Вы тут

«Рэкі не п’юць сваю ваду, дрэвы не ядуць свае плады, сонца не свеціць само сабе...»


Работа, кажуць, мае тры плюсы (як мінімум): гэта зарплата, пятніца і водпуск. А ўжо ён — сапраўдны тады, калі купляеш майку і шорты, білет на самалёт, а не тады, калі абоі ды цэмент. Летась на... рыдлёўку пашчасціла. Дамскі варыянт: невялічкая, спрытная, амаль бязважкая, у краме яна сама папрасілася ў рукі. І няважнай стала цана. З адпускных жа можна сабе дазволіць?! Каб пасля (і дай божа, доўга!) у ахвоту карыстацца, каб дабром згадваць вытворцу, што ўрэшце падумаў пра жанчын, якім, апроч многага іншага, хочацца альбо трэба... капаць.


Валянцін Губараў «Шчасце»

Цікава...

Мода цяпер, што танцы: то-бок скачу як хачу! Галоўнае, каб ногі-спіны-жываты — голыя, каб порткі-сукенкі — на пяць памераў большыя, чым трэба, каб на ногі — кеды ці нешта іншае, на выгляд — як мага цяжэйшае, а джынсы і шорты — тут да бабкі не хадзі — да дзірак працёртыя ці парваныя!

Да іх, вось такіх, адзін маладзён яшчэ і фуфайку «парваў» — прасветаў у ёй нарэзаў. Прычым акуратна так, у радок — па спіне, па грудзях, па доўгіх рукавах...

Што, напэўна ж, зручна? Прынамсі, летам — не горача. І не холадна.

Трэба паспрабаваць.

...Ці не гэтая цікаўнасць (што атрымаецца?) і дыктуе сягоння моду?


Добра, але... дрэнна

Міхайлаўна прыхварэла — папрасіла ўнучку схадзіць у краму па хлеб, малако, па бурачкі яшчэ — халаднік хацела зрабіць.

Дзяўчо (не маленькае, 13 гадоў) усё купіла і ўсё прынесла. Бурачкі, у прыватнасці, мала таго, што звараныя, дык яшчэ і парэзаныя — саломкай...

Бабуля такіх ніколі не брала: доўга круціла ў руках, разглядала, чытала, што там напісана:

— Гэта ж трэба, — дзівілася, — ні табе садзіць, ні палоць-прарываць, ні ўбіраць, ні нават варыць — ніякага клопату.

— Дык гэта ж добра! — смяялася ўнучка.

Бабуля, якая, дарэчы, усё жыццё апроч асноўнай і хатняй работы шчыравала на дачы, згаджалася і не згаджалася:

— Свет, — казала, — зусім разгультаіўся! Ужо... А што ж будзе заўтра?


Мы ў адказе?

Горад. Двор. Лапік зямлі плошчай з ладны кухонны стол. Летась там раслі мальвы і аксаміткі, сёлета хтось памідораў натыркаў.

Зямля там не вельмі — раслінкі добра было б падкарміць. І падвязаць, бо «мы ў адказе за тое, што пасадзілі»...

Той, хто гэта зрабіў, магчыма, чытаў Экзюперы і будзе даглядаць «пасадкі».

А хутчэй за ўсё — нават не падумае: «модна» цяпер нешта (ці некага!) выкінуць, з надзеяй, што хтось падбярэ. З усімі адсюль наступствамі.


Тут вам не там

...Сталіца, вуліца, святлафор: пешаходам — зялёнае святло, яны ідуць, машынам — чырвонае, стаяць... З адной нясецца гучнае:

— Дзяўчына, садзіся! Падвязу.

— Дзякуй, але я не дзяўчына: мяне падвозілі.

Гэта быў анекдот. Зараз — чыстая праўда.

Зноў жа горад, вечар, амаль што пустая вуліца: сярод першых сустрэчных — трое: два п’яныя хлапцы пад рукі вядуць такую ж дзяўчыну.

У вёсцы іх, напэўна, спынілі б дарэчнымі тут: «Куды ты з імі ідзеш?», «Куды вы яе цягнеце?!». Насварыліся б яшчэ, пазванілі бацькам, забралі дзяўчо да сябе — ад бяды падалей.

У горадзе ніхто нікога не ведае і нікому ніхто не патрэбен.

