Вы тут

Андрэй Іванец: Калі гаворка ідзе пра будучыню краіны, дробязяў быць не можа


Аб’яўлены Годам якасці, 2024-ы ў многім вызначыў прыярытэты далейшага развіцця ўсіх сфер жыццядзейнасці нашага грамадства: ад эканомікі да якасці жыцця. І сфера адукацыі ў гэтым пераліку — адна з найважнейшых, бо гаворка ідзе аб маладым пакаленні беларусаў, іх сённяшнім і заўтрашнім дні — а значыць, і аб будучыні нашай краіны. Таму ў сваёй штодзённай дзейнасці Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь задачай нумар адзін вызначае павышэнне якасці адукацыі, прычым як у працэсе навучання, так і ў аспекце выхаваўчым. Адсюль вынікаюць усе тыя захады, якія былі прыняты, апрабаваны і ў далейшым укаранёны ў айчынную сістэму адукацыі на працягу некалькіх апошніх гадоў. Што гэта за мерапрыемствы і як яны ўплываюць на далейшае развіццё адукацыі ў краіне, чытачам расказвае міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец.


Педагог — ключавая фігура

— Андрэй Іванавіч, які са складнікаў якасці адукацыі вы лічыце найважнейшым?

— Падрыхтоўка будучага настаўніка. Сёлета ў нас у гэтым плане прадбачацца сур’ёзныя змены — павялічваем набор на педагагічныя спецыяльнасці практычна на тысячу будучых нашых абітурыентаў і плануем набраць каля шасці тысяч першакурснікаў, якія, спадзяюся, у недалёкай будучыні прыйдуць у школы і стануць настаўнікамі: пачатковых класаў, прадметнікамі, педагогамі сацыяльнымі і педагогамі-псіхолагамі, гэта значыць тымі людзьмі, каму мы зможам даверыць нашых дзяцей. Каб так і было, мы правялі дастаткова сур’ёзную работу па карэкціроўцы і ўдасканаленні адукацыйных праграм. Ужо з першага верасня 2023/2024 навучальнага года нашы будучыя настаўнікі пачалі вучыцца па новым адукацыйным стандарце, па новых праграмах.

— Што ў іх прынцыпова новага?

— Першае і самае важнае тое, што для ўсіх студэнтаў — будучых педагогаў практыкаарыентаванасць і праходжанне адпаведных практык пачынаецца ўжо з першага курса. Гэта дазваляе ім на старце навучання адчуць, што такое прафесія педагога. Другое — абсалютна кожны будучы настаўнік сёння мае ў вучэбнай праграме блок па інклюзіўнай адукацыі, незалежна ад таго, рыхтуем мы дэфектолага, выкладчыка фізікі або інфарматыкі. Блок інклюзіўнай адукацыі ўжо ўключаны ў праграму і з’яўляецца абавязковым дзяржаўным кампанентам.

— Сёння гэта важна?

— Колькасць асаблівых дзяцей, якія маюць патрэбу ў спецыяльных метадах навучання ў нас, на жаль, расце. Сёння такіх дзяцей да 7 працэнтаў ад усіх навучэнцаў. У кожнай школе. І складанасці ў працэсе іх навучання павялічваюцца. Мы ўсведамляем, з якімі цяжкасцямі сустрэнуцца ў школе педагогі. Новая ж праграма дазваляе нам з упэўненасцю глядзець у будучыню і ведаць, што праз чатыры гады кожны выпушчаны з універсітэта настаўнік будзе валодаць як інклюзіўнай культурай, так і методыкамі работы з асаблівымі дзецьмі. Прычым на высокім прафесійным узроўні.

Быць настаўнікам — гэта талент

— Прафесія педагога не займае першыя радкі ў рэйтынгу папулярнасці сярод абітурыентаў…

— Стараемся прыцягнуць у гэтую прафесію моладзь. Прычым моладзь таленавітую. З гэтай мэтай працягваем траекторыю прытоку адораных дзяцей у настаўніцкую прафесію. Сёлета, напрыклад, выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, якія атрымалі адпаведную рэкамендацыю наглядальнага савета, без іспытаў змогуць паступіць на педагагічныя спецыяльнасці. Гэта сапраўды таленавітыя юнакі і дзяўчаты, якія паспяхова прайшлі не адну адукацыйную змену. Мы чакаем іх і бачым не толькі высокакваліфікаванымі кадрамі для рэальнага сектара эканомікі, але і для сістэмы адукацыі.

