Вы тут

Беларуская літаратура ў свеце


1980 год. У лютым у Ялце ў Доме творчасці імя А. П. Чэхава прайшоў Усесаюзны семінар драматургаў (тры тыдні). Беларусь прадстаўлялі Анатоль Вярцінскі, Валянцін Лукша, Яўген Шабан. 


У сакавіку ў Цэнтральным доме мастака ў Маскве прагучала новая праграма артыста Ю. Галышава «Апавяданні пра вайну». Кампазіцыя складалася з твораў Васіля Быкава. 

У красавіку ў Ташкенце правялі круглы стол «Адзінства шляху, разнастайнасць пошуку» «Литературная газета» і СП Узбекскай ССР. Прыняў удзел Анатоль Вярцінскі. Яго нататкі пад назвай «Наўкол сяброўскага стала...» надрукаваны ў газеце «Літаратура і мастацтва». 

23 мая «Літаратура і мастацтва» паведамляе пра прэм’еру спектакля «Пайсці і не вярнуцца» Васіля Быкава. 

У ліпені Мінск наведала старшыня секцыі перакладчыкаў савецкай літаратуры СП Балгарыі рэдактар выдавецтва «Народна култура» Пенка Кынева. Трэба нагадаць, што Пенка Асенава Кынева, якая нарадзілася ў 1942 годзе, пераклала на балгарскую мову творы Івана Мележа «Подых навальніцы», Васіля Быкава «Яго батальён» і «Пайсці і не вярнуцца», Кузьмы Чорнага «Млечны шлях», Уладзіміра Караткевіча «Лісце каштанаў», «Чорны замак Альшанскі», «Залаты бог», Івана Навуменкі «Развітанне ў Кавальцах», Барыса Сачанкі «Аксана», Віктара Казько «Высакосны год» і «Цвіце на Палессі груша», Алеся Адамовіча, Уладзіміра Калесніка і Янкі Брыля «Я — з вогненнай вёскі» і інш. 

У жніўні ў Кызыле (Тувінская АССР, РСФСР) прайшоў XI Усесаюзы фестываль маладых паэтаў. Ад Беларусі прынялі ўдзел Змітрок Марозаў, Галіна Каржанеўская, Мікола Мятліцкі. 

У верасні на кінафестывалі «Манрэаль-80» паказалі мастацкі фільм «Дзікае паляванне караля Стаха» па аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча. 

У верасні ў Мінску 8 дзён знаходзіўся пісьменнік з ГДР Райнер Ліндау. З мэтай збору матэрыялу для рамана аб Вялікай Айчыннай вайне, дзеянне якога адбываецца на Беларусі і Украіне. З нямецкім калегам сустракаліся А. Вярцінскі, Л. Гаўрылкін, Я. Каршукоў і інш. 
У кастрычніку ў СП БССР прайшла гутарка з венгерскім паэтам і перакладчыкам Андрашам Шымарам. У размове прынялі ўдзел Васіль Быкаў, Анатоль Вярцінскі, Леанід Гаўрылкін, Алесь Адамовіч, Яўген Каршукоў. 

У Доме літаратара адбылася сустрэча з чэшскім літаратуразнаўцам і перакладчыкам Вацлавам Жыдліцкі. 

У кастрычніку ў Баку прайшла Усесаюзная творчая канферэнцыя «Дружба народаў — дружба літаратур. Слова пісьменніка — актыўная сіла ў інтэрнацыянальным і патрыятычным выхаванні савецкага чалавека». Ад Беларусі ўдзельнічалі Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Яўгенія Янішчыц. 

У лістападзе на Буйніцкім полі прайшоў мітынг у гонар адкрыцця мемарыяльнага знака Канстанціну Сіманаву. Выступілі В. Озераў, Н. Гілевіч і інш. У Палацы піянераў і школьнікаў у Магілёве адбыўся вечар сустрэчы з савецкімі пісьменнікамі. Выступалі В. Озераў, Р. Казакова, В. Зуёнак, М. Алігер, В. Быкаў, Р. Раждзественскі і інш. 

