Вы тут

Чым «Маладосць» плануе радаваць чытача?


«Маладосць» — часопіс «з біяграфіяй». На старонках гэтага выдання чытачы розных пакаленняў адкрывалі для сябе новыя творы Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна, Янкі Брыля. У часопісе ў розныя дзесяцігоддзі працавалі Аляксей Кулакоўскі, Пімен Панчанка, Генадзь Бураўкін, Анатоль Грачанікаў, Казімір Камейша, Генрых Далідовіч, Пятрусь Макаль, Мікола Аўрамчык, Яўгенія Янішчыц, Уладзімір Саламаха... Сёння выдаўцом літаратурна-мастацкага часопіса «Маладосць» з’яўляецца выдавецтва «Мастацкая літаратура». Галоўны рэдактар выдання — Вольга Рацэвіч. Яна і расказвае пра тое, чым парадуюць старонкі «Маладосці» у другой палове 2024 года. 


— «Маладосць» у другім паўгоддзі 2024-га... Назавіце, калі ласка, найболей цікавыя творы, якія вы прапануеце чытачам? 

— На ІІ паўгоддзе 2024 года мы запланавалі паэтычныя падборкі Віктара Шніпа, Навума Гальпяровіча, Віктара Яраца, Васіля Барысюка, Змітрака Марозава, Рагнеда Малахоўскага, Наталлі Тарабеш, Генрыха Тарасевіча, Леры Гілеўскай, Аляксандры Жалязновай, Марылі Буйны, Анжэлы Ярмалінскай, вершы паэтаў-дэбютантаў. Проза будзе прадстаўлена раманам Зінаіды Дудзюк, аповесцямі Алеся Бадака і Івана Карэнды, апавяданнямі Міхася Пазнякова, Віктара Варанца, Таццяны Дземідовіч, Івана Пяшко, з маладых празаікаў — Юлія Макарэвіч, Вікторыя Сінюк, Аліна Агафонава.

Працягваецца наш праект з Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам. Прадставім пераклады класічных твораў сусветнай літаратуры ў пераўвасабленні студэнтаў: творы іспанскіх пісьменнікаў Хаакіна Дысента і Густава Адольфа Бэкера, ірландца Аскара Уайльда і шатландца Роберта Льюіса Стывенсана, нямецкіх паэтаў і кітайскіх празаікаў.

Працуем над эксклюзіўнымі інтэрв’ю з акцёрамі Тэатра лялек і Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, сучаснымі беларускімі пісьменнікамі. У бліжэйшых нумарах будзе апублікаваная размова з мастацтвазнаўцай, галерысткай Кацярынай Давыдавай-Высоцке. 

Знойдзецца месца і рэцэнзіям на папулярныя спектаклі. Агляд кінапрэм’ер «Беларусьфільма». Запланавалі круглы стол з удзелам прадстаўнікоў прэс-цэнтраў тэатраў «Як, прадаючы мастацтва, яго не абясцэніць?» — гутарка пра тое, як зрабіць спектакль больш прывабным для моладзі; пра акцёраў, гледачоў і здымкі на мабільны падчас сеанса. 

Абавязкова дадзім рэцэнзіі на кніжныя навінкі і водгукі на празаічныя творы, апублікаваныя ў «Маладосці».

А што да праектаў, звязаных з юбілеямі, то запланавана наступнае... Да 95-годдзя з дня нараджэння драматурга і публіцыста Міколы Матукоўскага паразважаем, як «Мудрамер» стаў класікай. Да юбілею народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова паспрабуем разабрацца, у чым сакрэт поспеху легендарнай аповесці «Міколка-паравоз». А ў 40-ю гадавіну са дня смерці Уладзіміра Караткевіча нашы чытачы і аўтары-пачаткоўцы выкажуцца пра «Дзікае паляванне караля Стаха»: кнігу, фільм і межы паміж хорарам і артхаўсам. 

Будзе шмат цікавага, таму падпісвайцеся на часопіс!

— Так, часопіс па-ранейшаму акцэнтуе ўвагу на прозе. Але ж друкуеце і вершы... Ці ёсць якая зваротная сувязь з чытачамі? Як вы лічыце, паэзія сёння запатрабавана ў грамадстве? 

