Вы тут

Фундамент эканамічнай бяспекі


Нарыхтоўка кармоў у нашай краіне ідзе поўным ходам. На Брэстчыне першы ўкос ужо завершаны, на Віцебшчыне касавіца стартавала з пачаткам каляндарнага лета. Першы ўкос самы важны, а дажджы ў маі — чэрвені разам з цёплым надвор’ем спрыяюць добраму росту траў, набору імі зялёнай масы. Тут вельмі важна спрацаваць зладжана, своечасова, не згубіць ніводнай гадзіны, бо кармы — фундамент эканамічнай бяспекі краіны. Нядаўна ў некаторых рэгіёнах прайшоў град, але значнай шкоды палям ён не нанёс, паведаміла Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.Сёлета плануецца нарыхтаваць каля 10 мільёнаў тон травяністых кармоў, або больш як 32 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву. «Гэтыя аб’ёмы неабходны для забеспячэння вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, і мы іх забяспечым», — запэўніў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ нядаўна ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1».  Карэспандэнты «Звязды» працягваюць сачыць за тым, як ідзе нарыхтоўка кармоў у рэгіёнах Беларусі.


Масавая корманарыхтоўка стартавала на Віцебшчыне першага чэрвеня. Першым укосам аграрыям паўночнага рэгіёна трэба ўбраць 197 тысяч гектараў траў, нарыхтаваць 381 тысячу тон кармавых адзінак. Сёлета 81 працэнт у структуры шматгадовых траў вобласці займаюць бабовыя і бабова-злакавыя травасумесі, у чыстым выглядзе канюшына лугавая — 42 тысячы гектараў, люцэрна — 4,7 тысячы. Мінімум, што працаўнікі павінны закласці ў засекі, каб перазімаваць з добрай аддачай, — 25 цэнтнераў на карову. Актыўнымі тэмпамі ў рэжым касавіцы нон-стоп уваходзіць сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Ліпаўцы» Віцебскага раёна, планы ў прыдзвінскіх аграрыяў вялікія.

Сёлета ў гаспадарцы пад травы з улікам пашы адведзена 3502 гектары, першым укосам працаўнікі плануюць убраць 2783 гектары траў.

Другі год у прадпрыемстве садзяць люцэрну, якая, па назіраннях спецыялістаў, павышае ўдоі, — пад яе, у тым ліку ў сумесі са злакавымі, адведзена 290 гектараў, яшчэ 120 га ў чыстым выглядзе падсеялі да сезона-2024. Пад галегу, якая ў «Ліпаўцах» пакуль лічыцца культурай эксперыментальнай, але эфектыўнай, сёлета адвялі 86 гектараў. Астатнія плошчы займаюць канюшына, цімафееўка, травасумесі.

Першы раз на плошчы 200 гектараў пасеялі азімае жыта і віку (гарошак пасяўны).

Па словах галоўнага агранома прадпрыемства Юліі Правалінскай, да першага ўкосу ўсе травы паспелі саспець, красавіцкімі маразамі крыху пабіла галегу, аднак з надыходам цяпла культура адышла. «У планах на бягучую касавіцу нарыхтаваць 1200 тон сена, 33 тысячы тон сенажу, 34 тысячы — сіласу, 950 тон масы ў стрэйч-плёнцы. З мэтай закладкі сенажу і сіласу ў прадпрыемстве абсталяваны 16 ям і бурты па патрэбе. Наша галоўная задача цяпер — забяспечыць якаснымі кармамі пагалоўе гаспадаркі», — адзначыла Юлія Аляксандраўна.

А пагалоўе немаленькае: больш за 8 тысяч галоў, у ліку якога як дойны статак, так і быкі мясной пароды «Герыфорд». Насенне «Ліпаўцы» закупляюць у мясцовым ААТ «Віцебскае насенне траў», хаця раней спрабавалі нарыхтоўваць самі, эксперыментавалі з канюшынай, але адсутнасць спецыяльнага абсталявання для сушкі і лушчэння значна ўскладнялі гэты працэс.

