Вы тут

Чым карысныя каенскі перац і карыца


У адным з папярэдніх нумароў мы расказалі пра сакрэты самай дарагой і карыснай у свеце прыправы — шафрану, а таксама пра спецыю, якая па сваіх уласцівасцях яму амаль не саступае, — куркуме. Яшчэ дзве прыправы, карысць якіх складана аспрэчыць, — каенскі перац і карыца. Іх ужыванне дапамагае палепшыць імунітэт і спыніць працэсы старэння, пазбавіцца ад высокага ціску і халестэрыну, папярэджвае сардэчна-сасудзістыя, ракавыя і іншыя захворванні. Аднак пры ўсіх карысных уласцівасцях гэтых спецый варта памятаць, што яны не з’яўляюцца лекамі і не могуць выкарыстоўвацца замест сучасных прэпаратаў. Пра загадкі прыпраў, вядомых са старажытнасці, расказвае нейрахірург, навуковы супрацоўнік аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчык кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Гумен Гарбанніджад.


— Доктар Гумен, адкуль да нас прыйшоў каенскі перац?

— Яго гісторыя налічвае амаль дзевяць тысяч гадоў. Калі радзіма іншых прыпраў — Азія і Усход, то ён паходзіць з Лацінскай Амерыкі. Калі англасаксы адкрылі Амерыку, яны бачылі, што мясцовыя жыхары дадаюць яго ў ежу, і яна становіцца крыху вострай і мае спецыфічны смак. Ацанілі гэта, а паколькі з даўніх часоў былі добрымі гандлярамі, забралі каенскі перац у Еўропу. У індзейцаў ён меў іншую назву — Kyynha, а каенскім перцам яго назвалі французы, якія завезлі са сваёй калоніі, французскай Гвінеі, што знаходзіцца побач з Бразіліяй. І такая назва ў Еўропе прыжылася.

— Як перцу ўдалося распаўсюдзіцца і прыжыцца на ўсёй планеце? Чаму нам падабаюцца вострыя стравы?

— Сапраўды, перац востры, ад яго цякуць слёзы, і для таго, каб мы яго ўжывалі, арганізм ідзе на хітрасць. Паколькі перац вельмі карысны, калі мы яго ўжываем, у нас выпрацоўваецца эндарфін (гармон шчасця), і мы адчуваем пачуццё радасці. Так арганізм узнагароджвае нас за тое, што мы прынялі такія пакуты. У аматараў вострых страў больш выпрацоўваецца эндарфіну, і гэта прымушае іх есці такія стравы яшчэ і яшчэ. Тое ж самае адбываецца з аматарамі экстрэмальнага спорту: эндарфін прымушае іх працягваць заняткі.

— У чым карысць каенскага перцу?

— У ім утрымліваецца рэчыва капсаіцын, якое і дае пякучы смак. І калі казаць пра сувязь гэтага рэчыва з нашым сэрцам, то гэта блізкія сябры. Капсаіцын станоўча ўплывае на каранарныя артэрыі. Вучоныя даказалі, што ў людзей, якія часта ўжываюць каенскі перац, прыкладна на 14% змяншаецца верагоднасць інфаркту міякарда.

Каенскі перац таксама вельмі карысны для гіпертонікаў: добра зніжае ціск і такім чынам знімае нагрузку не толькі на сэрца, але і на ўсю сардэчна-сасудзістую сістэму. Гэта прыправа шырока выкарыстоўваецца ў краінах Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, і колькасць інфаркту міякарда ў гэтых краінах істотна меншая.

Ён зніжае нагрузку на страўнік і паляпшае страваванне, а таксама мае антысептычныя ўласцівасці. Калі мы ўжываем не зусім свежую ежу, перац выратуе сітуацыю. Звычайна ў краінах, дзе спёка, у мяса дадаюць каенскі перац, бо там яно хутка псуецца, і такім чынам абараняюць страўнік ад атручвання.

Вельмі спрыяльна гэты перац уплывае на кішэчнік. У цяперашні час каенскі перац вучоныя лічаць самым карысным з усіх вострых прадуктаў. Рэч у тым, што ён не раздражняе страўнікава-кішачны тракт, нават выкарыстоўваецца для лячэння некаторых захворванняў, у прыватнасці дыярэі, запораў і ўздуцця жывата. У некаторых краінах пры расстройствах страўніка яго раствараюць у вадзе і п’юць нашча. Аднак ёсць вялікае «але»: каенскі перац мае шмат падробак. І пад яго выглядам прадаюць іншыя вострыя перцы ці змешваюць яго з іншымі. І такая падробка, канешне, можа моцна раздражняць слізістую страўніка і, наадварот, выклікаць шмат праблем для стрававальнай сістэмы. Сапраўдны перац каен каля 10–25 см, тонкі, абавязкова чырвонага колеру. Таму калі і выкарыстоўваць вышэйзгаданыя прыёмы, то трэба быць упэўненымі, што каенскі перац сапраўдны. Акрамя таго, варта мець на ўвазе, што заўсёды ёсць індывідуальная непераноснасць.