— Безумоўна. Да таго ж цікава назіраць за маладымі. Ім уласцівыя пошук новых тэм і формаў, зварот да нераспаўсюджаных жанраў. Адны ўсё больш адыходзяць ад класічных формаў і выбіраюць свабодную форму верша, другія пішуць у так званай «тэхніцы патоку свядомасці» (без выкарыстання вялікіх літар і знакаў прыпынку), трэція (значна радзей) — звяртаюцца да цвёрдых формаў: санета, трыялета, лімерыка, хайку. 

Лічу, што паэтам стаць складана, ім трэба нарадзіцца. Гэта асаблівая форма мыслення чалавека, калі ён думае вершамі, а рыфмаваныя радкі самі па сабе нараджаюцца ў галаве. Мэтанакіравана скласці верш можна, для гэтага патрэбны досвед. Аднак ці будзе гэта паэзія? Пачаткоўцам, якія адчуваюць у сабе такія здольнасці, раю пачаць з чытання паэтычных твораў прызнаных аўтараў, класікаў і сучаснікаў, развіваць свой талент і шукаць уласны стыль. «Маладосць» даволі часта адкрывала імёны тых паэтаў, якія пасля назаўжды ўвайшлі ў гісторыю беларускай літаратуры. 

— Ці кіруецеся вы якімі прыярытэтамі, аддаючы месца сталым ці маладым аўтарам? 

Канцэпцыя «Маладосці» заўсёды была скіраваная на маладых і пра маладых. Часопіс цяпер мае традыцыйнае напаўненне — друкуюцца не толькі даўно прызнаныя і добра вядомыя чытацкай аўдыторыі аўтары (Валерый Максімовіч, Лада Алейнік, Ганна Навасельцава, Алена Стэльмах, Мікола Мікуліч, Таццяна Сідарава, Эмануіл Іофе), але і аўтары маладыя, такія як Наталля Бахановіч, Міхал Бараноўскі, Канстанцін Касяк, Дарыя Карчашкіна). Многа аўтараў-пачаткоўцаў: школьнікі, лаўрэаты і дыпламанты літаратурных конкурсаў, навучэнцы літгурткоў і літстудый.

— Дарэчы, ці можна сказаць, што часопіс адкрыў кагосьці з цікавых аўтараў у мінулыя год-два? 

— Кожны нумар «Маладосці» адкрывае новае імя, бывае — і не адно. Кожны нумар мы знаёмім чытачоў з яшчэ адным таленавітым, творчым чалавекам, прадстаўляючя яго літаратурны дэбют.

Пачну з прозы. Бадай, галоўным адкрыццём за апошні год для мяне стала студэнтка Мінскага каледжа мастацтваў, будучы харэограф Лера Гілеўская. Са сваім творам «Адэкалонны тытунь» яна стала пераможцай літаратурнага конкурсу часопіса «Маладосць» — на лепшы празаічны твор для моладзі, які мы ладзілі ў мінулым годзе. З усіх дасланых твораў ён стаўся лепшым: са шчырымі аўтарскімі самапрызнаннямі, каларытнымі вобразамі, дакладнасцю мастацкага адлюстравання, арыгінальнай назваю ды ўдалай моўнай характарыстыкай персанажаў. Апавяданне было апублікаванае ў першым нумары за 2024 год, а Лера атрымала дыплом пераможцы ва ўрачыстай абстаноўцы міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. 

