Вы тут

Чым адзначылася ўсеагульнае галасаванне ў Мексіцы?


У Мексіцы завяршыўся найбуйнейшы ў гісторыі краіны выбарчы працэс, на якім прайшло галасаванне па больш чым 20 тысячах мандатаў на дзяржаўныя пасады. Са сваімі перавагамі вызначыліся звыш 98 мільёнаў грамадзян, якія маюць права голасу. Апроч прэзідэнта, жыхары краіны абралі 500 дэпутатаў ніжняй палаты парламента, а таксама 128 сенатараў. На рэгіянальным узроўні вызначыўся лёс васьмі губернатарскіх крэслаў і пасады мэра сталіцы краіны. Чым жа адзначылася маштабнае ўсеагульнае галасаванне ў Мексіцы?


Час трансфармацыі

Па выніках галасавання Клаўдыя Шэйнбаум Пардо стала першай жанчынай-прэзідэнтам у гісторыі Мексікі, паведаміла «Бі-бі-сі». Яна была вылучана на выбары кааліцыяй Sіgamos Hacіendo Hіstorіa («Працягнем ствараць гісторыю»), у якую ўвайшлі тры левыя партыі, у тым ліку кіруючая Moreno дзейнага прэзідэнта Андрэса Мануэля Лопэса Абрадора.

У 2007 годзе Шэйнбаум стала адным з калектыўных лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру ў якасці члена Міжурадавай групы экспертаў па змяненні клімату. Яна аўтар больш за 100 артыкулаў і дзвюх кніг па тэмах навакольнага асяроддзя. Доўгі час яна сумяшчала акадэмічную дзейнасць і палітыку. «Я вырасла з верай у тое, што палітыка можа змяніць свет нараўне з акадэмічным і навуковым падыходамі», — заяўляла Клаўдыя Шэйнбаум.

Мексіканцы называюць яе проста Клаўдыя. Ёй 61 год, яна маці дваіх дзяцей, прафесар у галіне біяінжынерыі і былы мэр Мехіка, горада з насельніцтвам больш за дзевяць мільёнаў чалавек. Пераможца прэзідэнцкіх выбараў паабяцала «клапаціцца пра кожнага мексіканца без выключэння». На гэта ж звярнуў увагу і Лопес Абрадор, які палічыў прыход сваёй паслядоўніцы на прэзідэнцкую пасаду «зорным часам гонару і трансфармацыі».

Пасаду прэзідэнта краіны Клаўдыя Шэйнбаум афіцыйна зойме 1 кастрычніка. Яна прымае кіраўніцтва 130-мільённай Мексікай у вельмі няпростых умовах: больш чым траціна насельніцтва жыве за рысай беднасці, назіраецца трывожны ўзровень забойстваў жанчын, працягваецца гвалт з боку арганізаваных злачынных груповак, расце напружанасць на граніцы з ЗША.

Як адзначаюць аналітыкі, менш пераканаўчы вынік кааліцыі «Працягнем разам ствараць гісторыю» можа стаць сур’ёзнай перашкодай для шматлікіх рэформаў, задуманых Шэйнбаум, паколькі простая большасць, хутчэй за ўсё, запатрабуе супрацоўніцтва з апазіцыяй. У прыватнасці, спадчынніца Лопэса Абрадора запланавала змены ў Вярхоўным судзе і пенсіённай сістэме. Акрамя таго, яна паабяцала прадоўжыць інвестыцыі ў буйныя інфраструктурныя праекты ў гістарычна бедных рэгіёнах Мексікі.

Галоўнай жа задачай новага прэзідэнта стане барацьба з масавай злачыннасцю, якая, нягледзячы на ўсе намаганні адыходзячага кіраўніка дзяржавы, застаецца сапраўдным праклёнам краіны. Сярод іншага Клаўдыя Шэйнбаум мае намер стварыць новую сістэму крымінальных расследаванняў. Напрыклад, пераможца выбараў збіраецца пашырыць спіс злачынстваў, за ўчыненне якіх падазраваных змогуць да суда адпраўляць за краты на нявызначаны тэрмін.

Мяркуючы па тым, як праходзіла выбарчая кампанія ў Мексіцы, жаданне Шэйнбаум працягнуць вайну свайго папярэдніка са злачыннымі групоўкамі і нават яе маштабаваць абгрунтаванае. Паводле меркавання назіральнікаў, цяперашняя гонка стала самай жорсткай у сучаснай гісторыі дзяржавы. Па ўсёй Мексіцы дзясяткі кандыдатаў, іх сваякі і члены партыі падвергліся нападам. Паводле звестак Reuters, напярэдадні сёлетніх выбараў загінулі мінімум 37 чалавек, якія прэтэндавалі на розныя пасады. Раней кандыдатаў забівалі ў выніку мэтанакіраваных нападаў, а цяпер злачынцы пачалі расстрэльваць удзельнікаў мерапрыемстваў падчас перадвыбарнай кампаніі. У прыватнасці, Альфрэда Кабрэра, які балатаваўся на пасаду мэра ў горадзе Каюка-дэ-Бенітэс, застрэлілі проста на мітынгу.

