Вы тут

Курсанты акадэміі авіяцыі стварылі гурток па авіямадэляванні


Пошук цікавых герояў і нестандартных выкладчыкаў завёў нас у Беларускую дзяржаўную акадэмію авіяцыі. Менавіта там мы пазнаёміліся з двума курсантамі Аляксандрам Баранавым і Антонам Дзямко, якія ўжо год выкладаюць у гуртку па авіямадэляванні. 


З’яўленне гуртка — ініцыятыва Аляксандра Баранава.

— Яшчэ з 1 курса я быў зацікаўлены ў тым, каб адкрыць у акадэміі авіямадэляванне. У выніку, калі ўжо быў на трэцім курсе, нам вылучылі месца і дазволілі весці гурток, — дзеліцца малады чалавек.

Паводле яго слоў, авіямадэляванне — гэта асноватворны складнік любой авіяцыйнай спецыяльнасці, бо падчас заняткаў курсанты не толькі працуюць рукамі, але і вывучаюць будову самалёта.

Сам Аляксандр займаецца авіямадэляваннем ужо вельмі даўно.

— Мне было гадоў шэсць, калі я ўпершыню трапіў у лабараторыю. Павольна, але ўпэўнена пачаў займацца гэтай справай. Прызнаюся, не ўсё з першага разу атрымлівалася. Тым не менш да 10 гадоў мяне ўжо пачалі вазіць на спаборніцтвы, — успамінае ён.

Дарэчы, акрамя авіямадэлявання малады чалавек займаўся яшчэ рознымі цікавымі тэхнічнымі напрамкамі — такімі, як ракетамадэлізм, суднамадэлізм і аўтамадэлізм. І хлопец дасягнуў немалых вяршынь: напрыклад, на дадзены момант ён — майстар спорту Рэспублікі Беларусь па суднамадэльным спорце.

Другі выкладчык Антон Дзямко сёлета выпусціцца з альма-матар і стане дыпламаваным авіямеханікам.

— Яшчэ да паступлення ў акадэмію авіяцыі сам займаўся ў авіямадэльным гуртку ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі, там жа атрымаў свой першы вопыт у выкладанні. І тое шмат у чым абумовіла мой выбар прафесіі, — дзеліцца Антон Дзямко.

Вядома, пасля паступлення ў ВНУ малады чалавек не змог забыць сваё любімае хобі.

— Як толькі зразумеў, што ў мяне ёсць аднадумцы, якія хочуць стварыць авіямадэльны гурток у нашай акадэміі, то з радасцю падтрымаў гэтую ідэю і пагадзіўся дапамагчы, — успамінае ён.

На яго думку, авіямадэляванне, як і любы іншы напрамак тэхнічнай творчасці, дапамагае развівацца.

— Курсанты пачынаюць знаёміцца з інструментамі, вучацца працаваць рукамі і прымяняць на практыцы веды, якія ім даюць у школе. Напрыклад, яны не ведаюць, навошта ім чарчэнне, а тут без яго асноўных прыёмаў ніяк, — расказвае Антон Дзямко.

Авіямадэляванне — гэта не толькі кірунак тэхнічнай творчасці і спорту, але і ўклад у развіццё канструктарскай базы Саюзнай дзяржавы. Акрамя гэтага, у БДАА вядзецца распрацоўка лабараторый авіярухавікабудавання і плануецца адкрыццё новай спецыяльнасці па падрыхтоўцы авіяканструктараў у 2025 годзе.

Як жа праходзяць заняткі ў гуртку па авіямадэляванні?

— Першыя некалькі заняткаў прысвечаны ўступнай тэарэтычнай падрыхтоўцы. Перад выкладчыкам стаіць задача растлумачыць матэрыял, які праходзяць студэнты старэйшых курсаў, — дзеліцца Антон Дзямко.

Далей выдаюцца чарцяжы мадэлі, па прыкладзе якіх курсанты ствараюць уласны чарцёж. Толькі пасля гэтага яны атрымліваюць нарыхтоўкі і пераходзяць да вырабу дэталяў і састаўных частак.

Усяго гурток наведвае 24 чалавекі, дзве групы. Сярод іх — курсанты як з аддзялення сярэдняй спецыяльнай адукацыі, так і з факультэта грамадзянскай авіяцыі. Заняткі праходзяць два разы на тыдзень.

Па словах Антона Дзямко, калі чалавек спраўна працуе і рэгулярна наведвае заняткі, то першы свой самалёт (самы просты кідальны планёр) можа зрабіць усяго за два тыдні. Для больш сур’ёзных мадэляў спатрэбіцца часу больш. Так, праца ад чарцяжа да фінальнага самалёта можа заняць каля паўгода.

Сумяшчаць вучобу і выкладанне няпроста, аднак Антон Дзямко перакананы, што ўсе намаганні акупляюцца шматразова ў тым ліку і ў плане асабістай матывацыі.

— Як курсант вывучаю тэмы, якія дастаткова блізка стаяць з тэмамі авіямадэлявання па асноўным курсе. Атрымліваецца, што абавязаны ва ўсім разабрацца настолькі добра, каб патлумачыць іншым. Ты ніколі не можаш узяць і прапусціць нейкую тэму. Наадварот, заўсёды павінен быць пільны, каб ніхто не мог усумніцца ў тваім прафесіяналізме, — разважае малады чалавек.

Да таго ж гэта добрая практыка ў выкладчыцкай справе, бо знайсці індывідуальны падыход да кожнага — задача не з лёгкіх.

— Ва ўсіх розныя здольнасці. Хтосьці прыйшоў з вялікім багажом ведаў, хтосьці — з меншым. Важна да ўсіх ставіцца аднолькава і не ўзносіць асобных курсантаў над іншымі, — дзеліцца Антон Дзямко. — Калі чалавек дасягнуў пэўных поспехаў за больш кароткі тэрмін, гэта абавязкова трэба пазначыць перад усімі. Але разам з тым і ўсіх астатніх таксама трэба падцягваць да такога ж узроўню. Гэта стварае здаровую канкурэнцыю і спартыўную цікавасць.

У сваю чаргу Аляксандр Баранаў лічыць, што ў выкладанні самае галоўнае — выйсці на даверныя адносіны паміж выкладчыкам і курсантам:

— Так будзе прасцей даносіць нейкую інфармацыю і тлумачыць матэрыял.

Абодва хлопцы з такім захапленнем расказвалі аб авіямадэльным гуртку, што ў нас узнікла пытанне: а ці не хочуць яны звязаць сваё жыццё з выкладаннем? І яны ў адзін голас адказалі, што зробяць усё магчымае, каб застацца ў альма-матар у якасці педагогаў.

— Каб ісці непасрэдна ў авіяцыйную сферу, трэба вельмі моцна гарэць гэтым і разумець, якую адказнасць ты на сябе будзеш ускладаць. Зыходзячы з гэтага, магу зрабіць выснову, што я не інжынер, мне больш падабаецца педагогіка і выкладанне, — заключыў Аляксандр Баранаў.

А вось Антон Дзямко ўжо даўно зрабіў выбар і сёлета плануе размеркавацца ў БДАА і прадоўжыць весці авіямадэльны гурток.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Дзяліцца вопытам на роўных

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...

Сельская гаспадарка

 Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Гродзенскі раён традыцыйна ў ліку перадавых на Гродзеншчыне.