Вы тут

Малюнак з гісторыяй


У Беларусі добра ведаюць паэта, празаіка, публіцыста, перакладчыка, краязнаўцу Сяргея Сцяпанавіча Панізніка (нарадзіўся 10 мая 1942 года ў вёсцы Бабышкі, якая цяпер ужо не існуе, Міёрскага раёна, на Віцебшчыне). Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1967 года, ён шмат зрабіў у айчыннай літаратуры — у паэзіі, у гісторыка-краязнаўчай, публіцыстычнай літаратуры, у галіне мастацкага перакладу. Першая кніга вершаў таленавітага пісьменніка пабачыла свет у 1967 годзе — «Кастры Купалля». Сяргей Панізнік — аўтар кніг «Пасля вогненных вёсак...», «Браніслава», «Асвейская трагедыя»... Біяграфія роднай старонкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны — адна з яскравых старонак у творчым лёсе літаратара, які верай і праўдай служыць айчыннаму прыгожаму пісьменству болей 60 (!) гадоў. 


Напрыканцы 1950-х — у пачатку 1960-х гадоў Сяргей Панізнік вучыўся ў Магілёўскім медыцынскім вучылішчы. У горадзе на Дняпры пазнаёміўся з Аляксеем Пысіным, які зрабіў для маладога творцы шмат падказак — літаратурных і жыццёвых. 

Што цікава, талент маладога чалавека праяўляўся рознабакова. Ён пісаў вершы, уважліва ўзіраўся ў гістарычную памяць Айчыны... І маляваў. З тых даўніх дзесяцігоддзяў засталіся і партрэты Сяргея Панізніка з выявамі Амара Хаяма, Рабіндраната Тагора, іншых знакамітасцяў. І таксама — партрэт Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. 

Углядаючыся ў гэты малюнак, які беражліва захоўвае аўтар — беларускі паэт –  у сваім архіве, згадваеш, як і ў няпростыя пасляваенныя гады ў Беларусі ўшаноўвалася памяць пра сонца рускай паэзіі. Напрыклад, незадоўга да сталення Сяргея Панізніка, у 1949 годзе ўрачыста адзначалася 150-годдзе А. С. Пушкіна. У Беларускім дзяржаўным тэатры оперы і балета адбылося ўрачыстае пасяджэнне. З юбілейным дакладам выступіў Пятро Глебка. Вершы А. С. Пушкіна ў перакладзе на беларускую мову прачыталі Аркадзь Куляшоў, Піліп Пестрак, Максім Лужанін, Кастусь Кірэенка, Анатоль Вялюгін, Мікола Аўрамчык. У «Звяздзе» 5 чэрвеня 1949 года з’яўляецца артыкул народнага паэта Беларусі Якуба Коласа «Сонца нашай паэзіі». 

... Верш Аляксандра Пушкіна «Тры крыніцы»: 

На роўняддзі жыцця, самотнай і бязмоўнай,

Тры неўпрыкмет прабіліся бруі:

Адна — з пары юначай неўтаймоўнай — 

Кіпіць, зіхціць, не журная ані. 

Бруя кастальская на роўнядзі няўроднай

Выгнанніку вяртае смак жыцця.

Бруя апошняя, яе глыток халодны, 

Найлепш спатоліць прагу пачуцця.

(Пераклад Міхася Стральцова). 

Малюнак Сяргея Панізніка — як прывітанне з далёкіх часін, як заўсёднае сведчанне таго, што ад такога вялікага Сонца, ад ззяння такой бліскучай паэтычнай з’явы, як Пушкін, праменні і праменьчыкі заўжды сягалі і да беларускага прыгожага пісьменства, да беларускай літаратуры і культуры.

А зроблены алоўкавы партрэт навучэнцам Магілёўскага медыцынскага вучылішча 10 мая 1961 года. 

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Эканоміка

Першыя —  найлепшыя!

Першыя — найлепшыя!

Віцебшчына ўвайшла ў актыўную фазу ўборкі па ўсіх культурах. 

Грамадства

Тое,  што вырасцілі самі

Тое, што вырасцілі самі

За шэсць месяцаў гэтага года нарыхтоўшчыкі Белкаапсаюза выплацілі насельніцтву 146 мільёнаў рублёў.