Вы тут

«Вечны носьбіт мастацкіх твораў — папера...»


Завяршаецца падпісная кампанія на другое паўгоддзе 2024 года. Мы запыталі ў галоўнага рэдактара часопіса «Полымя» Віктара Шніпа, чым яны вырашылі прывабіць чытача.


— Якім будзе па змесце часопіс «Полымя» ў другім паўгоддзі 2024 года? Якія найболей цікавыя творы з сучаснай прозы прапануеце чытачам?

— Змест любога выдання залежыць ад тых твораў, якія напісаны і будуць напісаны сённяшнімі сучаснымі пісьменнікамі. Цяпер жа ні ў адно выданне сваіх новых апавяданняў, аповесцяў, раманаў не прапануюць ні Іван Шамякін, ні Уладзімір Караткевіч, ні Іван Мележ, ні Янка Брыль, ні Іван Пташнікаў, ні Міхась Стральцоў, ні Ян Скрыган... Але гэта не значыць, што нашы сучаснікі нічога значнага не напісалі і не напішуць. З цікавасцю чыталіся і мелі добрыя водгукі нядаўна надрукаваныя ў «Полымі» раманы Уладзіміра Гаўрыловіча «Любі бліжняга твайго...», Віктара Праўдзіна «Непераможны злом», Алеся Кажадуба «Партрэт», аповесці Зіновія Прыгодзіча «Чаромхавыя халады», Валянціны Кадзетавай «Лаліта з горада», Святланы Бязлепкінай «Півонеманія», Уладзіміра Васько «Горад пад вадой», апавяданні Алеся Бадака, Віктара Гардзея, Навума Гальпяровіча, Віктара Варанца... У другім паўгоддзі на старонках часопіса пабачаць свет першая частка новага рамана Уладзіміра Гніламёдава «У войску», алхімічна-філалагічны раман Людмілы Рублеўскай «Запавет Фаўста», апавяданні Алеся Бадака, Віктара Гардзея, Алены Брава, Алеся Ветаха, Івана Пяшко, працяг рамана «Божы дар» Георгія Марчука, які, на жаль, друкуецца ў раздзеле «Спадчына». Працягнем друкаваць успаміны Казіміра Камейшы «Па літфондаўскай пуцёўцы». На гэта раз будзе пра Кактэбель. Рыхтуюцца да друку дзённікі Вячаслава Адамчыка і Алеся Масарэнкі. Багаты ў нас партфель і на паэтычныя творы. У найбліжэйшы час можна будзе прачытаць вершы Міхася Башлакова, Алы Клемянок, Людмілы Кебіч, Іны Фраловай, Людмілы Воранавай, Галіны Бабарыкі, Сяргея Давідовіча, Ігара Пракаповіча…

— Як часта ўдаецца адкрыць новыя імёны? Ці можна сцвярджаць, што аўтарскі актыў выдання за апошнія дзесяцігоддзі ўжо трывала сфарміраваны?

— Новыя імёны, а гэта значыць, творы маладых літаратараў у першую чаргу адкрывае чытачам часопіс «Маладосць». Пасля ўжо некаторыя, найболей смялейшыя з іх, самі прапануюць нам свае вершы і апавяданні. І гэта добра, што моладзь не баіцца «Полымя». У другім паўгоддзі ўпершыню ў часопісе будуць змешчаны апавяданні Паліны Корневай і Максіма Хацкевіча. Дзякуючы нашым пастаянным і ўжо добра вядомым аўтарам, мы не маем праблем, што друкаваць. У нас існуе нават пэўная «чарга». Але перш-наперш усё ж друкуецца самае таленавітае і цікавае, што не папсуе аўтарытэт часопісу.

— Чаго не хапае вам як галоўнаму рэдактару з пункту гледжання тэматычнай прасторы мастацкіх твораў, што паступаюць у рэдакцыю? Напрыклад, як чытач я напружана чакаю, калі ж з’явіцца раман пра сучаснасць…

— Тэматыка твораў, якая прапануецца нашымі аўтарамі для друку, вельмі разнастайная. Але, на жаль, пра сучаснасць мала хто піша. Мы друкавалі раманы Уладзіміра Гаўрыловіча. Гэтыя творы выйшлі асобнымі кнігамі — і Уладзімір Гаўрыловіч стаў лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

Гісторыя беларускай літаратуры не такая ўжо цяпер і маленькая, і, аналізуючы яе, мы бачым, што мала хто ў свой час пісаў удалыя творы пра сваю сучаснасць. І ўсё ж мы спадзяёмся, што творы пра герояў нашага часу будуць напісаны, калі не старэйшымі празаікамі, дык моладдзю, якая нарадзілася ўжо ў дваццаць першым стагоддзі. Мяркуючы па іх творах, што друкуюцца на старонках часопіса «Маладосць», відаць, што сярод моладзі ёсць таленты, якія ў недалёкай будучыні заявяць пра сябе вельмі ярка. Я на гэта спадзяюся.

— Пра якія тэндэнцыі ў развіцці сучаснай беларускай паэзіі, зыходзячы з часопісных публікацый, можна весці гаворку?

