Вы тут

Украінка з Мінска прадставіла на фестывалі культур у Гродне калекцыю старажытных ручнікоў


Украінка з Мінска прадставіла на Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у Гродне сваю калекцыю старажытных ручнікоў.


Заслужаны майстар Беларусі Галіна Безбародзька больш 30-ці гадоў збірае ручнікі сваёй этнічнай радзімы. Ураджэнка ўкраінскага Закарпацця, яна не губляе сувязі са сваякамі-украінцамі, але даўно жыве ў Беларусі і лічыць яе сваёй другой радзімай. На фестываль у Гродна прыязджае не першы раз і заўсёды імкнецца падкрэсліць адзінства двух народаў. Нават манекенаў у нацыянальных адзеннях злучае агульным ручніком як сімвалам сяброўства і згоды. 

На фестываль у Гродна жанчына прывезла каля ста экспанатаў, а ўсяго ў яе музейным пакоі іх каля тысячы. Большая частка — гэта старадаўнія ручнікі. Імі Галіна асабліва даражыць. Сваю калекцыю збірала доўгія гады. Калі землякі даведаліся, што яна стварае музей вышыванкі, дапамаглі з экспанатамі. Многія ручнікі перадалі жыхары Вінніцкай і Чаркаскай вобласці. 

—Паглядзіце, якая прыгажосць, — з захапленнем паказвае Галіна свае набыткі. — І гэту прыгажосць стваралі простыя вясковыя жанчыны, прычым яшчэ пры керасінавых лямпах. Вось гэта двухасноўная вышыўка зроблена Марыяй Харытонаўнай з сяла Куцінка Чаркаскай вобласці. Ручніку больш за сто гадоў, а яны такія яскравыя, чыстыя, прыгожыя, як былі раней. Думаю, што ў іх жыве душа народа. Вось гэта сарочка з васількамі работы Аляксандра Еўтушэнкі. Ён вышыў адну жонцы і адну падараваў музею. Свае сакрэты перадаў майстрыхі з Магілёва. 

Жанчына дэманструе ручнік сваёй прабабулі. Яму таксама больш за сотню гадоў, і такіх экзэмпляраў тут не адзін дзесятак. Калісьці, памятае Галіна, прадстаўнікі буйной ўкраінскай кінастудыі ездзілі па вёсках і выкуплялі ў гаспадароў старадаўнія кролівецкія ручнікі. Тады бабуля яе наказала ўнучцы ніколі не прадаваць сваіх вышыванак, маўляў, гэта бясцэннае багацце, даражэй за золата і срэбра. Бо гэта яшчэ і абярэгі. З таго часу 13-ці гадовая Галіна задумалася аб тым, каб захаваць сваю аўтэнтычную спадчыну. Яна верыць, што менавіта гэтыя рэчы даюць ёй моц, каб працягваць справу.

—Ад ручнікоў, ад вышыўкі ідзе вельмі моцная энэргетыка, яны быццам ахоўваюць нас. Ужо і сілы няма, прыйдзеш у пакой, пабудзеш побач з гэтымі рэчамі, і, здаецца, другое дыханне адкрываецца, — пераканана кажа жанчына. 
Яна ўпэўнена, што ў саматканых ручніках жывуць душы іх майстроў, якія дапамагаюць у распаўсюджанні гэтых сапраўдных твораў. Важна, каб новыя пакаленні бачылі такое хараство, кажа Галіна Безбрободзька. Таму імкнецца дэманстраваць іх на фестывалях, а нядаўна калекцыя была прадстаўлена на выстаўцы ў сталічным народным музеі архітэктуры і быту. Яе ручнікі прадстаўлялі Палессе Украіны, а беларускае Палессе прадставіў сам музей. 

Апошнім часам і сама Галіна пашырае сваю калекцыю ручнікамі беларускіх майстроў. Яна расказала адну гісторыю. Калі манахі Кіева-Пячэрскай лаўры былі выгнаны ў Беларусь, яны вучылі беларусаў ткаць ручнікі, але ў тых замест арлоў атрымаліся божыя кароўкі. Жанчына вельмі хацела набыць такі ручнік. І тады малады калекцыянер падарыў ёй некалькі ўкраінскіх ручнікоў і вось такі беларускі з божымі кароўкамі. 

—Людзі вельмі цепла ставяцца да гэтых ручнікоў, таму што ў іх жыве душа нашых продкаў. Вось ручнік з горада Звянігародка Чаркаскай вобласці. Жанчына цяжка хварэла, яна даведалася, што ў мяне ёсць такі музей і ў бальніцы вышыла ручнік для яго калекцыі. Я і сама вышываю яшчэ з маладосці. Напрыклад, гэту сарочку, што на мне, вышывала сабе ў пасаг на вяселле, таксама вышыла ўнучцы касцюм. Зараз вышыўка таксама вельмі папулярная, Яна аб’ядноўвае нашы народы, бо ўзоры пераклікаюцца, ёсць шмат агульных арнаментаў. Гэта сведчыць аб роднасці каранёў украінцаў і беларусаў, — лічыць жанчына.

На развітанне Галіна Безбародзька выказала ўдзячнасць за тое, што змагла паказаць сваю калекцыю гродзенцам і гасцям горадам. Яна пажадала ўсім міру, каб ні ўнукі, ні праўнукі не ведалі вайны. Каб людзі нічога не разбуралі, а толькі стваралі. Як некалі нашы продкі, якія пакінулі такія прыгожыя і чыстыя саматканыя ручнікі. 

Маргарыта Ушкевіч

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Эканоміка

Першыя —  найлепшыя!

Першыя — найлепшыя!

Віцебшчына ўвайшла ў актыўную фазу ўборкі па ўсіх культурах. 

Грамадства

Тое,  што вырасцілі самі

Тое, што вырасцілі самі

За шэсць месяцаў гэтага года нарыхтоўшчыкі Белкаапсаюза выплацілі насельніцтву 146 мільёнаў рублёў.