Вы тут

Як у Воранаўскім раёне добраўпарадкоўваюць сельскія тэрыторыі


Развіццё сельскіх населеных пунктаў патрабуе комплекснага падыходу. Мала проста пабудаваць жылы дом ці аб’ект інфраструктуры. Важна, каб радавала вока і навакольнае асяроддзе. Вось чаму мясцовыя ўлады строга падыходзяць да сітуацыі з аварыйнымі будынкамі, зарослымі сядзібамі і наогул з неахайнай тэрыторыяй населеных пунктаў. Воранаўскі раён — адзін з прыкладаў эфектыўнасці і перспектыўнасці такога падыходу ў Гродзенскай вобласці. Апошнім часам тут актыўна наводзіцца парадак ва ўсіх аграгарадках і вёсках.


Чаму ў Забалаці адбыўся выбух

Аграгарадок пачынае выклікаць цікавасць ужо пры пад’ездзе. Шыльда з назвай месціцца на агромістым валуне, які знойдзены пры распрацоўцы кар’ера. Мяркуюць, што гэта сведак ледніковага перыяду. Як паведаміла старшыня Воранаўскага райсавета Алена Ганевіч, у раёне імкнуцца надаць адметнасць кожнаму аграгарадку.

Што датычыцца Забалаці, тут нават некалькі разынак. Старшыня сельскага Савета Вераніка Вількевіч расказала, што летась пачалася актыўная работа па навядзенні парадку. У выніку з’явіліся дзве добраўпарадкаваныя паркавыя зоны.

Аформлены выгляд набыла ўскраіна аграгарадка, дзе раней стаяла паўразбураная хатка. Пасля таго як яе разабралі, было вырашана стварыць на гэтым месцы паркавую зону. «Каб было прыгожа і ўтульна нашым жыхарам», — падкрэсліла ў размове Вераніка Вількевіч. Дарэчы, парк закладзены ў гонар медыцынскіх работнікаў, якія мужна змагаліся з пандэміяй у ковідны перыяд. Гэту ідэю ўнёс дырэктар мясцовага КСУП «Гіркі» Тадэвуш Мушынскі. Ён расказаў, што з інфекцыяй, рызыкуючы жыццём, вялі барацьбу два яго браты і пляменнікі. Працавалі ўрачы літаральна суткамі. У знак удзячнасці ўсім медыкам і было вырашана іх заслугі адзначыць такім чынам. Цяпер на месцы неахайнай тэрыторыі з аварыйным домам радуе вока прыгожы ландшафтны куток.

З дапамогай гаспадаркі тут устанавілі архітэктурныя формы, аформілі дзіцячую пляцоўку, пасадзілі туі. Прычым не проста пасадзілі, а для лепшага захавання абгарадзілі. Акцэнтам стала прыгожая драўляная альтанка. Яна зроблена ў мясцовай гаспадарцы па ўсіх правілах збудавання, устойлівая. Тэрыторыя адразу набыла прывабны выгляд.

Усе работы праведзены за год, а бюджэт аднаўлення склаў для сельгаспрадпрыемства каля 30 тысяч рублёў.

— Гэта значная фінансавая дапамога для сельскага Савета. Такім чынам, сумеснымі намаганнямі прывіваем культуру па захаванні зялёных насаджэнняў і ствараем зону адпачынку для ўсіх катэгорый насельніцтва. З’яўленне гэтай пляцоўкі дадало пазітыву ў аграгарадку Забалаць, бо тут былі пытанні: маўляў, няма дзе прагуляцца, адпачыць. Мы гэта прадугледзелі і з дапамогай гаспадаркі зрабілі такі цудоўны куток, — патлумачыла старшыня райсавета Алена Ганевіч.