Цяпер на касавіцы задзейнічаны чатыры кормаўборачныя камбайны, дзве касы КПР-9, граблі, прэс «Тарнада» і прэс-падборшчык рулонны ПРФ. У мінулым сезоне аграрыі «Ліпаўцоў» пад уборку рэдзькі нават пераабсталявалі камбайн для збожжавых, каб паспець убраць культуру без страт. Усяго ў гаспадарцы плануюць зняць тры ўкосы, цяпер для траў вельмі важны дождж, без якога палі могуць пагарэць.

Механізатары шчыруюць як і на жніве: ад відна да відна. Травы, як і збожжа, важна ўбраць у перыяд іх максімальнай спеласці, пакуль колькасць бялку, вітамінаў, клятчаткі ў іх максімальная. Вось і механізатар Павел Дашкевіч з першых дзён корманарыхтоўчай кампаніі не пакідае свой чырвоны КВК-9. Павел Ільіч родам з Верхнядзвінскага раёна, у пасёлак Ліпаўцы год таму пераехаў услед за братам Леанідам. Тут гаспадарка выдзеліла мужчыне дом, у прадпрыемстве Павел знайшоў сваё каханне і цяпер будуе сям’ю. А вось спецыяльнай сельскагаспадарчай адукацыі ў яго няма: як адразу пасля школы на малой радзіме сеў за руль трактара, так ужо 15 гадоў яго не пакідае. Да касавіцы кормаўборачны камбайн перабраў сам, таму тэхніка падвесці не павінна. «Я звычайна задзейнічаны на корманарыхтоўцы, кукурузу ўбіраю, вясной займаюся падвозам кармоў. Добра, што ў гарачую пару, калі трэба хапаць хвіліны сонечнага надвор’я, кіраўніцтва гаспадаркі арганізоўвае бясплатнае гарачае харчаванне ў полі. Для плённай працы ёсць усе ўмовы», — адзначае Павел Ільіч.

З тым, што прафесія механізатара нялёгкая, але вельмі цікавая, згодны і ўжо імяніты трактарыст СУП «Ліпаўцы» Аляксандр Старкоў, які шчыруе ў гаспадарцы чатырнаццаты год. Сёлетні сезон Аляксандр Іванавіч сустракае на новай трохсекцыйнай навясной касілцы, а ўвесну заняты на сеялцы і адвозе кармоў. Старкоў прыехаў на Віцебшчыну з Расіі, амаль адразу ўладкаваўся ў «Ліпаўцы», атрымаў дом, які ўжо выкупіў. Надзейнае плячо не толькі дома, але і на працы механізатару падстаўляе жонка Наталля Уладзіміраўна, якая таксама працуе тут нарадчыкам. «Трактарны» стаж мужчыны — 24 гады, вадзіцельскае пасведчанне атрымаў яшчэ ў школе, а пасля прайшоў курсы і атрымаў дадатковыя тры катэгорыі. На пытанне, у чым заключаецца сакрэт высокіх вытворчых паказчыкаў падчас корманарыхтоўкі, Аляксандр Іванавіч адказвае, што першую ролю іграе трава, другую — тэхнічны стан агрэгатаў.

Пад пільным кантролем

Фота з архіва Андрэя Карпечанкі

Гэтымі днямі нарыхтоўка траў першага ўкосу з’яўляецца асноўнай задачай вытворцаў сельгаспрадукцыі Гродзеншчыны. І гэта апраўдана: жывёлагадоўля павінна быць забяспечана якаснымі кармамі. Згодна з планам, уборку ў рэгіёне неабходна правесці на плошчы амаль у 270 гектараў. На 5 чэрвеня скошана больш за 35 працэнтаў. Хуткімі тэмпамі вядуцца работы ў Гродзенскім, Ваўкавыскім, Бераставіцкім раёнах, дзе першы ўкос амаль завершаны. Але не ўсюды падыходзяць да гэтага працэсу па-гаспадарску. Негатыўныя факты выявілі падчас маніторынгу спецыялісты дзяржкантролю Гродзенскай вобласці.

