Вы тут

На міжнародным праекце «Саярсізм» было прадстаўлена больш за 70 работ


«Мастацтва павінна працаваць на стварэнне, на памнажэнне прыгажосці ў нашым свеце» — такой думкі прытрымліваюцца ўдзельнікі і арганізатары міжнароднага праекта «Саярсізм», які прайшоў у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. У экспазіцыі было прадстаўлена больш за 70 работ жывапісу, графікі і скульптуры — яны прадстаўлялі гледачу ілюстрацыю саярсізму ў розных тэхніках ад мастакоў з васьмі краін свету.


Саярсізм — кірунак у сучасным мастацтве, і прыхільнікі характарызуюць яго як «новую хвалю рускага авангарда». Саярсічная тэорыя прапануе новую сістэму разумення мастацкай абстракцыі, у якой квадрат — гэта думка, кола — пачуццё, трохвугольнік — інтуіцыя, а больш складаныя фігуры, вобразы і формулы, адпаведна, — больш складаныя элементы свядомасці. Асаблівасць стылю ў тым, што яму ўласціва поўная ўніверсальнасць, у якой можна выкарыстоўваць рэалістычныя і абстрактныя мастацкія элементы, знакі, апісанні, агульныя ці ўласныя мастацкія рашэнні.

— Гэтая выстаўка — сведчанне, што мы стаім на парозе вялікага шэсця сучаснага мастацтва, народжанага ў Расіі, дзе некалі з’явіўся супрэматызм, канструктывізм, футурызм. І я хачу падкрэсліць, што наш праект дазволіць нам з часам — выстаўка за выстаўкай — сфарміраваць асяроддзе, куды будуць далучацца новыя мастакі, — падзяліўся дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь Сяргей Крыштаповіч. — Калі ў ХХ стагоддзі Беларусь і Расія далі свету Казіміра Малевіча, Марка Шагала, то сёння, спадзяюся, мы таксама зробім падобнае. І застанёмся ў кантэксце гэтай падзеі сярод людзей, якія змяняюць ход сусветнага мастацтва ХХІ стагоддзя…

Аўтарам канцэпцыі саярсізму стаў мастак Сяргей Дождж, і базіруецца гэты кірунак на спалучэнні навукі і мастацтва:

— Гэта навуковая абстракцыя. Заснавальнікі абстракцыі, гісторыя якой налічвае каля ста гадоў, стварылі абстрактнае мастацтва, але не патлумачылі, як абстрагавацца. А навуковая абстракцыя — калі мастакі ствараюць абстрактныя карціны, тлумачачы іх адзін аднаму і гледачу. Гэта тое ж, што мы робім у абстрактнай прасторы матэматыкі, фізікі ці квантавай механікі, — распавядае мастак, кандыдат мастацтвазнаўства, ганаровы член Расійскай акадэміі мастацтваў Сяргей Дождж. — У тэорыі саярсізму мастацтвазнаўчыя паняцці фарміруюць новую прастору мастацтва. Напрыклад, у рэалістычным жывапісе ёсць такое паняцце, як «перспектыва», а ў навуковай абстракцыі мы бачым, як яна змяняе сваё значэнне. Калі ў рэалістычным мастацтве тое, што далей, больш цьмянае, то ў навуковай абстракцыі бліжэй тое, што выклікае ў нас большы інтарэс... Яшчэ мы пачынаем актыўна развіваць сваю ўнутраную прастору. Змяняецца поўнасцю разуменне самой тэорыі творчасці. Яна становіцца пластычнай і бязмежна цікавай: мастак атрымлівае бясконцую пластыку на палатне і ў свядомасці. І крыніцай творчасці з’яўляецца ўжо наша творчае асяроддзе. Дадзеныя філасофскія абагульненні ў выніку выліваюцца ў філасофію творчасці, якая мае магутны ўплыў на чалавека і яго творчы патэнцыял.

Філасофія творчасці тут заснавана на тым, што магчыма абсалютна бясконцае творчае развіццё людзей, навакольнага свету. Ствараючы прыгажосць, мы ствараем — такі асноўны прынцып дадзенай тэорыі. Адначасова гэта можа аказаць вялікі ўплыў на мастакоў, на мастацтва і навакольнае асяроддзе. У прыватнасці, на палітыку, эканоміку, развіццё нейкіх глабальных працэсаў. Як адзначае эксперт, «калі звернемся да вядомай усім формулы Дастаеўскага «свет уратуецца прыгажосцю», то філасофія творчасці дазваляе зразумець, як тое можа адбыцца. Унутрана ствараючы на аснове прыгажосці, мы маем патрэбу ў ёй, і атрымліваецца, што насычаем свядомасць прыгажосцю і пачынаем уносіць прыгажосць у навакольнае асяроддзе. Сучасны свет рухаецца па шляху, які быў пракладзены яшчэ філасофіяй Ніцшэ: свет барацьбы, у якім мала творчасці, канфліктны свет звышчалавека. Саярсісцкая філасофія можа аказваць вялікі ўплыў на далейшае развіццё цывілізацыі за кошт унясення прыгажосці ў свядомасць дзякуючы мастацтву. Становіцца магчыма фарміраванне новага свету і свету чалавека-творцы.

Мастак перакананы, што і ў кантэксце сучаснай папулярнай канцэпцыі шматпалярнага свету дадзеная філасофія актуальная, паколькі валодае фактарам, які аб’ядноўвае, бо «для творцы ў любой краіне зразумела, што такое творчасць, стваральная яе сіла...» Новы мастацкі кірунак сёння мае сваіх прыхільнікаў, а ў планах Сяргея Дажджа — зладзіць серыю выставак па гарадах Беларусі і за мяжой, выдаць кнігу для дзяцей па саярсізме.

А ў Расіі творчы падыход імкнуцца ўкараняць і ў навучальны працэс. Так, у Маскоўскім політэхнічным універсітэце ўжо шэсць гадоў рэалізоўваецца праект арт-кластара «АРТ ПАЛІТЭХ». Па словах яго куратара, мастака Валянціна Рабава, стварэнне такой прафесійнай інжынернай структуры «дае магчымасць фарміраваць у сучаснай моладзі новы творчы падыход у вырашэнні тэхналагічных і прамысловых задач, якія стаяць перад грамадствам і дзяржавай». Арганізатары праекта правялі ўжо некалькі дзясяткаў выставак.

Алена ДРАПКО

Фота з сайта НЦСМ

Загаловак у газеце: Уратаваць свет творчасцю...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.