Вы тут

Ірына Іршонак: Народная песня такая моцная!


Наша гераіня выконвае ўнікальныя песні. За яе плячыма — музычны каледж у Наваполацку (спецыяльнасць «Дырыжыраванне»), работа ў хоры «Рэчанька» і фальклорным ансамблі каледжа «Вербіца», выступленне з заслужаным аматарскім калектывам Беларусі — вакальна-харэаграфічным ансамблем «Камарыкі» імя Часлава Клічко Палаца культуры ААТ «Нафтан». А цяпер дзяўчына студэнтка кафедры народна-песеннай творчасці і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. У прафесійным багажы — чатыры прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, удзел у тэлевізійным шоу Андрэя Малахава «Песні ад усёй душы». Спецыяльна для «Чырвонкі. Чырвонай змены» пра спецыфіку народнай песні і свой першы сольнік расказала наша госця — спявачка, салістка Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра сімфанічна-эстраднай музыкі імя М. Я. Фінберга Ірына Іршонак.


— Ірына, вы толькі ў пачатку свайго творчага шляху. А ўжо гэтай вясной далі першы сольнік. Раскажыце, як усё прайшло?

— Канцэрт прайшоў цудоўна. Таму што са мной былі блізкія людзі. Мерапрыемствам займаліся прафесіяналы. Рэжысёр Ігар Крывулька — майстар сваёй справы. Яго каманда — незвычайныя людзі, якія ўсё робяць настолькі дакладна і зладжана, што нам хапіла некалькі гадзін, каб усё падрыхтаваць. Вядома, без гукарэжысёра не абышлося. Арцём Крышчановіч, прафесіянал сваёй справы, зрабіў такі гук, аб якім можа марыць кожны артыст. Усё было сакавіта, весела, задорна. Канцэрт праходзіў у цікавым фармаце. Распачаўся з аўтэнтычных песень. Першай была «Азёры» Леаніда Захлеўнага. Сама з азёрнага краю, таму захацелася пачаць з яе, тым больш напісалі сучасную аранжыроўку. Аўтэнтычныя кампазіцыі плаўна пераходзілі да песень, прысвечаных радзіме, бацькам. Спявалі папулярныя беларускія творы, савецкую класіку — словам, разнапланавая праграма. Хацелася шмат чаго ахапіць, каб паказаць, чаму навучылася падчас вучобы на кафедры народна-песеннай творчасці і фальклору. Удзячна ўніверсітэту за тое, што далі магчымасць зрабіць сольны канцэрт. Таму што ў 22 гады можна толькі марыць аб сольніку, а пра тое, каб сабраць залу — і думаць не магла (усміхаецца). Упэўнена, гэтая падзея дасць добры старт маёй далейшай кар’еры.

— Ірына, а якія знакамітасці былі сярод гасцей?

— Вядома, без гасцей канцэрт не абышоўся. У ім прымалі ўдзел заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валерый Шмат. Ён напісаў песню «Зязюля», якую я выконвала. Выступалі ВІА «Чараўніцы». З імі выканала «Пах чабаровы», таму што гэта была мара яшчэ з часоў студэнцтва ў каледжы. Калісьці ўбачыла дзяўчат на канцэрце і не магла ўявіць, што буду з імі знаёмая, не тое каб праспяваць разам на адных падмостках ды яшчэ і саліраваць. Але жыццё — дзіўная рэч. Адбываюцца крутыя павароты. 

Прымала ўдзел у канцэрце і Святлана Бударына — вакаліст канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя М. Я. Фінберга. Мы выконвалі дуэт «Па-над белым пухам вішняў». Прайшло ўсё цудоўна, ярка, весела. Было шмат моладзі. Таму веру, што народная песня ўсё ж такі праб’е непахісную сцяну, якая не прапускае ў шырокія масы народную музыку. Мы на правільным шляху! Зала танчыла і весялілася, плакала і смяялася — было ўсё. Здаецца, увесь спектр эмоцый захапіла. Гэта для мяне вельмі важна. Усё атрымалася!

— Давайце пагаворым аб крыніцы натхнення. Напэўна, гэта ваша радзіма?

— Нарадзілася я на Віцебшчыне, у пасёлку Варапаева. Наша Паазер’е, Браслаўскія азёры, што блізка, — гэта ўсё настолькі захапляе! Прыкіпела ўсёй душой да гэтага куточка. І хочацца паказваць прыгажосць роднага краю ў песнях. Вакол такое хараство прыроды і не трэба нікуды ехаць! Галоўнае — гэта заўважыць, я гэта ўбачыла вельмі рана.

У сям’і нас трое — з братам і сястрой розніца ў дзесяць гадоў. Старэйшы брат адвучыўся ў мясцовай музычнай школе два класы. І сястра таксама яе скончыла. Баян па чарзе перайшоў да мяне. Настаўнікі параілі паспрабаваць спяваць.

— Раскажыце, калі ласка, з чаго пачаўся творчы шлях?

— З першага конкурсу «Пастаўскія зорачкі». Ездзіла туды пяць разоў, пакуль не перамагла (смяецца). Дзякуй педагогам — Валянціне Мікалаеўне Тамазанавай і Ірыне Валянцінаўне Козел. Яны паверылі ў мяне. Памятаю, Валянціна Мікалаеўна адразу сказала, што голас у мяне народны. Мне вельмі прыемна, што цяпер аднакурснікі слухаюць маю «Ягадку-малінку» і «Калитку».

