Вы тут

Міжнародны форум па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях «ТІБА-2024» адкрыўся ў Мінску


«ТІБА-2024» — мерапрыемства юбілейнае. Форум праходзіць у Мінску трыццаты раз. Наведвальнікам прапаноўваюць пазнаёміцца, напэўна, з рэкорднай колькасцю айчынных высокатэхналагічных і інавацыйных праектаў. Так, напрыклад, 18 арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі дэманструюць каля 60 інавацыйных распрацовак і тэхналогій.


Сёлета на адкрыцці форуму вялікая ўвага была аддадзена яго гісторыі і значнасці для Беларусі. За 30 гадоў існавання «TІБА» ўнёс значны ўклад у лічбавае развіццё краіны: тут упершыню былі прадстаўлены тэхналагічныя распрацоўкі і галіновыя ІТ-рашэнні, якія ў далейшым знайшлі прымяненне ў розных сферах гаспадарання, навукі і вытворчасці.

Асноўная тэматыка «ТІБА-2024» — забеспячэнне кібербяспекі і ўмацаванне тэхналагічнага суверэнітэту нашай краіны, гаворыцца ў прывітанні кіраўніка дзяржавы ўдзельнікам і гасцям XXX Міжнароднага форуму па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях, якое агучыў першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў.

— Рашэнні, што дэманструюцца на форуме «ТІБА», ствараюць імідж Беларусі як ІТ-краіны, — падкрэсліў на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця міжнароднага форуму па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях «ТІБА-2024» прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.

Упершыню «ТІБА» адбыўся ў далёкім 1994 годзе, і першапачаткова ён быў арыентаваны на сувязістаў, інжынераў, праграмістаў. Тады форум вырашаў задачы па ўдасканаленні тэхналогій фіксаванай сувязі, стварэнні базавых інфармацыйных рэсурсаў, аўтаматызацыі кадравага і бухгалтарскага ўліку, дакументаабароту, архіўнага захоўвання.

— З таго часу сфера ІКТ у свеце і ў Беларусі ў сваім развіцці пайшла далёка наперад. Паралельна змяняўся і форум, набываючы ўсё больш удзельнікаў і стымулюючы цікавасць грамадства да тэхналагічнага прагрэсу, — адзначыў прэм’ер-міністр.

Сёння «ТІБА» адлюстроўвае шырокі спектр актуальных тэндэнцый укаранення інфармацыйных тэхналогій у дзяржаўным кіраванні, эканоміцы, сацыяльнай сферы, прыцягваючы не толькі прафесіяналаў галіны, але і прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, бізнес-супольнасці, арганізацый сістэмы адукацыі і шырокае кола канчатковых спажыўцоў, а гэта ўсё грамадзяне нашай краіны, дадаў Раман Галоўчанка.

«Створаны ўмовы для лічбавай трансфармацыі»

«ТІБА» — найбольш значная падзея ў сферы ІКТ Беларусі, магчымасць аналізу міжнароднага вопыту, стану і перспектыў лічбавага развіцця, абмеркавання сучасных тэндэнцый развіцця ІT-сферы. Сярод яго ўдзельнікаў — органы дзяржаўнага кіравання, міжнародныя арганізацыі і дыпламатычныя місіі, замежныя афіцыйныя дэлегацыі, прафесійныя і бізнес-асацыяцыі, навукова-даследчыя і адукацыйныя ўстановы, дзяржаўныя і прыватныя кампаніі. У гэтым годзе, як і ў папярэднія, у «ТІБА» прымаюць удзел буйныя вытворцы тэлекамунікацыйнага абсталявання, апаратных сродкаў і праграмнага забеспячэння, кампаніі-аператары мабільнай і фіксаванай сувязі, распрацоўшчыкі і пастаўшчыкі высокатэхналагічных прадуктаў, сістэм бяспекі, інтэлектуальных рашэнняў і сэрвісаў. Менавіта ім трэба вырашаць надзённыя задачы ў сферы «высокіх тэхналогій».