Яшчэ адна ўласцівасць каенскага перцу — ён павышае тэмпературу цела. Калі ў халодны час года з раніцы выпіць у якасці гарбаты шклянку разбаўленага ў вадзе перцу ці дадаць яго ў ежу, ён дапаможа сагрэцца і палепшыць імунітэт. Прыправа паскарае метабалізм, і ў арганізме спальваецца больш калорый. Каенскі перац — добры антыаксідант, хоць і не настолькі моцны, як шафран. У ім утрымліваецца бэта-карацін, які ў арганізме ператвараецца ў вітамін А, і забяспечвае яго патрэбу. Паколькі менавіта гэты вітамін працуе супраць ракавых клетак, каенскі перац можна выкарыстоўваць для прафілактыкі ракавых захворванняў, асабліва калі ёсць генетычная схільнасць. Акрамя таго, даказана, што сам па сабе каенскі перац змяншае хуткасць размнажэння атыповых клетак, бо стварае для іх неспрыяльнае асяроддзе. Вітамін А стымулюе імунітэт, таму для людзей са зніжаным імунітэтам каенскі перац можа служыць імунамадулятарам. Калі яго разбавіць у вадзе і выпіць з раніцы, лічыцца, што цэлы дзень ён будзе падтрымліваць добры настрой і ўмацоўваць арганізм, абараняць ад вірусаў і бактэрый.

Нягледзячы на тое, што ў Індыі вельмі любяць вострую ежу, толькі апошнія два стагоддзі там шырока ўжываюць каенскі перац. Аднак менавіта там яго выкарыстоўваюць як лекі падчас прастудных хвароб. На Усходзе альтэрнатыўная медыцына прызначае яго для лячэння сінусіту (запалення пазух носа). Дастаткова растварыць яго ў шклянцы гарачай вады і выпіць маленькімі глыткамі.

Каенскі перац таксама выкарыстоўваецца для лячэння захворванняў апорна-рухальнага апарату. Індзейцы і іншыя старажытныя нацыі змешвалі яго з какосавым алеем і націралі суставы, якія баляць. Лічыцца, што такім чынам змяншаюцца болі пры артрозе і артрыце.

Гэты перац спрыяе росту валасоў. Пры іх выпадзенні ўсходнія жанчыны змешваюць аліўкавы алей з каенскім перцам і робяць маску на валасы на 30 хвілін. Лічыцца, што ён умацоўвае карані валасоў, робіць больш бліскучай іх структуру, паляпшае рост. Аднак і тут трэба быць упэўненымі, што перац сапраўдны, бо ад падробкі можна атрымаць апёк скуры галавы. У беларускай кухні каенскі перац, на жаль, не знайшоў шырокага распаўсюджання.

— Якая краіна лічыцца радзімай карыцы?

— Карыца — адно з самых рэдкіх і загадкавых дрэў нашай планеты, ніхто дакладна не ведае, адкуль яно паходзіць. У егіпецкіх манускрыптах, якім каля чатырох тысяч гадоў, напісана, што егіпцяне на той час былі знаёмы з гэтымі лекамі каля тысячагоддзя. Карыца ў іх выкарыстоўвалася ў якасці лекаў, але яны яе сакрэт схавалі, што яшчэ больш дадае загадкавасці гэтай прыправе. Састаў і тэхналогія, якія выкарыстоўвалі егіпцяне для муміфікацыі целаў, таксама не вядомы і вывучаюцца дагэтуль, але тое, што яны пахнуць карыцай, сведчыць, што яе выкарыстоўвалі ў гэтым працэсе.

Другая крыніца, дзе згадваецца гэтая прыправа, — старажытнаяўрэйскія свяшчэнныя кнігі. Там карыца таксама ўпамінаецца як лекі, але як іх выкарыстоўвалі, і адтуль дакладна невядома. А вось старажытныя рымляне прымянялі карыцу ў саставе араматызатараў. Арыстоцель пісаў, што насенне гэтага дрэва прынесла загадкавая птушка па імені cіnnamon Logus. А Cіnnamon у перакладзе з англійскай і ёсць карыца. Насамрэч увесь яе гістарычны шлях суправаджаецца тайнамі, загадкамі і міфалогіяй.

Але трэба сказаць, што з карыцай яшчэ ў часы старажытнага Рыма звязаны вялікія спекуляцыі. Прыправа вырабляецца з кары дрэва, якая хутка расце і лёгка збіраецца. Дэфіцыту карыцы ніколі не існавала, але, паколькі гэты бізнес знаходзіўся ў руках пэўных людзей, яны тым карысталіся. Як вядома, калі 90% тавару знаходзіцца ў вашых руках, вы самі можаце вызначаць, колькі ён будзе каштаваць. У гэтым сэнсе карыцу можна параўнаць з алмазам, зусім не рэдкім каменем, але, паколькі бізнес засяроджаны ў руках абмежаванай колькасці людзей, яны і дыктуюць цэны.

