Вы тут

Пяць фактаў пра Пушкіна і Беларусь


Фота з адкрытых крыніц

«Народ то быў усё не такоўскі:

Сам Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі

І Гогаль шпарка каля нас

Прайшлі, як павы, на Парнас».

Памятаеце радкі з паэмы «Тарас на Парнасе», з таго раздзелу, дзе палясоўшчык Тарас назірае, як рознага кшталту люд караскаецца на Парнас, але не кожнаму ўдаецца вось так, павамі праляцець?

Што ж, імя Аляксандра Пушкіна стала сімвалам безумоўнага таленту. Калісьці беларускаму падлетку Кастусю Міцкевічу трапілася ў рукі брашурка серыі «Народная бібліятэка», якую прывез з кірмаша ягоны дзядзька Антось: вершы Аляксандра Пушкіна. І калі Кастусь адпраўляўся пасвіць кароў, у яго торбачцы заўсёды ляжаў патрапаны томік пушкінскай паэзіі. Калі Канстанцін Міцкевіч стаў народным паэтам Беларусі Якубам Коласам, пераклаў на беларускую мову паэму «Палтава»... Перакладаў Пушкіна і Янка Купала — у прыватнасці, «Меднага конніка». Але гэта далёка не адзіныя прыклады сувязі вялікага рускага паэта, чыё 225-годдзе адзначаецца сёлета, з Беларуссю. Давайце згадаем некаторыя факты. 

Магчымыя карані на Наваградчыне

Напачатку згадаем не факт, але гіпотэзу: некаторыя літаратуразнаўцы і гісторыкі абгрунтоўваюць версію пра беларускія карані Аляксандра Пушкіна. Ягоны далёкі продак, Грыгорый Пушкін, з’явіўся ў Маскву «из Новугородка». Хто ведае, магчыма, гэта не Вялікі Ноўгарад, як прынята лічыць, а беларускі Наваградак? Урэшце, Пушкіны герба «Шэліга» валодалі маёмасцямі ў Наваградскім, Мінскім, Мсціслаўскім ваяводствах, у «Малым гербоўніку Навагрудскай шляхты» пазначаны ўладальнік маёнтка 18 ст. Тамаш Пушкін. Вядомы архівіст Яўген Глінскі сцвярджае: «Прозвішча Пушкін даволі часта сустракаецца на беларускіх землях. Іх радавым гняздом было Мсціслаўскае ваяводства, яны там вядомы з 15 стагоддзя. Некаторыя з іх, сапраўды, перасяліліся на Наваградчыну». І ў гербе Пушкіна геральдысты ўгледжваюць агульныя рысы з гербам Мсціслаўля — наколькі можна зразумець, гэта рука ў латах з мячом. І само прозвішча «Пушкін» , магчыма, паходзіць не ад слова «пушка» ў сэнсе гармата, а ад старабеларускага слова «пушка», якое азначае скрыначку. Ёсць нават версія, што радавод Пушкіна пераплятаецца з радаводам полацкіх князёў.

Падарожжы паэта

Вядома пра два падарожжы Аляксандра Пушкіна праз беларускія землі. Першы раз — у 1820-м годзе. Падарожжа мела сумную падставу — паэт кіраваўся ў высылку ў Кішынёў. Другі раз ён пабываў на нашых землях у 1824-м годзе — таксама невясёлая была прышласць, бо ехаў у роднае Міхайлаўскае пад нагляд паліцыі. Праязджаў Пушкін праз Магілёў — чынавенства ўвагі на візіт крамольнага пісакі ўвагі не звярнула, а вось афіцэры Лубенскага палка, які кватараваў у Магілёве, зладзілі ўрачыстую сустрэчу. Афіцэр Распопаў запісаў у дзённіку: «6 августа 1824 года, когда перед манежем полковая музыка играла вечернюю зорю, а публика, пользуясь праздничным днем и приятною погодою, гуляла по Шкловской улице, проезжала на почтовых, шагом, коляска; впереди шел кто-то в офицерской фуражке, шинель внакидку, в красной шелковой, русского покроя рубахе, опоясанной агашником. Коляска поворотила по Ветряной улице на почту, я немедленно поспешил вслед за нею, желая узнать, кто приезжает. Смотритель сказал мне, что едет из Одессы коллежский асессор Пушкин».

