Вы тут

Дзе гараджанін можа ахладзіцца ў спякотны дзень?


Нарэшце да нас прыйшло сапраўднае лета! Мы цешымся цеплынёй і сонейкам. І ўсё ж пытанне, як ратавацца гараджаніну, ужо актуальнае.


Добра, калі ў вас ёсць магчымасць выбрацца на вадаём у наваколлі горада (хоць у выхадныя на Мінскім моры, напрыклад, ужо не было дзе яблыку ўпасці, не тое што пакрывала разаслаць). Ну, а калі такой магчымасці няма? Тады ў абедзенны перапынак можна, напрыклад, пасядзець каля фантана…

Сезон фантанаў стартаваў у Беларусі яшчэ 26 красавіка — з прычыны халаднаватага надвор’я гэта неяк прайшло незаўважаным. Між тым менавіта з’яўленне іскрыстых струменяў вады на фоне шэрых урбаністычных пейзажаў сімвалізуе для жыхароў гарадоў тое, што лета наступіла. Зрэшты, функцыя гарадскіх фантанаў — не толькі ўпрыгожваць нашы вуліцы. Напрыклад, найстарэйшы фантан сталіцы — знакаміты «Хлопчык з лебедзем» у скверы паміж Домам афіцэраў і Купалаўскім тэатрам — быў адкрыты ў 1874 годзе як свайго роду маркер спраўнасці «цуду цывілізацыі» — водаправода. Калі ў фантане добры напор, значыць, і ў водаправодзе ён у норме. Дарэчы, сёлета сталічнаму водаправоду споўнілася 150 гадоў. Але і праз паўтара стагоддзя не ўсе мінчане задаволены якасцю вады. Тады рашэннем стаў водаправод, цяпер — праект па пераводзе заходняй часткі горада на артэзіянскае водазабеспячэнне.

Артэзіянская вада паступае ў кватэры Першамайскага, Ленінскага, Савецкага, Заводскага, Цэнтральнага і Партызанскага раёнаў Мінска, а вось Фрунзенскі, Кастрычніцкі і Маскоўскі забяспечваюцца вадой з адкрытых крыніц (сістэма водазабеспячэння бярэ пачатак у Вілейскім вадасховішчы). Вада ачышчаецца на ачышчальнай водаправоднай станцыі ў Сухарава і паступае ў кватэры. Яна бяспечная, але, як сцвярджаюць многія, нясмачная — для гарбаты-кавы і кулінарных мэт жыхары гэтых раёнаў аддаюць перавагу вадзе бутыляванай (а ў тым жа Савецкім раёне наліваюць у чайнік проста з-пад крана, многія нават без выкарыстання фільтраў).

Пра смак можна спрачацца

Прынята лічыць, што ў сталіцы ўсе новаўвядзенні і «выгоды цывілізацыі» з’яўляюцца ў першую чаргу. Насамрэч далёка не заўсёды: з вадой, напрыклад, атрымалася не так. Мінск на сёння — адзіны горад нашай краіны, які спажывае прыкладна 30% вады з паверхневых крыніц. Усе раённыя гарады і абласныя цэнтры ўжо маюць падземнае водазабеспячэнне. Дарэчы, наша краіна займае 34-е месца ў свеце па даступнасці падземных водных рэсурсаў для насельніцтва.

Ці смачнейшая артэзіянская вада? Вада ў Беларусі наогул, скажам так, «на аматара»: віной таму — мноства балот і ў цэлым геалагічныя фактары. Смачнай лічыцца вада ў горных рэгіёнах і ў пустынях. Падземныя крыніцы абаронены ад мікрабіялагічнага і хімічнага забруджвання і гэтым каштоўныя. Але праблема беларускай вады — няважна, артэзіянскай ці павярхоўнай — высокае ўтрыманне жалеза, марганцу і так званых соляў жорсткасці (гідракарбанатаў). Гэтыя прымешкі ўстараняюцца дзякуючы станцыям, якія праводзяць водападрыхтоўку і абезжалезванне: спецыялісты пішуць, што ў прыроднай вадзе ў нашай краіне ўтрыманне жалеза можа быць 1,5 міліграма ў літры, а часам — даходзіць да 3 ці нават да 10, але пасля адпаведнай апрацоўкі гэтая колькасць зніжаецца да строгіх беларускіх нарматываў — 0,3 міліграма на літр. Так што для здароўя гэта бяспечна, але ўплывае на смак вады. Да таго ж змяншае тэрмін эксплуатацыі пральных, пасудамыечных машын і ўтварае накіп у чайніках. Ды і мыць галаву «жорсткай вадой» — тое яшчэ задавальненне: валасы пушацца, губляюць бляск і дрэнна ўкладваюцца. У хатніх умовах такую ваду лепш прапускаць праз бытавыя фільтры — яны ёсць у многіх. А вада з паверхневых крыніц (у Фрунзенскім і двух іншых вышэйпералічаных раёнах Мінска) яшчэ і мае «водар» хлоркі, што таксама пагаршае яе арганалептычныя ўласцівасці.

