Вы тут

У свеце кожны другі хворы на дыябет не ведае, што ён... хворы


Каля 750 тысяч беларусаў маюць тую ці іншую эндакрынную паталогію. Асноўныя захворванні — цукровы дыябет і розныя парушэнні шчытападобнай залозы. Іх распаўсюджанасць складае каля 8%, і медыкі адзначаюць паступовы рост. Пры гэтым кожны другі чалавек у свеце, хворы на цукровы дыябет, не ведае пра сваё захворванне. Чаму важна яго своечасова выявіць і як гэта зрабіць? Якія хваробы шчытападобнай залозы самыя распаўсюджаныя і які працэнт сярод іх злаякасных новаўтварэнняў? Пра гэта расказалі эндакрынолагі.


Выявіць, пакуль няма сімптомаў

Як паведаміла намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння, галоўны пазаштатны спецыяліст па эндакрыналогіі Міністэрства аховы здароўя Вольга САЛКО, на цукровы дыябет хварэе 4,3% дзяцей і дарослых, паталогію шчытападобнай залозы мае 3,8% насельніцтва. Яна падкрэсліла, што цукроваму дыябету ў нашай краіне ўдзяляецца вялікая ўвага з боку дзяржавы, увогуле ж гэта сацыяльна-эканамічная праблема для любой краіны.

Згодна з данымі Міжнароднай федэрацыі дыябету, у свеце кожны другі чалавек, які мае дыябет, не ведае пра тое, і гэта праблема нумар адзін. У такім выпадку нават на не вельмі вялікіх лічбах павышэння цукру развіваюцца ўскладненні дыябету, якія потым прыводзяць да інвалідызацыі. Таму асноўная задача ва ўсім свеце і ў нашай краіне — ранняе выяўленне пацыентаў з дыябетам другога тыпу.

— Мяркую, што ў нас працэнт выяўлення вышэйшы, чым у сярэднім у свеце. Але адукацыйны складнік пацыента вельмі важны. Мы прапагандуем веды пра дыябет і яго раннія прыкметы. У прыватнасці сухасць у роце, смага, пачашчанае мочаспусканне, ранкі, якія не загойваюцца. Гэта павінна прымусіць пацыента падумаць, што ў яго ёсць праблема, але рэч у тым, што такія сімптомы з’яўляюцца пры дастаткова высокім узроўні цукру. Ранняе ж выяўленне падразумявае зварот да ўрача на стадыях, калі пацыент яшчэ нічога не адчувае. Менавіта для гэтага і праводзіцца дыспансерызацыя, каб у асоб старэйшых за 40 гадоў, праверыць узровень цукру ў крыві і паглядзець, ці ёсць павышэнне. Акрамя таго, маюцца апытальнікі, якія дапамагаюць выявіць павышаную рызыку цукровага дыябету. Гэтым займаюцца ўрачы агульнай практыкі, — расказала Вольга Салко.

У нашай краіне на працягу апошніх 15–20 гадоў праводзяцца розныя акцыі па раннім выяўленні дыябету і прыцягненні ўвагі пацыентаў да праблемы. У 2020-2021 гадах выяўленне дыябету 2 тыпу знізілася. Затое ў 2023 годзе ў параўнанні з 2020-м колькасць пацыентаў, якім упершыню пастаўлены дыягназ «дыябет», вырасла на 40%. На пачатак бягучага года 5,2% дарослага насельніцтва ў Беларусі маюць цукровы дыябет 2 тыпу, а гэта 383 тысячы чалавек.

У дзяржаве ўдзяляецца вялікая ўвага як лячэнню, так і кантролю за дыябетам. За апошнія пяць гадоў колькасць тэстаў глікіраванага гемаглабіну, які з’яўляецца асноўным крытэрыем кампенсацыі захворвання, павялічылася амаль у два разы. Калі раней пацыент адзін раз на год здаваў такі аналіз, то цяпер ёсць магчымасць узяць яго двойчы. У прыватнасці Мінская і Віцебская вобласці дасягнулі гэтага паказчыка, астатнія зробяць тое ж да канца года.

