Вы тут

Аршанскае «Поле кветак» сабрала больш за 10 тысяч гледачоў і ўдзельнікаў


У горадзе Оршы Віцебскай вобласці ўпершыню прайшоў фестываль беларускага лёну «Поле кветак», які сабраў больш за 10 тысяч гледачоў і ўдзельнікаў. На маштабным свяце ўшанавалі выдатнікаў галіны лёгкай прамысловасці Аршанскага раёна.


Новы брэндавы фестываль «Поле кветак» — дзецішча ўжо вядомага фестывалю «ИзумЛЕНный край», які некалькі гадоў запар ладзілі ў Оршы. Яно і не дзіўна, менавіта ў гэтым горадзе паўночнага рэгіёна паспяхова дзейнічае самы буйны ў Еўропе льнокамбінат. Правядзенне больш маштабнага фестывалю, лічаць арганізатары, дасць Аршаншчыне магчымасць выйсці на новы ўзровень, а свята стане традыцыйным для Віцебшчыны.

Стартавалі святочныя мерапрыемствы з урачыстага шэсця пад жывую музыку, у якім узялі ўдзел каля тысячы прадстаўнікоў прадпрыемстваў, тэатраў моды, устаноў адукацыі раёна. Уверцюрай да фестывалю стаў канцэрт з удзелам юных талентаў Аршанскага раёна, а працягнуў праграму канцэрт творчых калектываў Віцебскай вобласці «Да нас госцейкі прыехалі». Пляцоўку па душы і інтарэсах змог знайсці кожны жыхар і госць Оршы: арганізатары запрашалі ўсіх ахвотных на гастрашоу, выставу работ мастацкага праекта «Рай», fashіon-конкурс, паказ калекцый ад аматарскіх тэатраў моды Беларусі, квэст па гісторыі льнаводства. Вялікія рады своеасаблівага горада майстроў запрашалі на розныя майстар-класы, у ліку якіх — амаль поўны цыкл апрацоўкі лёну ад кветачкі да ніткі. Падворкі прадпрыемстваў раёна ў рамках гастрашоу прапаноўвалі незвычайныя кулінарныя вынаходніцтвы, абавязковым элементам якіх быў лён: печыва, кісель, мясныя вырабы.

На галоўнай сцэне адбылася цырымонія ўрачыстага адкрыцця, падчас якой да жыхароў і гасцей горада з віншавальным словам звярнуўся старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін. «Мы сёння закладваем новую традыцыю Аршанскага рэгіёна, упершыню так маштабна прэзентуем новы брэнд. Льнаводы — гэта людзі, вартыя вялікай павагі. Лён няпроста як вырасціць, так і перапрацаваць, атрымаць з яго прадукцыю. Лён — „залатая“ для нас культура, наш брэнд, наш гонар», — падкрэсліў Аляксандр Міхайлавіч. Кіраўнік вобласці абвясціў падзякі за шматгадовую плённую працу ў лёгкай прамысловасці, высокі прафесіяналізм і асабісты ўклад у развіццё галіны аператару паточнай лініі фабрыкі 1 Таццяне Земляной, ткачу фабрыкі 3 Аршанскага льнокамбіната Алене Крэс.

Не засталіся без заслужаных узнагарод і астатнія работнікі льнокамбіната, іх прафесіяналам сваёй справы ўручыла кіраўніцтва прадпрыемства. Разынкай новага фестывалю стала насычаная вячэрняя праграма і бітбокс-шоу барабаншчыкаў. Самы масавы танцпол пад адкрытым небам плошчы калегіума езуітаў у Оршы сабралі хэдлайнеры фестывалю — гурт «Горад 312» і «Fіlatov & Karas». Яркім фінальным акордам першага фестывалю беларускага лёну стаў святочны салют.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота «Витебские вести»

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.