Сярод такіх задач Раман Галоўчанка назваў неабходнасць па максімуме перавесці ўзаемадзеянне дзяржавы, грамадзян і бізнесу ў лічбавы фармат.

— У нашай дзяржаве ёсць усе ўмовы для дынамічнай лічбавай трансфармацыі, — адзначыў прэм’ер-міністр. — Сфарміравана неабходная нарматыўная прававая база, створана школа па падрыхтоўцы спецыялістаў ІТ-сферы. У якасці падмурка для ўкаранення і эфектыўнага функцыянавання ІТ-рашэнняў выступае развітая тэлекамунікацыйная інфраструктура. Яна забяспечвае высокую хуткасць сувязі, яе надзейнасць, шырокае пакрыццё, стабільнае падключэнне, што з’яўляюцца базавымі ўмовамі для лічбавага развіцця. У эпоху, калі ІT-тэхналогіі акаляюць чалавека практычна паўсюль, наш прыярытэт — максімальны перавод узаемадзеяння дзяржавы, грамадзян і бізнесу ў лічбавы фармат. Гэта і ёсць адзін з найважнейшых элементаў дэбюракратызацыі работы дзяржаўнага апарату.

Многае ў гэтым кірунку ўжо зроблена.

— Мы алічбавалі разлік падаткаў грамадзян, мытныя і падатковыя дэкларацыі, цалкам перавялі ў электронны від збор статыстычнай інфармацыі, у тым ліку ў працоўнай сферы — улік даходаў, працоўнага стажу, пенсій, — падкрэсліў Раман Галоўчанка. — Беларусь першай сярод краін СНД правяла перапіс насельніцтва ў электронным фармаце. У «лічбе» кантралююцца кошты ў будаўніцтве, цэны імпартных тавараў. Створаныя сістэмы дазваляюць ацэньваць усе стадыі росту цаны на тавар, прадказваць сезонныя ваганні, узнікненне лішку або недахопу пэўных тавараў і з’яўляюцца незаменным інструментам у працэсе рэгулявання надзённых пытанняў цэнаўтварэння.

Адзначыў прэм’ер-міністр, адкрываючы «ТІБА-24», і значны прагрэс у сферы электроннага ўрада:

— З 2014 года выдадзена амаль два мільёны сродкаў электроннага лічбавага подпісу для юрыдычных і фізічных асоб. Штомесяц ажыццяўляецца больш за 10 мільёнаў транзакцый па аказанні 233 відаў электронных паслуг і 330 відаў адміністрацыйных працэдур. Да сістэмы электроннага дакументаабароту падключана каля 17 000 арганізацый. Штомесяц па гэтым канале перадаецца каля мільёна дакументаў.

У рамках дзяржпраграмы «Лічбавае развіццё Беларусі» ўкаранёна адзіная сістэма ўліку і апрацоўкі зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, адзіны рэестр ліцэнзій, інфармацыйная сістэма «Вітрына лічбавых праектаў» і іншыя рашэнні. Для зручнасці прадстаўлення насельніцтву дзяржаўных паслуг распрацаваны мабільны дадатак, які дае магчымасць выкарыстоўваць ідэнтыфікацыю карыстальніка з дапамогай ІD-карты, сказаў Раман Галоўчанка.

Адзін з самых «прасунутых» у сферы ІT — фінансава-крэдытны сектар нашай краіны, звярнуў увагу прэм’ер-міністр:

