Вы тут

Аўгустоўскі канал прыме ўдзельнікаў XIV Фестываля нацыянальных культур 9 чэрвеня


А пачнецца свята ў Гродне 7 чэрвеня. Рыхтуецца больш за 100 мерапрыемстваў — самая вялікая колькасць за ўсю гісторыю правядзення фэсту. Пасля двух дзён маштабных мерапрыемстваў у горадзе, брэндавае свята завершыць свой яскравы шлях на Аўгустоўскім канале. Да фестваля прыстасаваны і юбілей канала, якому сёлета спаўняецца 200 гадоў. Такім чынам, гэтыя дзве падзеі будуць аб’яднаны ў змястоўную і забаўляльную праграму.


Свята пройдзе на шлюзе Дамброўка — адным з пяці шлюзаў, што размешчаны на беларускай частцы канала. Святы тут ладзяцца даволі часта. Ёсць і традыцыйныя. Некалькі гадоў таму нарадзілася і традыцыя святкаваць тут трэці дзень Фестываля нацыянальных культур. Вось і сёлета арганізатары склалі даволі разнастайную і цікавую праграму, якая сумяшчае і забавы і сямейны адпачынак. 

Прадумалі ўсё да дробязяў. Па-першае, для гасцей арганізаваны рух аўтобусаў з некалькіх кропак Гродна — ранкам і вечарам. Маршрут не такі блізкі — каля 30 кіламетраў. Таксама будзе курсіраваць аўтобус з інтэрвалам у 15 хвілін ад Дамброўкі да выезда на трасу. Улады Гродзенскага раёна паклапаціліся аб тым, каб наведвальнікі маглі і адпачыць, і падсілкавацца. На канале раскінуўся цэлы гарадок гандлёвых павільёнаў. Гатоўнасць канала да прыёму гасцей праінспектаваў губернатар Уладзімір Каранік. Ён азнаёміўся з ходам работы па арганізацыі святочных лакацый, мерамі бяспекі, транспартымі стаянкамі. 

Начальнік аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама Таццяна Кузьма расказала аб самых значных момантах трэцяга фестывальнага дня. Вядома, акцэнт будзе зроблены і на гісторыі канала, якому сёлета спаўняецца роўна 200 гадоў. Таму свята пачнецца з яркага тэатралізаванага шэсця, у якім будзе адлюстравана гісторыя Аўгустоўскага канала ад пачатку будаўніцтва да сучаснасці. Менавіта да гэтай юбілейнай даты будзе адкрыта новая сцэнічная пляцоўка. Тут адбудзеццца фестываль харэаграфічнага мастацтва з удзелам нацыянальных суполак. Хэдлайнерам выступіць ансамбль танца, музыкі і песні «Талака» з Віцебска. 

Усе госці змогуць наведаць музей гісторыі канала, які абсталяваны ў былым будынку наглядчыка канала — была раней такая пасада. Наглядчык уручную адчыняў і зачыняў вароты шлюза, каб прапусціць водны транспарт. Дарэчы, шлюзы і зараз працуюць у такім жа рэжыме, як і 200 гадоў таму. 

Увогуле праграма абяцае быць даволі насычанай. Адных толькі пляцовак па рознай тэматыцы будзе не менш дзесятка. Адна з іх прысвечана 80-ці годдзю вызвалення Беларусі. Тут размесцяцца музейныя экспазіцыі, пікнік-зона «Франтавы абед» з салдацкай кашай, адбудуцца паказальныя выступленні Гродзенскай пагранічнай групы з службовымі сабакамі. 

Гастрафэст чакае ўсіх на пляцоўцы «Пачастунак». Кожны зможа ацаніць разнастайнасць страў беларускай кухні, атрымаць майстар-клас ад кухараў і нават паўдзельнічаць у конкурсе па хуткаму паглынанню сасісак.

Стала традыцыяй прадстаўляць на фестывалях народныя промыслы. Вось і падчас фестываля нацыянальных культур тут можна будзе ўбачыць вырабы самых розных відаў творчасці — з саломкі, выцінанку, сапоцкінскую пісанку, скураныя вырабы, драўляныя, керамічныя. А народны майстар Беларусі Мар’ян Скрамблевіч прадэманструе савю калекцыю драўляных музычных інструментаў, дарэчы самабытнаму мэтру сёлета споўнілася 85 гадоў. 

Шмат забаў чакае на пляцоўцы атракцыёнаў. Тут прапануюць і міні-гольф, і ліманадны боўлінг, і футбольны дартс. Аматары актыўнага адпачынку змогуць таксама прыняць удзел у спаборніцтве па спартыўнай хадзьбе з перашкодамі і выявіць мацнейшага па колцы дроў. А вось бітва лесарубаў адбудзецца толькі для прафесіяналаў гэтай справы — ляснікоў. 

А яшчэ будзе ўрачыста абвешчана аб пачатку новага працоўнага семестра для студэнцкіх атрадаў. Дарэчы, у вобласці каля 8 тысяч маладых людзей будуць працаваць у летні перыяд на прадпрыемствах і ўстановах вобласці. 

Падчас свята адбудзецца нямала відовішчаў. Гэта і фестываль фарбаў, і пенная вечарына, і шоу барабаншчыкаў, і фаер-шоу. Незабыўнай падзеяй можа стаць для гасцей фестываля катанне на цеплаходзе, які курсіруе тут у летні сезон. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.