Удалы пачатак вырашылі працягваць. І ўжо праз некалькі соцень метраў перад вачыма паўстае новы ўчастак. Ён пакуль пустуе. А нядаўна тут стаяў двухпавярховы даўгабуд з 1990-х гадоў. Тады меркавалі ўзвесці клуб, але ідэя так і не была даведзена да канца. Будынак разбураўся і псаваў наваколле сваім выглядам. Сумесна з гаспадаркай было прынята рашэнне аб яго зносе. Але як? Спосаб знайшлі хутка — даўгабуд падарваць. Работу ў мінулым лістападзе правялі сапёры-вайскоўцы. Жыхары потым доўга дзяліліся ўражаннямі ад выбуху, бо пабудова была маштабнай. Па словах дырэктара Тадэвуша Мушынскага, такі знос абышоўся ў тры разы танней, чым разборка. А рэшткі камянёў вывезлі для патрэб гаспадаркі.

— Ужо ў хуткім часе гэта тэрыторыя набудзе новы выгляд, — кажа старшыня сельсавета Вераніка Вількевіч. — Будзе праведзены суботнік, пасадзім дрэвы, пасеем траву, уладкуем кветнікі. Яшчэ з’явяцца дарожкі, лаўкі і летні амфітэатр для правядзення масавых мерапрыемстваў з танцавальнай пляцоўкай. Спартыўныя трэнажоры ўжо ўстаноўлены, будзе і дзіцячая пляцоўка.

Такія захады павінны прыцягваць сюды моладзь, лічыць Алена Ганевіч. А прыкладам можна назваць саміх кіраўнікоў сельскіх Саветаў. У раёне відавочная тэндэнцыя давяраць адказныя пасады маладым кадрам.

У Гірках клапоцяцца аб парадку на зямлі

Святлана Хшаноўская, старшыня Гіркаўскага сельскага Савета, з’яўляецца маладым кіраўніком. Яна працуе старшынёй толькі паўгода, але актыўна вядзе работу па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. А іх у сельскім Савеце пятнаццаць, прычым усе з жыхарамі, пустых вёсак няма, а вось кінутых дамоў хапае. На сёння іх налічваецца больш за сотню.

— Аблічча населеных пунктаў залежыць ад таго, як самі жыхары даглядаюць свае сядзібы і тэрыторыі вакол іх. Калі дом пустуе, вядзецца работа па пошуку спадчыннікаў, нагадваем ім аб неабходнасці наводзіць парадак на падворках, сачыць за станам дома. Ёсць паўсотні дамоў, якія ўключаны ў спіс пустых. Яны альбо выстаўляюцца на продаж, альбо зносяцца, — расказала алгарытм работы Святлана Хшаноўская.

За год на тэрыторыі сельскага Савета знеслі пяць дамоў і сем фундаментаў, спілавалі безгаспадарчы сад, адзін дом выставілі на продаж. Усе затраты па зносе, а гэта больш за 20 тысяч рублёў, узяло на сябе камунальнае прадпрыемства «Гіркі». Паралельна вядзецца добраўпарадкаванне сельскіх тэрыторый. Прыклад паказваюць мясцовыя ўлады — тэрыторыя вакол адміністрацыйнага будынка выглядае ідэальна: дарожкі, роўныя зялёныя газоны, сіметрычна пасаджаныя дэкаратыўныя кусты і расліны. Крыху далей раскінулася паркавая зона з кветнікамі і архітэктурнымі формамі. Раней, кажа старшыня сельсавета, тут была праязная дарога, а цяпер прыемны воку куток прыроды. Мяркуецца працягваць работу па паркавай зоне і надалей, бо тэрыторыя дазваляе. Усе расходы па набыцці дрэў, устаноўцы ліхтароў і інсталяцый бярэ на сябе сельгаспрадпрыемства.

Што ў Радуні месцічаў радуе

У гарадскім пасёлку Радунь пражывае больш за дзве тысячы чалавек. Населены пункт выглядае прыгожа. «Так было не заўсёды», — заўважае старшыня Радунскага сельскага Савета Андрэй Шынковіч. Праз некаторы час пад’язджаем да шматкватэрнай забудовы на ўскрайку пасёлка.