— Развіваюцца бескантактныя тэхналогіі і плацежныя сэрвісы. Кожны банк аказвае паслугі мабільнага і інтэрнэт-банкінгу. Створана сістэма аплаты праезду па QR-кодзе. Больш за 85% юрыдычных і каля 70% фізічных асоб узаемадзейнічаюць з банкаўскімі ўстановамі ў рэжыме анлайн. У рамках замяшчэння замежных сэрвісаў працягваецца развіццё айчынных рашэнняў бескантактнай аплаты (гэта «Белкарт Pay» і «Оплати»). Істотна вырасла і доля безнаяўных разлікаў у рознічным тавараабароце. Калі ў 2019 годзе яна складала крыху менш за 45%, то па выніках першага квартала бягучага года ўжо амаль 60%. Перспектыўным напрамкам развіцця электронных форм безнаяўных разлікаў з’яўляецца лічбавы рубель. Нацыянальным банкам распрацавана і зацверджана канцэпцыя беларускага лічбавага рубля, вядзецца распрацоўка платформы на адкрытым блокчэйне. Гэта робіцца ўжо сёння. Мы бачым вялікую цікавасць да розных лічбавых сэрвісаў, паколькі зручна ўзаемадзейнічаць з дзяржавай не выходзячы з дому і атрымліваючы імгненны вынік.

Задачы і прыярытэты

У ліку найбольш прыярытэтных задач Раман Галоўчанка назваў будаўніцтва сеткі 5G з прынцыпова новай архітэктурай бесправаднога шырокапалоснага доступу, што дасць магчымасць укараніць найноўшыя сусветныя тэхналогіі ў розных галінах эканомікі і сацыяльнай сферы; стварэнне платформы «Разумны горад» для прадстаўлення насельніцтву шырокага набору лічбавых сэрвісаў з мэтай забеспячэння камфортнага асяроддзя пражывання (на першым этапе — у 17 гарадах краіны), а таксама перавод больш за 400 адміністрацыйных працэдур у электронны выгляд. Напрыклад, плануецца перавесці ў лічбавы фармат працэсы рэгістрацыі аўтамабільнага транспарту, атрымання вадзіцельскага пасведчання, найму або арэнды жылля і г. д.

У гэтым годзе «ТІБА» прадугледжвае вельмі насычаную праграму: за тры дні дзейнасці выставы адбудуцца VІ Еўразійскі лічбавы форум, ІV Форум «Лічбавая эканоміка», VІІ Беларускі ІКТ-саміт, Фестываль лічбавых тэхналогій і мноства іншых мерапрыемстваў. У тым ліку круглы стол «Інтэлектуальная ўласнасць і інфармацыйныя тэхналогіі» і маладзёжны форум «Мы — будучыня лічбавай Беларусі». Пройдзе цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсаў «Інтэрнэт-прэмія ТІБА», «Інтэрнэт-маркетынг ТІБА» і Міжнароднай Scratch Алімпіяды па крэатыўным праграмаванні сярод школьнікаў.

Зразумела, што і сёння, нягледзячы на ўсеагульную «лічбавізацыю», «ТІБА» ў першую чаргу разлічана на прафесіяналаў. Але нават калі вы ніяк не звязаны са сферай высокіх тэхналогій, пабываць на выставе «лічбавых дасягненняў» будзе цікава і карысна. Па-першае, таму што тэхналогіі імкліва мяняюць нашу штодзённасць, становячыся яе часткай: тое, што яшчэ ўчора здавалася фантастыкай, сёння ўжо звыклы антураж нашых будняў. А па-другое, на «ТІБА» і сёлета дастаткова «высокатэхналагічных забаў» — таго, на што можна проста паглядзець і здзівіцца, як тэхналогіі здольныя мяняць наша жыццё. Застаецца нагадаць, што, як заўсёды, праходзіць «ТІБА-2024» на пляцоўцы культурна-спартыўнага комплексу «Мінск-Арэна» і прадоўжыцца да 8 чэрвеня.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Загаловак у газеце: Погляд у будучыню

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Эканоміка

Першыя —  найлепшыя!

Першыя — найлепшыя!

Віцебшчына ўвайшла ў актыўную фазу ўборкі па ўсіх культурах. 

Грамадства

Тое,  што вырасцілі самі

Тое, што вырасцілі самі

За шэсць месяцаў гэтага года нарыхтоўшчыкі Белкаапсаюза выплацілі насельніцтву 146 мільёнаў рублёў.