Вы тут

Сёлета адзначаецца 125-годзе з дня нараджэння пісьменніка Юрыя Алешы


У красавіку давялося пабываць у вёсцы Беражное Столінскага раёна. І хоць журналісцкая камандзіроўка датычылася спраў сельгаспрадпрыемства, нам з калегамі паказалі тутэйшую славутасць — парк і сядзібны дом Алешаў. Дом, на вялікі жаль, разбураецца. Работнікі ААТ «Беражное» якраз наводзілі парадак у парку, карчавалі лішнюю расліннасць, прыбіралі сухое галлё, вывозілі ўсё гэта на падводах з парку.


З роду збяднелых беларускіх дваран

Рабочыя, з якімі мы разгаварыліся, ахвотна паведамілі, што ў былым панскім доме яшчэ чвэрць стагоддзя таму жылі людзі, дом быў падзелены на кватэры. Ну а калі жыльцы пераехалі ў новыя дамы, пабудова пачала разбурацца. А вось парк, хоць і стары, па-ранейшаму прыгожы. Адчувалася, што месцічы ганарацца сваёй славутасцю.

Пра старадаўні дваранскі род Алешаў могуць расказаць і ў тутэйшым музеі. Нашым экскурсаводам па музеі, які размешчаны ў Доме культуры, стала старшыня прафкама сельгаспрадпрыемства Вікторыя Ярашэвіч.

Вікторыя расказала, што Беражное так называецца, бо стаіць на беразе ракі Гарынь. А ў пісьмовых крыніцах населены пункт упершыню згадваецца ў 1508 годзе. Тады пінскі і давыдгарадоцкі князь Фёдар Яраслававіч дорыць сяло Беражное Алешу Пятровічу. Менавіта з гэтага часу чатыры стагоддзі вёска належала слаўнаму роду Алешаў. У сядзібным доме альбо, як тут называюць, у палацы, нарадзіўся і жыў бацька Юрыя Алешы, які ў ХХ стагоддзі стаў вядомым рускім пісьменнікам.

Прозвішча Алешы атрымалі ад заснавальніка роду Аляксандра, якога ў дзяцінстве ласкава называлі Алеша. Гэты Аляксандр ажаніўся з Аленай з роду Макасей. У іх нарадзіўся сын Фёдар, які служыў сакратаром у самога караля Казіміра. Фёдар быў жанаты з Ганнай Астражэўскай. У іх быў сын Пётр, апошні стаў легендай усяго роду Алешаў. Калі на ВКЛ напалі крымскія татары, Пётр з дружынай уступіў у бой, але быў цяжка паранены і трапіў у палон. Крымскі хан даведаўся пра майстэрства і храбрасць воіна, прапанаваў палоннаму перайсці на яго бок і адрачыся ад хрысціянства. Пётр рашуча адмовіўся, а калі яго вялі на смерць, выразна выгукнуў: «Усе мы не памром». Гэтыя словы сталі дэвізам роду Алешаў і былі накрэслены на іх гербе.

Старадаўні парк і бярозы на балконе

Цікава, што Алешы спачатку былі праваслаўнымі, потым уніятамі, а ў пазнейшы час сталі католікамі. Вось гэты дом, які захаваўся да нашых дзён, пабудаваў адзін з нашчадкаў Пятра Цэзар Антоні Алеша. У яго было 11 дзяцей, сям’я мела патрэбу ў вялікім доме. І бацька сямейства ўзвёў шыкоўны двухпавярховы дом, амаль што палац. Там знаходзіўся сямейны архіў, калекцыя ікон, сямейныя партрэты. Вядома, што Цэзар Алеша даў сваім дзецям добрую адукацыю. Гэты дом ў Новым Беражным дастаўся старэйшаму сыну Канстанціну, які вучыўся ў Германіі, там атрымаў дыплом матэматыка-астранома. 

А на радзіме займаўся сельскай гаспадаркай, не пакідаў і навуку. На балконе ён абсталяваў абсерваторыю, паставіў тэлескоп. Канстанцін быў жанаты з Камілай Ордай, прадстаўніцай яшчэ аднаго тутэйшага знакамітага роду. Недалёка ад палаца ўзвялі піваварню, якая, дарэчы, працавала і пры Савецкай уладзе, да мінулага года ў ёй знаходзіўся спіртзавод.