Афіцэры занеслі паэта на кватэру згаданага Распопава на руках. Аж да чатырох раніцы лілося шампанскае і гучалі вершы, прычым госць збольшага імправізаваў.

Магілёў Пушкіну спадабаўся. Наведаў таксама па дарозе Воршу, Віцебск і Полацк. Кажуць, дзесьці нават беларускім сялянам вершы чытаў. Ну і тое-сёе з убачанага і пачутага тут у сваіх творах выкарыстаў. Даследчыкі, напрыклад, лічаць, што ўжытыя ў «Барысе Гадунове» выразы «Пей, да себя разумей», «Выпьем же чарочку за шинкарочку» Пушкін пачуў менавіта на Беларусі. У «Гісторыі Пугачова» згадваецца «раскольничья слобода» Ветка, шмат беларускіх рэаліяў у тэксце пра Пятра I, там, дзе апісваюцца ваенныя дзеянні і бойка пад Лясной, у «Гістарычных запісах» згадваецца шклоўскі тэатр графа Зорыча. Пісаў Пушкін і пра магілёўскага япіскапа Георгія Каніскага, чыя асоба яго ўразіла. 

Дуброўскі, чытай — Астроўскі

Мабыць, самы цікавы беларускі след у творчасці Пушкіна — гэта раман «Дуброўскі». Усе сходзяцца на тым, што прататыпам галоўнага героя стаў шляхціц Павел Астроўскі, які нарадзіўся у Раванічах на Ігуменшчыне ў 1809 годзе. 

Юны Павел застаўся сіратой. Падчас вайны 1812 года згарэлі дакументы на ягоны радавы маёнтак каля Дзісны. Хцівы сваяк прысабечыў уладанні Паўла Астроўскага... І малады чалавек застаўся літаральна на вуліцы. Не дапамаглі ніякія суды. Астроўскі ўзброіў сваіх сялян і ператварыўся ў класічнага высакароднага разбойніка. Забіраў у багацеяў лішняе, раздаваў бедным. Як і ў аповесці Пушкіна, для маскіроўкі працаваў хатнім настаўнікам у аднаго з памешчыкаў, Памарнацкага. Па ягоным даносе і быў арыштаваны. Пушкіну распавёў гісторыю маладога беларускага шляхціца сябар, маскоўскі мільянер Нашчокін, у якога меліся ўладанні на Віцебшчыне. Тое, што прататыпам Дуброўскага быў Астроўскі, пацвярджае ліст Пушкіна Нашчокіну ад 2 снежня 1832 года: «...честь имею тебе объявить, что первый том «Островского» кончен и на днях прислан будет в Москву на твое рассмотрение...». 

Пушкін недарэмна пасля трохі змяніў прозвішча героя: падчас напісання якраз ішлі актыўныя пошукі Астроўскага. Як дакладваў 26 сакавіка 1832 года палкоўнік Жукоўскі віцебскаму генерал-губернатару Хаванскаму, «содержащийся в г. Пскове в числе военнопленных польских и литовских мятежников уроженец Минской губернии Игуменского повета местечка Рованичи шляхтич Павел Островский, коему от роду 22 года, сего месяца марта 12-го числа неизвестно куда отлучился». То-бок — уцёк! 

Пушкін не дапісаў аповесць, далейшы лёс і літаратурнага героя, і яго прататыпа застаўся таямніцай.

