Вы тут

Аляксандр Сяргеевіч, няўжо вы?..


Найперш гэта Пушкін, нянька Арына Радзівонаўна і сваякі паэта. Іх прыдумала рэжысёр-пастаноўшчык Наталля Бараноўская, якая на сцэне Вялікага тэатра Беларусі ажыццявіла пастаноўку оперы «Казка пра Цара Салтана». Ды не проста ажыццявіла, а дапоўніла класіка музыкі ўласным пралогам: Аляксандр Сяргеевіч шукае тэму і сюжэт для новага твора. Ён з’яўляецца на сцэне — але ці пазнаеце? Яго светлы вобраз прыцягвае ўвагу статнасцю і рамантызмам: задумлівы паэт за сталом стварае вершы. А яго Музай становіцца... нянька, якая пачынае спяваць, — і мелодыя нараджае вобразы. Сцэна напаўняецца людзьмі, якім выпадзе гэтыя вобразы ўвасобіць, — нібыта ў тэатры... 


Фота даслана Вялікім тэатрам Беларусі

Здавалася б: ёсць гатовая опера, якую кампазітар Мікалай Рымскі-Корсакаў калісьці ствараў да 100-годдзя паэта. Можна было проста ўзяць і паставіць твор, не дадаючы наогул нічога. Але ён даволі вялікі і працяглы па часе, а ў беларускага тэатра оперы і балета была крыху іншая задача. Яна зразумелая, і не толькі ў сувязі з юбілеем паэта, аўтарская казка якога дала падставу Уладзіміру Бельскаму для стварэння лібрэта, з якім пасля працаваў кампазітар. Але гэта было больш за стагоддзе таму.

Калі ж спектакль (любы) ставіцца ў тэатры, то не столькі «пад юбілей», колькі дзеля гледачоў: каб яны прыйшлі, глядзелі-слухалі і пасля выносілі з сабою вобразы, якія б натхнялі на пэўныя думкі і падводзілі да нейкіх ідэй. Таму ў оперы важна як сачыць за развіццём гісторыі, так і паглыбляцца ў матывы герояў (адсюль глыбокія арыі, якія раскрываюць характары і псіхалогію). Атрыманыя эмоцыі — таксама глеба для высноў, якія потым «працуюць» у рэальным жыцці, зусім не казачным. Але гэта як паглядзець, бо мы ж ведаем, што можна і «казку зрабіць быллю»... 

Кампазітар Рымскі-Корсакаў быў чалавекам апантаным. Сведчыць пра гэта яго музыка, у якой ёсць зварот да фальклору, уменне надаць нацыянальную афарбоўку мелодыям. У ХІХ стагоддзі тэма станаўлення нацыі была актуальная для многіх народаў, і музыка як мастацтва падхапіла яе, у прыватнасці ў Заходняй Еўропе. Мікалай Андрэевіч быў вялікім рупліўцам у гэтым сэнсе: ідэі, што былі актуальныя на той час, ён адлюстраваў у музыцы, прынамсі, у операх, і вельмі часта браў за аснову для іх стварэння казачны матэрыял. Казкі — творы, напоўненыя глыбокім сэнсам, пра дабро і зло, пра разуменне ідэальнага — таго, што можа быць прыкладам для людзей. Адпаведна, узятае за аснову (прынятае да ведама, засвоенае свядомасцю), яно можа ўплываць на светаўспрыманне людзей і як вынік — на рэчаіснасць, якую яны фарміруюць вакол сябе. 

Што яшчэ адметнае ў казках, якія давалі падставу кампазітару для стварэння опер, — дык гэта закручаны фантастычны сюжэт. Як у казках Пушкіна, што натхнялі Рымскага-Корсакава на напісанне опер двойчы. Але «Казка пра Цара Салтана» найбольш адпавядае тэксту Пушкіна паводле развіцця сюжэта і прадстаўленых герояў. Вось і «тэатр Пушкіна», які бачым мы, — непасрэдна опера — пачынаецца са слоў, вядомых з маленства, з той пары, калі казкі на ноч нам чыталі бацькі: «Три девицы под окном...»