Дык вось, у часы старажытнага Рыма, каб купіць 350 грамаў карыцы, рымляніну трэба было працаваць амаль чатыры гады. Тады гэтая прыправа выкарыстоўвалася толькі ў якасці лекаў. Каля 1500 гадоў таму ў Азіі людзі зразумелі, што карыца — выдатная прыправа, з дапамогай якой атрымліваюцца духмяныя стравы.

Карыца станавілася і прычынай войнаў, якія працягваліся некалькі стагоддзяў. У XV стагоддзі партугальцы прыйшлі ў Шры-Ланку і зняволілі мясцовых жыхароў, каб выкарыстоўваць іх працу для вырошчвання карыцы. Дарэчы, да гэтага часу самай якаснай і духмянай карыцай лічыцца шрыланкійская. Так пачалося зняволенне шрыланкійцаў партугальцамі, і яны жорстка эксплуатавалі мясцовых жыхароў, каб тыя вырошчвалі карыцу. Трэба сказаць, што вытворчасць карыцы была дастаткова таннай. Аднак, паколькі партугальцы былі манапалістамі ў экспарце, яны стваралі штучны дэфіцыт, і кошт спецыі быў вельмі высокі, дазволіць сабе яе маглі толькі багатыя людзі.

Хутка англасаксы зразумелі, што гэта вельмі выгадны бізнес, і пачалася вайна за рынак карыцы. Партугальцы доўга супраціўляліся і не саступалі гэтую тэрыторыю са сваімі рабамі. Затым галандцы перамаглі партугальцаў і захапілі Шры-Ланку. Вытворчасць карыцы трапіла ў іх рукі, а эканоміка гэтай краіны моцна залежала ад гандлю прыправай. У рэшце рэшт кропку паставілі англічане: яны захапілі Шры-Ланку, і гэта стаў іх бізнес.

Яшчэ адной звышдзяржавай у той час была Францыя, якая мела шмат калоній. Замест таго, каб ваяваць з англічанамі, яны вырашылі праблему па-іншаму: таемна накіравалі вядомага батаніка П’ера Пойва (Pіerre Poіv) у Шры-Ланку, каб ён адабраў якаснае насенне дрэў карыцы. Яму гэта ўдалося, і насенне было пасеяна на тэрыторыі адной з французскіх калоній, на астравах у Карыбскім моры. Туды прывозілі афрыканскіх рабоў і з іх дапамогай пачалі танна вырабляць карыцу. Пасля гэтага прыправа стала больш таннай і яе маглі атрымаць многія. А галандцы неслі вялікія страты ад таннай французскай карыцы. Да цяперашняга часу Францыя выкарыстоўвае танную афрыканскую рабочую сілу для развіцця сваёй краіны. Як сказала прэм’ер-міністр Італіі Джоржа Мелані, не трэба змагацца з эміграцыяй афрыканцаў у Еўропу, а трэба вызваляць Афрыку ад Францыі.

Цяпер адну чвэрць аб’ёму сусветнага рынку карыцы вырабляе Інданезія, затым ідуць В’етнам і Кітай, на чацвёртым месцы — Шры-Ланка, якая робіць самую якасную карыцу ў свеце. Карыстаючыся гэтым, іншыя вытворцы прадаюць свой тавар як тавар са Шры-Ланкі ці змешваюць карыцу нізкага сорту з невялікай колькасцю карыцы са Шры-Ланкі, каб зрабіць яе больш духмянай.

— Як адрозніць падробку? У чым карысць карыцы?

— Часта замест натуральнай карыцы прадаюць касію, другая назва якой «інданезійская карыца». Яе вырабляюць у Інданезіі і Кітаі. Гэта высушаная кара іншага віду карычнага дрэва. Касія мае іншыя ўласцівасці. Праверыць сапраўднасць карыцы можна пры дапамозе ёду. Яго трэба капнуць на невялікую колькасць набытай спецыі. Парашок сапраўднай карыцы амаль не зменіць свой колер, а парашок спецыі з кары касіі набудзе цёмна-сіняе адценне.

Карыца з’яўляецца моцным антыаксідантам, яна знішчае свабодныя радыкалы і змяншае працэсы старэння, стымулюе імунную сістэму, работу лейкацытаў, робіць іх больш рухомымі. Ужываць карыцу рэкамендуецца людзям з цукровым дыябетам, бо яна натуральным шляхам зніжае цукар у крыві. Карыца змяншае колькасць дрэннага халестэрыну, падтрымлівае нашы сасуды ў чыстым выглядзе. Дапамагае пры страваванні, калі ежа доўга застаецца ў страўніку і дрэнна ператраўліваецца.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.