Працягваем таксама набор медалістаў на педагагічныя спецыяльнасці, без іспытаў. Пашыраем сетку педагагічных класаў. Сёлета ў такіх класах вучыліся восем з паловай тысячы школьнікаў, прычым кожны трэці з іх сваёй будучай прафесіяй выбірае прафесію педагога. Мы чакаем, што менавіта гэтыя дзеці — медалісты, выпускнікі педагагічных класаў, нацыянальнага тэхнапарка — і складуць касцяк тых, хто справай свайго жыцця вызначыць настаўніцкую працу.

Акрамя таго, вядзецца вялікая выхаваўчая работа. Яна накіравана на тое, каб сённяшні школьнік убіраў і павагу да сваіх педагогаў, і любоў да гэтай прафесіі настолькі, каб свядома выбраць яе. Тут, вядома, вялікую ролю іграе і асабісты прыклад педагога. Вынікі такога камбінаванага падыходу ўжо ўражваюць: літаральна два гады таму колькасць дзяцей, якія паступілі на дзённую бюджэтную форму адукацыі ў БДПУ імя М. Танка з ліку медалістаў, выпускнікоў педагагічных класаў, была прыкладна 30–35 працэнтаў, а ў мінулым годзе іх ужо палова: кожны другі студэнт першага курса педагагічнага ўніверсітэта альбо медаліст, альбо выпускнік педкласа. У гэтым годзе з улікам павялічаных лічбаў набору мы павысілі планку да 60 працэнтаў.

Галоўны памочнік

— Кнігі і падручнікі па-ранейшаму застаюцца галоўнымі памочнікамі навучэнцаў, студэнтаў, педагогаў. Якая сітуацыя з навучальнай літаратурай? З якой перыядычнасцю выдаюць ці перавыдаюць падручнікі?

— Навучальныя праграмы і дапаможнікі якраз і з’яўляюцца другім важным кірункам забеспячэння якасці адукацыйнага працэсу. У 2021 годзе мы ўпершыню завяршылі выданне нацыянальнай лінейкі навучальных дапаможнікаў для ўсяго курса агульнаадукацыйнай школы. І з таго ж года распачалі працэс іх перавыдання. Ніякіх глабальных змен не было — апрацоўвалі, дашліфоўвалі тыя падручнікі, што ўжо былі, а гэта больш за 220 навучальных дапаможнікаў.

Паўтара года таму мы правялі глыбокі аналіз існуючай вучэбнай літаратуры. І ён паказаў, што сур’ёзнай перапрацоўкі патрабуюць толькі пяць навучальных дапаможнікаў. У гэтым годзе мы заканчваем іх перавыданне. Яшчэ 60 дапаможнікаў плануем перавыдаць у найбліжэйшыя два гады.

— Якім у ідэале павінен быць школьны падручнік? Для вучняў, іх настаўнікаў і бацькоў?

— Даступныя тэксты і добры метадычны апарат — каб матэрыял добра засвойваўся і быў цікавы дзецям. З іншага боку, мы істотна пашыраем і ўзмацняем выхаваўчы патэнцыял падручніка. Як гэта робім? Возьмем самае простае — чытанку. Дзіця вучыць літары і бачыць, што літара «Б» — гэта Беларусь, літара «Р» — Радзіма, літара «М» — маці. Ужо няма банана, маліны ці рака. Мы фактычна вяртаемся да тых вытокаў, якія былі ў савецкі час. Пагадзіцеся, лепшых за тагачасныя падручнікі ў выхаваўчым плане не было.

Не толькі ў чытанкі, але і ў навучальныя дапаможнікі па прыродазнаўчанавуковых дысцыплінах мы таксама ўносім сур’ёзны выхаваўчы патэнцыял, які фарміруе гонар за нашу краіну, нашу эканоміку, прамысловасць, сельскую гаспадарку, сацыяльную сферу. Усё гэта ідзе як праз адпаведныя заданні, так і праз тэксты заданняў.