— Ведаю, што апавяданне Леры Гілеўскай увайшло ў зборнік апавяданняў маладых празаікаў, які рыхтуецца ў серыі «Сучасная беларуская літаратура» выдавецтва «Аверсэв»…

— Вельмі прыемна, што Леру спаткала такая ўдача... З маладых празаікаў, якія таксама ўразілі: Ксенія Зарэцкая, яе твор «Мяне там чакаюць» пераносіць у будучыню — час бяздушных робатаў, якіх канструктары змаглі пазбавіць усіх эмоцыі, акрамя пачуцця кахання; Ірына Зорка ў сваім эмацыйна напружаным аповедзе пра жыццё пасля смерці дзеліцца ўласнай душэўнай траўмай; Соф’я Дзядзюк з яе экспрэсіўнай акварэлллю захопіць у палон гукаў, колераў і смакаў, а насычаны дэталямі свой метафарычна-вобразны малюнак яна прапануе адчуць фізічна. Арыгінальным і яркім, напружаным і цікавым атрымалася апавяданне з рамачнай кампазіцыяй «Піяніна пад дахам» Алеся Вешторта. Яскравыя і таленавітыя Дарыя Карчашкіна, Арына Пранікава, Крысціна Лосева распавялі чытачам казачна-светлыя гісторыі пра каханне, сяброўства і прыгоды, якія толькі могуць перажываць маладыя людзі ў іх узросце.

Што тычыцца паэзіі — адметная, самабытная, часам эксперыментальная творчасць у маладых паэтаў Яўгеніі Пракапчук, Ірыны Макарчук, Аляксандры Жалязновай, Мацвея Лішына, Паліны Дваранскай. Іх творы жывыя, сапраўдныя, дынамічныя, бачна, што пішуць пра перажытае, вядомае і блізкае. Імпануюць настраёва-пачуццёвыя вершы студэнткі БДУ Марылі Буйны.

— А каго з беларускіх класікаў, на Ваш погляд, па ранейшаму найболей чытае наша моладзь? 

— Думаю, моладзь найбольш цікавіцца ўсё ж сучаснай літаратурай. Класікаў перачытваюць у асноўным для працы, вучобы.

Дарэчы, у нашых рубрыках «З архіваў» і «Знакі эпохі» на працягу некалькіх гадоў ідуць эксклюзіўныя матэрыялы з разраду класічных — неапублікаваныя творы Уладзіміра Караткевіча: вершы, тэксты запісных кніжак і няскончанае апавяданне «Сонца апошняга дня». Да ўсяго даследчыкі яго творчасці абяцаюць нам новыя знаходкі! 

— Скажыце, а наколькі важкімі і патрэбнымі падаюцца ў часопісе гістарычныя, публіцыстычныя артыкулы? 

— Як паказвае практыка, яны запатрабаваныя. Шмат станоўчых водгукаў атрымаў артыкул вядучага архівіста Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Таццяны Кекелевай — лісты за 1953-1958-я гады супрацоўнікаў часопіса «Маладосць» аўтарам (№ 4 за 2023). Перапіску вялі: загадчык аддзела пісьмаў Вера Палтаран, загадчык аддзела паэзіі Мікола Аўрамчык ды загадчык аддзела прозы Іван Навуменка і інш. Выклікаюць цікавасць артыкулы вядомага беларускага гісторыка Аляксандра Гужалоўскага. 

У № 7 «Маладосці» прадставім «Байкі з раскопа» гісторыка і археолага Аляксандра Гаршкова. Яго невялікія гісторыі з’яўляюцца неад’емнай часткай любых археалагічных экспедыцый і перадаюцца з пакалення ў пакаленне, тым самым яшчэ больш рамантызуючы дадзеную прафесію. 

Адгукаюцца ў чытачоў эсэ, размешчаныя на старонках «Маладосці»: пра мастакоў Яну Янішчыц (унучка Яўгеніі Янішчыц) і Мішу Дайлідава. Узнёслае, прачулае, шчырае віншаванне бацьку — Уладзіміру Маруку — напісала яго дачка Вераніка.

— Як Вы лічыце, ці дастаткова сёння ўважлівая крытыка да творчасці маладых аўтараў? 

— Сучасныя літаратуразнаўцы і навукоўцы называюць сучасных крытыкаў «хутчэй рэкламісты і папулярызатары, чым аналітыкі», «публіцыст, які ўмее дасціпна, востра, і жыва напісаць пра з’явы літаратурнага і калялітаратурнага жыцця», лічыцца, што сёння на змену крытыцы прыйшла літаратурная журналістыка, а крытыкі сышлі ў інтэрнэт. Як бы тое ні было, мы назіраем праявы сучаснага літаратурнага працэсу.

