Вы тут

Літаратурна-мастацкая памяць Драгічыншчыны звязана з імёнамі многіх пісьменнікаў і мастакоў...


Давайце паспрабуем зрабіць віртуальнае падарожжа, зазіраючы ў розныя часіны адной прасторы. 


«Некалькі вулачак, сцежкі, прыцярушаныя саломай хаты, пакрытыя цэглай і трэскамі. Старая карчма. Крамы, адчыненыя адзін дзень у тыдзень». Так пісаў пра Драгічын польскі празаік, гісторык, мастак Юзаф Крашэўскі (1812–1887) у падарожным краязнаўчым нарысе «Успаміны Палесся, Валыні і Літвы» (1840). Вандраваў ён на брычцы. І вось якімі былі ўражанні Юзафа Крашэўскага пра дарогі Палесся: «...Тырчэлі смярдзючыя корчмы, масты паламаныя, дрогкія грэблі, едучы па якіх стукаеш зубамі ад страху, каб не паламаць сабе косці; лясы панылыя сасновыя, сосенкі звыродлівыя, гарбатыя, скарлючаныя, гасцінец усланы карэннямі дрэваў». Нагадаем, што лёс пісьменніка цесна звязаны з Берасцейшчынай і Гродзеншчынай. У 1828–1829 гадах ён вучыўся ў Свіслацкай гімназіі. Бібліяграфія твораў літаратара складае болей чым 600 тамоў. Сярод іх — 232 раманы!.. У Кнізе рэкордаў Гінеса Крашэўскі адзначаны як «чэмпіён эпохі гусінага пяра»...

У 1819 годзе Драгічын наведаў беларускі і польскі паэт, празаік, гісторык Юльян Нямцэвіч (1757–1841). Асаблівую ўвагу ён звярнуў на ваколіцы, на руіны замка Жабер. Пісьменнік згадвае гісторыю пра тое, што камендант гэтага ўмацавання, немец, здаў крэпасць без бою шведам. Карл XІІ адказаў на гэта наступным чынам: загадаў расстраляць здрадніка. Відаць, тым самым паказаў урок і сваім салдатам... Нямцэвіч сябраваў з рускім паэтам князем Пятром Вяземскім. «Гістарычныя думы» Юльяна Нямцэвіча зрабілі вялікі ўплыў на творчасць паэта-дзекабрыста Кандрація Рылеева, які прысвяціў пісьменніку Нямцэвічу свае «Думы»... У Драгічыне і ваколіцах рабіў свае фальклорныя, этнаграфічныя запісы Юльян Крачкоўскі (1840–1903). У самім Драгічыне ў езуіцкім калегіуме вучыўся паэт, празаік, публіцыст і грамадскі дзеяч Марцін Матушэвіч (1714–1773). Пісьменнік пакінуў пасля сябе чатырохтомныя «Успаміны» (выйшлі ў Варшаве ў 1876 годзе), у якіх расказаў пра тагачасную барацьбу за палітычную ўладу паміж магнатамі Чартарыйскімі і Радзівіламі, апісаў падзеі мясцовага жыцця.

Літаратурная памяць — і ў лёсе вёскі Галоўчыцы. На хутары каля паселішча нарадзіўся празаік, нарысіст Мікола Панасюк. Свой лёс ён звязаў з журналістыкай, публіцыстыкай. Некаторы час працаваў у драгічынскай раённай газеце «Запаветы Леніна». У 1975 годзе выдаў кнігу пра лётчыка-касманаўта СССР Пятра Клімука «Арыенцір — сузор’е Арыён». Мікола Панасюк — аўтар кніг «Палеская цаліна», «Світальныя зоркі», «Зоркі над Бугам» і іншых.