У снежні ў Доме літаратара прайшоў літаратурны вечар, прысвечаны 100-гадоваму юбілею класіка рускай паэзіі Аляксандра Блока.

Адкрыў Максім Танк, выступілі Сяргей Грахоўскі, Яўгенія Янішчыц, Ян Скрыган. Нагадаем, што ў розныя гады творы А. Блока на беларускую мову перакладалі І. Дварчанін, А. Дудар, В. Болбас, А. Бадак, С. Дзяргай, М. Дукса, М. Калачынскі, Р. Лынькоў, Я. Сіпакоў, М. Федзюковіч і інш. У 1980 годзе Сяргей Грахоўскі выдаў у сваіх перакладах зборнік А. Блока «Выбраныя вершы і паэмы». Кнігу «Палескія дні Аляксандра Блока» (выйшла ў «Мастацкай літаратуры» ў 1985 годзе) напісаў беларускі пісьменнік-дакументаліст Мікола Калінковіч (1950–1990). У Лунінцы і Лунінецкім раёне на працягу многіх дзесяцігоддзяў стараннямі члена СП Беларусі Таццяны Канапацкай праводзяцца Дні памяці Міколы Калінковіча і Аляксандра Блока. У Пінскім раёне, у вёсцы Лапаціна, на Берасцейшчыне працуе бібліятэка-музей Аляксандра Блока. Дарэчы, дата заснавання Літаратурнага музея А. Блока ў Лапаціне — 2 лістапада 1980 года. 

1981 год. У Мінску ў студзені прайшла навуковая канферэнцыя, прысвечаная 350-годдзю з дня нараджэння выдатнага пісьменніка і асветніка Сімяона Полацкага. Арганізатары — Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР і Інстытут сусветнай літаратуры імя А. М. Горкага АН СССР. Даклад «Значэнне творчага подзвігу Сімяона Полацкага для рускай паэзіі» зрабіў намеснік старшыні Савецкага камітэта славістаў А. Рабінсон. 

31 сакавіка ў Маскве ў Цэнтральным доме літаратараў імя А. А. Фадзеева прайшоў вечар, прысвечаны 60-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна. Выступілі Ю. Верчанка, С. Баруздзін, А. Ананьеў, В. Бокаў, Я. Хелемскі, пісьменнікі Украіны, Таджыкістана, Латвіі, Чэхаславакіі ды інш. 

13 красавіка ў актавай зале Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага прайшоў вечар «Дружба народаў — дружба літаратур». Разам з беларускімі пісьменнікамі перад студэнтамі і выкладчыкамі выступілі госці VIII з’езда Саюза пісьменнікаў БССР — В. Озераў, С. Міхалкоў, У. Салаухін, Ю. Ванаг, В. Бокаў, Т. Байрам, А. Аўчарэнка, Я. Хелемскі, У. Гардзеічаў, Р. Мустафін, І. Фанякоў і інш. Пералік гэтых асоб сведчыць, што імкнуліся прыехаць тыя літаратары, у якіх была наладжана даўняя дружба з беларускімі пісьменнікамі, Беларуссю. Найперш гэта датычыцца паэта і перакладчыка Якава Хелемскага (1914–2003). Упершыню адкрыўшы для сябе Беларусь у час вызваленчага паходу Чырвонай Арміі па далучэнні Заходняй Беларусі да БССР, напісаўшы верш «У трыццаць дзявятым...» (з подпісам: «Маладзечна, 1939»), ён большую частку сваіх творчых памкненняў аддаў перакладам беларускай паэзіі на рускую мову. У 1956 годзе ў «Библиотеке «Огонька»» ў перакладзе Я. Хелемскага выйшла паэма Аркадзя Куляшова «Грозная пушча», у 1958 годзе — «Вершы з дарогі» Максіма Танка, у 1959-м — ізноў зборнік М. Танка... У 1961-м — «А дні ідуць...» Петруся Броўкі. Зборнікі перакладаў Якава Хелемскага выходзілі не толькі ў Маскве, але і ў Мінску: «Перевожу стихи товарища» (1962), «Ключ» (1968), «Четыре мастера» (1984)... З прадмовы «Ад перакладчыка» ў зборніку пераўвасабленняў «Перевожу стихи товарища»: 

«Мая праца — толькі малая часцінка <...> калектыўнай працы. 

