Вы тут

Эскімо як антыстрэс, або лёгкі спосаб узняць настрой усяго за два рублі


Прыемна, што ў нашым пераменлівым свеце ёсць добрыя рэчы, якія застаюцца нязменнымі. Нават калі гэта простыя радасці накшталт марожанага ў спякоту. Але паміж «смачна» і «карысна» не заўсёды можна паставіць знак роўнасці. Напярэдадні лета эксперт расказала, як выбраць сапраўды карыснае марожанае.


Права называцца пламбірам

Марожанае — дэсерт унікальны. Здавалася б, тыповы «дафамінавы ўдар», спалучэнне тлушчу і вугляводаў — кароткі ўсплёск станоўчых эмоцый і лішнія кілаграмы ў перспектыве. Але не ўсё так адназначна: карысць марожанага сёння пацвярджаюць і медыкі, і дыетолагі. А каб выбраць якаснае марожанае, спажывец не павінен ленавацца чытаць склад на ўпакоўцы, адзначае загадчыца сектара стандартызацыі і нарміравання малочнай галіны РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасці» Алена Вайцяховіч.

— Згодна з дзеючым заканадаўства Еўразійскага эканамічнага саюза, вытворца абавязаны вынесці на ўпакоўку ўсю інфармацыю аб найменні і складзе прадукту, — тлумачыць спецыяліст.

Існуе некалькі разнавіднасцяў марожанага, яны адрозніваюцца складам, тлустасцю і спосабам вырабу. Так, калі на ўпакоўцы мы бачым слова «пламбір», значыць, марожанае змяшчае не менш за 12% тлушчу. Тлустасць сметанковага марожанага — у дыяпазоне ад 8 да 11,5%. Найбольш дыетычны варыянт — малочнае марожанае: яно змяшчае не больш за 7,5% малочнага тлушчу.

— На жаль, сёння малочнае марожанае вырабляюць нячаста, — распавядае Алена Вайцяховіч. — Тут адыгрывае ролю эканамічная мэтазгоднасць: чым ніжэйшая тлустасць марожанага, тым карацейшы тэрмін прыдатнасці.

У нашы дні замест малочнага — марожанае на аснове кісламалочных прадуктаў (кефіру, смятаны, ёгурту, ражанкі). Яго тлустасць паводле тэхнічных рэгламентаў — таксама не большая за 7,5%.

— Пакуль такое марожанае нячаста сустракаецца на прылаўках, але яно набірае папулярнасць, — кажа суразмоўніца. — Ёсць і іншыя віды. Напрыклад, так званае малаказмяшчальнае — гэта марожанае, у склад якога акрамя малочных прадуктаў уключаны сокі або нектары. Але ў любым выпадку малочнага складніка павінна быць не менш за 20% (сухіх рэчываў малака ў сухіх рэчывах гатовага прадукту). Ёсць малаказмяшчальнае марожанае з заменнікам малочнага тлушчу. Гэтае марожанае змяшчае раслінныя тлушчы. Тлустасць такога марожанага не перавышае 12%, і тлушч тут камбінаваны: малочны і раслінны (гэта можа быць, напрыклад, какосавае масла ці іншыя тлушчы, дазволеныя заканадаўча). Звяртаю ўвагу спажыўцоў: па законе вытворца не мае права разарваць на ўпакоўцы найменне «марожанае малаказмяшчальнае»: напісаць слова «марожанае» з тытульнага боку, а «малаказмяшчальнае» — з тыльнага. Пакупнік не павінен быць уведзены ў зман.

Такім чынам, калі тлустасць марожанага ніжэйшая за 12%, вытворца не можа напісаць на этыкетцы слова «пламбір». Больш за тое, не любы дэсерт, які выглядае як марожанае, мае права на гэтае ганаровае званне. Малако, вяршкі ці іншы малочны прадукт павінны ісці першым або другім пунктам у складзе. Калі гэта проста замарожаны сок або фруктовае пюрэ, то імя яму — альбо «дэсерт замарожаны», альбо «фруктовы лёд».

З якога малака?

Сёння ў Беларусі марожанае вырабляецца як з натуральнага малака або вяршкоў — з дабаўленнем або без згушчанага малака, сметанковага масла і іншых малочных інгрэдыентаў, — так і з сухіх малочных прадуктаў.