— Літаратурны працэс ніколі не стаяў на месцы. І, калі нават сучаснікі паўтаралі ў многім сваіх папярэднікаў, гэта ўсё роўна быў шлях, які трэба было прайсці. Як нельга з панядзелка пераскочыць у пятніцу, не пражыўшы аўторак, сераду і чацвер, гэтак жа нельга, пачаўшы з раманаў, напісаць класічны раман. Гэта датычыцца маладых празаікаў, якім я заўсёды казаў і цяпер паўтару, што трэба пачынаць з кароткіх апавяданняў.

На сёння адчуваецца пэўны застой у паэзіі. Рэдка з’яўляюцца яркія творы. Прадстаўнікі майго пакалення і старэйшыя, на жаль, мала пішуць. Ды і колькасна з-за ўзросту нас засталося не дужа шмат. Я ўжо не кажу пра тых, хто пачынаў свой шлях у літаратуру ў 60–70-я гады мінулага стагоддзя. З іх у працоўным творчым стане засталіся адзінкі. І цяпер часцей друкуюцца тыя, хто пачынаў гадоў сорак таму, але ўвесь гэты мінулы час быў у літаратурным працэсе на другім плане, а то і зусім, калі можна так сказаць, у абозе. І таму моладзь часам арыентуецца не на найлепшае. Гэта відаць па публікацыях. Многія з маладых пачынаюць з белых вершаў, з хоку. Я разумею, што так прасцей пісаць: не трэба шукаць рыфмы і сачыць за рытмам. І ўсё ж я веру, што ў нас у паэзіі, дзякуючы моладзі, з цягам часу з’явіцца шмат выдатных твораў, напісаных у класічным стылі. Моладзь у нас таленавітая.

— Ці ўважлівыя крытыкі, літаратуразнаўцы да сучаснага літаратурна-мастацкага працэсу?

— Цяпер самае слабае месца ў беларускай літаратуры — гэта крытыка і літаратуразнаўства. Раней, гадоў трыццаць таму, не трэба было па сто разоў прасіць крытыка, каб ён напісаў рэцэнзію на тую ці іншую новую кнігу. І пісьменнікі самі пісалі на сваіх калег па пяры. І пісалі востра і цікава. Цяпер, на жаль, усе, хто мае пэўныя літаратурныя здольнасці, жадаюць быць празаікамі і паэтамі. І ўсё ж крытыкі ў нас ёсць. І сярод іх чалавек пяць-сем — аўтарытэтныя. Шкада, што мала пішуць. Магчыма, і чытаюць сучасную літаратуру мала.

— Ці сочыце за расійскімі літаратурна-мастацкімі перыядычнымі выданнямі? Што можна сказаць у частцы параўнанняў — і па зместу, і па тыражах?

— Сачу. І бачу, што і ў расійскіх літаратурна-мастацкіх перыядычных выданнях такія ж праблемы, як і ў нас. Праўда, у іх большы выбар, каго друкаваць, а каго — не. І, калі параўнаць зместы іх часопісаў і тыражы з нашымі, то мы не прайграём. А ў некаторых напрамках мы наперадзе.

— А ўвогуле — якой падтрымкі, увагі не хапае часопісу «Полымя»? Ці ёсць у вас зваротная сувязь з чытачом, падпісчыкамі?

— Сувязь з падпісчыкамі ў нас ёсць. Прыемна, калі тэлефануюць чытачы і дзякуюць за творы, якія мы надрукавалі ў часопісе, а яны іх прачыталі і атрымалі задавальненне. Прыемна чуць парады. Праўда, на жаль, у большасці гэта чытачы, якія ўжо выпісваюць часопіс па сорак, а то і па пяцьдзясят гадоў. Маладыя падпісчыкі не тэлефануюць. Але, я ведаю, яны ёсць. Часам бывае вельмі крыўдна даведацца, што пісьменнік, якога мы толькі што надрукавалі, просіць знайсці яму для архіва асобнік «Полымя» з яго творамі. Пасля гэтага хочацца крычаць: «Які ж ты пісьменнік, калі чытаеш толькі сябе!» З такімі аўтарамі не хочацца мець спраў.

Мы ў сваёй штодзённай працы маем плённае супрацоўніцтва з бібліятэкамі нашай краіны, з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, з усімі абласнымі аддзяленнямі СПБ і з Мінскім гарадскім. І рэдкалегія ў «Полымя» працоўная, а не ганаровая. Вялікі ўсім дзякуй за разуменне і падтрымку. Спадзяёмся, што і надалей будзеце з намі на сувязі і будзеце не толькі чытаць «Полымя», але і выпісваць і прапагандаваць яго.

— І такое амаль філасофскае пытанне... Наколькі доўгім вам падаецца век друкаваных, папяровых літаратурна-мастацкіх выданняў?

— Часопіс «Полымя» выходзіць у свет ужо амаль 102 гады. І яго далейшае існаванне залежыць ад кожнага з нас. І ў першую чаргу ад саміх пісьменнікаў, а пасля ўжо ад чытачоў. Электронныя выданні не замянілі і ўжо ніколі не заменяць папяровыя. Яны будуць існаваць паралельна. Публічныя і хатнія бібліятэкі не могуць быць без папяровых кніг, часопісаў і газет. Самы вечны носьбіт для мастацкіх твораў і інфармацыі — гэта папера.

Гутарыў Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.