— Гучаць думкі, ад бацькоў у першую чаргу, што цяперашнія праграмы для школьнікаў даволі складаныя…

— На сёння адукацыйная праграма абсалютна адпавядае сучаснасці і спрашчаць яе не трэба. А вось яе форму і даступнасць, згодны, неабходна паляпшаць. І мы гэта робім. Важнай падзеяй стане выхад у жніўні ў свет навучальнага дапаможніка па гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі для 10 класаў. Гэтая вялікая навацыя закране ўсе школы нашай краіны: з 1 верасня дзесяцікласнікі будуць вывучаць не два вучэбныя прадметы — гісторыю Беларусі і сусветную гісторыю, а адзін курс — гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі. Гэта навучальны дапаможнік новага пакалення, той падручнік, які хочацца чытаць кожны дзень, не адрываючыся, з вялікай цікавасцю. Там расстаўлены акцэнты на тых гістарычных момантах, якія па-сапраўднаму павінен ведаць кожны грамадзянін, кожны патрыёт сваёй краіны, ведаць і ганарыцца імі.

Справядліва і празрыста

— Ідзе самая напружаная для школьнікаў і абітурыентаў пара. Ужо прайшлі цэнтралізаваныя іспыты, наперадзе — уступная кампанія. Як усё праходзіць сёлета?

— Школьнікі другі год здаюць цэнтралізаваны экзамен. З першага разу, першага года, магчыма, атрымалася не ўсё так гладка, як задумвалася. Але гэта нармальны працэс, бо пераход на прынцыпова новую форму выніковай атэстацыі за курс агульнаадукацыйнай школы — сур’ёзная сістэмная работа, якая і была праведзена. І яе вынікі заслухоўваліся на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы.

Што мы маем сёння? Упэўненасць у правільным выбары. Мы прыбралі пытанні, якія былі прыдуманы, што называецца, наўздагад, і цалкам прывялі тэставыя заданні ў адпаведнасць са школьнай праграмай. Такім чынам, выпускнікоў не чакалі сюрпрызы ў выглядзе ўскладненых задач, якія не ўваходзяць у школьную праграму, і гэтак далей. Гэта адзначаюць і самі выпускнікі — сёлета і на рэпетыцыйным экзамене, і на цэнтралізаваным тэсціраванні пытанні адпавядаюць таму, што яны вывучалі ў школе. Гэта было прынцыповае патрабаванне Прэзідэнта, і мы яго выканалі.

Яшчэ адзін важны аспект — справядлівасць. Усе выпускнікі 11 класаў знаходзяцца ў аднолькавых, з пункту гледжання аб’ектыўнасці ацэнкі іх ведаў, умовах. Для нас гэта прынцыповы момант, і менавіта таму мы вязём сур’ёзную, нават жорсткую работу, каб не было ні аднаго парушэння з боку тых, хто экзаменуецца: наяўнасць пры сабе мабільнага тэлефона, выкарыстанне шпаргалак або іншай дапамогі з боку. Важна, каб не толькі кожны выпускнік, але і яго бацькі былі ўпэўнены ў тым, што ўсе дзеці, а не толькі яго дзіця, знаходзяцца ў аднолькавых умовах. Важна яшчэ гэта і таму, што вынік цэнтралізаванага экзамену можа быць скарыстаны і пры паступленні ва ўніверсітэт.

Умець прымяніць

— Вядома, што ў 2023 годзе было праведзена нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі. Калі можна, крыху падрабязнасцей: яго мэты, задачы, вынікі.

— Асноўнай мэтай была ацэнка функцыянальнай пісьменнасці навучэнцаў. У ходзе даследавання вызначалася, наколькі сённяшнія юнакі і дзяўчаты гатовы да дарослага жыцця, вырашэння рэальных жыццёвых праблем з выкарыстаннем тых ведаў і ўменняў, якія яны атрымалі ва ўстановах адукацыі. Адзначу, што даследаванне не замяняе якасную сістэматычную ацэнку адукацыйных дасягненняў, а праводзіцца нараўне з ёю.

Функцыянальнай пісьменнасці мы ўдзяляем вялікую ўвагу і разглядаем яе больш як элемент павышэння ўзроўню якасці адукацыі, чым як асобны элемент навучання. Яна будзе праходзіць чырвонай ніткай праз увесь агульнаадукацыйны працэс у школах — кожны навучэнец павінен вывучыць і ведаць пэўныя законы фізікі, хіміі, матэматыкі і ўмець прымяняць іх для вырашэння тых ці іншых практычных задач, з якімі ён абавязкова ў жыцці сутыкнецца. Няхай гэта будзе ў каледжы, універсітэце ці на першым працоўным месцы.