Нашчадкі на беларускай зямлі

Напрыканцы ХХ стагоддзя навукоўцы налічылі больш за трыста нашчадкаў Аляксандра Пушкіна. Сярод іх восем дзясяткаў былі звязаныя з Беларуссю. Старэйшы сын Аляксандра Сяргеевіча, таксама Аляксандр, генерал, герой руска-турэцкай вайны, у другой палове 1860-х служыў у Віленскай ваеннай акрузе у камісіі па сялянскіх справах, потым камандаваў палком, які быў раскватараваны ў Наваградку. У яго было трынаццаць дзяцей, адзін з іх, Пётр, нарадзіўся ў Наваградку, памёр у пяць месяцаў і пахаваны на гарадскіх могілках. Магіла ўнука паэта дасюль захаваная. Старэйшая дачка Аляксандра Аляксандравіча Пушкіна Наталля выйшла замуж за Паўла Варанцова-Вельямінава, які служыў у палку, якім камандаваў яе бацька. Калі Варанцоў-Вельямінаў выйшаў у адстаўку, сям’я пераехала жыць у маёнтак яго маці пад Бабруйскам. Мясцовыя жыхары паматаюць пра дачку паэта, якая шмат зрабіла добрага — школа, храм, бальніца... Дарэчы, і беларускім фальклорам цікавілася, і нават ткала палотны з беларускім нацыянальным узорам. Кажуць, што ў цэнтры Бабруйска — у горадзе Варанцовы-Вельямінавы таксама мелі дом — растуць каштаны, пасаджаныя сям’ёй унучкі Пушкіна Наталлі. Наталля Аляксандраўна і пахаваная ў Цялушы, сваім маёнтку. У нашы дні ў вёсцы адбываюцца Пушкінскія чытанні. 

Пушкіны вызвалялі Беларусь

Натуральна, што нашчадкі Пушкіна зведалі на сабе ўсе перыпетыі гісторыі. Разам з усім народам перажылі і трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Дванаццаць нашчадкаў паэта ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай. Вядома, што праўнук паэта Грыгорый Грыгор’евіч Пушкін, унук генерала Аляксандра Аляксандравіча Пушкіна, падчас вайны дабравольцам пайшоў на фронт, быў партызанам, разведчыкам. Моцна кантужаны пры фарсіраванні Дняпра. Узначальваў атрад асобага прызначэння, удзельнічаў у вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

Нашчадкі Наталлі Варанцовай-Вельямінавай, што жылі на бабруйскай зямлі, таксама ваявалі з фашысцкай Германіяй. Паколькі гэта нашчадкі па жаночай лініі, прозвішча знакамітага прадзеда яны не ўспадчыннілі, але іх імёны засталіся для гісторыі: Сяргей Кліменка, Аляксандр і Алег Калагрывавы. Алег Калагрываў быў камандзірам узвода сувязі стралковай дывізіі Другога Беларускага фронта. Дайшоў да Берліна. Мінамётчык Алег Калагрываў таксама адважна біўся, як і брат, мае баявыя ўзнагароды... А сустрэліся браты, якія страцілі сувязь адзін з адным у ваенным ліхалецці, у кастрычніку 1945-га, у пераможаным Берліне. Савецкія вайскоўцы тады ладзілі спаборніцтвы, і на спаборніцтве па плаванні на выклік «Прыгатавацца Калагрываву!» выйшлі абодва браты: яны былі выдатнымі плыўцамі, вось іх часткі і высунулі іх да ўдзелу... Сюжэт, які адмыслова не прыдумаеш...

Яшчэ цікава, што прапраўнук Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна Барыс Пушкін, выпускнік марской вучэльні, у час вайны служыў на баявым караблі «Мінск».

Што ж, тэма «Пушкін і Беларусь» прадугледжвае доўгатэрміновыя праекты і бясконцыя знаходкі, так што цікавых фактах акажацца яшчэ шмат, часам нечаканых. Памятаю, як падчас падарожжа па Мядзельшчыне мы заехалі ў Гняздзілава, дзе ўбачылі ля старой капліцы помнік з высечанымі ў чорным камені лацінскімі літарамі: Аляксандра Дубельт з Замайскіх, генеральша. Памерла 18 сакавіка 1867 года. Аказалася — гэта жонка Пятра Дубельта, малодшага брата начальніка 3-га аддзялення Лявонція Дубельта, цэнзара Пушкіна. А сын Лявонція Міхаіл, пляменнік Пятра, быў жанаты з дачкой Аляксандра Пушкіна Наталляй. Вось вам і яшчэ адна сваяцкая сувязь, якая звязвае імя Пушкіна і Беларусь... А колькі іх яшчэ знойдзецца!

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.