Вы тут

Мікалай Ільінскі: Я ўсё жыццё цягнуўся да слова


З гісторыкам, пісьменнікам Мікалаем Ільінскім мы сустракаемся ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы. Тут нашага героя добра ведаюць, і ў сценах гэтай культурнай установы можна знайсці шмат яго кніг. Прыкладам, яго раманы «Чужыя сярод сваіх» (па ім зняты фільм «Сляды на вадзе»), «Памылка Манамаха», «Цана здрады», зборнікі паэзіі «Рэтра», «Рэха», «З келіхам пунсовага цюльпана» і іншыя. Прычым сярод іх кожнаму можна адшукаць штосьці для сябе: заглыбіцца ў гісторыю альбо паназіраць за чалавечымі ўзаемаадносінамі, характарамі і ўчынкамі. Але сам аўтар стрымана ў размове адзначае, маўляў, позна пачаў пісаць, не меў побач людзей, якія б паверылі і дапамаглі расці ў майстэрстве. І ўсё ж Мікалай Іванавіч — прыклад чалавека, які паспеў шмат напісаць і працягвае ствараць, адгукацца на выклікі часу і ўмее цаніць кожнае імгненне. Мы сустрэліся з ім, каб распытаць пра перыпетыі яго лёсу і творчае даўгалецце.


— Мікалай Іванавіч, вы дзяліліся, што нядаўна ўбачыў свет ваш зборнік апавяданняў. У якія рэаліі пераносяць чытача вашы творы з гэтай кнігі?

— Напісаў я яе хутка. А ўвайшлі ў кнігу фантастычныя апавяданні. Напрыклад, цяпер вельмі шмат ідзе размоў пра розныя механізмы, якія здольныя замяніць чалавека ў розных працэсах. І на гэтую тэму ў мяне напісана апавяданне «Статус 3». Там якраз дэманструецца, умоўна, такая рэчаіснасць, і замест людзей жывуць ужо кіберы... А апавяданне «Рэха вайны» знаёміць нас з чалавекам, які быў камандзірам падчас баявых дзеянняў. Аднак і вярнуўшыся дадому, не перастаў сябе паводзіць паармейску са сваёй сям’ёй. Я ведаў рэальны прататып майго героя. І тое, які адбітак на ім пакінулі падзеі пэўнага перыяду яго жыцця, натхніла мяне напісаць пра гэта. Ці твор «Праўнук» — лічыце, рэфлексія на падзеі, якія мы апошнім часам усе назіраем. Апавяданне «Сон у руку» таксама напісана на аснове гістарычных фактаў. Я ж сам доктар гістарычных навук, быў выкладчыкам такіх дысцыплін, як «Гісторыя дзяржавы і права замежных краін», «Палітычна-прававы рух», «Рымскае асабістае права» і кнігі адпаведныя нават напісаў.

— Доўгі час вы выкладалі. Скажыце, як знаходзіць агульную мову людзям розных пакаленняў?

— Усё залежыць найперш ад таго, ці знаходзяцца яны на адным інтэлектуальным узроўні. Я, бывала, вёў занятак і баяўся, ці зразумеюць мяне студэнты. Таму што ў большасці сваёй маладыя людзі мала чытаюць. Але часам могуць трапіцца, як кавалачкі золата, начытаныя юнакі, і тады атрымліваецца размова. Яшчэ, лічу, важна, каб мастацтва было часткай адукацыйнага працэсу. Я заўсёды такой пазіцыі прытрымліваўся.

— Калі вы зразумелі, што напісанне кніг — яшчэ адно ваша прызванне?

— Ведаеце, мне ўсё ж трэба было раней брацца за гэтую справу. Я ж некалі разам з Васілём Быкавым пачынаў пісаць нарысы ў газеце. І пад двума прозвішчамі яны выходзілі ў «Гродзенскай праўдзе». Хаця, думаю, нават тады позна пачынаць было. Калі толькі пачаў складаць свае першыя вершы і іх публікавалі ў раённай газеце, вось тады патрэбна было ўзяцца ўжо за справу. Можа, з часам бы значна лепш адтачыў свой навык і майстэрства, бо я яшчэ ў школе пісаў добрыя сачыненні, адно з якіх нават у раённым конкурсе ўдзельнічала і перамагло. Разам з тым у маёй сям’і ніхто асабліва сур’ёзна не ўспрымаў мае здольнасці. Бацькі былі простымі людзьмі, працавалі ў калгасе. І я там таксама некаторы час працаваў.

— У вас вельмі шчырая паэзія, і праз яе можна многае даведацца пра ваша жыццё, вандруючы разам з вамі па старонках мінулага…

— Я многа пішу пра жыццё ў Расіі, бо ўсё там для мяне пачалося. Дзяцінства і юнацкія мае гады прайшлі ў вёсцы Стралецкае Чырвонагвардзейскага раёна Белгародскай вобласці. А вось армейскую службу праходзіў ужо ў Беларусі. Помню, трапіў там у музычны ўзвод. Але з часам зразумеў, што знаходжуся сярод людзей, з якімі мы не разумеем адзін аднаго, і тады сышоў адтуль без шкадавання.

— А як вы назапашвалі ўласны багаж ведаў і калі пачалі пісаць кнігі?