Яшчэ адна траекторыя, якая не замяняе адукацыйны працэс, але надае яму асаблівы імпульс і спрыяе павышэнню ўзроўню адукацыі, — алімпіядны рух. Мы плануем развіваць яго і надалей. Нашы школьнікі і сёння паказваюць высокія вынікі на міжнародных спаборніцтвах: восем з дзесяці вяртаюцца адтуль з медалямі. Але ёсць яшчэ вялікі патэнцыял, які можна і трэба раскрыць. Для гэтага з 1 верасня 2024 года мы запусцім элементы круглагадовай завочнай алімпіяды, каб свае сілы і здольнасці магло праверыць абсалютна любое дзіця з любога кутка Беларусі. Паралельна прыцягнем найлепшых педагогаў, якія будуць праводзіць навучанне як настаўнікаў, якія займаюцца падрыхтоўкай хлопчыкаў і дзяўчынак да алімпіяднага руху, так і саміх дзяцей. Думаю, аб’яднанне такой дыстанцыйнай алімпіяды з вочнымі зборамі хлопчыкаў і дзяўчынак і інтэнсівамі па іх рабоце перад выездам на заключны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў або на міжнародныя этапы дасць яшчэ больш высокі паказчык.

Уласна, нічога новага мы не вынайшлі — такія формы выкарыстоўваліся ў савецкі час, яны захаваліся па цяперашні час у Расіі і Кітаі. Некаторыя элементы праводзіліся і ў нас. Сёння мы проста выводзім гэтую дзейнасць на прынцыпова новы, сістэмны ўзровень.

Працоўны клас — гэта гучыць ганарова

— Сёння кіраўнік дзяржавы арыентуе на вырашэнне кадравых праблем у прамысловасці. Адно з яго патрабаванняў — падняць прэстыж працоўных прафесій.

— У гэтым кірунку мы працуем вельмі актыўна. З кожным годам павялічваем колькасць дзяцей, якія паступаюць у каледжы на бюджэтную форму атрымання адукацыі пасля 9 класаў. Ці ёсць зрухі? Ёсць. Сёння мы практычна выйшлі на лічбу, калі кожны другі выпускнік дзявятага класа выбірае шлях у каледж. Літаральна 2-3 гады таму такі выбар рабіў толькі кожны трэці выпускнік базавай школы.

Ёсць некалькі прычын развіцця менавіта ў гэты бок. Па-першае, маладыя людзі сталі больш свядома рабіць свой выбар. Па-другое, іх прыцягваюць умовы, якія створаны сёння ў каледжах. Нам удалося стварыць 52 цэнтры кампетэнцый, больш за тое, там пастаянна абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база. Дзеці праходзяць падрыхтоўку на сучасным абсталяванні, якое сёння ёсць нават не на кожнай вытворчасці. Па сутнасці, там рыхтуюць кадры заўтрашняга дня. Ці трэба казаць аб тым, наколькі будзе запатрабаваны такі спецыяліст на вытворчасці?..

І потым, цяперашні абітурыент вельмі прагматычны. Ён глядзіць не толькі на тое, куды хоча паступаць і якую спецыяльнасць атрымаць, — ён хоча зразумець, дзе ён будзе працаваць. У гэтым плане моладзь, якая паступае ў каледж і атрымлівае рабочую прафесію, чакаюць вялікія перспектывы. Калі спецыяліст запатрабаваны, для яго і прывабныя ўмовы працы ствараюць, і заробак годны прапаноўваюць. Шмат плюсоў, таму траекторыю паступлення ў каледжы пасля дзявятага класа мы, вядома, будзем развіваць.

Для тых, хто ўсё ж вырашае застацца ў школе, прапаноўваецца некалькі вектараў: навучанне ў профільным або базавым класе. Калі казаць аб апошнім, то навучэнцы такіх класаў разам з атэстатам атрымліваюць і працоўную прафесію, якой яны вучацца на базе каледжаў, а па заканчэнні здаюць кваліфікацыйны экзамен. Перад такім выпускніком адкрываюцца адразу тры шляхі: ён можа прадоўжыць адукацыю ў ВНУ, каледжы або адразу працаўладкавацца.

