Вы тут

Разметка пераходзіць на пластык, а ў сталіцы ўстанаўліваюць «моцныя» прыпынкі


Да першых дзён лета дарожнікі ўжо шмат чаго зрабілі. І, напрыклад, аб’ёмы рамонту дарог у Мінску сёлета не знізяцца ў адносінах да ўзроўню мінулага года.


Пра гэта расказаў генеральны дырэктар ДВА «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» Максім Белавус. Ён адзначыў, што ў Мінску ў бягучым годзе плануецца рамонт не менш за 1,3 мільёна квадратных метраў асфальтабетоннага пакрыцця, уключаючы работы па яго поўнай замене, бягучым ямачным рамонце і герметызацыі швоў. Аднак улічваючы, што плануецца дадатковае выдзяленне сродкаў у канцы другога — пачатку трэцяга квартала, то гэта аб’яднанне зможа па выніках года выйсці на лічбу, не ніжэйшую за леташнюю. У 2023 годзе ў Мінску было адрамантавана 1,8 мільёна квадратных метраў дарог. Максім Белавус таксама падкрэсліў, што будуць павялічаны аб’ёмы работ па герметызацыі швоў у бягучым годзе.

«Што датычыцца адрасоў, то, напрыклад, будзем прыводзіць у парадак перыметр вуліц, прылеглых да нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага ўзроўню па вуліцы Кальварыйскай, як у рамках будаўніцтва гэтых аб’ектаў, так і нашай бягучай дзейнасці», — расказаў Максім Белавус.

Сур’ёзныя канструкцыі з антывандальным шклом

Часам на гарачыя лініі сталічных начальнікаў паступаюць званкі ад жыхароў горада з нараканнямі наконт якасці канструкцый прыпыначных пунктаў. У некаторых месцах яны мяняюцца амаль кожны год, а ў іншых раёнах галоўнага мегаполіса амаль што рассыпаюцца, скардзяцца жыхары. Так, сапраўды, у некаторых месцах рамонт або замена прыпынкаў робяцца па прычыне вялікай паруснасці ў дадзенай мясцовасці. Але гэта, хутчэй, выключэнне, а не правіла.

Максім Белавус адзначыў, што замена прыпынкаў праводзіцца планава, з улікам тэрмінаў службы гэтых аб’ектаў. 

У 2024 годзе з 1953 павільёнаў у горадзе плануецца замяніць 175 аб’ектаў, што ў паўтара разы больш, чым летась, і ў 10 разоў больш, чым у 2022 годзе. Гэта вялікая праграма, у рамках якой каля 15–17 прыпынкаў будзе заменена ў кожным раёне Мінска.

Ён таксама адзначыў высокую якасць новых аб’ектаў. «Іх знешні выгляд зацверджаны Мінгарвыканкамам, распрацаваны з ужываннем тоўстага металічнага профілю, яны ацынкаваныя, пакрытыя палімерам, маюць антывандальнае таніраванае шкло. З трох бакоў на павільён нанесена найменне прыпынку на рускай і беларускай мовах. Гэта надзейныя канструкцыі, у якіх усё пралічана нават з улікам ветравых нагрузак. Метады ўстаноўкі падмуркаў і бетанавання таксама будуць прымяняцца іншыя», — расказаў ён.

Тэмпы замены прыпыначных павільёнаў у горадзе зніжаць не плануюць. «Будзем штогод мяняць не менш за 200 штук павільёнаў, што дазволіць за 5-6 гадоў ліквідаваць прыпынкі, якія па тэрміне службы прызнаны аварыйнымі», — адзначыў ён.

Дырэктар таксама адзначыў, што для падтрымання парадку ў частцы вулічна-дарожнай сеткі горада тут імкнуцца адыходзіць ад ямачнага рамонту, выконваючы работы комплексна, змяняючы пакрыццё на ўсю шырыню вуліцы. «У любым выпадку дарогі ў горадзе становяцца лепшымі», — падкрэсліў спецыяліст.

Сыходзіць ад звычайнай фарбы

Пра тое, што пры нанясенні дарожнай разметкі будуць паступова пераходзіць ад эмаляў да пластыку халоднага і гарачага нанясення, расказаў дырэктар КУП «СМЭП Мінгарвыканкама» Вячаслаў Савіч. Эксперт адзначыў: штогод з надыходам спрыяльнага надвор’я для стварэння камфортных умоў для ўдзельнікаў дарожнага руху, павышэння прывабнасці вулічна-дарожнай сеткі спецыялісты прадпрыемства выконваюць комплекс работ па абнаўленні дарожнай разметкі. Запланаваны аб’ём на гэты год складае 350 тысяч квадратных метраў, з іх ужо выканана каля 254 тысячы квадратных метраў, што складае больш за 60% ад усяго, што трэба зрабіць.

Сёлета арганізацыя плануе значна павялічыць аб’ёмы нанясення разметкі з ужываннем высакаякасных і даўгавечных матэрыялаў. Маюцца на ўвазе такія пакрыцці, як пластыкі халоднага і гарачага нанясення. «Іх вартасцямі з’яўляюцца добрая бачнасць, высокая зносаўстойлівасць, эканамічнасць нанясення і ўстойлівасць да рэагентаў», — расказаў Вячаслаў Савіч.

