Вы тут

Валейбол, рыбалка, шашлыкі: чым пляжы Міншчыны прыцягваюць людзей


Вялікай папулярнасцю карыстаюцца пляжы горада Барысава, асабліва Цэнтральны. У спякоту тут яблыку няма дзе ўпасці. Сёлета ўжо з красавіка ён не пустуе. Людзі ідуць сюды не толькі купацца, але і загараць, гуляць у пляжны валейбол. А хтосьці і проста адпачыць у альтанцы, пасмажыць шашлыкі — ёсць мангал. Дарэчы, Цэнтральны пляж Барысава за апошнія два гады значна змяніўся. Тут з’явіліся альтанкі, спартыўныя пляцоўкі і лежакі.


Найбольш папулярным месцам адпачынку для фаніпальчан стала Валчкавіцкае вадасховішча або проста Пціч. Каб астудзіцца, пазагараць і паплаваць жыхары Фаніпаля нярэдка адпраўляюцца менавіта туды, ад горада-спадарожніка да вадаёма ўсяго 15 хвілін па трасе Р1. Першае і самае важнае: на гэтым вадасховішчы працуе ўласная выратавальная станцыя таварыства выратавання на водах «Пціч». Месца гэта ў ліку дазволеных для купання. Таму бяспека адпачывальнікам гарантаваная. Ёсць тут кабінкі для пераапранання, урны, мангалы, нават крамы. Для аматараў актыўнага адпачынку — трэнажоры, для адпачывальнікаў з дзецьмі — горкі, арэлі і пясочніцы.

У межах горада Капыль нямала вадаёмаў, аднак купацца дазволена толькі ў адным месцы — на гарадскім пляжы. Кабінкі для пераапранання, навесы, прыбіральні, лаўкі, скрыні для смецця — усе гэтыя атрыбуты сучаснага пляжу, але самае галоўнае — служба ратавальнікаў, супрацоўнікі якой заўсёды гатовыя аказаць дапамогу па першым патрабаванні. 

 

У Стоўбцах месца адпачынку з’явілася яшчэ ў 2022 годзе, напярэдадні абласнога свята «Дажынкі». Яно паспела стаць папулярным сярод жыхароў горада. Да яго арганізацыі падышлі грунтоўна. Тут можна не толькі паплаваць і пагрэцца на пяску ў гарачыя дні, але і прагуляцца пешшу або на ровары ўздоўж возера, адпачыць у альтанцы, актыўна правесці час на спартыўных пляцоўках. Пляжная зона гарадскога возера цалкам гатовая да летняга сезона. Побач з ёй — выратавальны пост. Арганізаваны пірс з неабходным абсталяваннем: лодкай, камізэлькамі, выратавальнымі коламі і іншым. 31 мая на гарадскім возеры адкрылі пункт пракату катамаранаў. Кошт 30 хвілін прагулкі па возеры — 5 рублёў, адна гадзіна — 10 рублёў, 2 гадзіны — 15 рублёў, кожная наступная гадзіна — 5 рублёў. На пляжы таксама можна арандаваць лежак за 2 рублі.

Месцаў для адпачынку ў Смалявіцкім раёне таксама хапае, але такіх, дзе яшчэ і купацца дазволена, — усяго тры: гэта Смалявіцкае, Дуброўскае і Пятровіцкае вадасховішчы. На Пятровіцкім працуе выратавальны пост. Для зручнасці адпачывальнікаў на пляжы ўстаноўлены ценявыя навесы і месцы для пераапранання. Часта людзі прыходзяць сюды не толькі купацца ды загараць, але і рыбачыць. 

У Бярэзінскім раёне налічваецца чатыры пляжы, два з якіх знаходзяцца на тэрыторыі горада. Работнікі ЖКГ актыўна вядуць работы па добраўпарадкаванні пляжу на вуліцы Ульянава. Тут ужо ўсталяваныя біяпрыбіральні і скрыні для смецця каля лавак з навесамі, месцы для пераапранання. Сачыць за парадкам і бяспекай людзей на вадзе даручана супрацоўнікам Бярэзінскага РАНС. Ды і супрацоўнікі міліцыі пастаянна манітораць парадак у месцах масавага адпачынку людзей.

У вёсцы Мачаск Бярэзінскага раёна адпачыць можна ўсёй сям’ёй і нават платна парыбачыць. Тут для гэтага ёсць некалькі пірсаў, абгароджана тэрыторыя для купання дзяцей і дарослых, да паслуг мангал, альтанка, пераапранальня і паркоўка. Ёсць і пракат катамаранаў.

Дарэчы, ратавальнікі падрыхтавалі карту дазволеных для купання пляжаў, дзе адпачынак дакладна пройдзе на «выдатна» (калі, вядома, выконваць усе правілы паводзін на вадзе). Дзякуючы гэтай інтэрактыўнай карце кожны можа знайсці для сябе падыходзячае, а галоўнае — бяспечнае месца для адпачынку.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Мінская абласная арганізацыя Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на водах.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Для непаседаў і іх бацькоў

Для непаседаў і іх бацькоў

Пабывалі ў першай дзіцячай мультыбрэндавай краме «Світанак Непаседа» і даведаліся, што пачым.