Як зазначылі ў ведамстве, кантроль за вытворчасцю травяных кармоў пачынаецца ўжо на стадыі падрыхтоўкі сельгасарганізацый да ўборкі. Тут важна ўлічваць своечасовы рамонт корманарыхтоўчай тэхнікі, падрыхтоўку сіласна-сянажных траншэй да закладкі зялёнай масы, назапашванне неабходных аб’ёмаў кансервантаў і ўкрыўнога матэрыялу.

Праведзеныя ў красавіку — маі кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы выявілі недастатковыя меры па падрыхтоўцы матэрыяльна-тэхнічнай базы некаторых арганізацый АПК да правядзення ўборкі траў і нарыхтоўкі высакаякасных кармоў. У шэрагу такіх фактараў адзначаўся несвоечасовы рамонт корманарыхтоўчай тэхнікі, а таксама немагчымасць забраць адрамантаваную тэхніку з-за адсутнасці фінансавых сродкаў. Менавіта такая сітуацыя склалася ў некалькіх гаспадарках Іўеўскага раёна, дзе пасля рамонту не забіралі камбінаваны прэс-падборшчык і касілку. Адпаведна і работы на гэтых агрэгатах не вяліся.

Таксама спецыялісты КДК звяртаюць увагу на праблемныя пытанні, звязаныя з несвоечасовым камплектаваннем механізатарскіх кадраў. З-за гэтай праблемы не рамантаваліся корманарыхтоўчыя камбайны ў адным з сельгаспрадпрыемстваў Лідскага раёна. Адсутнасць неабходных механізатараў была заўважана і ў іншых гаспадарках раёна.

Таксама ёсць факты, калі паказчыкі гатоўнасці гаспадарак да ўборачных работ завышаліся. У некаторых сельгаспрадпрыемствах Дзятлаўскага раёна давалі аператыўную інфармацыю аб тым, што тэхніка да ўборкі падрыхтавана, хаця не ўсе касілкі былі гатовы да работы. Некаторым агрэгатам патрабаваўся дадатковы рамонт і замена дэталяў.

Спецыялісты кантрольнага органа акрэслілі і праблему падкормак шматгадовых траў мінеральнымі ўгнаеннямі, у першую чаргу азотнымі. Не ўсюды работы праходзяць своечасова і ў поўным аб’ёме. У гэтым плане ўзяты на кантроль Іўеўскі раён, дзе падкормка вялася нізкімі тэмпамі, а некаторыя гаспадаркі наогул не ўносілі азотных угнаенняў у вызначаны тэрмін.

Інфармацыя маніторынгу паступіла ў абласныя і раённыя выканаўчыя органы ўлады для рэагаваннія на дадзеныя факты. Асобныя недахопы былі ліквідаваны ў ходзе кантрольных мерапрыемстваў. КДК працягвае сачыць за ходам корманарыхтоўчай кампаніі. Працэс гэты працяглы і адказны, наперадзе яшчэ два ўкосы шматгадовых траў.

Час высокай травы

Фота ТГ-канал «Минсельхозпрод Беларуси»

У Магілёўскай вобласці першы ўкос траў у самым разгары. Нарыхтоўку вядуць 137 гаспадарак рэгіёна. На раніцу 6 чэрвеня было скошана зялёнай масы на плошчы 81,3 тысячы гектараў (або 43%) з 188 тысяч запланаваных. Па інфармацыі Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама, у корманарыхтоўцы лідзіруюць Чэрыкаўскі (скошана 72% ад агульнай плошчы), Крычаўскі (66%), Краснапольскі (59%) і Кіраўскі (57%) раёны.

Сенажу ў вобласці нарыхтавана 405,7 тысячы тон — 22% ад задання. Усяго сабрана 118 тысяч кармавых адзінак (10% ад задання), у тым ліку на адну ўмоўную галаву — 3,17 цэнтнера кармавых адзінак, што на 1,4 цэнтнера вышэй, чым летась.

