Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Лічба ў паўмільярда тавараабароту добра, але трэба імкнуцца да запаветнага мільярда


З 8 па 10 чэрвеня ў Беларусі з візітам знаходзілася дэлегацыя Варонежскай вобласці на чале з губернатарам Аляксандрам Гусевым. Цэнтральная падзея насычанага графіка дэлегацыі — сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Сустрэча не для пратаколу, а для канкрэтных рашэнняў. У Варонежскай вобласці і Беларусі нямала падобнага. Рэгіён плённа развіваецца па розных напрамках, захоўваючы напрацаваны досвед і набываючы новыя кампетэнцыі. Такі падыход вельмі імпануе беларускаму боку. Акцэнт у рэгіёне робіцца на прамысловасць і сельскую гаспадарку, сферы, у якіх атрымала поспех і Беларусь. Супрацоўніцтва і абмен ведамі тут могуць быць карыснымі як для Беларусі, так і для Варонежскай вобласці. Асабліва важным бачыцца ўзаемадзення ў сферы радыёэлектронікі. Гэта галіна сёння актыўна развіваецца ў Беларусі, а на тэрыторыі Варонежскай вобласці дзейнічае больш за 20 адпаведных прадпрыемстваў. На мінулым тыдні падчас наведвання Іркуцкага авіязавода Аляксандр Лукашэнка звяртаў увагу на тое, што беларусы маюць жаданне «быць уманціраванымі ў працэсы па высокіх тэхналогіях», якія ажыццяўляюць расійскія партнёры. Таму, нягледзячы, на моцную базу, работы над ніве беларуска-расійскага супрацоўніцтва яшчэ шмат. І ўзаемадзенню з Варонежскай вобласцю — пільная ўвага. 


Аляксандр Гусеў наведваў нашу краіну ў красавіку 2022 года і таксама тады сустракаўся з беларускі лідарам. Як нагадаў Аляксандр Лукашэнка, два гады таму ў Мінску бакі намецілі шэраг важных напрамкаў для супрацоўніцтва, дамовіліся больш актыўна ўзаемадзейнічаць у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, гуманітарнай сферы. «Шмат у чым дзякуючы вашым намаганням Варонежская вобласць увайшла ў лік найважнейшых партнёраў нашай краіны. У 2023 годзе тавараабарот перавысіў паўмільярда долараў. Добрая лічба, але трэба імкнуцца да запаветнага мільярда. Тым больш, што і сёлета захоўваецца нядрэнная дынаміка. Рэгіён выйшаў на 13-е месца ў Расіі па аб’ёмах экспарту з нашай краіны», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы спыніўся на ключавых напрамках, па якіх Беларусь і Варонежская вобласць паспяхова ўзаемадзейнічаюць.

Першае. Будаўніцтва. 

Гэтая сфера традыцыйна лідзіруе ў гандлёвых адносінах. Агульны кошт праектаў, якія рэалізуюцца ў рамках супрацоўніцтва, за апошнія 3 гады ўзрос у 10 разоў. У грашовым выяўленні гэта 8,4 млрд. расійскіх рублёў. Сярод нашых сумесных праектаў ёсць і прамысловае будаўніцтва, у прыватнасці вытворчасць па утылізацыі шын. «Рэканструкцыя беларускімі будаўнікамі галоўнай спартыўнай арэны Варонежа — Цэнтральнага стадыёна прафсаюзаў, упэўнены, забяспечыць яго ўваходжанне ў катэгорыю найлепшых у Расійскай Федэрацыі», — падкрэсліў беларускі лідар.

Другое. Прамысловасць. 

