Вы тут

Масштаб Асобы


Выйшла кніга «Верыў у Беларусь», прысвечаная жыццю і дзейнасці дяржаўнага дзеяча, мэра Мінска ў першай палове 1990-х гг., дыпламата і намесніка міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Аляксандра Герасіменкі (1946 — 2017). 


Такія выданні з’яўляюцца не часта. Гісторыкі, калі і персаніфіцыруюць мінулыя часіны, то найперш звяртаюцца да постацяў мінулых стагоддзяў альбо пішуць пра дзеячаў культуры і мастацтва, літаратуры, радзей — пра вучоных. Непасрэдныя арганізатары дзяржаўнага будаўніцтва, кіраўнікі Беларусі ў розныя дзесяцігоддзі, як правіла, застаюцца па-за ўвагай. І добра, калі яшчэ нехта з іх сам паспее напісаць успаміны, мемуары. А калі праходзіць час, паступова сыходзяць з жыцця людзі, якія ведалі таго ці іншага энергічнага, яркага кіраўніка горада ці вобласці, органа дзяржаўнага кіравання, застаюцца хіба што толькі дакументы, пракаменціраваць якія аб’ектыўна не кожны і зможа. 

Зборнік розных матэрыялаў «Верыў у Беларусь: Аляксандр Герасіменка» стаў прыемным выключэннем. Кніга выйшла ў выдавецтве «Тэхналогія» у 2022 годзе. Укладальнік Сяргей Чыгрын разумна расклаў кнігу на тры асноўныя часткі — «Старонкі жыцця»; «Успаміны»; «Выбраныя гутаркі». Што цікава, у кнізе — падрабязны зварот да сям’і Аляксандра Міхайлавіча. Невялікі памерам раздзел — «Зямля талентаў» — расповяд пра бацькоў галоўнага героя. Бацька мэра Міхаіл Майсеевіч Герасіменка (нарадзіўся ў 1918 годзе ў вёсцы Машава Чарнігаўскай вобласці ва Украіне) — беларускі партызан (у 24 гады начальнік шпіталя партызанскай брыгады імя Варашылава!), галоўны ўрач Уздзенскага раёна, заслужаны ўрач БССР, узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені, «Знак Пашаны», баявымі і працоўнымі медалямі. Мары Апанасаўна Герасіменка — партызанская сувязная, разведчыца і падрыўніца (трапіла да партызн у 17 гадоў!), адзначана баявымі ордэнамі і медалямі. Пасля вайны — медсястра Уздзенскай раённай бальніцы. Агульны працоўны стаж медыкаў мужа і жонкі Герасіменкаў — каля 100 гадоў... 

Партыйную, кіраўніцкую кар’еру Аляксандр Герасіменка праходзіў у няпростыя часіны развалу Савецкага Саюза, у тыя гады, калі рушыліся многія ідэалы камуністычнага, савецкага будаўніцтва. І пра гэта таксама расказваецца на старонках зборніка. Цікавай падаецца цытата з кнігі Андрэя Лукашэвіча " «Градоправители» Минска. История власти (февраль 1917 — декабрь 2013)": " Час кіраўніцтва райкамам партыі выпаў на перыяд «перабудовы» і галоснасці. Аляксандр Міхайлавіч як ніхто іншы адпавядаў патрабаванням часу. Паводле складу характару ён быў «дэмакратычны», умеў выслухаць чалавека, «просты ў гутарцы». І самае галоўнае, умеў «згуртаваць калектыў, стварыць у ім здаровы маральна-псіхалагічны клімат». Пры гэтым ён заставаўся прынцыповым і патрабавальным«. Аляксандр Міхайлавіч быў даволі кантактным кіраўніком, ён выходзіў да шырокай аўдыторыі у самых складаных абставінах. 

У кнізе — мноства ўспамінаў сяброў па вучобе, па рабоце ў горадзе, калег па дыпламатычнай працы. З цікавасцю чытаюцца «старонкі памяці» ад акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара тэхнічных навук Яўгена Маруковіча, намесніка Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіла Матусевіча, міністра інфармацыі і міністра культуры і друку Рэспублікі Беларусь Анатоля Бутэвіча...Вось што, у прыватнасці, згадвае Анатоль Іванавіч: «...прызнаюся, я не раз здзіўляўся, назіраючы за паводзінамі і дзейнасцю Аляксандра МІхайлавіча. Прызнаюся таксама, што многае з ягонага вопыту перахапіў і я. Шчырая праўда — падчас няпростых размоў і неабходнасці прымаць нейкія рашэнні я не раз стрымліваў сябе, перш чым нешта сказаць, пытаннем: а як павёў бы сябе ў гэтай сітуацыі Аляксандр Міхайлавіч? Не падманваю, так было не раз. Нават калі ён быў ужо на высокіх пасадах кіраўніка Мінгарвыканкама, намесніка міністра замежных спраў, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Балгарыі і Грэцыі па сумяшчальніцтве, а пасля ў Латвіі. Вучыцца ніколі не позна. Асабліва ў такіх людзей, як Герасіменка». І яшчэ: «Згадваю нашы сустрэчы ў замежжы. Беларускі пасол рабіў усё магчымае і немагчымае, каб аб’яднаць вакол Беларусі як мага больш прыхільнікаў — як з ліку нашай дыяспары, так і ўсіх, хто мог бы стаць патрэбным у любой сферы. Яму гэта ўдавалася, і за гэта яго паважалі ў тых краінах, дзе ён прадстаўляў беларускі інтарэс. Да таго ж Герасіменка імкнуўся і ўмеў наладжваць жывыя кантакты паміж нашымі і замежнымі прадстаўнікамі прамысловасці, творчай інтэлігенцыі, навукі. А таму лічыў, што паслу трэба ведаць пра краіну знаходжання як мага больш, трэба пастаянна папаўняць гэтыя веды». 

Сярод аўтараў кнігі «Верыў у Беларусь» — і Уладзімір Дражын («Ён адпавядаў часу»), Ігар Назарук («Я быў шчаслівы з ім працаваць»), Уладзімір Грыдзюшка («Яго абаяльная ўсмешка — заўсёды з намі»), Анатоль Зэкаў («Дзяржаўныя справы не дзеля славы»), Вячаслаў Качанаў («Ад фізікі да лірыкі») і інш. 

Кніга пра шчырага і сумленнага службоўца багата ілюстравана. Выданне — і добры напамін пра тое, што дакументальная публіцыстыка такога характару патрэбна не толькі дзеля памяці пра канкрэтную асобу, а яшчэ і дзеля выхавання моладзі, наступнікаў у здзяйсненні тых вялікіх спраў, што рабілі папярэднікі. «Жыццё Аляксандра Міхайлавіча Герасіменкі — яркі прыклад служэння Радзіме і любімай справе. Ён быў не толькі граматным, таленавітым кіраўніком, але і чалавекам з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, яго энергіі і сіле волі можна было толькі пазайдросціць» (Барыс Батура). І такіх сведчанняў і высокіх ацэнак у кнізе пра Аляксандра Міхайлавіча Герасіменку даволі шмат. 

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.