Вы тут

Што адбываецца ў Новай Каледоніі?


Невялічкі архіпелаг у паўднёвай частцы Ціхага акіяна апынуўся ў цэнтры сусветнай палітыкі. У Новай Каледоніі ўжо больш чым два тыдні працягваюцца маштабныя пратэсты, якія ладзяцца прыхільнікамі аддзялення гэтай заморскай тэрыторыі ад Францыі. Беспарадкі перараслі ў сапраўдную партызанскую вайну, улады ўжо называюць іх «паўстаннем». Французы ўвялі на тэрыторыю, размешчаную за 17 тысяч кіламетраў ад Парыжа, свае войскі. Пры гэтым кантынгент працягвае пашырацца. Што ж адбываецца ў Новай Каледоніі, чаго чакаць надалей?


Гонар канакаў

Новая Каледонія — архіпелаг, які ўключае ў сябе адзін вялікі і групу дробных астравоў. Гэтае «асаблівае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўтварэнне» Пятай рэспублікі размешчана ў паўднёвай частцы Ціхага акіяна прыкладна за 1300 км на ўсход ад Аўстраліі і ў 2000 км на поўнач ад Новай Зеландыі. Насельніцтва — каля 270 тысяч чалавек, з якіх у сталіцы Нумеа пражываюць каля 100 тысяч. Амаль палова з іх — карэнны народ канакі.

Архіпелаг у 1774 годзе адкрыў знакаміты англійскі мараплавец Джэймс Кук, пасля чаго там пачалі з’яўляцца паселішчы еўрапейскіх каланізатараў. Французы завалодалі востравам у 1853 годзе, калі Напалеон ІІІ абвясціў гэтую тэрыторыю часткай імперыі, а пасля ператварыў яе ў папраўчую калонію. Дзясяткі тысяч зняволеных былі адпраўлены на работу ў нікелевыя шахты і на плантацыі. Канакаў сагналі ў рэзервацыі. Адбылася серыя паўстанняў, якія жорстка задушылі.

У рэшце рэшт канакам дазволілі вярнуцца на радзіму. Яны сцвярджалі, што сацыяльна і эканамічна маргіналізаваны, таму зноў узяліся за зброю пад кіраўніцтвам арганізацыі, вядомай як FLNKS (Нацыянальны канакскі сацыялістычны фронт вызвалення). Барацьба была жорсткая — у 1984 годзе Элай Мачора, «Чэ Гевара Ціхага акіяна», быў застрэлены паліцэйскім снайперам. «Вы можаце забіць рэвалюцыянера, але вы не можаце забіць яго ідэі», — гэтыя словы высечаны на яго надмагільным камені, дзе кожны год збіраюцца людзі, каб успомніць яго. Праз чатыры гады баевікі канакаў забілі чатырох жандармаў і ўтрымлівалі 27 заложнікаў у каралавай пячоры. Французскія вайскоўцы тады застрэлілі 19 чалавек падчас штурму.

У 1998-м Парыж і Нумеа (сталіца тэрыторый) падпісалі Нумейскае пагадненне, паводле якой праз 20 гадоў у Новай Каледоніі правядуць тры рэферэндумы аб будучыні астравоў. На ўсіх трох плебісцытах жыхары выступілі супраць незалежнасці ад Францыі. Новая Каледонія захоўвае значную аўтаномію, але пры гэтым залежыць ад Парыжа ў пытаннях адукацыі, абароны і атрымлівае ад яго субсідыі. Францыю тут прадстаўляе вярхоўны камісар, якога прызначае прэзідэнт Пятай рэспублікі. Выканаўчая ўлада — у руках мясцовага ўрада.

Сітуацыя абвастрылася сёлета ў сярэдзіне мая, калі мірная дэманстрацыя прыхільнікаў незалежнасці, якая праходзіла ў Нумеа, перарасла ў пагромы. Былі спалены і разрабаваны сотні крам, аптэк і АЗС. Паведамляецца аб па меншай меры шасці загінулых, у тым ліку двух жандармах, а таксама сотнях пацярпелых. З таго часу як мірныя пратэсты, так і сутычкі з паліцыяй, пагромы і падпалы на астравах працягнуліся, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон аб’явіў тут надзвычайнае становішча. Пасля прэм’ер-міністр Габрыэль Аталь паведаміў, што на архіпелаг адпраўлены вайсковыя часці, якія возьмуць пад ахову аэрапорты і акіянскія гавані.

