Вы тут

Гісторыка-культурная біяграфія Слонімшчыны


Навукова-практычная канферэнцыя ў Слоніме (Гродзенская вобласць) «Гісторыка-культурная спадчына Слонімшчыны: погляд у мінулае» была прымеркавана да 770-годдзя горада і была праведзена 12 жніўня 2022 года. А толькі што, ужо ў 2024 годзе, накладам 200 экзэмпляраў пабачыў свет у выдавецтве «Беларуская навука» зборнік артыкулаў «Гісторыка-культурная спадчына Слонімшчыны: да 770-годдзя Слоніма». На вокладцы — фрагмент малюнка П. Ю. Татарнікава «Слонім, XVI — XVII стст.», што стварае пэўны чытацкі настрой на знаёмства з выданнем.


Разам аб’яднаны даклады і выступленні 25 даследчыкаў з Мінска, Гродна, Брэста, Варшавы, Баранавіч і самога Слоніма. Тэматычная палітра даволі шырокая і раскладзена па наступных раздзелах: «Прыродная і археалагічная спадчына Слонімшчыны», «Гістарычная прастора Слонімшчыны: архітэктура, урбананімія, горадабудаўніцтва», «Слонім і Слонімшчына ў гістарычнай дынаміцы», «Выбітныя асобы Слонімшчыны». 

Фактычна дадзены зборнік па выніках канферэнцыі можна лічыць грунтоўным, знакавым працягам гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць», прысвечанай Слоніму і Слонімскаму раёну. Ядзвіга Яловічава (Мінск) раскрыла наступную тэму — «Прыродная спадчына Слонімшчыны ў геалагічным мінулым». Аляксандр Гаршкоў (Гродна) звяртаецца да тэмы «Засяленне басейна р. Зальвянка ў фінальным палеаліце (14 — 10 тыс. гадоў назад)». Вадзім Лакіза разглядае тэму «З гісторыі даследванняў помнікаў археалогіі Слонімскага раёна ў 2011 — 2012 гг.». 

Многім сланімчанам цікава будзе прачытаць артыкул дасведчанага гісторыка архітэктуры Сяргея Сергачова «Міхайлаўская царква ў старой перавалоцы Слонімскага раёна: традыцыйная, унікальная, загадкавая архітэктура». Вось што расказвае аўтар: «Слонімскаму раёну пашанцавала ў тым, што на самым ускрайку яго паўднёвай часткі, на тэрыторыі Міжэвіцкага сельсавета, на ўзвышшы пры перакрыжаванні дарог, добра бачная з навакольных палёў стаіць царква, пра якую маецца дакладны год будаўніцтва — 1559. А паколькі гэта Свята-Міхайлаўская царква, то ў лістападзе яна можа адзначайь 463 год свайго існавання <...> Зараз яе адносяць ла Вострава — найбольш буйнага паселішча гэтай часткі раёна, хаця адлегласць царквы ад аграгарадка каля двух кіламетраў. А раней яна лічылася царквой у вёсцы Перавалока, да якой яна была і, дарэчы, зараз знаходзіцца бліжэй. А паколькі ў 1930-я гг. вёска стала называцца Старая Перавалока, то потым рэлігійная абшчына атрымала назву „Прыход храма Святога Архангела Міхаіла“ у вёсцы Старая Перавалока Слонімскага раёна». 

У раздзеле «Выбітныя асобы Слонімшчыны» змешчаны даклады, выступленні Алены Філатавай «Аляксандра Агінская — адна з уладальніц Слоніма», Андрэя Ціхамірава «Ізабэла Гадлеўская дэ Арана: ад Сынковічаў і Слоніма да Кадыса і Мадрыда», Алены Сухаракавай «Іосіф Стаброўскі і справа яго жыцця», Алеся Сімакова «Эльдарада просіць дапамогі: дзве аповесці пра індзейцаў Слонімскага пісьменніка Аляксея Якімовіча», Алы Баранавай «Патрыятычнае выхаванне моладзі ў працэсе вывучэння твораў Міколы Арочкі». 

Зборнік даследванняў пра Слонімшчыну — выдатная крыніца ў вывучэнні гісторыі роднага края ў аглуьнаадукацыйных навучальных установах. А яшчэ — добры падручнік у справе прыцягнення моладзі да слонімскага краязнаўства, да пошукавай працы юных гісторыкаў. 

Набыць грунтоўнае выданне «Гісторыка-культурная спадчына Слонімшчыны: да 770-годдзя Слоніма» можна ў кнігарнях ААТ «Белкніга» (дарэчы, у гэту сетку распаўсюджвання кнігі ўваходзіць і кнігарня ў Слоніме «Санет») па ўсёй краіне і ў кнігарні «Акадэмкніга» ў Мінску па адрасе: праспект Незалежнасці, 72. Новых усім чытацкіх гістарычных адкрыццяў! 

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.