Скажу больш: магчымасць атрымаць працоўную прафесію сёння маюць і студэнты ВНУ ў рамках студатрадаўскага руху, якія навучаюцца на інжынерных спецыяльнасцях. Пагадзіцеся, калі архітэктар разумее працу прараба, калі ведае, як працуе плітачнік і гэтак далей, — усё гэта толькі ў плюс і яму, і агульнай справе.

Яшчэ адзін важны аспект павышэння прэстыжу рабочай прафесіі — конкурсы прафесійнага майстэрства. У 2024 годзе мы правялі V юбілейны Рэспубліканскі конкурс ProfSkіlls, пераможцы якога прымуць удзел у міжнародных стартах.

Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся

— Кваліфікаваныя кадры запатрабаваны не толькі на прамысловых прадпрыемствах, але і ў рэгіёнах у цэлым. Між тым у кожным абласным цэнтры ёсць свае, і вельмі моцныя, ВНУ. Аднак моладзь з правінцыі, як і дзесяцігоддзі таму, адпраўляецца па веды і дыплом у сталічныя ўніверсітэты. Чаму так?

— Пытанне сапраўды ёсць. Але мы яго вырашаем. З мінулага года, дзякуючы падтрымцы кіраўніка дзяржавы, пачалі праводзіць універсітэцкія алімпіяды, прычым толькі ў рэгіянальных універсітэтах. Па выніках такіх алімпіяд школьнікі фактычна ўжо ў сакавіку становяцца студэнтамі гэтых універсітэтаў. У 2024 годзе больш за 1000 навучэнцаў з рэгіёнаў сталі пераможцамі ўніверсітэцкіх алімпіяд. Чакаем, што роўна на столькі там павялічыцца і колькасць студэнтаў.

Мы зрабілі магчымым сярэбраным і залатым медалістам, а іх па прагнозах ва ўсіх абласцях набярэцца каля 4,5 тысячы, таксама без экзаменаў паступаць у любую рэгіянальную ВНУ. Гэтую навацыю выкарыстоўваем упершыню ў сёлетнюю ўступную кампанію і спадзяёмся, што абітурыенты застануцца ва ўніверсітэтах на сваёй малой радзіме, а затым там жа пачнуць працоўную дзейнасць.

Цалкам справядлівая заўвага, што абласныя ўніверсітэты — гэта ўстановы адукацыі з традыцыямі, імем і аўтарытэтам. Скажу больш: і забяспечанасць кадрамі, і матэрыяльна-тэхнічная база там не адрозніваюцца ад сталічных універсітэтаў. Паказальны факт: замежныя студэнты выбіраюць не толькі мінскія ВНУ, але і рэгіянальныя.

Нямногія ведаюць, што некаторыя рэгіянальныя ўніверсітэты маюць унікальную спецыялізацыю, якой няма больш ні ў адной ВНУ краіны. Напрыклад, Магілёўскі ўніверсітэт хімічных тэхналогій — адзіны ў Беларусі, які рыхтуе спецыялістаў для харчовай прамысловасці. Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт спецыялізуецца на падрыхтоўцы кадраў для лёгкай прамысловасці, такіх у краіне таксама больш няма. Віцебская ветэрынарная акадэмія, Полацкі ўніверсітэт, Горацкая сельскагаспадарчая акадэмія, Купалаўскі ўніверсітэт і іншыя — гэта ж сапраўдныя брэнды, са сваёй асобай, сваім гучным імем і найвышэйшым узроўнем выкладання.

З малых пазногцяў

— Вырашэнне якіх задач па павышэнні якасці работы дашкольных устаноў адукацыі вы лічыце першачарговымі?

