Вы тут

Навошта Літву напампоўваюць зброяй?


Міністэрства эканомікі Літвы падпісала дагавор аб будаўніцтве ў краіне нямецкім абаронным канцэрнам Rheіnmetall завода па вытворчасці боепрыпасаў. Пра гэта паведаміла ТАСС са спасылкай на літоўскае ведамства. «Прыход да нас Rheіnmetall з’яўляецца важным крокам па забеспячэнні неадкладных патрэб Літвы ў сферы абароны і бяспекі, забеспячэнні неабходнымі боепрыпасамі», — прыводзяцца ў паведамленні словы міністра эканомікі і інавацый Аўшрынэ Арманайтэ. Падпісанне дагавора стала вынікам кансультацый і перагавораў, на якія спатрэбілася каля 10 месяцаў. Завод нямецкага канцэрна будзе вырабляць артылерыйскія снарады калібру 155 мм. Сцвярджаецца, што аб’ёмы вытворчасці складуць «дзясяткі тысяч боепрыпасаў за год». Будаўніцтва ваеннага завода праходзіць у агульным рэчышчы «германізацыі» прыбалтыйскай рэспублікі, бо нядаўна там яшчэ пачалося размяшчэнне сіл бундэсвера. Што ж адбываецца ў Літве?


Без дазволу

Яшчэ ў пачатку красавіка міністр эканомікі і інавацый Літвы Аўшрынэ Арманайтэ анансавала, што Вільнюс падпіша кантракт з германскім канцэрнам Rheіnmetall аб пабудове завода боепрыпасаў на тэрыторыі Літвы. «Актыўна працуем з прадстаўнікамі Rheіnmetall. Спадзяёмся на тое, што пэўныя дамоўленасці будуць падпісаны», — сказала тады Арманайтэ. Паводле яе слоў, на гэтым заводзе плануецца вырабляць артылерыйскія снарады стандартнага для НАТА калібру 155 мм.

Крыху раней урад Літвы адобрыў папраўкі да заканадаўства, якія дазволяць буйным заходнім вытворцам зброі будаваць заводы на тэрыторыі рэспублікі, нагадаў іz. ru. У прыватнасці, літоўскае Мінэканомікі прапанавала ўстанавіць парадак, пры якім будаўніцтва буйных праектаў ваенна-прамысловага комплексу можна пачынаць і без адпаведнага папярэдняга дазволу з боку мясцовых самакіраванняў. Таксама мяркуецца дазволіць узвядзенне такіх заводаў без папярэдняй працэдуры тэрытарыяльнага ўзгаднення з муніцыпалітэтамі.

Інвестары не будуць абавязаны інфармаваць грамадскасць, дзе мяркуецца будаваць ваенныя заводы, запрашаць жыхароў да ўдзелу ў разглядзе праектных прапаноў і паведамляць ім аб пачатку будаўнічых работ. Наогул, вялікія інвестыцыі ў ваенную прамысловасць стануць прызнавацца «вельмі важнымі для бяспекі дзяржавы». І меркаванне насельніцтва ў разлік прымацца не будзе.

Кабінет міністраў звярнуўся да парламента з просьбай зацвердзіць гэтыя папраўкі ў тэрміновым парадку. Намеснік Арманайтэ Караліс Жамойціс адзначыў: «Мы спадзяёмся, што праект вельмі важны — як з пункту гледжання нацыянальнай бяспекі, так і з пункту гледжання эканомікі». Пры гэтым чыноўнік заўважыў, што папраўкі рыхтуюцца спецыяльна для зручнасці Rheіnmetall. Па яго словах, пакуль яшчэ нямецкі канцэрн не вызначыўся, дзе менавіта ў Літве можа быць пабудаваны яго завод. Напрыканцы сакавіка прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманітэ паведаміла, што ў іх з немцамі ўзніклі рознагалоссі наконт гэтага прадпрыемства: хто і ў якім аб’ёме яго прафінансуе і дзе яно размесціцца.