Нават дзень выбараў вызначыўся ўспышкамі гвалту, хаця для забеспячэння мірнага галасавання па ўсёй краіне на дзяжурства выйшлі тысячы вайскоўцаў. Напрыклад, у мястэчку Куіцэа (штат Мічаакан) кандыдат у гарадскі савет Ісраэль Дэльгада быў застрэлены двума кілерамі на матацыкле літаральна за пару гадзін да старту галасавання. Сам працэс волевыяўлення ў Куіцэа праходзіў пад узмоцненай аховай паліцыі, а пасля візітаў на ўчасткі выбаршчыкі накіроўваліся да дома забітага палітыка, каб паставіць свечкі за спачын яго душы на імправізаваным алтары. Таксама паведамлялася аб выкраданні чалавека проста з выбарчага ўчастка ў іншым горадзе. Зрэшты, у параўнанні з тым, як ішла перадвыбарная гонка, дзень галасавання можна назваць адносна спакойным.

Свінец або грошы

Прэзідэнцкі тэрмін Лопэса Абрадора — з 2018 да 2024 года — адзначаны самай вялікай колькасцю забойстваў за апошні час, падлічылі ў даследчай кампаніі па палітычных пытаннях TResearch. У сярэднім у гэты перыяд фіксавалася 95 такіх злачынстваў штодня — гэта прыкладна адно забойства кожныя 15 хвілін. У эпоху яго папярэдніка яны здзяйсняліся з меншай перыядычнасцю — у сярэднім 71 раз за дзень (гэта кожныя 20 хвілін).

За час кіраўніцтва краінай Абрадорам з-за гэтага загінулі 178 тысяч чалавек, 12 тысяч з іх — дзеці і падлеткі ва ўзросце да 17 гадоў, 5 тысяч — гэта забойствы жанчын з-за дыскрымінацыі па гендарнай прыкмеце. Найбольшая колькасць ахвяр прыпадае на штаты Гуанахуата, Мехіка і Баха Каліфорнія. У цэлым на Мексіку прыпадае чвэрць забойстваў, якія ўчыняюцца ў Лацінскай Амерыцы: 29,6 тысячы з больш як 117 тысяч.

Тым не менш, паводле ацэнак дырэктара Цэнтра ібераамерыканскіх даследаванняў Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктара Хейфеца, рост узроўню злачыннасці — доўгі працэс, паведаміў іz. ru. Лічыць, што ён адбыўся менавіта пры ўрадзе Лопэса Абрадора, не зусім дакладна. «Гэта канфлікт, які ўзмацніўся яшчэ ў 2000-я гады, калі правакансерватыўны ўрад вырашыў выкарыстоўваць войска супраць картэляў, — адзначыў эксперт. — Ён не здолеў дабіцца поспеху ў гэтай барацьбе, з таго часу рэальнага скарачэння ўзроўню гвалту не адбывалася».

За забойствамі палітыкаў стаіць арганізаваная злачыннасць, упэўнены мексіканскія аналітыкі. Таму, што выбар крымінальных груповак падае на чыноўнікаў муніцыпальнага ўзроўню, ёсць сваё тлумачэнне. «Хоць мы і не бачым значнага прагрэсу ў расследаванні забойстваў, за большасцю з іх, хутчэй за ўсё, стаяць прадстаўнікі наркакартэляў, якія шукаюць магчымасць распаўсюдзіць свой уплыў на новыя рэгіёны краіны, — заявіў іz. ru мексіканскі эксперт у галіне бяспекі Давід Саўсера.

Крымінальным групоўкам неабходны паслухмяныя палітыкі, каб працягваць зарабляць буйныя сумы. Калі чыноўнік будзе заплюшчваць вочы на крымінал, ён можа атрымаць хабар. Калі ж адмовіцца — пачне атрымліваць пагрозы і можа быць забіты. Як інструмент уздзеяння на палітыкаў крымінальныя групоўкі выкарыстоўваюць ціск на членаў іх сем’яў. Картэлям неабходны доступ да рэсурсаў і інфармацыі, лічыць эксперт па бяспецы Сандра Лэй. На яе думку, апошнія атакі пацвярджаюць, што крымінальныя групоўкі ў многіх населеных пунктах знаходзяцца пад абаронай мясцовых чыноўнікаў, падкупленых ці напалоханых.

«Картэлі хацелі б мець сваіх людзей ва ўладзе, — тлумачыць Віктар Хейфец. — Гэта жаданне захаваць свой рэгіянальны ўплыў, забяспечыць лаяльнасць тых ці іншых палітычных кандыдатаў. Партыя для іх значэння не мае. Яны працуюць па формуле plomo o plata („свінец або грошы“) — ці мы цябе прыстрэлім, ці ты працуеш з намі». На прадстаўнікоў афіцыйнай улады партыі Morena даводзіцца, па падліках Іntegralіa, звыш 60 ахвяр. «У сітуацыі электаральнага працэсу картэлі імкнуцца падтрымаць фінансава тыя партыі, якім блізкія іх крымінальныя праекты. Калі кандыдаты адмаўляюцца ад гэтага альянсу або ўступаюць у сувязь з іншай крымінальнай асацыяцыяй, адбываюцца такія атакі», — працягвае Давід Саўсера.