«Гандаль шырокім спектрам прамысловай прадукцыі прапануем дапоўніць кааперацыйнымі сувязямі. Вядома, вы добра знаёмыя з тэхнікай, якая вырабляецца ў Беларусі. Амаль уся лінейка ў большай ці меншай ступені выкарыстоўваецца ў Варонежскай вобласці. Наш флагман МАЗ на пастаяннай аснове прымае ўдзел у конкурсах на закупку аўтобуснай тэхнікі, МТЗ, „Гомсельмаш“, „Амкадор“ — у конкурсах на пастаўку сельскагаспадарчай, дарожнай і лесанарыхтоўчай тэхнікі. Але сёння попыт, які расце на тэхніку ў Расіі, патрабуе папярэдняй работы паміж вытворцамі і спажыўцамі. Мы робім стаўку на якаснае і своечасовае сэрвіснае суправаджэнне, навучанне персаналу, пастаўкі запасных частак і расходных матэрыялаў. Без гэтага наогул немагчымыя пастаўкі якой-небудзь тэхнікі на рынкі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Трэцяе. Сельская гаспадарка і харчаванне.

«Гэта вашы брэнды як па ўкладу ў агульнарасійскі аб’ём сельгаспрадукцыі, так і па забеспячэнні рэгіёну і Цэнтральнай федэральнай акругі. Але заўсёды ёсць і вольныя нішы, і месца для шырокага асартыменту, які так неабходны спажыўцам. Я кажу пра шырокае развіццё ў вас сельскай гаспадаркі. Але нішы ёсць і для сельскай гаспадаркі ў Беларусі. Будзем рады вывесці вас у першую пяцёрку па аб’ёме спажывання і перапрацоўкі нашых прадуктаў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, беларускія прадпрыемствы і навуковыя арганізацыі гатовы таксама абменьвацца вопытам па выкарыстанні новых тэхналогій у сельскай гаспадарцы. Вядзецца актыўнае супрацоўніцтва навуковых арганізацый Беларусі і Варонежскай вобласці ў сферы насенняводства. «Таксама са свайго боку можам прапанаваць тэхналогіі ў сферы малочнатаварнай вытворчасці, уключаючы праектаванне і будаўніцтва комплексаў, іх укамплектаванне абсталяваннем», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Чацвёртае. Камунальная гаспадарка.

Сфера, цесна звязаная з будаўніцтвам жылля і падтрыманнем жылога фонду ў тэхнічна спраўным стане, а таксама з прадастаўленнем якасных паслуг насельніцтву. «Вы ведаеце, што ў Беларусі можна запазычыць не толькі рашэнні па арганізацыі працы ў гэтай сферы. У нас таксама выпускаюцца тэхніка і абсталяванне для збору, сартавання і перапрацоўкі адходаў, водападрыхтоўкі і водаадвядзення», — заўважыў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ўсе дамоўленасці гарантавана будуць выкананыя. «Напрыклад, з нашым урадам вы маглі б больш актыўна папрацаваць у высокатэхналагічных галінах (электроніка, фармацэўтыка, біятэхналогіі, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, энергазберажэнне і іншыя сферы), а таксама падтрымліваць вытворчую кааперацыю з выкарыстаннем айчынных распрацовак і кампанентнай базы», — прапанаваў кіраўнік дзяржавы. Ён зрабіў акцэнт, што закрытых тэм для супрацоўніцтва ў Беларусі і Варонежскай вобласці няма. 

«Думаю, настаў час нам больш шчыльна супрацоўнічаць адзін з адным. Дзякуючы абставінам, мы зразумелі, хто ёсць хто, хто сапраўдныя сябры, а хто проста прыклейваўся доўгія гады да Расіі і да нашага супрацоўніцтва», — адзначыў Прэзідэнт.

У сваю чаргу Аляксандр Гусеў запэўніў, што ўсе дамоўленасці і планы супрацоўніцтва — і тыя, якія ўжо ёсць, і тыя, якія будуць дасягнуты падчас гэтага візіту, будуць безмоўна выкананы. «Адна са сфер, дзе мы дасягнулі найбольшых поспехаў — гэта будаўніцтва. За апошнія некалькі гадоў у 10 разоў павялічыліся тэмпы нашага ўзаемадзення,» — адзначыў ён. Аляксандр Гусеў папрасіў Прэзідэнта Беларусі ў дапамозе з будаўніцтвам футбольнага стадыёна ў Варонежы. Тым больш, што сіламі беларускіх спецыялістаў у Варонежскай вобласці пабудавана нямала якасных аб’ектаў

«Вялікі дзякуй, што адзначылі нашы магчымасці працягу супрацоўніцтва ў прамысловасці. Мы зараз знаходзімся на стадыі гандлёва-эканамічных узаемааднлсін, але і кааперацыйныя сувязі трэба ўмацоўваць», — сказаў Аляксандр Гусеў. 