— Тое ўсё было абумоўлена маёй цікаўнасцю да жыцця. У нашай школе была добрая бібліятэка. Але, помню, у вайну перад прыходам немцаў нам сказалі: што, у каго знойдуць савецкія кнігі, таго расстраляюць. І ўсё ж, калі бібліятэка аказалася пакінутай, то частку кніг я перанасіў сабе дадому. Схаваў і пасля чытаў. Некаторыя творы нават на памяць ведаў. Таму менавіта літаратура мне шмат дала. Напрыклад, аднойчы чытаў «Шэрую шыйку» Маміна-Сібірака, і так шкада было тую птушку. І разам з тым так прыгожа аўтар там апісаў, як ідзе снег, а я чытаў кнігу летам... Пасля маё захапленне кнігамі перарвалася. Працаваў у мясцовым калгасе, з часам стаў сакратаром камсамольскай арганізацыі. У арміі была ўжо іншая работа. Там выявілі, што я ўмею пісаць нарысы. Так паступова стаў журналістам. А з часам пераехаў у Мінск, вучыўся ў партыйнай школе. Па падказцы аднаго знаёмага абараніў дысертацыю і доктарскую па гісторыі міліцыі Беларусі. Пачаў працаваць у Вышэйшай школе міліцыі (цяпер Акадэмія МУС), стаў пісаць кнігі — спачатку падручнікі, а пасля і мастацкія творы.

— Што вы адчулі, калі ўпершыню ўзялі ў рукі сваю кнігу?

— Спакойна ўспрыняў усё, бо ўжо не ў юным узросце быў. Ды і цяпер спакойна да выхаду сваіх кніг стаўлюся. Аднак цяпер ужо вельмі шаную кожную з іх, бо разумею, што дзякуючы ім жыву, працягваю тварыць. Вось напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі, якое адзначым у наступным годзе, напісаў раман «Час выкліку» (дзеянне адбываецца з 1939 да 1945 года). Ён рыхтуецца да выхаду ў Маскве.

— Скажыце, вам больш падабаецца пісаць празаічныя ці паэтычныя радкі?

— Усё ад настрою залежыць. Пішу, калі атрымліваецца. Прычым раней толькі ад рукі ўсё пісаў, а цяпер працую ўжо за камп’ютарам, калі ёсць сілы і жаданне.

— У вашай паэзіі чытач можа знайсці самыя розныя тэмы. І сярод іх можна вылучыць вершы на рэлігійную тэму. Што вера для вас?

— Вера, як і каханне, у кожнага свая. І з гадамі ты прыходзіш да высновы, што існуе ўсё ж нейкая вышэйшая сіла. Я часам клаўся спаць, а сон не ішоў. А прачытаю малітву і засынаю адразу. Не ведаю, можа, гэта проста маё перакананне, але працуе! Вучоныя ж сёння ўсё яшчэ працягваюць ламаць галовы над пытаннем, хто стварыў Сусвет. І ўсё нейкія новыя версіі з’яўляюцца.

— А калі вы самі адчулі сябе сваім сярод пісьменнікаў?

— Ніколі асабліва не надаваў гэтаму значэння. Аднак калі мяне ўжо прынялі ў Саюз пісьменнікаў, то адчуў сябе зусім па-іншаму, праўда, тое пачуццё хутка прайшло. Многіх майстроў слова ведаў, з некаторымі, як з Георгіем Марчуком, сябраваў. Але мне здаецца, нібыта я сам крыху спазніўся з тым, каб стаць пісьменнікам.

— Дзе вы знаходзіце сюжэты для новых раманаў і апавяданняў?

— У кожным з твораў — мае назіранні за паўсядзённым жыццём. Вядома, ужо і пэўны жыццёвы вопыт маю. Думаю, справа ў тым, што пісьменніцтвам я зацікаўлены ўсё маё жыццё. Таму пастаянна шукаю, разважаю, дзялюся сваімі думкамі. А хтосьці, можа, проста б міма прайшоў і нават не звярнуў увагі. Чым больш чытаеш, сілкуеш галаву, тым больш можаш бачыць новае і незвычайнае ў звыклым. І не варта тым ганарыцца, таму што, бывае, чалавек нешта зробіць добра, яго пахваляць, і пасля згасае талент... Я проста ад прыроды заўсёды цягнуўся да слова.

— Вашы кнігі — магчымасць заглыбіцца ў гісторыю, пражыць з вашымі героямі самыя розныя сітуацыі. Ці шмат у напісаным аўтабіяграфічнага?

— Аўтабіяграфічны матэрыял заўсёды прысутнічае ў нейкіх перакрыжаваннях сюжэта. Асабліва што датычыцца гісторый сяброўства, працы, нейкіх цікавых сітуацый.

— Мікалай Іванавіч, вы ўжо маеце шмат напісаных кніг, шмат успамінаў і вопыту. Як лічыце, што для чалавека самае галоўнае?

— Калі гаварыць з пазіцыі пражытага, то галоўнае — нічога не баяцца і быць ва ўсім сумленным. Пражыць, колькі атрымаецца, і ведаць, што нідзе нічога не парушыў, не згубіў сваёй годнасці. Бо ў жыцці рознае бывае, але, на шчасце, я заўсёды абіраў бок праўды. Можа, гэта і дапамагло мне знайсці свой правільны шлях.

Алена ДРАПКО

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Эканоміка

Першыя —  найлепшыя!

Першыя — найлепшыя!

Віцебшчына ўвайшла ў актыўную фазу ўборкі па ўсіх культурах. 

Грамадства

Тое,  што вырасцілі самі

Тое, што вырасцілі самі

За шэсць месяцаў гэтага года нарыхтоўшчыкі Белкаапсаюза выплацілі насельніцтву 146 мільёнаў рублёў.