Гадоў 20 таму вада з паверхневых крыніц цякла з кранаў многіх кватэр Полацка, Гродна, Рэчыцы, Гомеля. Зрэшты, ужо ў найбліжэйшай будучыні і для мінчан гэта застанецца ў мінулым: яшчэ ў лютым бягучага года будаўнікі адзначалі, што большасць работ па пераводзе заходняй часткі горада на артэзіянскае водазабеспячэнне выканана амаль на 90%.

15 капеек за 100 вядзёр

Калі мінчане часам скардзяцца на смак вады, то, прынамсі, яна цалкам бяспечная — гэта пачынаеш цаніць, калі выязджаеш на адпачынак у паўднёвыя краіны, дзе прадстаўнікі турагенцтваў спецыяльна папярэджваюць: піць і чысціць зубы — толькі вадой бутыляванай! Але бяспечнай вада ў Мінску была не заўсёды.

— Напярэдадні ўжо традыцыйнай чэрвеньскай спякоты давайце пагутарым аб пітной вадзе, так бы мовіць, у гістарычным кантэксце, — кажа намеснік дырэктара Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Ала Пенда.

Паводле гістарычных крыніц (санітарных справаздач і артыкулаў у перыёдыцы, якія захоўваюцца ў фондах бібліятэкі), сто гадоў таму 70% мінчан карысталіся водаправоднай вадой, а на ўскраінах Мінска ваду бралі з калодзежаў і неглыбокіх свідравін (калонак). Але і тая, і іншая вада магла несці небяспеку для здароўя. Акрамя сталіцы, у 1920-х водаправод быў таксама ў Мазыры, Віцебску і Магілёве, але там ён забяспечваў у сярэднім толькі 25% домаўладанняў. А вось каналізацыі нават у сталіцы БССР тады не было, адходы вялікіх і малых гарадоў вывозілі асенізатарныя абозы (у вялізных бочках, запрэжаных парай коней. Вываз ажыццяўляўся па начах, кошт вывазу адной бочкі вар’іраваўся ад 1,25 да 2 рублёў — дарэчы, па цэнах стагадовай даўнасці гэта было зусім нятанна). «Важным пытаннем для горада была якасць вады, — піша даследчык Т. У. Пецюкевіч („Веснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта“). — Аналізы водаправоднай вады, праведзеныя ў 1925–1926 гадах санітарна-гігіенічным аддзяленнем Беларускага дзяржаўнага санітарна-біялагічнага інстытута, паказалі, што якасць вады ў Мінску значна змянілася да горшага».

Невысокая якасць вады тлумачылася забруджанасцю гарадской глебы, адзначае навуковец. Уплывала і Свіслач, куды злівалі ваду з лазняў, пральняў, фабрык і бальніц. Да таго ж мясцовыя пекары даказвалі санітарным урачам, што найлепшая выпечка (самая пышная і «пяшчотная» здоба) атрымліваецца з выкарыстаннем рачной вады, а не водаправоднай. «Верагодна, вялікая колькасць бактэрый выконвала ролю дражджэй», адзначаецца ў даследаванні.

На якасць вады ўплывала і няўдалае размяшчэнне водаправоднай станцыі — у нізіне, куды сцякала вада з верхняй густанаселенай часткі Мінска (гэтая, запушчаная ў 1895 годзе, электрычна-водаправодная станцыя, тым не менш, праслужыла мінчанам амаль сто гадоў, знаходзілася яна недалёка ад цырка). І ўсё ж водаправодная вада была больш якасная за ваду калодзежную. Згодна са статыстыкай 1922–1923 гадоў, раёны горада, якія карысталіся калодзежнай вадой, давалі на 45% больш «водных захворванняў», чым тыя, што выкарыстоўвалі водаправод. Негатыўным фактарам стаў і жыллёвы крызіс 1920-х: у Мінск прыбывалі бежанцы з галоднага Паволжа і асядалі ў цывілізаваным і адносна сытым горадзе.

«Памер сярэдняй жылплошчы на чалавека з 6,09 м2 зменшыўся да 4,7 м2 пры санітарнай норме 8 м2», з трывогай адзначалі санітарныя ўрачы. А калі казаць аб чырвонаармейскім гарнізоне, то на аднаго байца ў казарме прыходзілася 1,5 м2 пры норме 6 м2. Як вынік, на 10 тысяч чалавек у 1922 годзе прыпадалі 622 выпадкі інфекцыйных захворванняў (тыф, дызентэрыя і г. д.).