Вялікі куш

Rheіnmetall (яго штаб-кватэра знаходзіцца ў Дзюсельдорфе) цяпер самае паспяховае з нямецкіх прадпрыемстваў, канцэрн завалены замовамі. Так, паводле звестак галіновых колаў, кампаніі ваенна-прамысловага комплексу KMW і Rheіnmetall падвояць вытворчасць танкаў Leopard з цяперашніх 48 да прыкладна сотні адзінак у год. Таксама Rheіnmetall са з’яўленнем новага вытворчага прадпрыемства ва Унтэрлюсе (Ніжняя Саксонія) і заводаў, запланаваных у Літве і ва Украіне, хоча нарасціць да 2027 года сваю вытворчасць снарадаў да 1,1 мільёна за год, паведаміла іz.ru.

Сёлетні план — 700 тысяч снарадаў. Боепрыпасы будуць пастаўляцца ў першую чаргу бундэсверу і саюзнікам па Германіі па НАТА — такім, напрыклад, як Нарвегія або Славакія, што зменшылі свае запасы з-за паставак ва Украіну, а таксама ўласна Кіеву. Зрэшты, па словах нямецкіх ваенных экспертаў, нават такіх пашыраных магутнасцяў будзе недастаткова для задавальнення ўсіх патрэб, асабліва ў артылерыйскіх снарадах, якія, з улікам патрэб Украіны, трэба вырабляць, па словах спецыялістаў, у колькасці не менш за 5,5 мільёна штук штогод.

У мінулым годзе Rheіnmetall нарасціў выручку на 12%, прыбытак — на 19 працэнтаў, пры гэтым абодва паказчыкі абнавілі рэкорды. Як зазначаецца ў прэс-рэлізе кампаніі, выручка ў мінулым годзе перавысіла 7,1 мільярда еўра, аперацыйны прыбытак — €918 млн. Партфель заказаў таксама ўстанавіў новы гістарычны максімум, павялічыўшыся на 44 працэнты (да €38,3 млрд). Чысты прыбытак узрос да €535 млн (у параўнанні з €474 млн годам раней).

Сёлета Rheіnmetall чакае росту выручкі прыкладна да 10 мільярдаў еўра. «Пачалося новае дзесяцігоддзе ў гісторыі палітыкі ў сферы бяспекі. У гэтай сітуацыі мы ў Rheіnmetall удзячныя за магчымасць унесці рашучы ўклад у аднаўленне абараназдольнасці нашай краіны. Мы не шкадуем сябе, каб выканаць гэтую задачу нацыянальнага значэння. Мы актыўна інвестуем, будуем новыя заводы і сур’ёзна пашыраем штат», — патэтычна заявіў кіраўнік кампаніі Армін Папергер.

«Германізацыя» ў дзеянні

Як адзначыла іz. ru доктар палітычных навук, прафесар Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта Наталля Яроміна, Літва ў якасці галоўнага свайго знешнепалітычнага арыенціра ў рамках ЕС прыняла менавіта Германію. Гэта выяўляецца не толькі ў жаданні пабудаваць на сваёй тэрыторыі завод Rheіnmetall. Летась у Літве захацелі купіць партыю германскіх танкаў «Леапард», што павінна было абысціся тамтэйшаму падаткаплацельшчыку ў два мільярды еўра. Аднак міністр абароны Лаўрынас Кашчунас паведаміў, што гэтая здзелка «завісла». Верагодна, праблема заключаецца ў тым, што ў Германіі няма «лішніх» танкаў, каб прадаць іх Вільнюсу. «Канчатковае рашэнне павінна быць прынята восенню ў залежнасці ад эканамічнай сітуацыі», — лічыць міністр абароны Літвы.

