Вы тут

Супрацоўніцтва з унікальным патэнцыялам


Вітаючы госця ў Савеце Рэспублікі, спікер падкрэсліла, што для Беларусі вельмі важным з’яўляецца ўзаемадзеянне з Расійскай Федэрацыяй на ўзроўні рэгіёнаў. «Мы паўдзельнічалі ў праектах, якія сёння рэалізаваны ў Варонежскай вобласці, і шчыра рады таму, што гэта работа дала свае вынікі», — канкрэтызавала Наталля Качанава.


 БелТА

За тры гады — у дзесяць разоў

Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу на тое, што асаблівыя вынікі дасягнуты ў будаўнічай сферы, у якой Варонежская вобласць стала лідарам сярод расійскіх рэгіёнаў па прыцягненні беларускага патэнцыялу. Агульны кошт рэалізуемых у рамках супрацоўніцтва будаўнічых праектаў за апошнія тры гады ўзрос больш як у дзесяць разоў.

У прыватнасці, у рамках супрацоўніцтва ўзведзены тры школы, уключаючы найбуйнейшы ў Расійскай Федэрацыі адукацыйны цэнтр. Летась рэалізаваны першы этап узвядзення «Беларускага квартала» індывідуальнай жылой забудовы з прымяненнем домакамплектаў шклоўскай вытворчасці ў экавёсцы Лушнікоўка. У цяперашні час у Варонежы будуюцца дзіцячы садок, завод па ўтылізацыі шын. У 2024 годзе завершыцца рэалізацыя праекта рэканструкцыі стадыёна АТ СК «Факел».

Практычна ўсе ўзведзеныя аб’екты і тыя, якія знаходзяцца на этапе бадаўніцтва, — гэта рэалізацыя пагадненняў і кантрактаў, якія былі падпісаны ў рамках форумаў рэгіёнаў. Вялікія планы і на перспектыву. Старшыня Савета Рэспублікі запрасіла прадстаўнікоў Варонежскай вобласці на XI Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які, безумоўна, толькі ўзмацніць двухбаковае ўзаемадзеянне. 

«Для нас вельмі важнае супрацоўніцтва з нашым стратэгічным партнёрам — Расійскай Федэрацыяй, — падкрэсліла Наталля Качанава. — У нас братэрскія, сяброўскія адносіны, нас звязваюць гістарычныя карані. Наша супрацоўніцтва грунтуецца на Дагаворы Саюзнай дзяржавы, на 28 зацверджаных праграмах, і мы, як парламентарыі, кантралюем выкананне гэтых праграм і рады таму, што яны рэалізуюцца вельмі інтэнсіўна і выкананы практычна ў поўным аб’ёме».

Па меркаванні спікера, супрацоўніцтва з Варонежскай вобласцю з’яўляецца ўзорным. «Як адзначыў Аляксандр Рыгоравіч, мы гаворым аб інавацыйным развіцці — біятэхналогіях, фармацэўтычнай прамысловасці і шэрагу іншых напрамкаў, якія даюць імпульс развіццю любой краіны. І мы разумеем, што за гэтым — будучыня», — падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі.

Па перакананні спікера, станоўчая дынаміка двухбаковага ўзаемадзеяння будзе садзейнічаць далейшаму ўмацаванню міжрэгіянальнага супрацоўніцтва і стварэнню спрыяльных умоў для Беларусі і Варонежскай вобласці ва ўсіх сферах — палітычнай, эканамічнай і гуманітарнай. «Гісторыю не падманеш, жыццё паказвае, што якія б перыпетыі ні адбываліся на шляху развіцця кожнай краіны, браты застаюцца братамі, — рэзюмавала Наталля Качанава. — Мы суверэнныя, незалежныя дзяржавы, але разам з тым мы разумеем, што нашае супрацоўніцтва павінна пераходзіць на больш высокі ўзровень. Інтэграцыйныя аб’яднанні дазваляюць нам сёння працаваць больш паспяхова. Эканоміка гэта паказвае».