З вёскі Гутава — літаратуразнавец, паэтэса, перакладчыца Ала Кабаковіч (1943–1985). Скончыла з залатым медалём Гутаўскую сярэднюю школу. Бацька пісьменніцы, Кабаковіч Канстанцін Карпавіч, быў расстраляны фашыстамі як камуніст і партызан. Ала скончыла факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. У 1966 годзе паступіла на аддзяленне паэзіі Літаратурнага інстытута імя А. М. Горкага. Першыя вершы надрукавала ў часопісе «Нёман» у 1970 годзе. Ала Кабаковіч — аўтар манаграфій «Паэзія Максіма Багдановіча: дыялектыка рацыянальнага і эмацыянальнага», «Беларускі свабодны верш». Ужо пасля смерці пісьменніцы выйшлі манаграфія «Фальклорныя і анталагічныя традыцыі ў беларускай паэзіі» і томік яе творчай спадчыны «Пасеянае ўзыдзе: Вершы, пераклады, літаратурна-крытычныя артыкулы». Зробленае Алай Кабаковіч у літаратуры, літаратуразнаўстве — яркі прыклад служэння сваёй Айчыне, яе культуры, асветніцтву. Землякі могуць ганарыцца такой асобай... Гутава — і радзіма паэта, перакладчыка Міколы Федзюковіча (1943–1997). Скончыўшы Гутаўскую сярэднюю школу, ён працаваў у ёй лабарантам. Вучыўся на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута імя А. М. Горкага (скончыў у 1970-м). Аўтар кніг «Зямля-магніт», «Мілавіца», «Птушыны грай», «Макаў цвет» і інш.

У вёсцы Заверша ў 1965 годзе нарадзіўся празаік і публіцыст Анатоль Крэйдзіч. Аўтар кніг «Права на ўсмешку», «Палескі Напалеон», «Параненыя мары», «Анатоль Клімец», «Роднае, шчымлівае». З вёскай Бездзеж звязаны лёс рускага савецкага пісьменніка Дзмітрыя Стонава (1898–1962). Сапраўднае прозвішча — Дзмітрый Владаўскі. Тут, у Бездзежы, ён зрабіў свае першыя крокі, правёў маленства, дзяцінства. У 1906–1912 гады вучыўся ў Брэст-Літоўскім камерцыйным вучылішчы. Удзельнік Грамадзянскай вайны. Аўтар кніг «Туркестанскія апавяданні», «Сто тысяч», «Людзі і рэчы», «Дзве паездкі па Карачаю», «Аповесць пра белае золата»...

У Людвінове ў 1858–1864 гады жыла славутая польская пісьменніца Эліза Ажэшка. Яна спачувала мясцовым сялянам, хадзіла на вясковыя вяселлі, адведвала хворых, дапамагала збожжам, заступалася за сялян перад мужам — уладальнікам маёнтка Пятром Ажэшкам. Разам з братам мужа, Фларэнтам Ажэшкам, арганізавала ў Людвінове вясковую школу. За ўласныя сродкі наняла настаўніка, купіла школьныя прылады. У навеле «Слава пераможаным» Эліза Ажэшка называла Людвінова ўніверсітэтам свайго жыцця. У гэтым паселішчы пісьменніца пачала сваю літаратурную працу. Уражанні тых гадоў — у апавяданнях «У галодны год», «Рэха», «Малюнак галодных гадоў», аповесцях «Нізіны», «Пан Граба», іншых творах. Цэнтральная вуліца Людвінова названа імем Элізы Ажэшкі.

Нагадаем, што Драгічын, Драгічыншчына — яшчэ радзіма яўрэйскага пісьменніка Ставі Моша (1884–1964), родная сястра якога Яўгенія Якаўлеўна Стаўская абараніла доктарскую дысертацыю па медыцыне; рэвалюцыянеркі і дырэктара Дзяржаўнай публічнай гістарычнай бібліятэкі Расіі Фаіны Стаўскай (нарадзілася ў Антопалі ў 1837 годзе); літаратуразнаўцы доктара філалагічных навук Ганны Кісліцынай (нарадзілася ў Драгічыне ў 1967 годзе); лінгвіста і гісторыка Фёдара Клімчука (1935–2018); мастака Уладзіміра Кожуха (1953–2017); мовазнаўца доктара філалагічных навук Васіля Сянкевіча; празаіка, паэта, дзіцячага пісьменніка Уладзіміра Сітухі (1950–2014), многіх іншых яркіх творчых асоб...

Кастусь ЛЕШНІЦА

Старыя паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  «За духоўнае адраджэнне»  Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА

г. Драгічын

Загаловак у газеце: Драгічынскі край

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.