Вы тут

У Гродне маштабна прайшоў ХІV Фестываль нацыянальных культур


Сёлета праграма была надзвычай насычаная. Павялічылася колькасць удзельнікаў этнічных суполак. Адбылося каля ста розных мерапрыемстваў. Самымі папулярнымі лакацыямі традыцыйна былі нацыянальныя падворкі, дзе можна было пазнаёміцца з касцюмамі, культурай і кухняй розных этнасаў. Лейтматывам свята стала тэма сям’і — вялікай сям’і народаў, што жывуць у Беларусі.


Фота: БелТА

Калоны ідуць і... танцуюць

Свята пачалася адвячоркам у пятніцу, 7 чэрвеня, яскравым тэатралізаваным шэсцем. Калоны ўсіх дыяспар-удзельніц прайшлі па вуліцы, паабапал якой іх віталі шматлікія гродзенцы. Удзячныя гараджане не хавалі сваіх эмоцый, падтрымлівалі ўдзельнікаў шэсця. За тры дні фестываль наведалі каля 200 тысяч чалавек.

Праліўны дождж ненадоўга затрымаў рух, але хутка неба праяснілася, і калоны рушылі далей. Больш за 850 удзельнікаў 36 нацыянальнасцяў аб’ядналіся, каб прадэманстраваць сваю разнастайнасць і разам з тым згоду і мір на беларускай зямлі. У складзе калоны — музычныя калектывы этнічных аб’яднанняў. Па словах арганізатараў, сёлета фестываль прымаў самую вялікую колькасць удзельнікаў за ўсю гісторыю яго правядзення.

Шэсце стала сапраўдным карнавалам. Паўсюдна гучалі песні, грымелі барабаны. Лезгінка, карагоды — усё гэта не пакідала раўнадушнымі прысутных. Тысячы гараджан і турыстаў з усіх куткоў Беларусі прыехалі ў Гродна, каб апынуцца ў эпіцэнтры гэтых незабыўных падзей. Пад гукі апладысментаў дыяспары ў сваіх нацыянальных касцюмах прыбылі да галоўнай сцэны фестывалю.

Падчас урачыстага адкрыцця прагучала прывітанне Прэзідэнта Беларусі:

«Гэта яскравая падзея стала неад’емнай часткай культурнага жыцця нашай дзяржавы. Дзякуючы такому знакаваму міжнароднаму праекту, мы маем унікальную магчымасць назіраць за суквеццем талентаў прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў, якія пражываюць у міры і згодзе на беларускай зямлі».

Фестываль нацыянальных культур увайшоў у жыццё Гродзенскага рэгіёна атмасферай дружбы і адзінства, заявіў падчас цырымоніі адкрыцця старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. «Гэта каларытнае мерапрыемства адсылае да нашых вытокаў, традыцыі і культуры, дэманструе, што людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў могуць жыць у міры і згодзе. Мы ўсе розныя, і ў гэтым наша багацце», — падкрэсліў губернатар. Па яго словах, у Гродне і рэгіёне пражываюць больш за 90 нацыянальнасцяў і народнасцяў. Ніхто ні з кім не канфліктуе, усе разам імкнуцца стварыць дабрабыт у агульным доме — Беларусі.

Тэма сям’і была акрэслена ў ходзе цырымоніі адкрыцця вясельным абрадам, падчас якога прадстаўнікі ўсіх дыяспар адорвалі маладую беларускую сям’ю сваімі нацыянальнымі падарункамі. Гэта тыя прадметы, якія прысутнічаюць на вяселлі этнічных дыяспар: упрыгожванні, галаўныя ўборы, прадметы побыту, пачастункі.

Далёкія краіны сталі блізкімі

У суботу наведвальнікаў чакалі 19 падворкаў, якія размясціліся ў дворыках гістарычнага цэнтра горада і па пешай вуліцы. Карэспандэнты «Звязды» таксама прайшліся па вызначаных адрасах.