(З Дастаеўскага: «Ва ўсім ёсць рыса, за якую перайсці небяспечна, бо, адзін раз пераступіўшы, вярнуцца назад ужо немагчыма».)

Літарка... Лішняя... 

Ці ўсё ж такі не?

Памылкі бываюць вялікія і маленькія, папраўныя і, крый божа, НЕ, заканамерныя, прыкрыя, грубыя, трагічныя, недарэчныя, сумныя... А бываюць...

Не сказаць, што смешныя! Фраза з ліста: «Раніцай я засяліўся ў гасцініцу, падымаюся на другі паверх у залу паседжванняў...»

Каб лепш, дык, здаецца, не скажаш, бо ёсць жа такія залы!


Без гасцей у хаце прасцей

Зноў жа з парад бывалых: перш чым адчыняць дзверы на стук ці званок, трэба (па сённяшнім часе абавязкова!) папытацца, хто там, паглядзець у «вочка» і... абуцца, апрануць паліто. Навошта? Калі на парозе нехта чаканы, жаданы, можна павітаць, запрасіць у хату, сказаць, што самі толькі што прыйшлі... Калі ж НЕпажаданы — вельмі далікатна папрасіць на выхад, бо самі з дому сыходзіце — трэба...

Зрэшты, у дзверы стукаць-званіць — гэта маветон, спачатку — лепш па тэлефоне, а тым больш — Стасу, бо жыве ён на два дамы і ў горадзе — куды меней, а вось на хутары...

Там у яго рай, можна сказаць: вялікі дом, сад, лес, ягады-грыбы, возера, паветра, птушкі, лазня... Ахвотных пад’ехаць, пагасціць — хоць адбаўляй. Што гаспадар... і робіць. Надоечы на чарговае «Мы тут недалёка, праз гадзінку заедзем» вырашыў схлусіць: сказаў, што прыняў бы — з дарагою душой, але ж сам цяпер не на хутары. У Мінску. Трэба тут за гараж заплаціць, штыкет на агароджу замовіць... Так што выбачайце...

Толькі прамовіў — хацеў развітацца, сусед (божы дзьмухавец, яму за 80!) бензакасілку завёў!

— А што ў цябе там тарахціць? — спытаў ахвотны заехаць.

Стас абарваў размову: без гасцей у хаце прасцей. Хай думае, што праблемы з сувяззю.


Дасць бог дзень

Сынок у сям’і быў адзін і вельмі ж доўгачаканы! Як такога было не песціць, як не клапаціцца і як не дагаджаць — не даваць яму ўсё, што захоча?..

Пасля школы ён, напрыклад, не ведаў, куды паступаць — хацеў сабрацца з думкамі, «пашукаць сябе». Бацькі не пярэчылі: раніцай сыходзілі на работу, ён заставаўся дома...

І праз год-другі — ужо не адзін: па інтэрнэце пазнаёміўся з дзяўчынай, якая таксама шукала сябе, разам і досыць хутка яны «адшукалі» дачушку.

Гадуюць цяпер — на бацькоўскія грошы, якіх хапае пакуль на прадукты і памперсы, на квартплату, а там...

З японскіх прымавак: калі бацькі працуюць, а дзеці хіба што цешацца жыццём, унукі пойдуць жабраваць.

Гэта, дасць бог, не пра нашых?


Эстафета

Кватэры некалі не купляліся-не прадаваліся, але той, хто меў іх, мог размяняць: трохпакаёўку на дзве «аднушкі» ці наадварот. У абвестках яшчэ прыпіскі былі: першы-апошні паверх не прапаноўваць.

Яны, гэтыя паверхі, і сапраўды на аматара. Сваячка ў лоджыі на сваёй верхатуры любіла пакурыць ды на горад паглядзець, прыяцелька — жанчына сталага веку без дачы — хацела пад вокнамі кветак насеяць, пакорпацца ў зямлі...

Цяпер кватэры пры ёй — на першых паверхах і, прынамсі, у цэнтры Мінска — даўно раскуплены. У адной, побач з домам, чаго толькі не было?! Крама, кавярня, майстэрня, аптэка, зноў крама з кідкім: «Мы открылись!»...

Днямі зайшлі туды. На ўваходзе — два знаёмыя штучныя вазоны. Ад першых уладальнікаў — эстафетай?


Што горай за ўкус змяі?