— Дарэчы, а хто напісаў тэкст да песні «Калитка»?

— Мой дзядзька Міхась Кожух. Ён выкладчык беларускай мовы. Бязмерна ганаруся сваім таленавітым родзічам. Музыку прыдумаў Сяргей Ждановіч. Гэта мой прадзюсар, а яшчэ музыкант і рэжысёр. У Сяргея Эдуардавіча столькі праектаў!

— Якія конкурсы былі найбольш адказнымі?

— Я ўладальніца чатырох узнагарод спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Напэўна, трэба ісці па пятую (смяецца). Запомніўся фестываль-конкурс хрысціянскай народнай песеннай культуры «Опцінская вясна» ў Казельску. Жыць у манастыры Опцінай пустыні было проста неверагодна! Важным быў конкурс «Як на рэчцы было на Фантанцы» ў Санкт-Пецярбургу. Узяла лаўрэацтва другой ступені. Атрымала першую імянную стыпендыю. На трэцім курсе ўніверсітэта паехала туды другі раз і ўзяла не толькі першае месца, але і спецыяльны прыз — залатыя завушніцы ад рэктара. Ён пажадаў надзець завушніцы на першы мой сольны канцэрт. І ўсё яшчэ не верыцца, што гэта адбылося! Запомніўся трэці, важны ў маім жыцці радыёконкурс «Маладыя таленты Беларусі». Вельмі ўдзячна арганізатару Таццяне Якушавай. Конкурс даў мне чароўны штуршок, каб рухалася далей і не спынялася.

— Ірына, падзяліцеся, як удалося трапіць на тэлешоу да Андрэя Малахава?

— Я пастаянна займаюся з выкладчыкамі па пастаноўцы голасу — з Ларысай Віктараўнай Снапковай і з заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Наталляй Міхайлаўнай Раманскай. Падчас аднаго з такіх заняткаў мне патэлефанавалі з рэдакцыі Андрэя Малахава. Запрасілі на перадачу «Песня ад усёй душы». Было нечакана. Яны ўбачылі мой кліп і песню «Калитка». Праз тыдзень-другі, калі я ляжала дома хворая, паведамілі, што заўтра здымкі. Мы пачалі збірацца. Вечарам таго ж дня паехалі ў Варапаева рабіць рэпартаж. Маю хваробу як рукой зняло. У Маскву са мной паехала мама. Яна была ў такім захапленні! На здымках праграмы разам з усімі і плачаш, і смяешся. На час эфіру ўсе ўдзельнікі сталі як адна сям’я. Там адбываецца нейкая магія!

— Акрамя вучобы, вы яшчэ працуеце ў аркестры…

— Працую ў канцэртным аркестры сімфанічна-эстраднай музыкі імя М. Я. Фінберга. Туды трапіла нядаўна, шчасцю майму няма межаў. Быць у камандзе з такімі прафесіяналамі — вялікі гонар. Можа здацца, што народная песня і саксафон, труба, віяланчэль гучаць дзіўна. Але мы неяк знаходзім рашэнні.

— Сёлета Беларусь адзначае 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ці ёсць песні ваеннай тэматыкі ў вашым рэпертуары?

— Песня Людмілы Зыкінай «Памятаюць людзі». Пра моцную беларускую дзяўчыну, якая змагла адстаяць палоннага грузінскага салдата. Кожны раз, калі выконваю яе, — па целе дрыжыкі. Пражываю гісторыю са слязамі на вачах.

Мая бабуля па бацькавай лініі Марыя Емяльянаўна перажыла вайну. Яна 1928 года нараджэння, са Смаленска. Адна гісторыя, расказаная ёй, вельмі ўрэзалася ў памяць. Іх, юных людзей, прывялі да сцяны. Далі сказаць апошнія словы перад расстрэлам. І раптам дзесьці далёка рускі салдат пачаў страляць, каб адпудзіць немцаў. Ён выратаваў наш род. Сёння з маіх вуснаў гучыць песня, а значыць, жыццё працягваецца.

Дзякуючы песні «Памятаюць людзі» стала пераможцай другога сезона фестывалю «Вытокі». Народная песня такая моцная, кожнаму ў душу зойдзе! Фестываль даў чароўны старт і адкрыў для мяне шмат дзвярэй.

— Што пажадаеце нашым чытачам ў гэты святочны час?

— Яшчэ калі была маленькай, памятаю, кожны год хадзілі да манументаў, ускладалі кветкі да магілы абаронцаў. Паглядзіце, якая цяпер у нас цудоўная сталіца! Уяўляеш, што на гэтым месцы было 80 гадоў таму і дзівішся: горада практычна не існавала. А цяпер мы замілаваны ўсім вакол! У думках удзячна гэтым простым людзям, героям, якія здзейснілі незвычайны подзвіг. Таму шануйце мірнае неба над галавой! Любіце музыку і сваю краіну!

Надзея ЗУЕВА

Фота з уласнага архіва спявачкі і Ірэны ГУДЗІЕЎСКАЙ

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.