На падворку, які аб’яднаў афганцаў, казахаў, пакістанцаў, туркменаў і ўзбекаў, адбылося знаёмства з Ахмаам Нахід з Афганістана. Жанчына ўжо 30 гадоў жыве ў Мінску і прызналася, што Беларусь для яе — сапраўды другі дом, у якім утульна, камфортна і бяспечна. Яна марыць, каб і на яе радзіме стала спакойна, каб там быў мір і парадак. Гасцям фестывалю яна прапаноўвала пакаштаваць хатні лаваш, хаджур, салёныя і салодкія пірожныя, пахлаву і джылібі. Песні і танцы яе краіны прадстаўляў дзіцячы калектыў «Афганістан».

Студэнты з Казахстана расказалі, чым у іх краіне адрозніваюцца галаўныя ўборы жанчын розных узростаў. Напрыклад, у дзяўчыны гэта саўкіле ў форме конуса, у жанчын старэйшага ўзросту — турбан, які закрываў і шыю. У гэтым ёсць свая хітрасць — не так заўважны прыкметы ўзросту.

Адлет Куандык, які атрымлівае адукацыю ў БДУІР, сказаў, што за час вучобы развеяліся многія стэрэатыпы пра Беларусь, у тым ліку адносна яе кухні. Таксама юнаку спадабаліся атмасферны Гродна і ветлівыя гараджане.

Адной з зорак Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур стаў Эльшэрбіні Салах Махамед Эльсаед. Ён сёлета быў адзіным прадстаўніком Егіпта. Малады чалавек далучыўся да адной з традыцый фестывалю — пасадзіў дрэва на алеі сяброўства ў Каложскім парку. А падчас тэатралізаванага шэсця пакарыў усіх сваёй шчырай усмешкай. Пра яго так і казалі: «прыгажун». Ужо падчас сустрэчы на нацыянальным падворку, які аб’яднаў прадстаўнікоў Палесціны, Егіпта, Нігерыі і Камеруна, Салах Махамед Эльсаед расказаў, што вельмі ўражаны такім цёплым прыёмам: «Людзі пляскалі ў далоні, казалі, што рады бачыць, бо часта бываюць у Егіпце, дзе ім вельмі падабаецца адпачываць. Гродна — вельмі прыгожы, еўрапейскі горад, ён назаўсёды застанецца ў маім сэрцы. А фестываль — гэта нешта неверагоднае, асабліва ўвечары, падчас шэсця і адкрыцця, калі столькі прадстаўнікоў розных народаў танцуюць. Гэта крута. Свята паказвае, што Беларусь — мірная краіна, адкрытая для ўсіх». Салах ужо восем гадоў жыве ў Беларусі, тут атрымаў вышэйшую адукацыю і пакуль не збіраецца адсюль з’язджаць.

На фестывалі нацыянальных культур пабывала дэлегацыя з горада Лунань правінцыі Ганьсу. Лунань і Гродна — пародненыя гарады. Госці выказалі пажаданні, каб сувязі паміж беларускім і кітайскім гарадамі развіваліся. Яны расказалі, што фестываль ім падарыў шмат яскравых уражанняў, а Гродна скарыў сваёй прыгажосцю, архітэктурай, навакольным асяроддзем, зелянінай.

На падворку грэкаў гучалі балады, бытавыя і эпічныя спевы. Грэкі ўражвалі і антуражам — было адчуванне, быццам трапілі ў старажытную Эладу. Прадстаўнікі аб’яднання «Пелапанэс» расказалі, што зрабілі акцэнт на народныя грэчаскія танцы. Лізавета Сейспінава прымае ўдзел у фестывалі з 2014 года, заўсёды з задавальненнем сюды прыязджае. Фестываль дорыць шмат сяброў, дае магчымасць сустрэцца з іншымі грэкамі. Гасцей тут сустракалі багатым пачастункам. Былі халва, крэветкі, далма, суўлакі, запяканкі. Ну і як жа без алівак і сыру! Расказалі і аб вясельнай традыцыі: на шчасце маладых грэкі б’юць гіпсавыя талеркі. За адно вяселле могуць разбіць больш за 150. На іх пасля танцуюць танец п’янага грэка, калі адзін з мужчын прыкідваецца нецвярозым. Ён выпівае стопку без дапамогі рук і разбівае яе.