— Мы знаходзімся на месцы былых самабудаў. Чаго тут толькі не было: і гаражы, і нейкія навесы, і крывыя хлеўчыкі... Некалькі гадоў таму мы вырашылі ўзяцца за гэты непрыглядны ўчастак. Вырашылі зрабіць тут кальцавы дарожны рух. У выніку знесена больш чым паўсотні самабудаў. Затрачана нямала сіл і сродкаў, каб добраўпарадкаваць тэрыторыю, — расказаў старшыня сельсавета.

Ён таксама падзяліўся вопытам работы з насельніцтвам. Не адразу рашэнне мясцовых улад было пазітыўна прынята жыхарамі шматпавярховак. Былі і спрэчкі, і скаргі. Але прадстаўнікі ўлады стараліся прадаставіць людзям патэнцыял гэтай тэрыторыі. Было праведзена некалькі сходаў з удзелам кіраўніцтва раёна і сельскага Савета, вялася шырокая інфармацыйная работа. У ходзе такіх кантактаў удалося даказаць перавагу новага праекта, ніхто з жыхароў не аспрэчваў сваю пазіцыю ў судзе. Цяпер тут ёсць і дзіцячая пляцоўка, і месцы адпачынку, і паркоўка. Участак азелянілі і прывялі ў парадак. Да пасадкі дрэў падключаліся і самі жыхары. Бюджэт новага праекта склаў каля 700 тысяч рублёў. Такім чынам, мясцовыя жыхары замест непрывабнага ўскрайку атрымалі прыгожую тэрыторыю вакол шматпавярховай забудовы.

А летась у гарадскім пасёлку праведзена маштабная рэканструкцыя воінскага манумента. Абеліск пастаўлены на месцы пахавання абаронцаў Радуні, якія загінулі падчас вызвалення пасёлка ў 1944 годзе. Пры дапамозе мясцовай гаспадаркі пастаўлена агароджа, адноўлены мемарыяльныя пліты. Уся тэрыторыя вакол помніка таксама добраўпарадкавана. Паблізу з’явіўся парк з архітэктурнымі формамі, у тым ліку дэкаратыўнымі лаўкамі, якія ўстаноўлены мясцовым сельгаспрадпрыемствам і прадпрымальнікамі. Спонсар падарыў амаль два дзясяткі кедраў для пасадкі.

Два гады таму тут заклалі алею, якая пастаянна папаўняецца новымі дрэўцамі. Райвыканкам выдзеліў сродкі на размяшчэнне ў парку дзіцячай гульнявой пляцоўкі.

У Воранаўскім раёне лічаць, што сёння важна мець не толькі аб’екты інфраструктуры, але і прывабны выгляд усёй тэрыторыі.

— Такі падыход і стратэгія развіцця сельскіх тэрыторый сябе апраўдвае. І трэба абавязкова падыходзіць планава, — тлумачыць старшыня райсавета Алена Ганевіч. — Мы актыўна развіваем практыку правядзення выязных раённых сесій, пасяджэнняў прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў па тэме добраўпарадкавання тэрыторый. Пры падрыхтоўцы да мерапрыемства пад кожны канкрэтны праект закладваюцца сродкі, вядзецца пошук спонсараў, падключаюцца ўсе службы, а каардынуюць работу старшыні сельскіх Саветаў.

Такі падыход, мяркуючы па выніку, таксама стаў добрым стымулам для работы па навядзенні парадку на зямлі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Парк на месцы пусткі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Эканоміка

Першыя —  найлепшыя!

Першыя — найлепшыя!

Віцебшчына ўвайшла ў актыўную фазу ўборкі па ўсіх культурах. 

Грамадства

Тое,  што вырасцілі самі

Тое, што вырасцілі самі

За шэсць месяцаў гэтага года нарыхтоўшчыкі Белкаапсаюза выплацілі насельніцтву 146 мільёнаў рублёў.