Таму не варта адносіцца да дадзенага невялікага зборніка як да выдання анталагічнага. З гэтага пункту гледжання яно, безумоўна, не поўнае і мае істотныя прабелы. І калі чытач не знойдзе тут некаторых прыкметных твораў, калі ў кнізе часам зусім адсутнічаюць вершы таго ці іншага добрага паэта, прычыну варта шукаць толькі ў тым, што гэтыя творы перакладзены не мною, а іншымі таварышамі. 

Патрэбна мець на ўвазе тыя абставіны, што ў зборнік з прычыны вялікага аб’ёму не ўключаны паэмы Куляшова, Броўкі, Танка, Таўлая, Астапенкі, Бялевіча, пераклад якіх склаў даволі значную частку ўсёй маёй працы...» 
Сціплыя радкі прадмовы перакладчыка, які ўжо на той час зрабіў неверагодна шмат у справе знаёмства рускага чытача з беларускай паэзіяй. 

У маі Маскоўскі акадэмічны тэатр імя У. Маякоўскага знаёміць з прэм’ерай спектакля «Званы Хатыні» па матывах аповесцей В. Быкава «Трэцяя ракета» і «Пайсці і не вярнуцца». 

У жніўні ў Доме літаратара адбылася сустрэча беларускіх пісьменнікаў з настаўнікамі Беластоцкага ваяводства ПНР, якія выкладаюць беларускую мову. 

Тры дні знаходзілася ў Беларусі перакладчыца з ФРГ Мехцільд Русель. Была і сустрэча ў СП БССР, дыялог з нямецкай перакладчыцай вялі Анатоль Вярцінскі, Барыс Сачанка, Васіль Быкаў. Размова ішла і пра святкаванне 100-годдзя Якуба Коласа і Янкі Купалы ў ФРГ. 
У маскоўскім выдавецтве «Мысль» выйшла кніга С. Падокшына «Франциск Скорина». 
Выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» імя П. Броўкі распачало работу над пяцітомным выданнем «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі». Адметнасць гэтага даведачнага выдання, якім і сёння карыстаюцца даследчыкі (амаль праз паўвека з часу выдання!) і ў тым, што на яго старонках — абсягі міжнародных стасункаў беларускай літаратуры: праз асобныя артыкулы, прысвечаныя сувязям з тымі ці іншымі літаратурамі, і праз персанальныя артыкулы, якія расказваюць пра перакладчыкаў беларускай прозы і паэзіі, пра літаратуразнаўцаў, культуролагаў, якія ў іншых краінах зрабілі шмат дзеля пашырэння беларускага прыгожага пісьменства. 

У снежні, з 9 да 16, у розных гарадах Расіі — Маскве, Яраслаўлі, Горкім прайшлі ўрачыстасці, прысвечаныя 90-годдзю Максіма Багдановіча. Вельмі істотны момант — юбілеі беларускіх класікаў у іншых рэспубліках і краінах, выданне твораў у перакладзе на іншыя мовы і публікацыя іх да юбілейных дат. Вось і ў 1981 годзе публікацыя новых перакладаў паэзіі Багдановіча і артыкулаў пра яго творчасць з’явіліся ў розных выданнях на англійскай, казахскай, рускай (у расійскіх выданнях — пераклады Б. Спрынчана, Б. Ірыніна, М. Камісаравай), туркменскай, узбекскай, украінскай, латышскай мовах. 

