Вы тут

На Мазыршчыне дадзены старт ваенна-патрыятычнай гульні «Зарніца»


Адкрыццё абласнога этапу адбылося на базе дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра «Сідзельнікі». Тут за званне лепшага паспрачаюцца 100 удзельнікаў з розных раёнаў Гомельскай вобласці. Карэспандэнты «Звязды» наведалі дзіцячы цэнтр «Сідзельнікі», азнаёміліся з побытам юных патрыётаў. 


Аздараўленне ў «Сідзельніках»

Здаровае дзіця — шчасце для сям’і і грамадства. Яно вясёлае і актыўнае, паспявае і ў вучобе, і ў спорце. Менавіта такому маленькаму чалавеку належыць будучыня. Заклад моцнага здароўя дзіцяці — пастаянны кантроль за яго станам, своечасовае лячэнне, штогадовае аздараўленне. Важную ролю ў аздараўленні малых Гомельшчыны адыгрывае дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Сідзельнікі». Ён вядзе адлік сваёй гісторыі з 1996 года. Тут шмат увагі надаецца аздараўленню дзяцей з раёнаў, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы. 

«Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр „Сідзельнікі“ працуе круглы год, — адзначыла дырэктар КУП ДРАЦ «Сідзельнікі» Наталля Грышко. — У летні перыяд праводзім аздараўленчыя змены. Сёлета запланавана пяць такіх змен па 18 дзён. Дзеці атрымаюць комплекс санаторна-медыцынскіх працэдур. Для іх забяспечваецца правядзенне вольнага часу, арганізуецца шасціразовае збалансаванае харчаванне і, канечне, пражыванне».

Па словах Наталлі Грышко, вольны час прадумваецца да пачатку змены. У яго ўваходзяць культурна-масавыя мерапрыемствы, спартыўныя конкурсы і спаборніцтвы. Кожны дзень працуе басейн. З улікам узросту дзяцей арганізуецца работа аб’яднанняў па інтарэсах. Іх наведваюць як дашкольнікі, так і школьнікі сярэдняга і старэйшага ўзросту. 

Харчаванню ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры надаецца асаблівая ўвага. Яно займае ільвіную долю ў арганізацыі аздараўлення дзяцей. У меню ўключана 20 фірмовых страў уласнай вытворчасці. Харчаванне дзяцей узгадняецца з Цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі.

«Штодня на сталах у рабят маецца свежая выпечка,садавіна, гародніна і складаныя салаты. Мы прывучаем дзяцей да культуры харчавання. Дзіця, якое прыязджае на аздараўленне, у адпаведнасці са станам здароўя атрымлівае ад пяці да сямі працэдур. Гэта магніталячэнне, электралячэнне, водалячэнне, масаж, акварэлакс, рэабокс, інфрачырвоная саўна. Працэдуры тут праводзяцца кожны дзень», — дадала Наталля Грышко. 

Усяго за лета ў «Сідзельніках» аздаровіцца больш за 1300 дзяцей. У жніўні сюды прыедуць спартсмены з Масквы. На базе дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра маецца фізкультурна-аздараўленчы комплекс, у які ўваходзіць спартыўная зала, тэнісная зала, зала для дашкольнікаў і стадыён. 

«Зарніца» на беразе Прыпяці 

«Сёлета на базе дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра „Сідзельнікі“ праводзіцца абласны этап рэспубліканскай гульні „Зарніца“. З дзецьмі праводзяцца розныя конкурсныя мерапрыемствы. Малыя пражываюць у палатачным гарадку, які размешчаны на беразе Прыпяць. У „Зарніцы“ прымаюць удзел 10 каманд з усёй Гомельскай вобласці. Лепшая каманда вобласці прадставіць Гомельшчыну на рэспубліканскім этапе», — падагульніла Наталля Грышко. 

У дзяцей сапраўды насычаныя дні. Кожная раніца пачынаецца з зарадкі, завяршаецца дзень дыскатэкай каля вогнішча. 12 чэрвеня адбудзецца ўрачыстае закрыццё «Зарніцы», будуць падведзены вынікі дзевяці конкурсных дзён. 

«У першы ж дзень расстаўлялі палаткі. І хоць нам крыху дапамагалі, у асноўным справіліся самі, — распавяла ўдзельніца рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні „Зарніца“ Анастасія Федзіна. — Пасля з рабятамі арганізавалі турыстычную ваенную выставу. З намі праводзяць шмат заняткаў па страявой падрыхтоўцы. У вольны час разводзім вогнішчы, спяваем песні. Мне тут вельмі падабаецца, эмоцыі суперскія, вялікі дзякуй настаўнікам, дырэктару, завучам за ўсё тое, што яны робяць для нас». 

«„Зарніца“ ў фармаце дзевяцідзённага палатачнага лагера існуе ў Гомельскай вобласці з 2010 года. Ужо 14 гадоў запар сюды прыязджаюць дзеці і спаборнічаюць паміж сабой, — адзначыў начальнік лагера Дзмітрый Стагначоў. — Спачатку праводзілі папярэдні завочны адбор. Рабяты дасылалі відэа, дзе яны маршыруюць, спяваюць песні. На падставе гэтых відэа мы адабралі дзесяць каманд, якія і прыехалі на вочны этап гульні».

Па словах начальніка лагера, «Зарніца» — гэта заўсёды дзевяць дзён. Першы дзень — заезд, другі — урачыстае адкрыццё. Далей па праграме ідуць розныя мерапрыемствы. Кожны дзень падзелены на дзве паловы. У першую палову мерапрыемствы больш актыўныя, у другую — спакойныя, тэарэтычныя. Кульмінацыяй гульні стане вялікая ваенізаваная гульня на мясцовасці. Асаблівасці яе, план і канкрэтныя этапы трымаюцца ў сакрэце да самага апошняга моманту, дзеці і педагогі даведаюцца аб ёй толькі ў дзень правядзення. 

«Прыемна бачыць, што ў гэтым годзе прадстаўлены маленькія раёны. Сярод іх — Жыткавіцкі, Чачэрскі, Добрушскі і іншыя. У цэлым, сюды прыязджаюць дзеці з усёй Гомельскай вобласці. Мазыршчыну сёлета прадстаўляе Сярэдняя школа № 14», — дадаў Дзмітрый Стагначоў.

Бацькі малых могуць не перажываць. Лагер абсталяваны непрамакальнымі палаткамі. Дзецям камфортна, ва ўсіх ёсць спальныя мяшкі. Для рабят арганізавана харчаванне ў сталовай «Сідзельнікаў». Санаторый таксама прадастаўляе і душавыя пакоі. 

«Дзеці прыязджаюць з вялікай цікавасцю і неведаннем таго, што чакае іх наперадзе. Пачуццё невядомага знікае на працягу першых дзён. У канцы яны не хочуць з’язджаць, абменьваюцца адзін з адным нумарамі тэлефонаў, абдымаюцца і гуртуюцца», — падагульніў начальнік лагера. 

Ваенна-патрыятычная гульня «Зарніца» нязменна карыстаецца папулярнасцю сярод моладзі. Тэма патрыятычнага выхавання мае тут далёка не апошняе значэнне. 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Лізаветы ГОЛАД

г. Мазыр

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Эканоміка

Першыя —  найлепшыя!

Першыя — найлепшыя!

Віцебшчына ўвайшла ў актыўную фазу ўборкі па ўсіх культурах. 

Грамадства

Тое,  што вырасцілі самі

Тое, што вырасцілі самі

За шэсць месяцаў гэтага года нарыхтоўшчыкі Белкаапсаюза выплацілі насельніцтву 146 мільёнаў рублёў.