Вы тут

Дзе і як адпачыць у Беларусі летам?


Па ўсёй краіне працягваецца рэспубліканская акцыя «Вандруй. Адчуй. Натхняйся». Пераважная большасць турыстычных аб’ектаў, а гэта не толькі музеі, мастацкія і карцінныя галерэі, але і аграсядзібы, экалагічныя паркі і заказнікі, установы адукацыі, спартыўныя школы і цэнтры, санаторыі і цэнтры рамёстваў, аб’екты харчавання і гасцініцы, прамысловыя прадпрыемствы, адчынілі свае дзверы для бясплатных экскурсій наведвальнікаў. Такім чынам, можна выбраць месца будучага адпачынку ці падарожжа, атрымаць пра яго падрабязную інфармацыю і нават купіць тур. Чым не магчымасць запланаваць сваё турыстычнае лета?


Фота з адкрытых крыніц
«Вандруй. Адчуй. Натхняйся»

З году ў год акцыя набывае ўсё большую папулярнасць — пашыраецца як колькасць месцаў для наведвання, так і колькасць гасцей. Як паведаміла дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Ірына Варановіч, у першы год правядзення акцыі — у 2022-м — удзел бралі 516 аб’ектаў, летась — 924, сёлета было заяўлена больш за 1200 аб’ектаў.

— Ахопы павялічваюцца, і галоўная задача, каб людзі, якія жадаюць адпачыць ці пападарожнічаць у выхадныя па Беларусі, ведалі, дзе можна гэта зрабіць. Падчас тыдня адкрытых дзвярэй можна даведацца падрабязную інфармацыю і на аб’ектах запланаваць і купіць свой тур, — адзначыла Ірына Варановіч.

У акцыі ўдзельнічаюць усе рэгіёны Беларусі. Найбольш аб’ектаў можна наведаць у Гродзенскай вобласці, следам ідуць Віцебская і Брэсцкая. Што датычыцца відаў турызму, то традыцыйна больш за ўсё прадстаўлены гісторыка-культурныя ўстановы, 
а гэта звыш 270 музеяў і музейных пакояў з бясплатнымі экспазіцыямі, экскурсіямі і квэстамі.

Установы адукацыі, а іх удзельнічае 146, запрашаюць у свае музейныя пакоі. Спартыўныя школы і цэнтры прапануюць наведаць свае базы, напрыклад, экскурсію па картынгавым стадыёне ці знаёмства з гадаванцамі племянной конефермы, запрашаюць на паказальныя выступленні сваіх выхаванцаў, даюць скідкі на наведванне басейнаў і аквазон. Чакаюць гасцей аграэкасядзібы, сёлета больш за 140 з іх адчынілі свае дзверы.

Дні беларускай кухні праходзяць у 57 установах з розных рэгіёнаў, якія прапануюць дэгустацыі, удзел у майстар-класах і дзеляцца сваімі рэцэптамі. Больш за 55 гасцініц, дзе загадзя можна забраніраваць нумар, даюць скідкі. Прамысловы турызм сёлета прадстаўлены 28 аб’ектамі. Прычым многія з іх удзельнічаюць у акцыі ўпершыню і пакуль не былі адкрыты для наведвальнікаў. У сталіцы гэта, напрыклад, Мінскі завод халадзільнікаў «Атлант» і завод імя Вавілава. І, безумоўна, гранды айчыннага прамысловага турызму — Мінскі трактарны завод і гадзіннікавы завод «Прамень». Падарожжы па экалагічных сцежках прапануюць больш за 30 аб’ектаў.

Сёлета ў акцыі «Вандруй. Адчуй. Натхняйся» актыўны ўдзел бяруць турыстычныя інфармацыйныя цэнтры. Яны праводзяць бясплатныя аглядныя экскурсіі па гарадах, у якіх размешчаны. Выдатны варыянт, каб адправіцца туды ў падарожжа і адкрыць новы для сябе населены пункт.

Нацыянальнае агенцтва па турызме таксама актыўна ўдзельнічае ў акцыі. У рамках спартыўна-культурнага фестывалю «Вытокі» ў Пружанах яно арганізуе семінар для прадстаўнікоў турыстычнай індустрыі. Стэнд Нацыянальнага агенцтва працуе і на фестывалі нацыянальных культур у Гродне, дзе можна атрымаць інфармацыю, як адпачыць у розных кутках Беларусі.

