Вы тут

Стадыён «Дынама» святкуе юбілей


Ён мае надзвычай багатую гісторыю, яго сучаснасць неверагодна насычаная. Яго ведаюць амаль ва ўсім свеце, у свеце спорту дакладна. Гэта, без перабольшвання, адзін з брэндаў Беларусі. І гэта — Нацыянальны алімпійскі стадыён «Дынама», якому сёлета спаўняецца 90 гадоў.


Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Гэты аб’ект з’яўляецца цэнтрам прыцягнення жыхароў Мінска і яго гасцей. Ён бачыў мноства зорак спорту розных часоў. У 1951 годзе тут прайшоў чэмпіянат СССР па лёгкай атлетыцы. Стадыён, як і многія іншыя мінскія пабудовы, значна пацярпеў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Але да чэмпіянату яго паспелі аднавіць і правялі спаборніцтвы на высокім для таго часу ўзроўні. І гэта стала пачаткам слаўнай гісторыі — з таго часу спартыўныя форумы на «Дынама» пакідаюць ва ўсіх выдатныя ўражанні. Таму сведчанне і матчавая сустрэча СССР — ЗША па лёгкай атлетыцы 1973 года. Тут у 1980 годзе прайшоў алімпійскі турнір па футболе. Менавіта на «Дынама» Аляксандр Мядзведзь запаліў агонь маскоўскай алімпіяды. Нямала слаўных момантаў у гісторыі стадыёна і ў ХХІ стагоддзі: у 2008 годзе БАТЭ сустрэўся з Ювентусам на дынамаўскім полі. Тут праходзілі першая матчавая сустрэча Еўропа — ЗША па лёгкай атлетыцы ў 2019 годзе, адкрыццё ІІ Еўрапейскіх гульняў у тым жа годзе.

«Дынама» — аб’ект шматфункцыянальны. На стадыёне часта збіраюцца не толькі аматары спорту, але і музыкі. Гэта выдатная канцэртная пляцоўка, якую высока цэняць зоркі беларускай і замежнай эстрады. У апошнія гады тут часта праходзяць летнія фестывалі розных кірункаў. А ў кінапаказы пад адкрытым небам у апошнія два гады мінчане літаральна «закахаліся». Аднак пануе на «Дынама» ўсё ж такі спорт, у прыватнасці лёгкая атлетыка і футбол.

Своеасаблівым падарункам да юбілею знакамітай арэны стаў таварыскі матч футбольных зборных Беларусі і Расіі, які прайшоў 7 чэрвеня. На жаль, беларуская зборная не змагла зрабіць сваім аматарам падарунка і прайграла з вынікам 0:4. Аднак у той дзень, асабліва перад матчам, стадыён зноў віраваў. На доўгачаканы матч (а нацыянальная зборная па футболе тры гады не выступала дома) сабралася больш за 21 тысячу чалавек. Арганізатары падрыхтавалі для іх сапраўднае шоу. На тэрыторыі каля стадыёна размясціліся дыджэі, фотазоны, фудкорты, праводзілася мноства футбольных актыўнасцяў для дзяцей і дарослых. Перадматчавае шоу з удзелам знакамітых артыстаў таксама дадало настрою аматарам. Атмасфера спартыўнага свята, музыка, дзіцячы смех і шчаслівыя наведвальнікі — тое, што так пасуе любімаму ўсімі стадыёну «Дынама». І няхай так будзе і далей!

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.