Важная і магчымасць самакантролю ўзроўню цукру ў хатніх умовах. Рабіць гэта варта як мага часцей. Летась Міністэрства аховы здароўя прыняло рашэнне па змяненні забеспячэння пацыентаў з дыябетам сродкамі самакантролю — тэст-палоскамі з глюкометрам, якія выдаюцца бясплатна. Калі да 2023 года імі забяспечваліся толькі дзеці і дарослыя пацыенты з інваліднасцю, то цяпер такую магчымасць маюць усе пацыенты з цукровым дыябетам. Колькасць тэст-палосак залежыць ад схемы лячэння.

Важным момантам з’яўляецца тэрапеўтычнае навучанне пацыентаў. У краіне дзейнічае 223 школы дыябету. Вялікая ўвага — і лекаваму забеспячэнню.

— Калі казаць пра інсулінатэрапію, то на сёння праблем няма, усе пацыенты, якім патрэбны той ці іншы від інсуліну, яго атрымліваюць. Чакаем, што з наступнага года будзе лакалізавана мясцовая вытворчасць інсуліну ў картрыджах. Ён і сёння ў нас вырабляецца, але ў флаконах. У адпаведнасці з нашай канцэпцыяй інсулінатэрапіі, усіх пацыентаў мы плануем перавесці на картрыджную форму. Яна найбольш зручная, бо прэпарат уводзіцца не шпрыцам, а спецыяльнай шпрыц-ручкай, што можна зрабіць у любым месцы, дзе б ні апынуўся пацыент. Гэта зручна і павышае прыхільнасць да лячэння, — растлумачыла Вольга Салко.

Павялічваецца і колькасць пацыентаў, якія карыстаюцца помпавай інсулінатэрапіяй. Цяпер гэта 422 чалавекі, з іх 55% — дзеці. Гэта найбольш зручны спосаб для пацыентаў з дыябетам 1 тыпу.

Орган, які першым прымае ўдар

У 355 тысяч беларусаў маецца тая ці іншая паталогія шчытападобнай залозы. З іх у 140 тысяч — розныя формы валляка, пераважна вузлавога, у 164 тысяч — гіпатырэёз (зніжэнне функцыі шчытападобнай залозы). Колькасць і тых, і іншых хвароб павялічвацца.

— Больш расце гіпатырэёз, што, магчыма, звязана з паляпшэннем дыягностыкі, даступнасцю лабараторных аналізаў, але і не толькі, — адзначыла Вольга Салко.

Павышанай увагі эндакрынолагаў патрабуюць захворванні, звязаныя з лішкам гармонаў шчытападобнай залозы. Часцей за ўсё гэта дыфузны таксічны валляк, і такіх пацыентаў 11,5 тысячы.

Як адзначыў дацэнт кафедры эндакрыналогіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Максім Лушчык, колькасць ракавых вузлоў невялікая — яны складаюць 5% з усіх вузлоў, выяўляльнасць пры гэтым высокая.

— Шчытападобная залоза часцей за ўсё першай рэагуе на розныя змяненні ў здароўі. У нашай краіне назапашаны вялікі вопыт дыягностыкі і лячэння такіх захворванняў з постчарнобыльскіх часоў. Пры належнай прыхільнасці да лячэння, адэкватным прытрымліванні рэкамендацый урача на раннім этапе з малым умяшаннем паталогія можа быць кампенсавана. Пры своечасовым умяшанні можам вельмі добра кампенсаваць яе функцыю, і захворванне не будзе ствараць праблем, — рэзюмаваў Максім Лушчык.

Ключ да разгадкі многіх хвароб

У Рэспубліканскім цэнтры эндакрыналогіі прымаюць не толькі дарослых, але і дзяцей з эндакрыннай паталогіяй з усёй краіны. Звярнуцца можна па накіраванні як эндакрынолагаў, так і педыятраў. Любы ўрач у складаных выпадках можа накіраваць сюды маленькага пацыента.

— Асноўная ўвага нашых урачоў накіравана на работу з дзецьмі з рэдкай эндакрыннай паталогіяй, але і дзеці з цукровым дыябетам, захворваннямі шчытападобнай залозы таксама прыязджаюць да нас. Эндакрынныя хваробы могуць спалучацца, у аднаго пацыента ў дзіцячым узросце іх можа быць некалькі. Часта захворванні шчытападобнай залозы могуць быць ключом да разгадкі ўсёй клінічнай карціны пацыента і дапамагаюць арганізаваць яму дапамогу і лячэнне, — расказала дзіцячы эндакрынолаг Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Наталля Акулевіч.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Несалодкія ісціны

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.