У 2022 годзе акцыю «Вандруй. Адчуй. Натхняйся» наведалі больш за 24 тысячы гасцей, у 2023-м — больш за 58 тысяч, сёлета арганізатары, а гэта Міністэрства спорту і турызму і Нацыянальнае агенцтва па турызме, мяркуюць перасягнуць планку ў 100 тысяч чалавек. Падрабязная інфармацыя аб аб’ектах-удзельніках акцыі размешчана на сайце belarustourіsm.by.

Разам з акцыяй стартаваў і ІV Нацыянальны конкурс сацыяльнай рэкламы, аб’яднаны ідэяй пошуку брэнда беларускага турыстычнага прадукту, а таксама збор заявак на ўдзел у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі.

— Вопыт удзелу ў акцыі «Вандруй. Адчуй. Натхняйся», у конкурсе сацыяльнай рэкламы, канцэпцыя правядзення новых мерапрыемтсваў, распрацоўка новых маршрутаў — дастойныя тэмы для ўдзелу ў навуковай канферэнцыі. Хочацца, каб вы, пападарожнічаўшы, натхніліся, прапанавалі свае ідэі, каб можна было іх абмеркаваць гэтай восенню, а да наступнага года ўвасобіць у жыццё найбольш яркія і цікавыя, — адзначыў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый Марозаў.

У верасні, у Міжнародны дзень турызму, будуць падведзены вынікі летняга сезона і конкурсу сацыяльнай рэкламы. У снежні падвядуць вынікі акцыі «Пазнай Беларусь».

Чым прываблівае Гродзеншчына?

Самым актыўным рэгіёнам у акцыі «Вандруй. Адчуй. Натхняйся» стала сёлета Гродзенская вобласць. Калі ў 2022-м яна была прадстаўлена 118 удзельнікамі, у 2023-м — 179, то сёлета наведаць можна аж 334 аб’екты рэгіёна, расказала намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Таццяна Лідзяева. Самыя актыўныя па традыцыі — аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны, аграэкатурызму, рэлігійныя ўстановы, турыстычныя інфармацыйныя цэнтры. Апошніх у вобласці, дарэчы, 12. Яны падрыхтавалі для гасцей і ўдзельнікаў аглядныя экскурсіі. Напрыклад, можна пабываць на бясплатнай экскурсіі па Навагрудку і Шчучыне. Дзятлаўскі турыстычны інфармацыйны цэнтр падрыхтаваў для гасцей інтэрактыўную праграму ў гарадскім парку.

Не адстаюць і аб’екты гастранамічнага турызму. Напрыклад, карчма «Кумпяк», размешчаная ва ўнутраным двары Лідскага замка, запрашае на дэгустацыю крафтавых ласункаў. Наведвальнікам будуць выдаваць гастранамічны сэт пад назвай «Байкі пана Кумпяка».

Свае аўтарскія стравы карчма гатуе з фермерскіх прадуктаў па старых рэцэптах.

Гасцінна запрашае наведвальнікаў «Памесце графа Пуслоўскага «Альберцін» у Слоніме. З нядаўняга часу гэты аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны ператварыўся ў шматпрофільны, дзе ёсць рэстаран, гасцініца і нават СПА-комплекс. Гаспадары гатовы паказаць комплекс і пачаставаць смачнымі стравамі. Актыўна ўдзельнічаюць цэнтры рамёстваў, якія праводзяць разнастайныя майстар-класы.

Музей-сядзіба Агінскага, размешчаная ў аграгарадку Залессе Смаргонскага раёна, адкрыла новую экспазіцыю «Альтанка», і запрашае ўсіх ахвотных. Гудзевіцкі краязнаўчы музей у Мастоўскім раёне акрамя бясплатнай экскурсіі падрыхтаваў для сваіх гасцей падарункі. Слонімскі тэатр запрашае на экскурсію па закуліссі. Унікальны ў краіне аб’ект, Гродзенская кірха, запрашае ўсіх ахвотных на бясплатны канцэрт арганнай музыкі і экскурсію.

Беларускі Смалявуд

Адным з удзельнікаў акцыі «Вандруй. Адчуй. Натхняйся» сёлета стала нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм». Наведвальнікам тут прапаноўваецца некалькі экскурсій. Адна з іх — «Тут здымаецца кіно». Усе ахвотныя могуць пазнаёміцца з гісторыяй нацыянальнай кінастудыі ў экспазіцыйнай зоне, наведаць здымачныя павільёны, убачыць дэкарацыі да фільмаў, а таксама вывучыць гісторыю кінастудыі праз сабраныя работнікамі калекцыі рэквізіту, абутку, галаўных убораў, адзення, мэблі. Экскурсія падыходзіць як для дарослых, так і для дзіцячых і змешаных груп. Яна праводзіцца ў рабочыя дні па папярэднім запісе.