...Гэтыя двое вельмі добра жылі — душа ў душу, што называецца. Абое шмат працавалі — і на рабоце, і дома (вёска, гаспадарка), абое нядрэнна зараблялі, клапаціліся пра сваіх: глядзелі бацькоў, чым маглі, дапамагалі сёстрам і братам, не скупіліся на падарункі іх дзецям (сваіх, на жаль, не было)... На адну з пляменніц і ўрэшце дзядзька (цётка першай памерла) дом апісаў — з усім нажытым багаццем.

Жанчына адразу ж туды пераехала, да сёння жыве. На Радаўніцу, калі выпадае, ходзіць на могілкі, наведвае дзядзьку.

Помнік ён сам паставіў — на дваіх, па жонцы сваёй і сабе — з фотаздымкамі, з іх агульным прозвішчам, з датамі нараджэння і смерці — яе...

Дату яго зыходу, спадзяваўся, дапішуць пляменніцы. Але ж тым спачатку не выпала — закруціліся, а потым...

Забыліся, калі канкрэтна дзядзька памёр. Цяпер, каб даведацца, трэба некуды ехаць, а калі?

...Што горай за ўкус змяі? Дзяцей няўдзячнасць. Шэкспір.


Вучыся, нябожа...

З лістоў, якія грэх спісаць у архіў: «Не толькі ў нашым — у многіх калгасах справы ішлі з пераменным поспехам: то лепей, то горш. І паратунак тады быў адзін — мяняць старшыняў. Што цікава, ахвотных на гэту пасаду заўжды знаходзілі, а вось падлікоўца на сянажную яму ў нас тады — не. Сталі адпраўляць спецыялістаў.

Ветэрынар — чалавек вельмі сур’ёзны быў: справу сваю ведаў, гарэлкі ў рот не браў — годна трымаўся. Але ж падышла чарга, і ён таксама сеў каля сянажнай ямы, стаў запісваць, хто з трактарыстаў колькі рэйсаў зрабіў.

А тут на «козліку» новы старшыня пад’язджае — удваіх з інжынерам. Спыняюцца непадалёк, глушаць матор. Інжынер падбягае да ветурача, кажа: «Ідзі, цябе старшыня наш кліча». Той у адказ: «А чаго я пайду? Ён мне не патрэбен. А калі я яму — то хай сам і падыдзе».

Старшыня гэту размову пачуў, мацюкнуўся, махнуў рукой, завёў машыну і паехаў».

...Згадзіцеся, не кожнаму старшыні пашчасціць працаваць з такімі спецыялістамі, не кожнаму — атрымаць падобны ўрок. Заканамерны, калі ўлічыць, што ветурач быў гадоў на 20 старэйшы".


Граблі

Мужчына...

Падалося, прыстойны?

Падалося, разумны?

Падалося, добры?

Падалося, звярнуў увагу?!

Паглядзела бліжэй — падалося«.

Гэта быў адзін (а калі дакладней, вядома ж, НЕ адзін) мужчына. Цяпер — іншы, але, як здавалася, акурат такі самы: пры пасадзе, абаяльны, адукаваны... Ён з такім разуменнем слухаў маю беларускую, так нечакана і хораша загаварыў на ёй сам, так шчыра загарэўся жаданнем перачытаць «Новую зямлю» і «Родных дзяцей», так зацікаўлена спытаў, творы каго з сучасных пісьменнікаў пашукаць у краме, што...

Адшкадавала — працягнула яму кніжку сваіх абразкоў.

— О-о?! — здзівіўся мужчына. — Вы таксама пішаце?! Тады, калі ласка, аўтограф.

— Не, — сказала, што ведала, — без яго прасцей.

— Гэта ж чым?

— Тым, што кніжку з надпісам (нават непатрэбную) давядзецца трымаць дома, а без яго — можна перадаць далей.

Жаданне зрабіць гэта (прычым — ледзь не тут жа!) было настолькі відавочным...

З парад бывалых: каб не наступаць на адны і тыя ж граблі, пранумаруйце іх.

Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж упадабанае: «Рэкі не п’юць сваю ваду, дрэвы не ядуць свае плады, сонца не свеціць само сабе... Жыццё для іншых — гэта закон прыроды. Мы ўсе народжаны, каб дапамагаць адно аднаму. Няважна, наколькі гэта складана. Жыццё добрае, калі ты шчаслівы, але нашмат лепшае, калі іншыя шчаслівыя дзякуючы табе».

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.