— Травы сёлета багатыя, больш актыўна раслі, раней саспелі, — задаволена начальнік упраўлення інтэнсіфікацыі раслінаводства і меліярацыі Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Лілія Гулінская. — Добра саспелі бабовыя — люцэрна, канюшына. Нарыхтавалі 4,6 тысячы тон сена для цялят.

Пераадолелі экватар у нарыхтоўцы траў у ААТ «Світанак імя К. П. Арлоўскага» і ААТ «Кіраўскі райаграпрамтэхзаб». На рахунку першай гаспадаркі — 20 тысяч тон сенажу, другой — 7,5 тысяч.

— З улікам азімых жыта і свірэпіцы скошана 57% траў, нарыхтавана 58 тысяч тон сенажу, — удакладніла першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Кіраўскага райвыканкама Антаніна Смятана. — Гэта дазваляе раней прыступіць да нарыхтоўкі кармоў. Да другога ўкосу яны ўжо будуць гатовыя.

Па словах Антаніны Смятаны, на карысць травам — чэрвеньскія дажджы.

— Гэта дазволіць раней прыступіць да другога ўкосу, — кажа яна. — Планы на ўраджай добрыя, палеткі падкармілі азотнымі ўгнаеннямі, яшчэ і дожджык прайшоў. Травы хутка пайшлі ў рост. Пасля першага ўкосу адразу ж прыступім да другога.

У Бялыніцкім раёне плануюць завяршыць першы ўкос траў да 10 чэрвеня. На раніцу 6 ліпеня тут было скошана траў на 45% плошчаў.

— У лідарах — СВК «Калгас»Радзіма» і прадпрыемства «Райаграпрамтэхзаб», — паведаміла спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Бялыніцкага райвыканкама Анастасія Старавойтава. — Для атрымання поўнага аб’ёму кармоў усе нашы сельгасарганізацыі актыўна праводзяць падкормку траў пасля першага ўкосу для другога. Пакуль нарыхтоўваем сянаж, наперадзе — уборка сена. Думаем і пра наступны год. Рыхтуем кармавую базу, сеем шматгадовыя травы, у тым ліку люцэрну і злакавыя культуры.

Добрыя вынікі дэманструюць гаспадаркі Магілёўскага раёна. Сёння філіял «Вендараж» РУП «Магілёўэнерга» актыўна вядзе нарыхтоўку сенажу і сена. Гаспадарка практыкуе стойлавае ўтрыманне жывёлы, патрэба ў кармах складае 20 тысяч тон сенажу і 5 тысяч тон зернесенажу. Нарыхтавана ўжо 3,5 тысячы тон і 4 тысячы адпаведна.

Сёння на палях гаспадаркі шчыруе дзве адзінкі карманарыхтоўчай тэхнікі і тры навясныя касілкі, на адвозе працуе 16 МАЗаў і трактароў. У рабоце задзейнічаны 27 чалавек.

— Сёлетні ўраджай сярэдніх памераў, на першапачатковым этапе яму не хапіла вільгаці, — кажа дырэктар філіяла «Вендараж» Андрэй Карпечанка. — Нядрэнна ўрадзіла канюшына першага года.

Летам рабочы дзень у полі пачынаецца з 7 раніцы і заканчваецца ледзь не на захадзе сонца.

— Клапоцімся, каб работнікі былі накормленыя і працавалі ў поўную моц, — удакладняе дырэктар. — Па жаданні можна заказаць у поле акрамя абеду, і вячэру. Аплачваюць работнікі толькі палову. А гэта 2–2,5 рубля.

Першы ўкос траў плануецца завяршыць да 12 чэрвеня. Другі будзе ўжо ў жніўні. На вызваленыя плошчы сеяцца прамежкавыя культуры, у тым ліку рэйграс, які з’ядаецца жывёлай у выглядзе зялёнай масы і сена лепш, чым іншая трава.

Нэлі ЗІГУЛЯ, Маргарыта УШКЕВІЧ, Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.