— Часам гэта выклікае ў спажыўца здзіўленне: навошта рабіць марожанае з сухога малака або вяршкоў? Але тэхналогія залежыць ад таго, на якім прадпрыемстве марожанае вырабляецца, — тлумачыць Алена Вайцяховіч. — У нашай краіне тры асноўныя тэхналогіі вытворчасці марожанага, і адрозніваюцца яны ў першую чаргу спосабамі гатавання малочнай асновы. Яна можа быць са свежай малочнай сыравіны (малака неразведзенага, абястлушчанага, а таксама з вяршкоў). Гэты спосаб выкарыстоўваюць малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы, такія як, напрыклад, «Малочны свет». Сухія малочныя кампаненты (сухія малако, вяршкі, сыроватку), а таксама сметанковае масла выкарыстоўваюць прадпрыемствы, дзе няма прыёмкі сырога малака: холадакамбінаты, фабрыкі марожанага. Выкарыстанне сухіх прадуктаў дазволена заканадаўча. Заўважу, што марожанае — той прадукт, які з сухога малака або вяршкоў атрымліваецца не менш смачным. А што да карыснасці для здароўя, то ў абодвух выпадках прадукт нічога не губляе. І, нарэшце, трэці спосаб. Яго выкарыстоўваюць кафэ, калі робяць марожанае «непасрэдна пры кліенце». У гэтым выпадку патрэбная гатовая малочная сумесь, яна можа быць сухой ці вадкай. Сухія асновы для марожанага беларускай вытворчасці сёння папулярныя на міжнародным рынку, іх закупляюць Узбекістан, Кітай, іншыя дзяржавы.

Сухая сумесь для марожанага сёння прадаецца і ў гіпермаркетах, з яе дапамогай можна прыгатаваць гэты ласунак дома. Калі з гатовай асновы марожанае вырабляюць установы грамадскага харчавання, атрымліваецца так званае «марожанае мяккае». Або, як кажуць тэхнолагі, не загартаванае. Усё марожанае, якое прадаецца ва ўпакоўцы, праходзіць загартоўку (шокавую замарозку), і яго тэмпература на працягу ўсяго тэрміну прыдатнасці не павінна паднімацца вышэй за −18 градусаў.

— Марожанае — досыць складаны прадукт у вытворчасці, — распавядае Алена Вайцяховіч. — Згодна з патрабаваннямі, устаноўленымі ў тэхнічным рэгламенце Мытнага саюза ТР МС 033/2013 «Аб бяспецы малака і малочнай прадукцыі», марожанае — гэта «ўзбіты, замарожаны і спажываны ў замарожаным выглядзе салодкі малочны прадукт». То-бок сваю ўзбітую кансістэнцыю ён павінен захаваць і ў замарожаным выглядзе.

Чаго хоча пакупнік

Зрэшты, тэхналогіі класічнага марожанага даўно адпрацаваны, і беларускія вытворцы добрасумленна іх выконваюць. Іншая справа, што на якасць і смак уплывае яшчэ і выкананне рэжымаў транспартавання і захоўвання ў гандлёвай сетцы. Як ужо казалі, марожанае не любіць перападаў тэмператур: −18 на ўсёй працягласці яго «шляху» з канвеера да спажыўца, і не градусам ніжэй! На гэта эксперт таксама раіць звярнуць увагу: упакоўка павінна быць не пашкоджана, марожанае — трымаць форму і не змяшчаць ні наледзі, ні пацёкаў.

У тэрміналагічным вызначэнні марожанага, устаноўленым у ТР МС 033/2013, якім кіруюцца беларускія вытворцы, ёсць слова «салодкі» (прадукт). Хаця сёння ў сусветнай практыцы марожанае можа быць і горкім, і кіслым, і салёным. У Японіі выпускаюць марожанае са смакам рыбы, а ў Кітаі — таматнае. У Беларусі пакуль усё марожанае мае салодкі смак, хаця асартымент налічвае не адзін дзясятак найменняў. Так, сёння ў продажы ёсць марожанае для спартсменаў — з павышаным бялком, для прыхільнікаў здаровага ладу жыцця — з паніжаным утрыманнем тлушчу і цукру. Безлактознае і нізкалактознае — для спажыўцоў з непераноснасцю малочнага цукру.