У тэму

Трэба дадаваць у сельскай гаспадарцы і прамысловасці

Размаўляючы з журналістамі, Аляксандр Гусеў расказаў, работа па якіх напрамках можа прывесці да запаветнага мільярда тавараабароту. «Для нас гэта масштабная лічба, трэба падвоіць наша ўзаемадзенне. Два асноўныя напрамкі, па якіх мы можам гэта зрабіць, — сельская гаспадарка і прамысловасць. Варонежская вобласць — адзін з лідараў па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў Расіі і вялікі прамысловы рэгіён. Таму нам ёсць, у чым дадаць», — сказаў губернатар. Ён расказаў, што на сустрэчы з Прэзідэнтам ужо абмяркоўваліся канкрэтныя пытанні па гэтых накірунках. У прыватнасці, развіццё малочнай жывёлагадоўлі і прымяненне тэхналогій, якія выкарыстоўваюць беларускія вытворцы малака. «У нас шмат буйных гаспадарак па вытворчасці малака. У многім яны былі арыентаваныя на замежныя тэхналогіі. Спадзяюся, што тут досвед нашых беларускіх калег будзе нам карысны», — адзначыў Аляксандр Гусеў. Важным накірункам ён назваў забеспяэнне і беларускіх, і расійскіх сельгасвытворцаў уласнай насеннай базай і жывёлай з высокімі прадукцыйнымі здольнасцямі, як у мясной, так і ў малочнай жывёлагадоўлі. І сумесная работа на гэтым накірунку ўжо праводзіцца. Асабліва цікавы для Варонежскай вобласці беларускі досвед вырошчвання азімага ячменю. 

Што тычыцца прамысловасці, то, па словах Аляксандра Гусева, тут бакі не дапрацоўваюць. «Мы купляем шмат тэхнікі і сельскагаспадарчай, і камунальнай, і пасажырскай на беларускіх прадпрыемствах. Са свайго боку пастаўляем камплектуючыя для беларускіх прадпрыемстваў. Але можна было б зрабіць і крокі па развіцці кааперацыі», — сказаў губернатар Варонежскай вобласці. 

Перспектывы для ўзаемнага росту адкрываюцца ў такіх сферах як мікраэлектроніка, радыёэлектроніка. Аляксандр Гусеў заўважыў, што ў Варонежскай вобласці захавалася нямала адпаведных кампетэнцый, а Беларусь развівае гэтыя галіны. У Варонежскай вобласці размешчана вялікае прадпрыемства, якое займаецца авіябудаўніцтвам. Адно з нешматлікіх у свеце, якое можа будаваць шырокафезюляжныя самалёты. Для Беларусі гэта вельмі цікава. І ў Варонежскай вобласці, і ў Беларусі актыўна развіваецца машынабудаванне. І тут узаеманая дапамога і абмен досведам можа быць вельмі дарэчным. 

Плануецца працягваць супрацоўніцтва ў сферы будаўніцтва. тым больш што станоўчых прыкладаў хапае. Самы красамоўны — вялікі адукацыйны цэнтр на тры тысячы чалавек, які ў Варонежы назвалі «Цэнтр Садружнасці», падкрэсліваючы сяброўства варонежцаў і беларусаў. Гэта адзін са шматлікіх аб’ектаў у Варонежскай вобласці, пабудаваны з дапамогай беларускіх спецыялістаў. Дапоўніць гэты спіс у хуткім часе можа і вялікі футбольны стадыён, у якім, па словах Аляксандра Гусева, Варонеж сёння мае патрэбу. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.