекі каля вадаёма, нагадала, што побач нясуць дзяжурства супрацоўнікі Таварыства ратавання на водах, да якіх можна звярнуцца ў выпадку надзвычайнай сітуацыі. Ратавальнікі акцэнтавалі ўвагу на тым, што падчас адпачынку каля вадаёма дзеці павінны знаходзіцца пад кантролем дарослых — на адлегласці выцягнутай рукі. Уручыўшы юным адпачывальнікам і іх бабулі памяткі з правіламі паводзін каля вады і спецыяльную літаратуру, супрацоўнікі МНС пацікавіліся ў дзяцей, па якім нумары трэба тэлефанаваць у выпадку надзвычайнай сітуацыі.

— «112» або «101», — дружна закрычалі яны.

Пахваліўшы юных грамадзян за дасведчанасць, ратавальнікі рушылі далей.

«Нам важнае кожнае жыццё»

Неабсталяваны пляж знаходзіцца ўсяго за некалькі метраў ад абсталяванага пляжа, але чымсьці прываблівае людзей. Нягледзячы на таблічку, якая сведчыць аб тым, што ў гэтым месцы купанне забаронена, адпачывальнікаў тут нямала.

Заўважаем падлеткаў, якія ідуць насустрач.

— Дзе купаецеся? — пытаюцца ратавальнікі.

— Нідзе, — адказваюць хлопцы, імкнучыся як мага хутчэй сысці.

— Дзе вашы бацькі? Ці ведаюць яны, што вы на пляжы? — працягваюць супрацоўнікі МНС.

Як высвятляецца, непаўналетнія прыйшлі на вадаём без дарослых. Правёўшы з імі прафілактычную гутарку аб правілах паводзін на вадзе, ратавальнікі ідуць далей. Заўважаюць мужчыну, які толькі што выйшаў з вадаёма. Тое, што на гэтым участку ракі купацца забаронена, ён ведае. Але, як кажа, усё жыццё тут купаецца і ўсё нармальна. Па яго словах, якая розніца, дзе купацца: і там, і тут вада аднолькавая.

— На абсталяваным пляжы абследавана дно, таму там купацца бяспечна, — тлумачаць ратавальнікі. — Тут жа дно не абследавана, таму невядома, чым можа скончыцца заплыў. Акрамя таго, за абсталяваным пляжам кругласутачны кантроль ажыццяўляюць супрацоўнікі Таварыства ратавання на водах, якія ў любую хвіліну могуць прыйсці на дапамогу.

За свайго таварыша «заступаецца» іншы мужчына. Ён звяртае ўвагу, што яны людзі дарослыя, таму самі нясуць адказнасць за сваё жыццё.

— Нам важнае кожнае жыццё, — падкрэсліваюць супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Яны настойліва рэкамендуюць мужчынам перайсці на абсталяваны пляж, раздаюць інфармацыйную прадукцыю і, пажадаўшы бяспечнага адпачынку, ідуць далей.

Заўважыўшы кампанію падлеткаў без суправаджэння дарослых, ратавальнікі накіроўваюцца да іх.

— Бацькі ведаюць, дзе вы знаходзіцеся? — пытаюцца.

— Так, — у адзін голас адказваюць хлопцы.

— Вы ім сказалі, што будзеце на неабсталяваным пляжы? — удакладняюць ратавальнікі. 

Маўчанне.

Супрацоўнікі МНС расказваюць дзецям аб правілах паводзін падчас адпачынку каля вадаёма, тлумачаць, чаму небяспечна заходзіць у ваду на неабсталяваных пляжах. Расказваюць дзецям і пра трагічны выпадак у Жлобіне. Днямі кампанія хлопцаў адпачывала на беразе возера Карпілаўскае. Нягледзячы на тое, што ў гэтым вадаёме купацца забаронена, двое падлеткаў (14 і 15 гадоў) вырашылі паплаваць, але, на жаль, не разлічылі свае сілы і пачалі тануць.

Дарослых, якія маглі б аказаць дапамогу, побач не было. Супрацоўнікі Таварыства ратавання на водах выцягнулі з вады — нежывыя целы.

Знаходзячыся пад уражаннем ад пачутага, падлеткі паабяцалі, што будуць заходзіць у ваду з абсталяванага пляжа.

У дапамогу — новыя тэхналогіі

У гэты дзень на барысаўскім пляжы інфармацыйна-прафілактычную работу праводзілі і супрацоўнікі Чырвонага Крыжа. Яны наглядна паказалі, як аказаць першую дапамогу таму, хто яшчэ нядаўна тануў. Увесь алгарытм дзеянняў маглі адпрацаваць і адпачывальнікі. Яны даведаліся, што вельмі важна своечасова прыйсці на дапамогу таму, хто трапіў у бяду. Калі пакінуць пацярпелага без дапамогі ўсяго на 5-7 хвілін, пачынаюцца незваротныя наступствы. Вядома, тым, хто дрэнна плавае, кідацца ў ваду за пацярпелым не трэба. Але калі чалавека з вады ўжо дасталі, зрабіць штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца здольны практычна кожны.

На прафілактыку ў купальны перыяд задзейнічаны ўсе сілы і сродкі. Не абыходзіцца і без сучасных тэхналогій. Над зонай адпачынку лятае квадракоптар, які апавяшчае ўсіх прысутных аб правілах бяспекі на вадаёме. Тэхнічныя памочнікі за сродкі Мінаблвыканкама закуплены ва ўсе раённыя падраздзяленні МНС вобласці.

Як расказвае першы намеснік начальніка Барысаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Міхаіл Вашкевіч, такі новы метад работы з грамадзянамі прымяняецца не толькі з мэтай перадачы моўных паведамленняў. «Падымаючы квадракоптар у паветра, мы можам назіраць, дзе купаюцца людзі, чым займаюцца на пляжы», — удакладняе ён. Як толькі плывец заўважаны ў забароненым для купання месцы, да яго на маторнай лодцы адпраўляюцца супрацоўнікі Таварыства ратавання на водах.

Аднак да кожнага адпачывальніка ратавальніка або міліцыянера не прыставіш. Адпачываць трэба з розумам. Асабліва каля вадаёма, бо вада (і гэта дэманструюць усё новыя і новыя трагічныя выпадкі) памылак не даруе.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы Мінскага абласнога ўпраўлення МНС

Барысаўскі раён

Загаловак у газеце: Вада памылак не даруе

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.