Усе гэтыя звесткі маюцца ў манаграфіі Анатоля Федарука «Старадаўнія сядзібы Берасцейшчыны». У 1999 годзе аўтар піша аб тым, што сядзіба захавалася добра, яна выкарыстоўваецца пад жыллё. На жаль, цяпер сядзібны дом мае сумны выгляд. На балконе, дзе некалі была абсерваторыя, растуць бярозы. Памяшканне ўнутры разбурана, як выглядае, вандалы вынеслі ўсё, што можна было.

А вось парк захаваўся добра. Як і раней, да сядзібы вядзе грабавая алея. Дарога ідзе паміж шчыльнымі невялікімі масівамі рознага складу (клён, дуб, сасна, елка, рабіннік і інш.). Парк сфарміраваны як пейзажны натуралістычны. Яго асаблівасцю з’яўляецца разнастайны склад раслін. Ранняй вясной парк выглядаў урачыста-абуджаным.

Як паведаміў старшыня Беражноўскага сельскага Савета Анатоль Чэх, парк знаходзіцца на балансе мясцовага выканкама, які і арганізоўвае догляд. Перыядычна дапамагаюць сельгаспрадпрыемства, сярэдняя школа, валанцёры. А вось сядзібны дом трэба ратаваць найперш ад нядобрасумленных наведвальнікаў, якія нават спрабуюць шукаць там міфічныя скарбы. Палац з’яўляецца камунальнай маёмасцю раёна, яго спрабавалі прадаць, знайсці новага гаспадара, які ўзяўся б адрадзіць гістарычную пабудову, але ж пакуль не атрымалася.

Знакаміты нашчадак гаспадароў сядзібы... У Беражным можна нават пачуць, што менавіта тут нарадзіўся вядомы пісьменнік Юрый Алеша, што цалкам даравальна мясцовым людзям. Насамрэч Новае Беражное — малая радзіма бацькі пісьменніка. Сам ён нарадзіўся пад Адэсай, дзе правёў дзяцінства і юнацтва. Аб гэтым ёсць звесткі ў любым даведніку. Хутчэй за ўсё, пісьменнік ніколі і не быў на Палессі.

Але ж гэта не нагода, каб не шанаваць памяць вядомага літаратара. Адмысловы стэнд музея расказвае пра жыццё і творчасць Юрыя Карлавіча Алешы, аўтара вядомых раманаў «Зайздрасць», «Тры таўстуны», аўтабіяграфічнай кнігі «Ні дня без радка».

Пісьменнік Юрый Алеша, 125-годзе з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета, стаў надзвычай знакамітым у Расіі да канца 1930-х гадоў. Яго ведалі, пазнавалі, яго творы экранізавалі, трансліравалі па радыё, ставілі ў тэатрах. Але ён не здолеў перастроіцца і прыстасавацца да новых рэалій, калі ад літаратараў патрабавалася паказваць перадавога рабочага, героя-рэвалюцыянера. Крытыкі гаварылі пра стомленасць таленту, а творца на нейкім этапе расчараваўся і ў сваіх ідэях, і ў самім сабе. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…

Юрыя Алешу варта чытаць, многія яго творы, несумненна, перажылі свой час і цяпер выглядаюць надзвычай актуальна. Прызнаны майстар афарызма, ён некалі напісаў «Няхай жыве свет без мяне!». У адной з крыніц мне давялося сустрэць іншы варыянт афарызма «Хай будзе свет прыгожым без мяне!», што вельмі пасуе чалавеку ХІХ стагоддзя, як ён часам сябе называў. Таленавіты пісьменнік з надзвычай складаным лёсам марыў пра «Залатую паліцу» — месца для разумнай, добрай, адметнай літаратуры. Хочацца, каб і яго радавое гняздо не знікла з нашай зямлі, а стала турыстычнай разыначкай, напамінам пра разумных, адукаваных людзей, якія пакінулі годны след.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Столінскі раён

Загаловак у газеце: Ці будзе свет прыгожым без яго?

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.