Вы тут

Як пісалі пра музеі беларускія літаратары


Напрыканцы вясны, калі паветра напоўнена водарам бэзу, на галінках каштанаў гайдаюцца белыя кветкі-свечкі і самы час рыхтаваць сыравіну для віна з дзьмухаўцоў, па ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень музеяў.

Якіх толькі музеяў не прыдумана! Ад вялізных, сусветна вядомых комплексаў, дзе захоўваюцца бясцэнныя шэдэўры, да аднаго пакойчыка, дзе змяшчаецца калекцыя выяў котак ці сямейныя фотаздымкі... Ёсць музеі, прысвечаныя аднаму экспанату: гэта можа быць і цэлы карабель, і звон, і карціна. Такія, як музей валуноў у Мінску, не маюць даху і сцен. У Мексіцы ёсць падводны музей з размешчаных на дне мора скульптур, у Японіі — музей локшыны хуткага прыгатавання, у палацы Пуслоўскіх у беларускім Косаве — музей праса. Дзесьці ў свеце існуюць музей разводаў, музей кепскага мастацтва, музей ашыйнікаў для сабак... Ёсць незвычайныя музеі і на старонках твораў беларускіх пісьменнікаў. Давайце разам пагартаем гэтыя старонкі...


Мінск стары, стылізаваны

Паэма Кандрата Крапівы «Хвядос — Чырвоны Нос», напісаная ў 1931 годзе, узнікла, безумоўна, пад уражаннем ад «Клапа» Маякоўскага, напісанага трыма гадамі раней. Сюжэт той жа: не лепшы прадстаўнік сучаснага аўтару грамадства, п’янтос-паэт Хвядос, заспіртаваўшы сам сябе, трапляе ў будучыню, дзе такім, як ён, даўно няма месца. У персанажах паэмы Крапіва з’едліва адлюстраваў ледзь не ўсю літаратарскую тусоўку. Кажуць, што і сам Хвядос меў прататып: паэта і крытыка Паўлюка Шукайлу, першага беларускага футурыста.

Кандрат Крапіва. Фота: csl.bas-net.by

У адным з раздзелаў паэмы Хвядос, якога возяць з экскурсіяй па светлай будучыні на «авіетцы» — лятальным апараце, натрапляе на незвычайны музей.

«Вось на ўскраіне яны.

Унізе каўпак бліскучы,

Велізаразны, шкляны,

За кілометр не вузей.

Прыпынілі ветраходзік,

Федзя здзіўлены заходзіць

За Мальгрэтаю ў музей.

Перад імі гэтак званы

Мінск стары (стылізаваны).

Федзю здань нібы здаецца,—

Хоць ты вер, а хоць не вер:

Вось рог Энгельса й Савецкай,

Вось стары знаёмы сквер.

На панелях грамадзяне —

Не то людзі, не то здані.

Вось знаёмая галоўка

Мільганула між жанок;

Вось трамвай на Камароўку,—

Разлягаецца званок.

Ці то сон які, ці морак?!

Вось рамізнік № 40:

Мільгацяць на бруку колы,

У руках напяты лейцы,

Звонка цокаюць падковы,

Конь — і з месца не скранецца».

Галоўны герой пры такім відовішчы нават палохаецца: ці не звар’яцеў ён, ці не здаецца яму ўсё? Яго супакойваюць:

«Мінск паказан тут стары,

Акурат з тае пары,

Калі ты, хапіўшы лішку,

Перагрэў у жылах жыжку.

Ды не радуйся ўжо надта,

Ў летуценнях не мадзей:

Аўтаматы-экспанаты

Тут замест жывых людзей.

Розум іх стварыў дасціпны,

Паказаць каб, чым былі вы:

Рух і гук стэрэатыпны,

У кожнай лялькі асаблівы,—

І ад вечара да ранку,

І да вечара ад ранку

Зробіць рух ці скажа слова,

Пачынае зноў нанова

Без упынку, без сціханку».

Даволі трапнае футурыстычнае прадбачанне Кандрата Крапівы, ці не праўда? Музей, дзе робаты аднаўляюць карціны ранейшага жыцця. У адным з павільёнаў музея Хвядос бачыць шмат сваіх былых знаёмых у выглядзе аўтамата і ўрэшце сам там пасяляецца, у звыклым асяродку.

«Двое хлопцаў нават жорны прыкацілі ў класны кут»

Твор Петруся Броўкі «Наш музей» — гэта цэлая паэма, якая распавядае гісторыю стварэння ў вёсцы школьнага краязнаўчага музея. Пачалося ўсё з таго, што сябрукам-аднакласнікам далі ў школе заданне шукаць жалезны лом. І трактарыст аддаў ім знаходку, за якую зачапіўся яго плуг: вялізны ланцуг з ашыйнікам, на якім нейкія літары. Школьнікі пачынаюць расследаванне — што гэта за прылада? І стары дзед Антон расказвае: на гэтым ланцугу мясцовы пан трымаў мядзведзя, з якім калісьці для забавы гасцей прымусіў барукацца маладога Антона, які тады моцна пакалечыўся. Школьнікаў уразіла гісторыя, і адзін з іх прапанаваў:

Петрусь Броўка. Фота: vitvesti.by

«Мы ланцуг здаваць не будзем —

Здань мінуўшчыны старой.