Зрэшты, трэба аддаць належнае гарадскім уладам — з няпростай сітуацыяй яны справіліся, прычым аператыўна. Быў прыняты шэраг пастаноў, якія датычыліся прадпрыемстваў сферы абслугоўвання (ад лазняў да цырульняў і ад рэстаранаў да пральняў), а таксама прыватных домаўладальнікаў (пад пагрозай штрафаў іх абавязалі падтрымліваць чысціню ў тым ліку на прыдамавой тэрыторыі). Супрацоўнікаў жа сферы абслугоўвання абавязалі рэгулярна праходзіць медыцынскі агляд. Медустановы і навуковыя арганізацыі разгарнулі санітарную прапаганду і «лікбез» аб здаровым ладзе жыцця ў працоўных калектывах. Такія гутаркі праводзіліся таксама перад сеансамі ў кіно і перад спектаклямі ў тэатрах, выдаваліся і раздаваліся насельніцтву брашуры на санітарна-гігіенічную тэму. Былі прыняты меры па ачышчэнні «воднай артэрыі» горада і барацьбе з шаленствам хатніх і бадзяжных жывёл. Дарэчы, менавіта ў 1920-я ствараўся праект мінскай каналізацыі, якая і была пабудавана, а працаваць пачала ў 1930-м. А яшчэ менавіта тады было вырашана заключыць Нямігу ў трубу (падземны калектар для яе быў пабудаваны ў 1926-м). І хоць у 1920-я ў сферы водакарыстання і ў цэлым санітарнага стану горада «не адбылося пераходу на больш высокі якасны ўзровень», як піша Т. Пецюкевіч, праблема была ў цэлым вырашана. Ужо ў 1923 годзе колькасць эпідэмічных выпадкаў на 10 тыс. насельніцтва скарачаецца да 114.

Дарэчы, у старой перыёдыцы можна знайсці цікавыя звесткі і аб цэнах на водаправодную ваду — яна, аказваецца, у нашай Сінявокай ніколі не была таннай. Калі мы звернемся да «Памятнай кніжкі Мінскай губерні» часоў пуску водаправода, то даведаемся, што ваду тады было прынята мераць вёдрамі. І за 100 вядзёр вады мінчане плацілі з 1890-х да 1913 года ад 15 да 20 капеек. У той час, як у Санкт-Пецярбургу, напрыклад, тыя ж 100 вядзёр каштавалі ў сярэднім 6 капеек.

Дарэчы, наведаць залы бібліятэкі, дзе можна атрымаць масу займальных звестак на любую тэму, — яшчэ адзін нядрэнны спосаб выратавацца ад спякоты і адпачыць. У Прэзідэнцкую бібліятэку, адзначаюць супрацоўнікі, можа запісацца любы ахвотны — патрэбны толькі пашпарт і чатыры рублі, якія адзін раз давядзецца аддаць на чытацкі білет.

Фантан эмоцый

Ну, а фантаны, з якіх мы пачалі размову — гэта магчымасць, не выязджаючы з горада, паслухаць заспакаяльны шум водных струменяў і спевы птушак не толькі ў тэлефоне. І наогул, фантаны — гэта прыгожа і па-еўрапейску. У Беларусі фантанаў шмат. Самы стары — гэта, як вядома ўсім, «Хлопчык з лебедзем» у Мінску. Аўтарам скульптуры (адзінай, што дажыла да нашых дзён у беларускай сталіцы, гарадской скульптуры ХІХ стагоддзя) быў нямецкі мастак Тэадор Калідэ. «Родныя браты» хлопчыка з лебедзем у тым жа пазамінулым стагоддзі ўпрыгожылі адну з англійскіх каралеўскіх рэзідэнцый і сад прускага караля. Прыклалі да мінскага «Хлопчыка з лебедзем» руку і іншыя вядомыя скульптары. Так, пасля вайны над яго рэканструкцыяй працаваў Заір Азгур, а ў 1980-я — Уладзімір Маслыка. І, мабыць, няма ніводнага сучаснага мінчаніна, які хоць раз не пабегаў бы па парапеце гэтага фантана ў дзяцінстве.

Тытул «самага вялікага ў Беларусі» дзеляць паміж сабой, зноў жа, два сталічныя фантаны: «Сталіца» на плошчы каля Дома ўрада можа пахваліцца найбольшай колькасцю струменяў (каля пяці сотняў), а самыя вялікія чашы (на 300 тысяч літраў) — у фантана каля Опернага тэатра. Самым новым стаў фантан «Свіслач», ён жа самы высокі і інавацыйны — з рознакаляровым неонавым падсвечваннем. Самым «чалавекаарыентаваным» можна назваць мінскі фантан на вуліцы Пуліхава: ён пазначаны на картах сталіцы як «Маладзёжны». Наогул, у фантанах купацца нельга (дэсантнікі 2 жніўня не ўлічваюцца), але ў гэтым фантане можна. Тут дазволена не толькі ногі мачыць, але і хадзіць, скакаць і бегаць паміж бруямі. Зрэшты, дзятва актыўна бегае ў спякоту па вадзе і ў фантане на Камароўцы, і каля Опернага. «Самым нябесным» можна назваць фантан «Знакі Задыяка» ў Салігорску, побач з універмагам: яго ўпрыгожваюць 12 бронзавых фігурак — знакаў Задыяка. Фігуры стварыў вядомы скульптар Генадзь Буралкін. Ну, а «самы грацыёзны» — гэта, бадай, каскадны фантан «Зліццё трох рэк» у Віцебску (віцябляне часам называюць яго «Тры русалкі»).

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Вада вялікага горада

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.