Сёння літаратурна-мастацкая крытыка часопіса «Маладосць» прадстаўлена літаратуразнаўчымі артыкуламі, партрэтнымі нарысамі, эсэ і рэцэнзіямі. Партрэты і эсэ — гэта матэрыялы рубрык «Крытыка», «Асоба», «Люстэрка лёсу», «Мастацтва». У «(Аб)Меркаванні» — праблемныя, палемічныя і тэарэтычныя артыкулы. Рэцэнзіі на кніжныя навінкі змяшчаюцца ў рубрыцы «Літаратурны свет», яе аўтары Алена Кісель, Наталля Бахановіч, Алесь Карлюкевіч, Таццяна Сідарава, Кацярына Часнакова і інш. На прапанову і жаданне маладых пісаць крытычныя матэрыялы на літаратурныя творы з’явілася рубрыка «Вачыма маладых», якую напаўняюць студэнты журфака і ліцэя БДУ. 

Тым, хто цікавіцца гісторыяй беларускай крытыкі, параю артыкул «У аб’ектыве крытыка» («Маладосць», № 8/2021). Размова пра тыя часы, калі ў выдавецтвах існавала практыка закрытых рэцэнзій. Дзеля аб’ектыўнасці, а часам пераканаўчасці, супрацоўнікі рэдакцый звярталіся з просьбай да аўтарытэтных пісьменнікаў і літаратуразнаўцаў, каб тыя, азнаёміўшыся з творам, вынеслі свой вердыкт. І гэта быў сур’ёзны літаратуразнаўчы разбор. Дык вось, мы адшукалі закрытыя рэцэнзіі на раман Уладзіміра Караткевіча «Леаніды не вернуцца да Зямлі» (старонні рэцэнзент Павел Місько, 1981) і раманы «Чужая бацькаўшчына» і «Год нулявы» Вячаслава Адамчыка (старонні рэцэнзент Віктар Каваленка, 1977) і кораценька іх падалі. Раю азнаёміцца з артыкулам. 

— «Маладосць» па традыцыі ўважлівая да конкурса студэнцкай творчай моладзі «БрамаМар». Ці чэрпаеце ў гэтым праекце БДУ патэнцыйных аўтараў?

— Мы, рэдактары часопісаў, заўсёды чакаем вынікаў розных літаратурных конкурсаў, бо гэта ў тым ліку дапамагае нам адкрываць новыя імёны, заўважаць здольную моладзь. Больш за дзесяць гадоў «Маладосць» друкуе творы лаўрэатаў конкурсу «БрамаМар», і гэты год не стане выключэннем.

— Яшчэ адзін важны рэспубліканскі конкурс — «Першацвет»... Якім Вам асабіста бачыцца яго развіццё?

— Конкурс ладзіцца з 2016 года і мае міжнародны фармат. За гэты час многія яго лаўрэаты сталі актыўнымі аўтарамі часопіса «Маладосць». Гэта Маргарыта Латышкевіч, Андрэй Кімбар, Кацярына Масэ, Яна Крэмень, Яна Нікіфарава, Вікторыя Сінюк, Ксенія Шталянкова, Яўген Чарнышоў (Чыж) і іншыя. Некаторыя з іх — Маргарыта Латышкевіч, Юлія Алейчанка і Станіслава Умец — пасля конкурсу ў розныя гады атрымалі Нацыянальную літаратурную прэмію ў намінацыі «Дэбют». Алена Папко была ў спісе намінантаў на гэту прэмію. Колішні лаўрэат Кацярына Роўда сёння кiраўнiк клуба аматараў мастацкага слова «КЛУмБа». 

— Калі вярнуцца да тэмы зваротнай сувязі, то якім вам зараз уяўляецца чытач «Маладосці»? 

— Натхнёны айчыннай гісторыяй і культурай, таленавіты, творчы чалавек. Аматар роднай мовы і літаратуры. Які карыстаецца здабыткамі продкаў і ўражваецца новымі знаходкамі, верыць у маладых і «Маладосць», а яшчэ — усміхаецца!

Гутарыў Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.