Затое ўвасабляецца таксама прыняты летась план размяшчэння на літоўскай тэрыторыі брыгады бундэсвера. 8 красавіка міністр абароны ФРГ Барыс Пісторыус адправіў у Літву першых 20 вайскоўцаў-добраахвотнікаў з навастворанай брыгады «Літва». Адпраўляючы іх у аэрапорце Берліна, Пісторыус заявіў: «Вялікі дзень для брыгады, сёння ўпершыню яна становіцца бачнай. Важны дзень для бундэсвера. Адбываецца разгортванне падраздзялення за межамі Германіі, пачатак разгортвання. Гэта важны дзень і для НАТА, і для абараназдольнасці альянсу. Праз дзевяць месяцаў пасля прыняцця рашэння, праз тры месяцы пасля падпісання пагаднення паміж Літвой і Германіяй яны адпраўляюцца ў шлях, рыхтуюць дарогу для перадавога камандавання, для штаба, каб налета насамрэч пачаць фарміраванне брыгады».

Як нагадала Наталля Яроміна, гэта першы раз у пасляваеннай гісторыі Германіі, калі яна на пастаяннай аснове размяшчае свой вайсковы кантынгент у чужой краіне, і зусім невыпадкова гэтай дзяржавай стала менавіта Літва. «Што ж датычыцца будаўніцтва завода Rheіnmetall у Літоўскай Рэспубліцы, то яго стварэнне ўкладваецца ў зацверджаны Еўрасаюзам план падтрымкі Украіны да 2027 года. Падобны праект сведчыць аб тым, што ў цяперашніх рэаліях лепш за ўсё сябе ў Еўрасаюзе адчуваюць лабісты ваенна-прамысловага комплексу, якія паступова перацягваюць у гэтую сферу ўсё больш фінансаў, — падкрэсліла эксперт. — Вядома, літоўская эканоміка мае вялікую патрэбу ў інвестыцыях. Аднак з імі цяпер там цяжка. І самы надзейны спосаб атрымання інвестыцый — прыцягнуць іх у ваенную сферу».

Для ўласнай кішэні

У мінулым месяцы стала вядома, што Вільнюс актыўна вядзе перагаворы з ЗША (а як жа без іх) аб магчымасці вытворчасці боепрыпасаў амерыканскай кампаніяй Northrop Grumman на тэрыторыі Літвы. Пра гэта паведаміла ТАСС са спасылкай на заяву міністра абароны Лаўрынаса Касчунаса, які знаходзіўся з візітам у ЗША, літоўскаму тэлеканалу LNK. Касчунас адзначыў, што ў найбліжэйшыя тыдні плануецца падрыхтаваць пратакол аб намерах, пасля чаго прадстаўнікі Northrop Grumman прыедуць у Літву для ацэнкі сітуацыі на месцы. Паводле яго слоў, магчыма, амерыканскія партнёры не захочуць будаваць новы завод, а пажадаюць выкарыстоўваць ужо існуючае прадпрыемства пад Каўнасам. Завод пад Каўнасам, пабудаваны ў 2001 годзе з выкарыстаннем вытворчых ліній з Францыі за 63,8 млн еўра, ужо займаецца вытворчасцю боепрыпасаў, пераважна калібру 5,65 мм і 7,62 мм, якія ўваходзяць у боекамплект БМП арміі Літвы.

Літва актыўна закупляе ўзбраенне не толькі ў саюзнікаў па НАТА, але і ў іншых краін Захаду. Адбываецца гэта на фоне таго, што сацыяльныя выдаткі балтыйскай краіны не дазваляюць у належнай меры падтрымаць уласнае насельніцтва. Як адзначыў Baltnews старшыня Сацыялістычнага народнага фронту Гедрус Грабаўскас, урад Літвы не можа забяспечыць належны ўзровень сацыяльнай падтрымкі ў краіне. Замест таго каб накіраваць грошы на сацыяльную дапамогу, стварэнне працоўных месцаў і іншыя патрэбы, урад выдаткоўвае надмерна вялізныя сумы на ваенную сферу і выплаты датацый чыноўнікам. «Цэнтральная ўлада не прымае законаў, накіраваных на паляпшэнне сацыяльнага забеспячэння. А чаму? Вельмі вялікія сумы адпраўляюцца ў вайсковую сферу».