Згодна з данымі Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі людзей з непераноснасцю лактозы каля 15%. Некалькі гадоў таму спецыялістамі РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасці» была распрацавана вялікая лінейка карысных безлактозных і нізкалактозных малочных прадуктаў, у якіх часткова і поўнасцю выдалена лактоза (малочны цукар). У тым ліку марожанае. Яно ўжо не першы год ёсць на прылаўках нашых магазінаў, расказвае Алена Вайцяховіч:

— Не сакрэт, што марожанае змяшчае вялікую колькасць цукру. Згодна з заканадаўствам, яго павінна быць не менш за 14%. Па савецкіх ДАСТах цукру ў марожаным было не менш за 11%. Але ў нашы дні гэта падаецца «не салодкім» — сучасны чалавек прывык да насычаных смакаў. Між тым, лішак цукру ў рацыёне правакуе праблемы са здароўем. Спецыяльна для людзей, якія сочаць за правільным харчаваннем, інстытут распрацаваў прадукты з паніжаным утрыманнем цукру, у тым ліку некалькі відаў марожанага. Яно можа быць увогуле без цукру або з паніжаным утрыманнем цукру (на 30%). Цукар замяняецца натуральнымі нізкакаларыйнымі падсалоджвальнікамі — мальтытам, ізамальтам, эрытрытам, сарбітам і іншымі, дазволенымі заканадаўствам.

Адна з апошніх распрацовак інстытута — марожанае А2, вырабленае з малака ад спецыяльна адабраных кароў з пацверджаным CSN — генатыпам А2А2 і з адсутнасцю ў ім β-казеіну тыпу А1, распавяла спецыяліст. Гэта дае лягчэйшую засваяльнасць, прадукт з’яўляецца менш алергенным. У найбліжэйшы час такое марожанае з’явіцца ў продажы. А цяпер у распрацоўцы — марожанае з казінага малака.

У Беларусі марожанае вырабляе цэлы шэраг прадпрыемстваў, але далёка не кожны малочны завод. Найбуйнейшыя вытворцы — «Марозпрадукт», «Мінскі холадакамбінат № 2», «Санта Брэмар», Магілёўская фабрыка марожанага, «Малочны свет». Выпускаецца марожанае па дзяржаўных і міждзяржаўных стандартах (СТБ і ДАСТ) і тэхнічных умовах, распрацаваных прадпрыемствамі. Прычым патрабаванні, устаноўленыя ў дзяржаўным стандарце СТБ 1467-2017 «Марожанае. Агульныя тэхнічныя ўмовы», па шэрагу паказчыкаў нават больш жорсткія, чым у ТР МС 033/2013, абавязковым для выканання ўсімі вытворцамі малочнай прадукцыі, тлумачыць Алена Вайцяховіч.

— Калі казаць аб якасці і бяспецы, то не магу ручацца за замежных вытворцаў, але што датычыцца нашых, беларускіх, упэўнена: марожанае вырабляецца з натуральнай сыравіны, і ў складзе беларускага марожанага не можа з’явіцца ні адзін забаронены заканадаўствам кампанент.

Добрасумленнасць і педантычнасць айчынных вытворцаў часам нават могуць ім нашкодзіць. Сухія кампаненты, у залежнасці ад віду (назвы) марожанага, у працэсе вырабу змешваюць з вадой, малаком, вяршкамі або сокамі. Ваду ў складзе прадукту вытворцы дазволена не пазначаць, але беларускія марожаншчыкі выносяць і яе на ўпакоўку. Вада тут на першым месцы, бо, вядома, інгрэдыенты ў складзе шматкампанентных прадуктаў пералічваюцца па меры змяншэння.

— Гэта насцярожвае пакупніка: што за марожанае «з вады»? Але калі другім прадуктам мы бачым сухое малако ці вяршкі, то палохацца не варта, — тлумачыць спецыяліст.

Ці ёсць там «Е»?

Па якіх бы стандартах ні выпускалася марожанае, вытворца не можа абысціся без стабілізатараў, эмульгатараў і загушчальнікаў. Пакупнік прывык баяцца «Е», між тым пад імі нярэдка хаваюцца самыя звычайныя натуральныя кампаненты, кажа суразмоўніца. Так, нават класічныя савецкія рэцэптуры марожанага ў якасці загушчальніка змяшчаюць муку або крухмал. Сёння вытворцы ў якасці стабілізатараў выкарыстоўваюць бялкі жывёльнага паходжання (малочны бялок, жэлацін) альбо раслінныя (соевыя, пшанічныя) бялкі, поліцукрыды (камедзь ражковага дрэва, або Е410), карагінан (Е407), ён здабываецца з чырвоных марскіх водарасцяў. У якасці эмульгатараў ужываюц-
ца мона- і дыгліцэрыды тлустых кіслот, лецыціны (Е332).