А што ў суседзяў?

Украінскі падворак сустракае салам і настойкай. Руплівыя гаспадыні ледзь паспяваюць нарэзваць традыцыйны прадукт. Сала тут розных відаў: салёнае з часнаком і прыправамі, марынаванае і запечанае. Да сваіх землякоў завітала сям’я Власюк — Ніна і Пётр. Мужчына родам з Украіны, ажаніўся з беларускай, і 40 гадоў сям’я жыве ў Гродне. На фестываль прыходзяць пастаянна, каб хоць ненадоўга апынуцца ў каларыце традыцый свайго народа. «Пабываеш тут — і на сэрцы цяплей становіцца», — кажа Пётр.

На польскім падворку абсталявалі «хатку» са старадаўнім інтэр’ерам. Тут вучылі вырабляць кветкі з гафрыраванай паперы і ляпіць гліняныя гаршкі. А настрой стваралі творчыя калектывы, якія выканалі народныя танцы — мазурку, паланэз, кракавяк. Удзельнікі ансамбля народнай музыкі і песні «Рэха Астраўца» Галіна і Казімір расказалі, што іх калектыў вельмі добра прымаюць, а фестываль дае магчымасць прадэманстраваць сваю культуру, кухню, разам з тым адчуць атмасферу сяброўства на беларускай зямлі. «Тут наша радзіма, мы жывём і працуем дзеля гэтай краіны», — зазначылі суразмоўнікі.

Галоўнай стравай на польскім падворку сталі бігус, кішка, флякі, пончыкі. Дарэчы, раней бігус гатавалі 2-3 дні ў некалькі прыёмаў, каб капуста была мяккая, але цэлая. Лепш змяшаць свежую і кіслую. Добра дадаць вэнджаныя каўбаскі, тады страва набірае патрэбны смак.

Дарэчы, многія госці фестывалю адзначылі сёлета вялікую колькасць фуд-кортаў. Маштабная зона была створана на плошчы Леніна. Гродзенцы вырашылі не адставаць ад нацыянальных суполак і арганізавалі першы «смачны» фестываль «Галоўны па мясе». Наведвальнікі маглі пакаштаваць новую страву — «губерцікі» ў гонар Святога Губерта, ахоўніка горада Гродна. Магчыма, страва стане традыцыйнай.

Багатае беларускае падвор’е

Самым вялікім на Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур стала беларускае падвор’е, куды прыехалі прадстаўнікі ўсіх абласцей і горада Мінска і прывезлі свае нацыянальныя здабыткі. Падчас адкрыцця другога дня фестывалю ўдзельнікі выходзілі з сімваламі абласцей. Напрыклад, для Гомельшчыны гэта ручнікі. Пляцоўка вобласці стала імітацыяй неглюбскай вясковай хаты.

Прыехала на свята і народны майстар Людміла Кавалёва са знакамітай вёскі. Веды і навыкі ткацтва яна пераняла ад носьбітаў. Жанчыну моцна ўразіла, што ў адной асобнай вёсачцы так многа адрозненняў, нават у параўнанні з суседняй. І гэта не толькі традыцыя ткацтва, але і спосаб нашэння вопраткі — адчувалася, што мясцовыя жанчыны імкнуліся падаваць сябе эфектна. Вялікі галаўны ўбор дадаваў невысокім нявестам росту, а накладкі пад андарак — аб’ёму. Цікава нават тое, як тут называлі ніткі і ўзоры. Так, ручнікі, у вырабе якіх шмат выкарыстоўвалася чорных нітак, называлі чарнабровымі, белых — бялёсымі. Прывезла Гомельшчына і практыкі саломапляцення, ткацтва паясоў. Беларускі падворак два дні знаёміў удзельнікаў і гасцей фестывалю з адметнымі традыцыямі, стравамі, рамёствамі, гульнямі, песнямі і танцамі, прайшло безліч майстар-класаў, да якіх далучаліся замежныя госці.