Перш за ўсё інавацыйныя матэрыялы для нанясення дарожнай разметкі будуць прымяняцца на абноўленых участках дарог. «Мы цалкам не адмаўляемся ад фарбы, аднак пастаянна вывучаем сусветны вопыт і разумеем, што будзем паступова сыходзіць ад выкарыстання эмаляў і пераходзіць на пластык», — падкрэсліў ён.

Рэспубліканскія дарогі цэнтральнага рэгіёна

У Мінскай вобласці на дарогах рэспубліканскага значэння сёлета заменяць больш за 300 кіламетраў пакрыцця. Пра гэта расказаў начальнік упраўлення вытворчасці работ і ўтрымання дарожнай сеткі РУП «Мінскаўтадар-цэнтр» Дзмітрый Дземідовіч.

«Наша прадпрыемства абслугоўвае 3,4 тысячы кіламетраў рэспубліканскіх аўтамабільных дарог, размешчаных у Мінскай вобласці. Асноўная іх частка, а гэта 3,2 тысячы кіламетраў, мае асфальтабетоннае пакрыццё і 203 кіламетры — цэментабетоннае. Ямачны рамонт на ўсіх участках дарог мы завяршылі да 9 мая», — адзначыў Дзмітрый Дземідовіч.

Ён таксама растлумачыў, што ямачнасць на дарогах утвараецца не толькі зімой, таму такая работа будзе працягвацца. Прычынамі ямачнасці з’яўляюцца як старэнне пакрыцця, так і ўздзеянне на палатно велікагрузных аўтамабіляў.

З пачатку года гэта прадпрыемства выканала ямачны рамонт на плошчы 76,8 тысячы квадратных метраў. Таксама будзе выкананы бягучы рамонт больш чым 300 кіламетраў пакрыцця (летась — 242 кіламетраў). Акрамя таго, у 2024 годзе неабходна аднавіць больш за 9 тысяч квадратных метраў ліній разметкі, з іх ужо выканана больш за 60%. «Павелічэнне аб’ёмаў работ напрамую звязана з павелічэннем аб’ёмаў фінансавання», — дадаў Дзмітрый Дземідовіч.

Штодня працуюць да паўсотні брыгад

Як паведаміў начальнік аддзела ўтрымання дарожнай сеткі і бяспекі руху КУП «Мінскаблдарбуд» Валянцін Воўчанка, на рамонце і абслугоўванні дарог мясцовага значэння працуюць дзясяткі брыгад. Дарогі мясцовага значэння не такія важныя, але іх нашмат больш. Працягласць гэтых дарог, якія абслугоўвае прадпрыемства «Мінскаблдарбуд», складае 16 тысяч кіламетраў, з якіх 8,5 тысячы кіламетраў маюць асфальтабетоннае і цэментабетоннае пакрыццё, 6,5 тысячы кіламетраў — гэта жвір і грунт. Летась структурнымі падраздзяленнямі прадпрыемства было ліквідавана 163 тысячы квадратных метраў ямачнасці, у гэтым — ужо 116 тысяч квадратных метраў. Работы былі выкананы да 1 мая. Аднак працэс стварэння ямачнасці не носіць сезонны характар, ён пастаянны, таму рамонтныя работы вядуцца і ў цяперашні час.

Ліквідуюць ямачнасць усімі даступнымі спосабамі. Таму штодня, уключаючы выхадныя дні, на дарогі выходзіць парадку 45–50 брыгад.

Таксама на мясцовых дарогах Мінскай вобласці ў бягучым годзе будзе абноўлена каля 5 тысяч кіламетраў гарызантальнай разметкі. «Каля тысячы кіламетраў ужо нанесена, але гэты працэс запавольвае адсутнасць уласнай базы разметачных аўтамабіляў. Згодна з заключанымі дагаворамі з прадпрыемствамі, якія аказваюць дадзеную паслугу, уся разметка па плане будзе нанесена да 1 верасня».

Валянцін Воўчанка адзначыў, што прадпрыемства КУП «Мінскаблдарбуд» займаецца рамонтам, утрыманнем і абслугоўваннем дарог Мінскай вобласці. У яго структуру ўваходзіць 23 ДРБУ, размешчаных у кожным раёне цэнтральнага рэгіёна.

На 7 пуцеправодах і мастах

У рамках бягучага рамонту ў гэтым сезоне ў сталіцы запланавана замена асфальтавага пакрыцця на сямі мастах і пуцеправодах. Агульная плошча рамонту складзе 16 тысяч квадратных метраў. Работы запланаваны на мастах праз Свіслач на вуліцах Кабушкіна, М. Багдановіча, пуцеправодах на вуліцы Сяліцкага над Партызанскім праспектам, на вуліцы Аранскай над вуліцай Трасцянецкай, на праспекце Дзяржынскага над вуліцай Алібегава, на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і МКАД, на 31-м кіламетры МКАД на развязцы з вуліцай Шаранговіча.

Працягваецца капітальны рамонт пуцеправодаў паміж вуліцамі Маскоўскай і Чкалава, а таксама над чыгуначнай веткай Масква — Мінск на вуліцы Запарожскай. Акрамя таго, плануецца пачатак капрамонту пуцеправодаў на праспекце Жукава над вуліцай К. Лібкнехта, на вуліцы Даўгабродскай над вуліцай Ванеева і над чыгункай Масква — Мінск паміж вуліцай Маскоўскай і праспектам Незалежнасці.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.