Немагчыма вытворчасць марожанага ва ўмовах канкурэнцыі і без араматызатараў і фарбавальнікаў. Бананавае марожанае без фарбавальнікаў не будзе жоўтым — жоўтая ў бананаў толькі лупіна, а само марожанае атрымаецца бледным. І ніводны клубнічны сіроп не надасць марожанаму ружовы колер, насычаны водар і смак. Пры вытворчасці марожанага выкарыстоўваюць бэта-карацін (Е160а), натуральны зялёны раслінны пігмент хларафілін (Е141), прыродны фарбавальнік куркумін (Е100), сок чырвонага бурака (Е162). Харчовыя дабаўкі, якія выкарыстоўваюцца беларускімі вытворцамі, у асноўным з натуральнай сыравіны расліннага і жывёльнага паходжання.

Пагаворым і аб глазуры. Яе разнавіднасцяў сёння мноства, і яе склад таксама варта прачытаць на ўпакоўцы. Найбольш дарагі варыянт — вырабленая з ужываннем сметанковага масла і шакаладу. Такой глазурай пакрываецца, напрыклад, эскімо «Каштан». Як адрозніць шакаладную глазуру ад тлушчавай, не чытаючы этыкетку?

— Шакаладная глазура шчыльна ляжыць на марожаным і растае ў роце, а тлушчавая — больш танны варыянт, яна танчэйшая, ляжыць не так шчыльна.

Для ўсіх і кожнага

Дык ці карысна марожанае? Безумоўна, і гэтаму садзейнічае шэраг фактараў, адзначае суразмоўніца:

— З пункту гледжання дыеталогіі марожанае нельга аднесці да дыетычных прадуктаў. Але гэта прадукт малочны, а малако змяшчае карысныя тлушчы, каштоўныя бялкі, поўны комплекс вітамінаў, амінакіслоты, неабходныя для здароўя мінералы. Акрамя таго, марожанае халоднае, а халодны прадукт для засваення патрабуе больш энергіі, чым прадукт цёплы. Такім чынам, яно больш бяспечнае для фігуры, чым, напрыклад, кавалак торта. Плюс марожанага яшчэ і ў тым, што пры ўмераным ужыванні «гартуе» горла, а значыць, вы будзеце менш хварэць на ангіну. І, нарэшце, марожанае — гэта ўсё ж такі дэсерт, таму, хутчэй за ўсё, вы спыніцеся на адной порцыі. Уключаць у рацыён можна любыя стравы, калі прытрымлівацца разумных межаў.

А яшчэ на карысць марожанага яго кошт: гэты ласунак па кішэні і школьнікам, і пенсіянерам. Эскімо на палачцы (80 г) каштуе ў межах 1,50-2 рублі з капейкамі, за 1,53-1,55 можна набыць «класіку» ў вафельным стаканчыку (тыя ж 80 г), а брыкет пламбіру (230 г) абыдзецца ў 3,75-3,80 рубля. За кілаграм шакаладнага марожанага ад «Марозпрадукту» давядзецца выкласці, праўда, ажно 16 рублёў, але ласавацца ім (хутчэй за ўсё) вы будзеце мінімум тыдзень. Марожанае без цукру (70 г, «Бабуліна крынка») каштуе 1,10, безлактознае з какавы (100 г) — 1,73, а рэдкае ў нашы дні малочнае ад УП «Мінскі холадакамбінат № 2» (80 г) — рубель і 17 капеек.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Эканоміка

Першыя —  найлепшыя!

Першыя — найлепшыя!

Віцебшчына ўвайшла ў актыўную фазу ўборкі па ўсіх культурах. 

Грамадства

Тое,  што вырасцілі самі

Тое, што вырасцілі самі

За шэсць месяцаў гэтага года нарыхтоўшчыкі Белкаапсаюза выплацілі насельніцтву 146 мільёнаў рублёў.