Фота БелТА

Згадка пра дзяцінства тут невыпадковая, як і невыпадкова тое, што прэм’ера адбылася ў Міжнародны дзень абароны дзяцей. Справа ў тым, што опера «Казка пра Цара Салтана» напісана для дарослых, але ў пастаноўцы Вялікага тэатра Беларусі пазначаны ўзроставыя межы: «6+». Зразумела, гэта прыкладны ўзрост, калі можна знаёміцца з ёю (у літаратурным варыянце і раней). А яшчэ з гэтым творам можна знаёміцца праз музыку. Ці праз казку — з музыкай? Вось такое кола, прадуманае з пункту гледжання тэатра і прыцягнення да складанага опернага мастацтва новай аўдыторыі. А гэта маленькія дзеці, якія ўжо могуць зразумець сутнасць дзеяння самі. Тут, праўда, задача з яшчэ большай аддачай: каб паход у оперу для малых не стаў адзінкавым, але зацікавіў — прыручыў, дапамог прывязаць і выхаваць будучых прыхільнікаў складанага мастацтва. Каб пасля прагляду з’явілася жаданне прыйсці ў тэатр зноў як у дзяцей, так і ў дарослых, якія іх прыводзяць. Гэта стваральнікі мелі на ўвазе, калі творча падышлі да рэдакцыі першапачатковага матэрыялу. 

Фота БелТА

Калі б оперу Мікалая Рымскага-Корсакава ставілі так, як яе задумаў і напісаў аўтар, яна б доўжылася, хутчэй за ўсё, больш за дзве гадзіны. А ў нас дзяцей з бацькамі запрашаюць на спектакль працягласцю адну гадзіну. І гэта яшчэ з пралогам! Але ўсе асноўныя героі оперы захаваны: вядома, тры дзяўчыны, адна з іх (Мілітрыса) потым стане жонкай Цара, Баба Бабарыха, Цар Салтан, яго сын Гвідон і Царэўна-Лебедзь. А паколькі гэта казка, то павінны быць у ёй і незвычайныя персанажы ці незвычайна ўвасобленыя. Так, бойку Каршуна і Лебедзі мы ўспрымаем праз танец — тут герояў увасобілі артысты балета (і малады балетмайстар Настасся Голешава, раней вядомая дзякуючы сучаснай харэаграфіі ў спектаклі «Поўня», тут больш працавала з класікай і рускімі народнымі танцамі). Тое ж тычыцца Вавёркі, якая грызе залатыя арэшкі, — яна выскоквае з аркестравай ямы ў залу, што ажыўляе дзеянне. Гучыць у спектаклі нават знакаміты «палёт чмяля», у якога ператвараецца Гвідон і ляціць да царскага палаца, не прапускаючы моманту адпомсціць там цёткам і Бабарысе за загублены лёс маці — цікавы эпізод, ажыццёўлены праз харэаграфію ў даволі імклівым тэмпе. У адрозненне ад самой оперы, якая разгортваецца больш павольна: артысты спяваюць так, каб кожнае слова было зразумелае і маленькім гледачам.

Канешне, можна казаць, што пастаноўка створана паводле Рымскага-Корсакава, адсюль і пазначаны жанр: «музычны спектакль у адным дзеянні па матывах аднайменнай оперы». Але сутнасць сюжэта зразумець можна: што не праспявалі, тое паказалі ці абазначылі. 

Пра гэта думаў дырыжор-пастаноўшчык спектакля Віталь Грышчанка. Малады чалавек працуе ў тэатры нядаўна, паступіў праз конкурс і да працы паставіўся адказна: 

— Вядома, было шкада скарачаць оперу, але такія ўмовы працы. Усё, што выразалі, хацелася б насамрэч пакінуць. Але гэта, пэўна, праца будучыні, калі стане магчыма паставіць цэлы спектакль — хацелася б гэта зрабіць. Тым больш што на тытульным аркушы Рымскага-Корсакава пазначана: «Ніякіх купюр!..» Пра гэтую оперу можна распавядаць гадзінамі: інструментоўка, багацце гучання аркестра, гукапісныя карціны. І раскрыццё псіхалагічнага вобраза персанажаў. Твор глыбокі, нездарма Рымскі-Корсакаў — адзін з заснавальнікаў рускай кампазітарскай школы. 