Ад радыёэлектронікі да сельскай гаспадаркі 

Кажучы аб Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, губернатар Варонежскай вобласці Аляксандр ГУСЕЎ адзначыў, што гэта вельмі значнае мерапрыемства, дзе падпісваюцца асноўныя дакументы. «Імкнёмся выконваць свае абавязацельствы, дзесьці нават наперад ідзём, — канстатаваў ён. — Аляксандр Рыгоравіч паставіў вельмі высокую планку, амбіцыйную, — падвоіць наша супрацоўніцтва ў аб’ёмах да аднаго мільярда долараў. Псіхалагічна важная, напэўна, лічба. Да яе, безумоўна, будзем імкнуцца. Магчымасці ўсе для гэтага ў нас ёсць». 

Па словах губернатара, найбольш камфортныя адносіны ў супрацоўніцтве з Беларуссю ў цяперашні час выпрацаваны ў сферы будаўніцтва. Ëн звярнуў увагу на якасную і аператыўную работу беларускіх будаўнікоў, якія прымаюць удзел ва ўзвядзенні маштабных аб’ектаў у Варонежскай вобласці і задаюць пэўны трэнд будаўнікам з іншых краін. 

Аляксандр Гусеў расказаў пра будучыя буйныя аб’екты, якія неўзабаве з’явяцца ў Варонежскай вобласці. У прыватнасці, плануецца, што ў будаўніцтве новага футбольнага стадыёна прымуць удзел і спецыялісты з Беларусі. Акрамя таго, у рэгіёне з’явіцца беларускі пасёлак (беларускі квартал ужо пабудаваны) на тры тысячы жыхароў, будзе створана адпаведная інфраструктура. 

Ëсць планы на двухбаковае супрацоўніцтва і ў іншых сферах. «Гэта і радыёэлектроніка, у нас кампетэнцыі вялікія таксама захаваны, машынабудаўнічыя прадпрыемствы ў нас добра развіты, — канкрэтызаваў Аляксандр Гусеў. — І, безумоўна, сельская гаспадарка — гэта ўжо такі наладжаны фармат узаемадзеяння. Мы самі прасунуліся ў насенневодстве. У нас некалькі буйных прадпрыемстваў займаецца падрыхтоўкай насення, каб яно пераносіла і нашы ўмовы надвор’я. Нам можна было б паглядзець на тое абсталяванне, якое вырабляецца на тэрыторыі Беларусі ў частцы жывёлагадоўлі малочнай. Вельмі добра развіваецца малочная жывелагадоўля, буйныя прадпрыемствы будуюцца, фермы. Цяпер гэта такая ніша, якую можна было б развіваць».

Абмяркощваючы кірункі рэгіянальнага ўзаемадзеяння, бакі закранулі і дэмаграфічную сітуацыю, пытанне працаўладкавання, гуманітарнае супрацоўніцтва. 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

У тэму

Як адзначыў у размове з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Русы, такое шчыльнае ўзаемадзеянне Беларусі з Варонежскай вобласці з’яўляецца прыкладам сумеснай работы на форумах рэгіёнаў. 

Асаблівы ўхіл двухбаковага ўзаемадзеяння, як акцэнтаваў сенатар, зроблены на будаўніцтва. «Дзясяткі аб’ектаў пабудавана ў Варонежы нашымі будаўнікамі — вельмі ёмістых і маштабных, — канкрэтызаваў ён. — Мне запомніліся словы Гардзеева, намесніка старшыні Дзярждумы Расійскай Федэрацыі, калі ён адкрываў школу. Ëн казаў, што ўдзячны Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку за тое, што за беларускі крэдыт беларускімі будаўнікамі пабудавана высокакласная школа ў вельмі кароткія тэрміны. Гэта і ёсць элемент супрацоўніцтва. 

Па словах Міхаіла Русага, узаемадзеянне Беларусі з Варонежскай вобласцю мае ўнікальны патэнцыял. «Там уся атамная энергетыка, самалётабудаўніцтва, вельмі развіта сельская гаспадарка, — удакладніў ён. — Мільярд — ён бачны і яго трэба дасягаць. Мы заўсёды адзін з адным на пастаяннай сувязі. Калі нам трэба дапамагаць заканадаўча, зняць пэўныя перашкоды, мы актыўна ўключаемся, працуем і атрымліваем вынік».

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.