Асаблівая тэрыторыя

Прычынай беспарадкаў стаў праект канстытуцыйнага закона Францыі, паводле якога тыя, хто пражыў у Новай Каледоніі больш за дзесяць гадоў, могуць галасаваць на мясцовых выбарах. Пры гэтым цяпер права голасу на архіпелагу ёсць толькі ў тых, хто ўнесены ў выбарчыя спісы на момант падпісання ў 1998 годзе Нумейскага пагаднення, якое дало тэрыторыям значную аўтаномію ад Францыі, і іх дзяцей. Новы закон выклікаў абурэнне ў прыхільнікаў незалежнасці Новай Каледоніі — яны асцерагаюцца, што, калі электарат пашыраць за кошт еўрапейцаў, якія пераехалі на архіпелаг за апошнія дваццаць гадоў, яны застануцца ў меншасці. 14 мая законапраект ухваліў нацыянальны сход Францыі (ніжняя палата). Планавалася, што канчаткова дакумент павінны зацвердзіць у чэрвені на сумесным пасяджэнні дзвюх палат у Версалі. Гэта значыць, пратэсты на астравах успыхнулі напярэдадні галасавання ў ніжняй палаце парламента Пятай рэспублікі.

Французскія ўлады абвінавацілі ў тым, што адбываецца, Азербайджан — па іх ацэнцы, Баку ўмешваецца ў справы Новай Каледоніі, падтрымліваючы там рух за незалежнасць. Аб гэтым заявіў кіраўнік французскага МУС Жэральд Дарманен у эфіры тэлеканала France 2. МЗС Азербайджана абвінавачванні катэгарычна аспрэчыў, назваўшы іх «абразлівымі выказваннямі» і заклікаўшы «спыніць паклёпніцкую кампанію». «Замест таго каб абвінавачваць Азербайджан у нібыта падтрымцы пратэстаў за незалежнасць у Новай Каледоніі, міністру ўнутраных спраў Францыі трэба было б засяродзіцца на правальнай палітыцы сваёй краіны ў дачыненні да заморскіх тэрыторый, якая прывяла да такіх пратэстаў», — адзначаецца ў заяве ведамства.

Па меркаванні экспертаў, рэакцыя Парыжа на падзеі ў Новай Каледоніі паказвае значэнне гэтай тэрыторыі для Францыі. На архіпелагу знаходзіцца адно з найбуйнейшых радовішчаў нікелю ў свеце, таксама ёсць радовішчы хрому, кобальту, марганцу, срэбра, золата, свінцу, медзі. Паводле даных Інстытута статыстыкі і эканамічных даследаванняў Новай Каледоніі, аб’ём экспарту рэгіёна летась склаў звыш 2,1 мільярда долараў. Заморскія тэрыторыі дазваляюць Пятай рэспубліцы мець выключную эканамічную зону. Дзякуючы ім Францыя можа ўдзельнічаць ва ўнутраных працэсах Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна (АЦР) — аднаго з найбольш перспектыўных рэгіёнаў свету, — пашыраючы свой геапалітычны ўплыў. Гэта тэрыторыя мае стратэгічнае значэнне для Парыжа. Францыя спрабуе пазіцыянаваць сябе ў якасці незалежнага гульца на сусветнай арэне, выступаючы за стратэгічную аўтаномію Еўропы ад Вашынгтона. Як паведаміла spbvedomostі.ru, такога пункту гледжання прытрымліваецца, у прыватнасці, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута навуковай інфармацыі па грамадскіх навуках РАН Наталля Лапіна.

Аплявуха для Макрона

У сваю чаргу Павел Цімафееў з Нацыянальнага даследчага інстытута сусветнай эканомікі і міжнародных адносін РАН заўважае, што ў заморскай тэрыторыі Францыі назіраюцца вялікія ўнутраныя праблемы, у тым ліку разыходжанні паміж карэнным насельніцтвам і прыезджымі. «У Новай Каледоніі адбываецца сур’ёзнае расслаенне грамадства па ўзроўні жыцця: прыезджыя белыя французы больш забяспечаныя, а ў карэннага насельніцтва ўсё горш. Канакі апасаюцца, што прыбаўленне праслойкі белых на архіпелагу будзе ўзмацняць дыскрымінацыю мясцовых, а з часам прывядзе да іх ператварэння ў меншасць на сваёй жа радзіме», — адзначае эксперт. Ён лічыць, што выйсце з гэтай сітуацыі складана ўявіць.

«Макрон спрабаваў перагаварыць з лідарамі пратэсту, але быў праігнараваны. Цяпер Францыя перакідвае сілавікоў, і далейшае развіццё падзей незразумелае. Або войска будзе ўсталёўваць жалезны парадак і нават пральецца кроў, альбо шлях дыялогу пераможа. Важны момант тут у тым, што рэформа французскага парламента пакуль не набыла моц, яе павінны зацвердзіць на ўзроўні абедзвюх палат заканадаўчага органа, пасля чаго яна набудзе канстытуцыйны характар. Да гэтага моманту ёсць час, каб знайсці кампраміс», — мяркуе эксперт.

Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута Еўропы РАН Сяргей Фёдараў лічыць, што калі казаць аб палітычным рашэнні, то яго знайсці Эмануэлю Макрону будзе цяжка, паколькі, з аднаго боку, ён абяцаў канстытуцыйныя рэформы, а з другога — «неабходна знайсці агульную мову з канакскімі сепаратыстамі». «Плюс гэта, вядома, удар па іміджы Макрона. У яго і так унутры краіны, мякка кажучы, не бліскучая цяпер сітуацыя», — тлумачыць аналітык. Акрамя таго, Фёдараў акцэнтаваў увагу на тым, што напярэдадні еўрапейскіх выбараў, мяркуючы па апытаннях, Макрон саступае свайму галоўнаму апаненту — Марын Ле Пэн. «Гэта будзе проста палітычная аплявуха для Макрона, які столькі насіўся з ідэяй палітычнага суверэнітэту Еўропы, стратэгічнай аўтаноміі. Нягледзячы на ўсё гэта, ён з трэскам прайграе гэтыя выбары Марын Ле Пэн. Пакуль усё ідзе да гэтага», — лічыць аналітык. Пры гэтым усе эксперты сыходзяцца на тым, што азербайджанская гісторыя з’яўляецца хутчэй ходам для пераключэння ўвагі на Баку і яго ўплыў на сітуацыю. Проста французскія ўлады выкарыстоўваюць вядомы прыём і праводзяць масіраваную інфармацыйную атаку.

Час скідаць «кайданы»

Летась у кастрычніку тэма канфлікту ў Новай Каледоніі аказалася ў цэнтры ўвагі Руху недалучэння. На міністэрскім пасяджэнні Каардынацыйнага бюро гэтага руху, якое праходзіла ў Баку, адбылася канферэнцыя «Неакаланіялізм: парушэнне правоў чалавека і несправядлівасць». У ёй узялі ўдзел прадстаўнікі Новай Каледоніі, а таксама Алжыра, Малі, Марока і іншых колішніх і цяперашніх французскіх калоній. Выступаючы на пасяджэнні, намеснік генеральнага сакратара «Каледонскага саюза» Давід Ванаба заявіў, што Новая Каледонія хоча мець уласны палітычны курс, а не заставацца ў «кайданах» Францыі. «Мы не хочам інтэгравацца ў французскае грамадства альбо асімілявацца, таму што гэта краіна ўсё яшчэ працягвае весці каланіяльную палітыку», — заўважыў Ванаба.

The Sunday Tіmes наконт уплыву жорсткай каланіяльнай гісторыі Францыі на палітыку гэтай краіны ў Новай Каледоніі заявіла, што гэта стала самым сур’ёзным крызісам за час прэзідэнцтва Эмануэля Макрона. Прадстаўляючы Пятую рэспубліку на міжнароднай футбольнай арэне, Крысціян Карамбэ, нястомны паўабаронца, які ўваходзіў у склад каманды, што выйграла Кубак свету ў 1998 годзе, палічыў за лепшае не спяваць «Марсельезу» перад матчамі, паведаміла брытанскае выданне. Калі яго папрасілі растлумачыць гэта, ён абвінаваціў Францыю ў каланіяльных здзеках. У 1931 годзе Францыя наладзіла выставу, каб паказаць розныя куткі сваёй імперыі. На ёй былі прадстаўлены і 100 канакоў з Новай Каледоніі. З іх знялі адзенне і выставілі ў якасці небяспечных канібалаў у заапарку ў Булонскім лесе ў Парыжы, дзе прымушалі есці сырое мяса і выконваць «дзікунскія» танцы. Адным з гэтых канакаў быў прадзед футбаліста Вілі Карамбэ. «Мая сям’я, як і многія сем’і канакаў, перажыла жудасныя падзеі, — сказаў ён. — Я не магу спяваць нацыянальны гімн Францыі, бо ведаю гісторыю свайго народа».

Тым часам напружанне на ціхаакіянскім архіпелагу не слабее: «Канакі ніколі не адмовяцца ад незалежнасці, — заявіў Дамінік Фочы, адзін з лідараў нацыянальнага руху. — Мы павінны быць пачутыя». Таксама стала вядома, што раней у Тулузе прайшла акцыя салідарнасці з канакамі, а іх сцягі з’явіліся і на дэманстрацыі ў падтрымку палесцінцаў у Парыжы. Пэўна, настаў час скідаць «кайданы».

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.