Каб пабачылі ўсе людзі,

Заснуем музей мы свой».

Школьнікі пачалі прыносіць у новы музей экспанаты:

«Хто лучнік прыносіў чорны,

А хто крэсіва, хто трут,

Двое хлопцаў нават жорны

Прыкацілі ў класны кут,

 

Каб нас ведала паболей,

Што там быў за млын такі,

У якім дзяды малолі

І ў гады вайны бацькі.

 

Янка, той даставіў ступу

І расказваў, як герой,

Як таўклі калісьці крупы,

Зерне мочачы вадой.

 

Дзесьці лапці адшукалі,

Цэп зламаны здабылі.

Ленка з Насцяй, як казалі,

Недзе прасніцу знайшлі.

 

І ў дадатак верацёны

І сукала, што сукаць.

А як пралі, бабку Домну

Папрасілі расказаць».

Стварэнне музея паспрыяла таму, што дзеці зацікавіліся гісторыяй родных мясцін, пачалі распытваць старэйшых пра мінулае. З’явілася ў музеі чырвонаармейская шапка бацькі аднаго са школьнікаў, потым і сустрэча з героем адбылася. З’явіўся стэнд, прысвечаны мясцовай камсамолцы Ганцы Белай, забітай бандытамі. Потым школьнікі звязаліся з першым старшынёй калгаса, які зрабіўся акадэмікам. Пачалі збіраць звесткі пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пра мясцовых партызан... І сённяшні дзень таксама даў шмат цікавых матэрыялаў.

«Крыўдна, што мы мала зналі

Пра свой кут, пра родны дом,

Проста мы не заўважалі,

Што ў нас дзеецца кругом» — зазначае герой паэмы, якая надзвычай актуальная і сёння. 

А апошнім экспанатам музея, пра які згадваецца ў паэме, стала папера з планамі школьнікаў, хто кім хоча стаць у будучыні. Жаданні з’ядноўвала адно: усе хацелі застацца на сваёй малой радзіме.

Дагістарычная міска вагою да 40 пудоў

Чаго толькі не прыдумвае герой рамана Андрэя Мрыя Самсон Самасуй, амбітны чыноўнік, каб учыніць культурную рэвалюцыю ў вёсцы Шапялёўка і тым паспрыяць сваёй кар’еры! Сярод іншага вырашыў стварыць «паказальны навукова-мастацкі музей».
Аўтар не шкадуе сатырычных фарбаў:

Андрэй Мрый. Фота: ru.wikipedia.org

«Пад музей мы знайшлі нейкую плюгавую капліцу, зверху прыладзілі скінуты ветрам кумпал. Выйшла нешта накшталт маўрытанскага пахавальнага помніка.

Вялікую шыльду зрабілі: „Шапялёўскі дзяржаўны музэй імя тав. Андросава“.

Таварыш Андросаў — раённы начальнік, да якога вырашылі паддабрыцца. Залы запоўнілі як мае быць:

„У цэнтры музея ў мэтах прапаганды агіды да старога панскага ладу быў пастаўлены знойдзены ў маёнтку князя Мрачкоўскага мармуровы помнік каханаму сабаку. На падстаўцы стаяў паважных размераў сабака і ў пярэдніх лапах трымаў урну. Надпіс: „Каханаму Бульдогу Ваўкадавічу“. На другім баку: „Спі супакойна! Не пачуць мне больш тваей ласкавай журчлівай брахні, не паціснуць тваю шляхетную лапу. Твой сумны ўладар князь Мрачкоўскі“.Больш за 30 пудоў важыў гэты помнік.

Каля гэтага помніка стаяла вялікая каменная баба вагою да 80 пуд. Яе знайшлі на беразе Сожа і шмат клапот і грошай затрацілі, пакуль усцягнулі яе наверх. Перавезлі ў музей знойдзеную каменную труну і майстэрню каменных прылад і нейкую дагістарычную міску вагою да 40 пудоў».

Сярод адметных экспанатаў музея Самсон Самасуй пералічвае «цікавы рукапіс ХV стагоддзя «Аб гаспадарчым выхаванні жывёлы», дзённік абжэрства (ХVІ ст.) і зборнік вершаў ХVІІ ст. — «Ён і яна». Апошні экспанат — намёк на паэму Янкі Купалы «Яна і я», у якой пастаральна апісана сялянская праца і якую тагачасная літаратурная моладзь лічыла састарэлай.