Падчас адкрыцця другога дня фестывалю са сцэны, усталяванай побач з беларускім падворкам, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч заўважыў, што гэта мерапрыемства сімвалізуе сабой узаемаразуменне, павагу, добразычлівасць і сяброўства:

— Свята гаворыць аб тым, што нашу сінявокую ведаюць, любяць не толькі беларусы, але і ўсе тыя людзі, для каго яна адкрывае магчымасці незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці.

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак нагадаў, што сёння ў нашай краіне пражывае больш за 150 нацыянальнасцяў:

— Мы не дзелім нікога ні па нацыянальнасцях, ні па веравызнанні. Жывём адной сям’ёй. Так і сёння ў Гродне мы бачым, калі разам стаяць азербайджанцы і армяне, палесцінцы і яўрэі, таму што ў нас няма спрэчак, толькі згода. Наш Прэзідэнт аднойчы сказаў, што гэта адзін з самых вялікіх здабыткаў незалежнай Беларусі, таму давайце шанаваць, зберагаць тое, што ўмацоўвае нашу дзяржаву, наша грамадства.

Наогул, тэма сям’і і еднасці стала адной з ключавых на фестывалі, прычым як у глабальным сэнсе — як мір і згода, так і ў сэнсе захавання традыцыйных каштоўнасцяў, добрых узаемаадносін паміж сужэнцамі, бацькамі і дзецьмі. Адзін з вясельных абрадаў, унесены ў спіс нематэрыяльнай спадчыны, — традыцыю выпякання паўлаўскага каравая — прадэманстравала кіраўнік народнага фальклорнага калектыву «Чараўніцы-каравайніцы» са Слонімшчыны Дар’я Кірыенка. Цеста замешвала няцотная колькасць жанчын — абавязкова замужніх, якія мелі здаровых дзетак. Развядзёнкі і ўдовы да такой справы не дапускаліся. Працавалі яны ў чыстай новай вопратцы, каб у маладых усё склалася.

Паўлаўскі каравай багата аздабляўся. У цэнтры ставілася пладовая галінка з разгалінаваннем на пяць парасткаў (такую яшчэ, як тую кветку шчасця, паспрабуй адшукай). Галінка пэўным чынам высушвалася, абляплялася цестам і запякалася. Каб у маладых нарадзілася багата дзетак, каравай упрыгожваўся птушкамі. Кветкі гаварылі пра прыгажосць маладой. Падкоўкі — на шчасце, вароты — каб у новую сям’ю ўвайшло каханне ды шчасце. Васьмёркі як сімвал бясконцага кахання, каласкі — на багаты ўраджай, пацеркі, кожная з якіх выпякалася як асобная, — пажаданне багацця. Прычым усе гэтыя дэталі выпякаліся асаблівым чынам, не ў духу, як звычайна прынята, а перад полымем.

Віцебскую вобласць прадстаўляла сям’я Рымдзёнкаў: жонка займаецца ткацтвам, бацька і сын — ганчарствам. Падчас фестывалю яны паказвалі майстар-класы па вырабе свістулек і берасцянікаў (посуду, аплеценага бяростай). Традыцыя па вырабе апошніх нядаўна атрымала статус нематэрыяльнай каштоўнасці. Гаршкі, пераплеценыя бяростай, менш біліся пры перавозцы. Яны, як тэрмасы, захоўваюць тэмпературу прадуктаў. Загадчыца Шаркаўшчынскага раённага цэнтра культуры Вікторыя Дубоўская падзялілася, што ў рэгіёне працягваюць традыцыі маляваных дываноў, распачатыя Язэпам Драздовічам. Прычым яшчэ з 1980-х гадоў такія веды перадаюцца мясцовым майстрам, і сёння з самымі маленькімі мастакамі працуе кіраўнік студыі мастацкіх рамёстваў Святлана Заіка, якая расказала, як наносіць фарбы на тканіну, каб яны былі больш яскравымі, насычанымі.