— Найбольш адчувальным аспектам для бацькоў сёння з’яўляецца даступнасць дашкольных устаноў. Мы працуем у гэтым напрамку. Так, зроблены інтэрактыўныя карты ўстаноў дашкольнай адукацыі па кожным раёне, якія штомесяц абнаўляюцца. На іх у рэжыме рэальнага часу можна бачыць колькасць месцаў у дзіцячых садках. Можна выбраць установу дашкольнай адукацыі паблізу з домам або работай, недалёка ад месца, дзе пражываюць бабулі-дзядулі, і гэтак далей. Сёлета плануем скончыць пераход у электронную форму дзвюх адміністрацыйных працэдур — пастаноўкі на ўлік ва ўстанову дашкольнай адукацыі і выдачы накіравання. І ў тым, і ў іншым выпадку не трэба будзе ісці ні ў раённы аддзел адукацыі, ні ў райвыканкам, для таго каб стаць у чаргу ці атрымаць накіраванні. Гэта можна будзе зрабіць нават з мабільнага тэлефона ў любы зручны для аднаго з бацькоў час.

Што датычыцца самога адукацыйнага працэсу, то Праграма развіцця ўстаноў дашкольнай адукацыі, прынятая на 2024–2025 гады, прадугледжвае павышэнне кваліфікацыі выхавацеляў і прыняцце новых адукацыйных праграм па рэалізацыі больш сур’ёзных выхаваўчых, патрыятычных, грамадзянскіх функцый. Ужо нікога не здзівіш тым, што сёння ва ўстановах дашкольнай адукацыі вывучаюць дзяржаўныя сімвалы, іх значэнне, а дзеткі спяваюць гімн. І гэта правільна: грамадзяне Беларусі з самага малога ўзросту павінны ганарыцца краінай, дзе нарадзіліся, дзе жывуць.

Здаровыя дзеці — здаровая нацыя

— Эксперымент па навацыі ў арганізацыі школьнага харчавання абмяркоўваўся ледзь не больш за іншыя. Але затое сёння з поўнай упэўненасцю можна сказаць: настаўнікі, бацькі і, самае галоўнае, дзеці прынялі навацыі «на ўра».

— Быць можа, гэтая тэма нават набіла камусьці аскоміну, але, як кажуць у народзе, аўчынка аказалася вартай вычынкі. У пілотным праекце бралі ўдзел усяго 23 школы з розных рэгіёнаў Беларусі. Да канца 2024 навучальнага года ўжо больш за 70 працэнтаў школ краіны перайшлі на новы прынцып арганізацыі школьнага харчавання. З 1 верасня ахоп будзе стапрацэнтны.

Вынік сапраўды добры. Дзеці сталі лепш есці. У нас больш за 65 працэнтаў школьнікаў харчуюцца за кошт сродкаў бюджэту. Гэта вялізныя грошы. Але і такі ж вялізны клопат аб маладым пакаленні. Цяпер мы дасягнулі таго балансу, калі дзеці сыты і задаволены, а ўкладзеныя ў іх харчаванне бюджэтныя рублі выкарыстоўваюцца эфектыўна.

Паспяховая рэалізацыя эксперымента фарміравалася з трох складнікаў. Першае — гэта тое, што гатуем. Тэхналагічныя карты кардынальна змяніліся, быў распрацаваны прынцыпова новы іх зборнік. Пры правядзенні апрабацыі страў наладзілі зваротную сувязь з вучнямі і іх бацькамі. Нешта спадабалася, нешта — не. У выніку ў школьнае меню ўвайшлі менавіта тыя стравы, якія атрымалі станоўчую ацэнку.

Другі складнік — аснашчанасць харчаблокаў. Мы цудоўна разумеем: каб прыгатаваць і накарміць 1,5-2 тысячы школьнікаў штодзень, — а ў цэлым у Беларусі штодзень харчуецца 1 мільён дзяцей, — патрэбны адпаведныя магутнасці і сучаснае тэхналагічнае абсталяванне. Параканвектаматы, міксеры, фростары, дэфростары — усё гэта сёння ёсць у школьных харчаблоках. А цяпер мы фактычна заканчваем аснашчэнне іх пасудамыечнымі машынамі.

Наступны складнік — кваліфікацыя кухараў. Усе яны ў свой час прайшлі кваліфікацыю і сёння маюць неабходны чацвёрты разрад.

Міжнароднае супрацоўніцтва

— Раскажыце аб міжнародных кантактах міністэрства. Як яны змяніліся ва ўмовах санкцый? Скарацілася супрацоўніцтва ці, наадварот, павялічылася, але ўжо па іншых напрамках і што гэта дае айчыннай сферы адукацыі?