«Сустрэчы рады з кожнаю карцінай»

Паэт Анатоль Астрэйка ў час вайны быў адказным сакратаром газеты «Раздавім фашысцкую гадзіну», ягоны паэтычны зборнік «Слуцкі пояс» быў выдадзены ў 1943 у партызанскай зоне, у друкарні слуцкай падпольнай газеты «Народны мсцівец». У Астрэйкі ёсць верш, прысвечаны Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі:

Анатоль Астрэйка. Фота: bis.nlb.by

«Бывае, смутак душу агартае...

Тады ў музей мастацкі я іду,

І смутак мой, нібы туман, знікае —

З жыццёвай праўдай гутарку вяду.

Сустрэчы рады з кожнаю карцінай,

Перад табой нямею, прыгажосць.

Я слаўлю тых, 

хто след для нас пакінуў

Пра родны край, 

пра нашу маладосць».

Карцінны павільён

У творах Уладзіміра Караткевіча згадваецца вельмі шмат твораў мастацтва — ён быў надзвычай эрудзіраваным і рознабаковым чалавекам, выдатна ведаў не толькі сусветную літаратуру, але і класічную музыку, і аўтарскае кіно, і выяўленчае мастацтва... Вось ягоны герой, князь Загорскі, паказвае сыну Алесю, які вярнуўся дадому пасля выхавання ў сялянскай сям’і, радавы маёнтак.

Уладзімір Караткевіч. Фота: lib-bykhov.by

«Зноў абмінулі дом з серабрыстымі фантанамі італьянскіх таполяў. Ад бакавога ўвахода ў яго цягнулася вузкая алейка. 

У канцы яе стаяў той круглы павільён, што заўважыў Алесь, пад’язджаючы да Загоршчыны. Дах гэтага павільёна перарываўся па кругу суцэльным шкляным акном, а вышэй шкла ўзносіўся зграбны круглы купал.

— Царква, ці што? — спытаў Алесь.

— Гэта карцінны павільён. Зрэшты, ты пакуль мала што яшчэ зразумееш. Я хачу табе паказаць толькі адну карціну».

Карціна, якую хоча паказаць князь сыну, належыць мастаку італьянскага Адраджэння Мантэнья, які жыў у XV стагоддзі. Вобразы карціны, якія апісвае Караткевіч, характэрныя для Мантэньі, але менавіта такое палатно, хутчэй за ўсё, — уяўленне пісьменіка:

«Проста перад імі вісела на сцяне даволі вялікая карціна ў цяжкай, пацьмянелай ад часу залатой раме. На карціне быў пейзаж, якіх не бывае, — празрыста-блакітны і няўлоўны... Пейзаж праглядаўся праз галіны высокай яблыні з залацістымі пладамі. А пад дрэвамі ішоў кудысь малады чалавек і вёў за аброць белага каня. На чалавеку была круглая шапачка; доўгія рукавы дзівоснага ўбору адносіў вецер.

У чалавека былі цёмна-шэрыя вочы і прамы нос.

— Увесь дзень думаў, на каго ты падобен, — сказаў бацька. — І вось успомніў. Ды гэта ж ты, гэта ты з белым канём. Гэта ты і Урга. Як дзве кроплі вады».

«Стаяць, слухмяныя, — не рыпне рэя»

Паэт Янка Сіпакоў шмат вандраваў і пісаў цікавую падарожную прозу — ад «Там, дзе Сібір» да «Глядзіце ў вочы лемуру». У адным з такіх падарожжаў нарадзіўся яго верш «Марскі музей». Эскурсантам паказваюць старыя караблі:

Янка Сіпакоў. Фота з адкрытых крыніц

«Прыбітыя зялёнымі вятрамі

Да берага прыціхлага музея.

Стаяць, слухмяныя, — не рыпне рэя,

І днішча да вады не дакранецца,

Не лопне ветразь, 

ветрам не надзьмецца».

Гэтае відовішча наводзіць паэта на сумныя філасофскія думкі — паэт персаніфікуе старыя караблі, параўноўвае з чалавекам, які ў старасці пазбаўлены любімай справы:

«Хоць бы глыток салёнае вады,

Хоць бы вятрыну нейкую прыгнала,

Хоць у паўбала — хай бы пагайдала!

Але навокал — 

сцены, сцены, сцены...»

У кожнага з нас свае музейныя гісторыі, звычайныя і незвычайныя. Не ўпусціце ж магчымасць і сёлета стварыць яшчэ адну.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Эканоміка

Першыя —  найлепшыя!

Першыя — найлепшыя!

Віцебшчына ўвайшла ў актыўную фазу ўборкі па ўсіх культурах. 

Грамадства

Тое,  што вырасцілі самі

Тое, што вырасцілі самі

За шэсць месяцаў гэтага года нарыхтоўшчыкі Белкаапсаюза выплацілі насельніцтву 146 мільёнаў рублёў.