Вы тут

Бокс тайскі — медалі беларускія


Героі тыдня. Беларускія спартсмены выступілі на чэмпіянаце свету па тайскім боксе. Дадому яны прывезлі сем медалёў. Чэмпіёнам свету ў катэгорыі U23 стаў Яўген Федарынчык, які спаборнічае ў катэгорыі да 71 кг. Сярэбраныя медалі заваявалі Іван Шангін, які выступае ў катэгорыі да 60 кг сярод моладзі, Мікіта Кокаш (U23 86 кг). Бронзавымі прызёрам сталі Валянцін Капытаў (да 91 кг), Данііл Дзедавец (да 63,5 кг), Арцём Варывацкі (U23, да 57 кг) і Паліна Ламінская (U23, да 71 кг).


Аб’ява тыдня. Стаў вядомы расклад трох першых матчаў мінскага «Дынама» ў сезоне-2024/25 Кантынентальнай хакейнай лігі, паведамілі ў прэс-службе сталічнага клуба. Першым сапернікам падапечных Дзмітрыя Квартальнава ў новым сезоне будзе хабараўскі «Амур». Сустрэча пройдзе ў «Мінск-Арэне» ў чацвер, 5 верасня. У мінулым розыгрышы КХЛ абедзве каманды занялі восьмыя месцы ў сваіх канферэнцыях і завяршылі барацьбу за Кубак Гагарына ў першым раўндзе плэй-оф. Абедзве вочныя сустрэчы засталіся за хабараўчанамі. Пасля хатняга паядынку «зуброў» чакаюць два выязныя матчы — з маскоўскім «Спартаком» 9 верасня і супраць падмаскоўнага «Віцязя» 11 верасня. Новы сезон Кантынентальнай хакейнай лігі стартуе ў Магнітагорску 3 верасня з гульні за Кубак Адкрыцця паміж дзейным чэмпіёнам «Металургам» і яраслаўскім «Лакаматывам».

Турнір тыдня. У Алімпійскім комплексе «Лужнікі» ў Маскве ў рамках «Тыдня лёгкай атлетыкі» прайшлі Усерасійскія спаборніцтвы «Мемарыял братоў Знаменскіх». У турніры выступілі 15 беларускіх лёгкаатлетаў, васьмёра сталі медалістамі. Пераможцамі мемарыялу Знаменскіх у штурханні ядра сталі Алена Дубіцкая (18,13 м) і Алег Тамашэвіч (21,08 м), у сектары для трайнога скачка роўных не было Віялеце Скварцовай (14,39 м), а ў жаночым бар’ерным бегу на 100 м найлепшы вынік паказала Эльвіра Грабарэнка (12,86 сек). Услед за сяброўкай па камандзе фінішавала Святлана Парахонька. Трэцяе месца ў сваіх дысцыплінах занялі Карына Дзямідзік (скачкі ў вышыню), Яніна Луцэнка (100 м) і Віталь Парахонька (110 м з бар’ерамі). Завяршальным стартам «Тыдня лёгкай атлетыкі» ў Маскве стаў «Дзень скачкоў». Другое месца ў сектары для скачкоў з шастом заняў Мацвей Воўкаў, Карына Дзямідзік у спаборніцтвах па скачках у вышыню стала трэцяй.

Паражэнне тыдня. Арына Сабаленка не здолела прабіцца ў паўфінал адкрытага чэмпіянату Францыі. У апошнім чвэрцьфінальным паядынку яна саступіла 17-гадовай расіянцы Міры Андрэевай, якая займае 38-е месца ў рэйтынгу WTA, — 7:6 (7:5), 4:6, 4:6. Па выніках Адкрытага чэмпіянату Францыі Арына Сабаленка страціла другую пазіцыю ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі. Цяпер яна займае трэці радок.

Лічба тыдня. Сем медалёў заваявалі беларускія спартсмены падчас другога этапу міжнароднай серыі Гран-пры па веласпорце на трэку, які прайшоў у Санкт-Пецярбургу. Караліна Бірук перамагла ў омніуме і заняла другое месца ў гонцы праследавання, дзе найлепшы вынік паказала Анастасія Кіпцікава. Яшчэ адна беларуска Аліна Кароткіна стала ў омніуме трэцяй. У мужчынскім кейрыне сярэбраны медаль заваяваў Арцём Зайцаў. Гэта ўзнагарода стала для беларускага веласіпедыста трэцяй на турніры. Раней Зайцаў перамог у індывідуальным спрынце, а таксама разам з прадстаўнікамі Тульскай вобласці першынстваваў у камандным спрынце.

Поспех тыдня. Беларускія барцы вольнага стылю выступілі на рэйтынгавым турніры «Мемарыял Імрэ Паяка і Янаша Варгі» ў Будапешце. Беларускую мужчынскую каманду па вольнай барацьбе на спаборніцтвах прадставілі Арыян Цютрын, Аляксандр Гуштын і Дзяніс Храмянкоў. Медалістам турніру стаў толькі Арыян Цютрын, які заваяваў бронзавы медаль у катэгорыі да 57 кг.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Эканоміка

Першыя —  найлепшыя!

Першыя — найлепшыя!

Віцебшчына ўвайшла ў актыўную фазу ўборкі па ўсіх культурах. 

Грамадства

Тое,  што вырасцілі самі

Тое, што вырасцілі самі

За шэсць месяцаў гэтага года нарыхтоўшчыкі Белкаапсаюза выплацілі насельніцтву 146 мільёнаў рублёў.