Для ахвотных наведаць кінастудыю ў суботу прадугледжана экскурсія «Беларусьфільм»: час вярнуцца», якая ўключае наведванне экспазіцыйнай зоны, пляцоўкі з пушкамі і аглядную лекцыю пра фільмы ваеннай тэматыкі. У рамках экскурсіі паказваюць трэйлер фільма «Час вярнуцца». А поўную версію можна паглядзець у кінатэатрах краіны. Кульмінацыяй экскурсіі з’яўляецца наведванне піратэхнічнага ўчастка, дзе захоўваецца больш за тысячу экзэмпляраў халоднай і агнястрэльнай зброі.

Вялікай папулярнасцю карыстаецца дзіцячая экскурсія «Беларусьфільм» у гасцях у казкі«: аповед пра вытворчасць анімацыйных і гульнявых фільмаў у кіналекторыі і паказ анімацыйных фільмаў з наведваннем музея.

Сярод экскурсій па «Беларусьфільме» вылучаецца «Беларускі Смалявуд». Яна праводзіцца па натурнай пляцоўцы (праўда, толькі ў будныя дні), а кінастудыя арганізуе паказ кіно сваёй вытворчасці, уключана і наведванне экспазіцыйнай зоны.

Наведваючы кінастудыю, экскурсанты становяцца сведкамі здымачнага працэсу, могуць трапіць на здымачную пляцоўку ці паназіраць за этапам падрыхтоўкі да здымак, што дорыць яркія ўражанні і дазваляе паглыбіцца ў атмасферу кінаіндустрыі. Экскурсіі на кінастудыі праводзяцца для арганізаваных груп да 25 чалавек. Кошт для дзіцячай групы — 185 рублёў. Запісвацца трэба загадзя, напрыклад, чэрвень ужо амаль цалкам заняты.

— Унікальнасць нашых экскурсій у тым, што мы спалучаем рысы музея, кінавытворчай арганізацыі і паказваем рэальную гісторыю «Беларусьфільма». Нашы экскурсіі садзейнічаюць вырашэнню не толькі адукацыйных задач, але і шэрагу выхавальных — пачынаючы патрыятычнымі, заканчваючы прафесійным самавызначэннем. Усіх запрашаем і будзем рады бачыць, — адзначыла спецыяліст вытворчага аддзела Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Лізавета Васілечка.

Адпачынак на свой бюджэт

Вопытам падарожжаў падзяліўся і пераможца ў намінацыі «Плакат» Рэспубліканскага конкурсу сацыяльнай рэкламы «#ПазнайБеларусь» 2023 года Павел Мішын:

— Стараемся з сям’ёй ездзіць па Беларусі. Падрастае сын, яму 6 гадоў, і культурная частка яго не надта пакуль цікавіць, а вось прамысловая — вельмі. Летась трапілі на БелАЗ, былі на МТЗ, сёлета плануем паглядзець, як робяцца тралейбусы, пабываць на «Чырвоным харчавіку». Прамысловы турызм многім цікавы, запісацца на экскурсію часта праблема. Тры месяцы трэба чакаць. Але гэта таго варта.

Застаецца дадаць, што цэны на наведванне турыстычных аб’ектаў у нашай краіне цалкам даступныя.

— Калі браць музеі, цэны ніжэйшыя на парадак у параўнанні з еўрапейскімі краінамі. Гэта датычыцца і іншых відаў адпачынку, таго ж санаторна-курортнага лячэння. Дзейнічаюць скідкі для наведвання санаторыяў для членаў прафсаюзаў. Гасцініцы таксама можна падабраць пад свой бюджэт, — адзначыла Ірына Варановіч.

— Ёсць маладыя блогеры, якія паказваюць недарагія магчымасці падарожжа па Беларусі з выкарыстаннем грамадскага транспарту, з наведваннем музеяў. Экалагічныя сцежкі ўвогуле могуць быць бясплатнымі, і гэта добры варыянт адпачынку, — дадаў Дзмітрый Марозаў.

Каляндар падзей на летні сезон даступны анлайн на сайце belarus.travel, ён рэгулярна папаўняецца, там заўсёды самая актуальная інфармацыя. Пра самыя цікавыя падзеі можна даведацца ў тэлеграм-канале і сацсетках Нацыянальнага агенцтва па турызме.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.