— Працягваем сур’ёзнае супрацоўніцтва з краінамі Садружнасці. Нядаўна адбылося пасяджэнне сумеснай калегіі профільных міністэрстваў Расійскай Федэрацыі і Беларусі. Спектр пытанняў, якія былі там разгледжаны, выйшаў за рамкі парадку дня. У нас шмат агульных тэм, а ўзровень узаемадзеяння з расійскімі калегамі дасягнуў той фазы, калі мы не проста размаўляем на адной мове, глядзім у адным напрамку. Мы чытаем адно аднаго без слоў. Што датычыцца важных дамоўленасцяў, то цяпер адпрацоўваем механізм перадачы нашых навучальных дапаможнікаў па прыродазнаўчанавуковым блоку школьных падручнікаў і падручнікаў з каледжаў Расіі для таго, каб на іх аснове там зрабілі сваю лінейку нацыянальных навучальных дапаможнікаў. Для нас гэта высокая ступень даверу: расійскія калегі будуць браць нашы дапаможнікі ў якасці прыкладу або асновы для складання сваіх. Мы дасягнулі таксама сур’ёзных дамоўленасцяў у развіцці інклюзіўнай адукацыі. Тут наадварот — у нас ёсць сур’ёзная цікавасць да тых напрацовак, якія маюцца ў расійскіх калег: гэта і сур’ёзная навуковая школа, і добрае метадычнае забеспячэнне, а галоўнае — расіяне гатовы не проста цалкам аддаваць свае распрацоўкі, але суправаджаць іх укараненне. Для нас гэта мае значэнне — суправаджэнне спецыялістаў значна паскорыць час не толькі асэнсаванне гэтых распрацовак, але і выкарыстанне іх у рэальным жыцці.

Асацыяцыя школ Беларусі і Расіі — яшчэ адзін важны інструмент супрацоўніцтва. Педагогі брацкіх краін на пастаяннай аснове абменьваюцца вопытам, настаўнікі праводзяць тэлемасты, ідзе абмен дэлегацыямі, прычым не толькі ў галіне адукацыйнай, але і выхаваўчай. У асацыяцыю ўжо ўваходзіць больш за 500 школ, але тэмп росту такі, што, я думаю, у далейшым колькасць устаноў адукацыі гэтай арганізацыі павялічыцца кратна.

Увесну адбыўся вялікі візіт дэлегацыі Міністэрства адукацыі ва Узбекістан. Там таксама дасягнута шмат дамоўленасцяў. Напрыклад, выйшлі на цікавы праект — падрыхтоўку кадраў для ўстаноў дашкольнай адукацыі Узбекістана — і рыхтуемся адкрыць там сумесны факультэт, дзе беларускія выкладчыкі будуць рыхтаваць узбекскіх выхавацеляў. Другі сур’ёзны напрамак — гэта падрыхтоўка кадраў рабочых спецыяльнасцяў. Мы фактычна пад ключ плануем стварыць ва Узбекістане цэнтр апераджальнай падрыхтоўкі, цэнтры кампетэнцыі, якія будуць рыхтаваць высакакласных спецыялістаў для прамысловасці краіны.

Мы плануем таксама ўдзел у форуме міністраў адукацыі краін БРІКС. І ўжо сёння ў якасці запрошаных членаў прымаем удзел у рабоце міністраў адукацыі краін ШАС. Спадзяёмся пры падтрымцы Расійскай Федэрацыі і Кітайскай Народнай Рэспублікі стаць не проста актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, але і прыняць у сябе чарговае пасяджэнне кіраўнікоў адукацыйных ведамстваў.

Дынамічна развіваецца і афрыканскі вектар. Сёння ўжо відавочна, як расце колькасць студэнтаў з гэтага кантынента, якія вучацца ў нас у краіне. Зімбабвэ, Экватарыяльная Гвінея і іншыя... Калі казаць аб геаграфіі супрацоўніцтва, то яна пастаянна пашыраецца, і сёння гэта ўжо больш за 100 краін свету. У нас навучаецца больш чым 30 тысяч замежных студэнтаў. І ёсць куды расці. Але гэта не самамэта. У аснову мы ўсё ж павінны ставіць якасць падрыхтоўкі нашых студэнтаў для эканомікі Беларусі.

Алена ВІНАГРАДАВА

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.