У сёлетнім бюджэце Літвы прадугледжаны рэкордныя асігнаванні на патрэбы абароны ў памеры 2,75 працэнта ад валавога ўнутранага прадукту. Летась гэты паказчык складаў 2,52 працэнта. З 2025 года выдаткі будуць складаць не менш як 3 працэнты ВУП. Налета адпаведныя асігнаванні павінны быць запланаваны ў памеры 2,38 мільярда еўра. У 2026 годзе іх плануецца давесці да 2,5 млрд еўра, у 2027-м — да 2,6 млрд еўра. У 2030 годзе Вільнюс мае намер павысіць абаронныя выдаткі да 2,84 млрд еўра.

Як растлумачыла Наталля Яроміна, цяпер, калі літоўская эканоміка ў крызісным становішчы, самым выгадным спосабам падзарабіць там лічыцца атрыманне ваенных падрадаў. «Каб іх займець, бізнес гатовы ўпотай сунуць грошы ў кішэню палітыкам і вайскоўцам. Тым, каго дапусцілі да гэтай кармушкі, выгадна нагнятанне мілітарысцкай істэрыі, якое назіраецца ў Літве, — заўважыла эксперт. — Аднак гэта не столькі прыкмета гатоўнасці да рэальных ваенных дзеянняў, колькі выкарыстанне сітуацыі для ўласнага ўзбагачэння».

Тым часам стала вядома, што жыхары Літвы выступілі супраць будаўніцтва завода па вытворчасці боепрыпасаў нямецкага абароннага канцэрна Rheіnmetall. Аб гэтым паведаміла Baltnews. Па словах кіраўніка раёна Байсагала Рэнаты Масіўленэ, мясцовых жыхароў турбуе магчымы негатыўны ўплыў вытворчасці на эканоміку і экалогію рэгіёна. Кіраўнік раёна Байсагала Рэната Масіўленэ, дзе збіраюцца ўзвесці завод, заявіла, што адпаведныя навіны «як гром сярод яснага неба». Яна адзначае, што гэта ваеннае прадпрыемства, гэта непакоіць мясцовых жыхароў, якія перажываюць за сельскую гаспадарку і эканоміку рэгіёна. Аднак цэнтральныя ўлады гэта не хвалюе. Яны (з карысцю для ўласнай кішэні) ахвотна выконваюць загады сваіх замежных «інвестараў».

Даслоўна

«Літоўскія ўлады фінансуюць баевікоў для звяржэння законнай улады ў Беларусі»

Улады Літвы аказваюць падтрымку, у тым ліку фінансавую, каляваенным фарміраванням на яе тэрыторыі, якія ставяць за мэту звяржэнне законнай улады ў Беларусі. Аб гэтым у інтэрв’ю РІА «Новости» заявіў міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік.

«Інфармацыя, якой мы валодаем, якую мы давялі ў тым ліку па дыпламатычных каналах, сведчыць аб тым, што літоўскія ўлады не проста патураюць, яны фактычна падтрымліваюць і фінансуюць падрыхтоўку каляваенных фарміраванняў, якія ставяць за мэту звяржэнне законнай улады на тэрыторыі Беларусі і выкарыстанне тэрарыстычных, экстрэмісцкіх відаў дзейнасці ў адносінах да нашай краіны», — заявіў Сяргей Алейнік. Ён таксама дадаў, што Беларусь у курсе фактаў падрыхтоўкі і фінансавання такіх ваенізаваных фарміраванняў у Літве.

«Мы ніколі, гэта нашая прынцыповая пазіцыя, не стваралі праблем суседзям. Не робім гэтага і цяпер. Беларусь — міралюбівая краіна, — заявіў Сяргей Алейнік па выніках сустрэчы ў Мінску з венгерскім калегам Петэрам Сіярта. — Нам дастаткова сваёй зямлі. Мы не збіраемся ні на кога нападаць. Але і сядзець склаўшы рукі мы таксама не будзем».

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Для непаседаў і іх бацькоў

Для непаседаў і іх бацькоў

Пабывалі ў першай дзіцячай мультыбрэндавай краме «Світанак Непаседа» і даведаліся, што пачым.