Да апошніх такіх інцыдэнтаў, хутчэй за ўсё, маюць дачыненне розныя картэлі, лічыць мексіканскі эксперт. Картэлі «Халіска» і «Сіналоа» моцна разрасліся ў апошні час і шукаюць яшчэ большай тэрыторыі ўплыву. Гэта ў тым ліку можа тлумачыць высокія паказчыкі крыміналу падчас сёлетняга электаральнага цыкла. Тыя выпадкі, што адбыліся яшчэ ў пачатку перадвыбарнай гонкі, не былі ў поўнай меры расследаваны, вінаватыя не пакараныя, кажа Саўсера. Калі б правасуддзе працавала, такой колькасці ахвяр можна было б пазбегнуць.

Доўгі працэс

Самі па сабе забойствы ў Мексіцы — не частка палітычнай культуры, але высокая ступень гвалту і канфліктнасць — яе складнікі, лічыць Віктар Хейфец. Гэта краіна, у якой неаднойчы былі ўнутраныя ўзброеныя канфлікты, войны, рэвалюцыі, звяржэнне ўрадаў сілавым шляхам, перш за ўсё ў XІX — пачатку XX стагоддзяў. Вядома, што часта маладыя людзі ўстаюць на крымінальны шлях праз беднасць. Менавіта на барацьбу з ёй і накіравалі свае намаганні ўлады, замест таго каб наўпрост змагацца з групоўкамі на вуліцах. Апаненты Лопэса Абрадора сцвярджаюць, што яго палітыка правалілася і толькі прывяла да росту злачыннасці ў краіне. «Тыя, хто такое кажа, на мой погляд, паводзяць сябе непрыстойна, таму што гэта класічны падыход тых, у каго ёсць грошы: у мяне ўсё добра, няхай яны цяпер навучацца жыць», — сказаў Віктар Хейфец. Барацьба за захаванне бяспекі ў Мексіцы, паводле слоў эксперта, — доўгі працэс, падчас якога неабходна займацца выхаваннем насельніцтва, змяненнем палітычнай культуры, вырашэннем сацыяльна-эканамічных праблем, якія ўзмацняюць самі магчымасці гвалту.

Высокія вынікі Клаўдыі Шэйнбаум на выбарах прэзідэнта Мексікі былі чаканыя. Пра гэта іz. ru заявіў дырэктар Лацінаамерыканскага цэнтра імя Уга Чавеса Ягор Лідоўскі. «Шэйнбаум — пераемніца дзейнага прэзідэнта Лопэса Абрадора. Ён зарэкамендаваў сябе як дастаткова разумны сацыяліст, які імкнецца да незалежнасці Мексікі. Сказаць, што ўсе праблемы Абрадорам былі вырашаны, немагчыма, але, тым не менш, народ Мексікі ўбачыў, што ён спрабуе нешта зрабіць у гэтым напрамку. Шмат было створана сацыяльных праграм, і Клаўдыя Шэйнбаум — гэта той чалавек, які дэкларуе, што яна будзе працягваць палітыку Абрадора, будзе працягваць сацыяльныя пераўтварэнні Мексікі. Таму народ яе абраў», — адзначыў эксперт.

На думку Лідоўскага, нельга сказаць, што Шэйнбаум — гэта «прэзідэнт-рэвалюцыянер», хаця яна і адносіцца да левых: «Але гэта ў любым выпадку лепш, чым праамерыканская апазіцыя. Таму я думаю, што Шэйнбаум будзе працягваць палітыку, якую вёў Абрадор, гэта значыць, лавіраваць паміж двума цэнтрамі сілы, не пераходзіць ні на той, ні на іншы бок, захоўваючы нейтралітэты, займацца непасрэдна тымі рэчамі, сацыяльнымі праграмамі, пра якія гаварылася ў яе перадвыбарных абяцаннях».

Вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Мексіцы — выдатны вынік для краіны. Такое меркаванне ТАСС выказала прафесар Сталічнага аўтаномнага ўніверсітэта Ана Тэрэса Гуцьерэс дэль Сід. «Гэта нашмат лепш для росту эканомікі і развіцця краіны, паколькі ў адваротным выпадку гаворка ішла аб устанаўленні алігархічнай сістэмы, пры якой выгаду атрымалі б толькі найбольш багатыя, — заўважыла эксперт. — Шэйнбаум будзе кіраваць з аглядкай на шырокія грамадскія масы, яна працягне сацыяльныя праграмы, развіццё бясплатнай адукацыі і аховы здароўя. Гэта прывядзе да большай сацыяльнай справядлівасці ў краіне». І, будзем спадзявацца, да паляпшэння сітуацыі ў плане бяспекі.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...

Сельская гаспадарка

 Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Гродзенскі раён традыцыйна ў ліку перадавых на Гродзеншчыне.