Нягледзячы на атрыманую сцісласць спектакля, салісты адзначаюць, што ў ім ёсць што спяваць. Адна з выканаўцаў ролі Царэўны-Лебедзь Настасся Храпіцкая падкрэсліла: «Атрымліваю ад гэтай партыі задавальненне, але яна вельмі складаная вакальна». У спектаклі занята як моладзь, так і знакамітыя оперныя салісты. Напрыклад, адной з выканаўцаў ролі Бабы Бабарыхі нечакана стала народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна. Яна прызнаецца: 

— Было нечакана і вельмі цікава. Я сапрана, а тут «мецовы» рэгістр, але, на маю радасць, спраўляюся. Гэта своеасаблівы скачок у развіцці маёй вакальнай тэхнікі. Адметна і тое, што ў нас «гульнявая» Бабарыха — галоўная паскудніца, якая дапамагае Паварысе і Ткачысе звесці са свету Мілітрысу. Мне вельмі падабаецца гэтая роля. Хачу сказаць, што драму сыграць значна прасцей, а зрабіць так, каб было смешна, і пры гэтым не перайграць — вельмі складана. На кожнай рэпетыцыі мы стараліся з дзяўчатамі ў поўную сілу, каб вымераць патрэбны градус. Смешныя сцэны даюцца няпроста, недзе ідзеш сабе насуперак, асабліва калі за спінай такія партыі, як Лэдзі Макбэт, Аіда, Тоска... 

«Гульнявы» момант асабліва важны ў тэатры для дзяцей, пра што клапацілася рэжысёр. Для Наталлі Бараноўскай гэта другая работа ў Вялікім тэатры, казачная тэма ёй блізкая (да гэтага быў спектакль «Пінокіа»): 

— Мне здаецца, што сёння людзям асабліва патрэбны цуды, і мы можам даць іх у тэатры... Наш апавядальнік — Аляксандр Сяргеевіч. Яго ўвасобіў былы саліст Аляксандр Жукаў, цяпер артыст міманса. Але мы ўгаварылі яго вярнуцца на сцэну ў новай якасці. Таму што Пушкін цягне ўвесь спектакль. 

Фота даслана Вялікім тэатрам Беларусі

Фактычна тое, што мы бачым, знаходзіцца ў яго галаве: гэта фантазіі, вобразы. Мне захацелася, каб у нас быў хатні тэатр Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, у якім удзельнічаюць члены яго сям’і, слугі. Каб увесці матыў: а як гэта — жыць з геніем? Геній стварыў, і яму хочацца праверыць, наколькі працуе тое, што ён прыдумаў? Так нарадзілася такое рашэнне спектакля. Тады можам апраўдаць, чаму няма поўнай опернай версіі — гэта фантазіі Пушкіна на тэму казкі. Яшчэ для мяне было важна паказаць дзецям, як адбываецца працэс творчасці, як складаецца казка, як нараджаюцца вобразы. Паэт прыдумаў вавёрку — і ў нас яна з’явілася. Прыдумаў Чмяля — і вось ён лётае, пухнаценькі і сімпатычны. І гэта мае фантазіі як рэжысёра на тэму Аляксандра Сяргеевіча і на тэму Рымскага-Корсакава. Такім чынам мы вырашылі паэксперыментаваць, увялі элементы драмы. Гучыць опера, але ёсць і балет. Мне было цікава зрабіць сінтэтычны спектакль, аб’яднаўшы ў ім усё, але каб дзея не ператварылася ў мюзікл. 

Ад казак на сцэне звычайна чакаюць відовішчнасці, фантазійнасці ў касцюмах (некаторыя спецыяльна прыдумала Кацярына Булгакава) і ў афармленні сцэны — тут мастачцы Любові Сідзельнікавай шмат у чым дапамаглі сучасныя тэхналогіі. Бо як паказаць тое ж небяспечнае і рухомае мора-акіян? Ды абазначыць рускую тэму — праз узоры хахламы ў дадзеным выпадку... У той жа час царскія палаты — умоўная прастора. У такіх сцэнах асноўная ўвага — на саміх героях (і артыстах, якія спяваюць). Трэба разумець, што гэты спектакль больш выхаваўчы: ён створаны дзеля таго, каб зацікавіць операй і балетам тых, хто знаёміцца з гэтымі відамі мастацтва ўпершыню.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.