Аляксандр Свірыд, разьбяр-самавучка з Ганцавіч, марыць перадаць свае ўменні вучням. А гэты чалавек умее настолькі складаныя і далікатныя вырабы выразаць з дрэва, што яго работы ідуць на падарункі розным паважаным гасцям, і часта іх вывозяць за мяжу — у Еўропу, Азію, Амерыку. Ён сам прыдумляе выгляд будучага вырабу, малюе трафарэты на паперы, а пасля вылічвае, каб падчас выразання не саступіць ні на міліметр. Ніводны ўзор не паўтараецца.

У фестывалі бралі ўдзел і беларусы замежжа — з Расіі, Латвіі і Польшчы. Так, на беларускім падворку сваю канцэртную праграму прадставілі народны калектыў «Арляня» з Беласточчыны і ансамбль беларускай песні «Завіруха» з Рыгі. Вялікую канцэртную праграму «Бывайце здаровы, жывіце багата!» падрыхтавалі госці з Томска, адкуль прыехалі два калектывы: ансамбль беларускай песні «Медуніца» і народны вакальны ансамбль «Белая Русь».

«Усе мы тут — родныя»

Фестываль стаў не проста культурным брэндам горада над Нёманам, але і асаблівым сімвалам адзінства, міру і згоды. Яркая і непаўторная, маляўнічая і каларытная, маштабная і захапляльная старонка чарговага свята ўпісана не толькі ў гісторыю Гродзеншчыны, але і ўсёй Беларусі. Прадстаўнікі суполак падзяліліся думкамі аб самой ідэі фестывалю.

— Тым, хто яго прыдумаў, я помнік устанавіў бы! Гэта вельмі шыкоўная ідэя! Мы два гады яго чакаем, не можам дачакацца. Удзячныя, што можам паказаць свае традыцыі, культуру. Мы прадстаўнікі Азербайджана і дзеці Беларусі. Гэта дружба народаў важная. Лічым, што Беларусь — самая талерантная краіна, — упэўнены намеснік прадстаўніка Кангрэса азербайджанскіх суполак Алег Бадалаў.

— Адчуваем вялікую падтрымку ў Беларусі, — расказаў старшыня афганскай дыяспары Саід Мухамед. — Беларусы — вельмі добры народ, культурны. Дзякуючы палітыцы краіны, нас тут прынялі, стварылі ўмовы для жыцця, жывём у міры і спакоі, вельмі ўдзячны за гэта.

— Галоўная ідэя фестывалю і галоўная думка кожнага нармальнага чалавека, што ўсе мы — родныя, — эмацыянальна заўважыла прадстаўніца казахскай дыяспары Гульнара Жармедзетава.

Чарговы, XІV, фестываль нацыянальных культур стаў гісторыяй, зазначыў падчас урачыстага закрыцця форуму міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч.

— Гэта былі два незабыўныя дні. Мы яшчэ больш даведаліся пра спадчыну мноства краін. Вельмі прыемна, што ў нашай шматнацыянальнай краіне кожны народ жыве паўнавартасным жыццём, ведае гісторыю, гадуе дзяцей і вельмі ўпэўнена глядзіць у будучыню. Таму што мы адна дружная сям’я, мы грамадзяне Рэспублікі Беларусь, — падкрэсліў Анатоль Маркевіч.

Міністр культуры падзякаваў усім нацыянальным аб’яднанням, усім людзям, якія падарылі гасцям і жыхарам Гродна цудоўны настрой. Ён выказаў упэўненасць, што зарад бадзёрасці, які быў атрыманы падчас свята, будзе саграваць усіх да наступнага, юбілейнага, XV фестывалю. Чакаць засталося ўсяго два гады.

Маргарыта УШКЕВІЧ, Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Маргарыты УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.