У снежні ў Доме літаратара адбыўся вечар, прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння А. Фадзеева. Адкрыў і вёў І. Чыгрынаў, выступілі І. Шамякін, П. Кавалёў, М. Лужанін, У. Юрэвіч. Аляксандр Фадзееў самым цесным чынам быў звязаны з беларускай літаратурай, беларускімі пісьменнікамі. Захаваліся падрабязныя лісты-водгукі пра здзейсненае ў прозе, драматургіі Піліпам Пестракам, Іванам Мележам, Віталем Вольскім, Макарам Паслядовічам, лісты, у якіх Аляксандр Фадзееў, не шкадуючы часу, тактоўна, з павагай выказваў свае заўвагі... Вечар да 80-годдзя А. Фадзеева пройдзе яшчэ і ў Літаратурным музеі Янкі Купалы. 

1982 год. У лютым да Дня памяці рускага пісьменніка Ф. М. Дастаеўскага прайшоў літаратурны вечар у Рэспубліканскім доме работнікаў мастацтваў. 

У сакавіку ў Палацы работнікаў мастацтваў у Вільнюсе прайшоў вечар літоўскага паэта А. Балтакіса і беларускага паэта Р. Барадуліна. Дарэчы, у 1982 годзе Рыгор Барадулін паспеў пабываць яшчэ і ў Таджыкістане і Туркменістане, а таксама ў Чэхаславакіі... І ў Расіі — у Хабараўску, Камсамольску-на-Амуры, Ленінградзе, Маскве... З такіх паездак творцы прывозілі не толькі ўражанні, але і вершы. Ці пасля ўжо дома пісалі іх, трымаючы ў памяці блізкія ўспаміны... 

У сакавіку ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У. І. Леніна адкрылася вы¬стаўка аб жыцці і творчасці нямецкага класіка І. В. Гётэ — з нагоды 150-годдзя з дня яго смерці. У Мінску прайшлі два вечары яго памяці. Яшчэ ў 1940 годзе Дзяржаўнае выдавецтва БССР накладам 7000 экзэмпляраў выдала паэму Іагана Вольфганга Гётэ «Рэйнеке-ліс» у перакладзе Віталя Вольскага. Адзін з першых беларускіх артыкулаў пра вялікага нямецкага пісьменніка — публікацыя прафесара Яўгена Барычэўскага «Гётэ і тэатр» у часопісе «Мастацтва і рэвалюцыя» ў ліпені 1932 года. 

12 мая «Литературная газета» друкуе паведамленне пра стварэнне юбілейнага камітэта для падрыхтоўкі і правядзення 100-годдзя з дня нараджэння народнага песняра Беларусі Янкі Купалы. 

7 чэрвеня ў мінскім Доме кнігі адкрываецца выстаўка славенскай кнігі. На адкрыцці выступілі міністр культуры Славеніі М. Кмецэл, першы сакратар праўлення СП БССР Н. Гілевіч. 

20–26 чэрвеня ў Набярэжных Чаўнах (Татарстан, Расійская Федэрацыя) прайшла Усесаюзная канферэнцыя «Сацыялістычны вобраз жыцця: маладыя гарады і сучасная літаратура». Арганізатары — Саюз пісьменнікаў СССР, Саюз пісьменнікаў Татарстана, часопіс «Новый мир», НаберажнаЧаўнінскі гаркам КПСС. Беларусь на канферэнцыі прадстаўляла паэтэса Нэлі Тулупава. 

У чэрвені ў Азербайджане адбылося свята паэзіі народаў СССР. У ім прыняў удзел паэт Пятрусь Макаль. 

7 ліпеня — 100 гадоў з дня нараджэння народнага песняра Беларусі Янкі Купалы. У розных усесаюзных перыядычных выданнях выходзяць публікацыі, прысвечаныя гэтай даце. Такія ж публікацыі і новыя пераклады паэтычных твораў Янкі Купалы з’яўляюцца ў газетах і часопісах на мовах народаў СССР. Як, напрыклад, у перакладах Ігара Шклярэўскага, Івана Бурсава — у часопісах «Октябрь», «Дружба народов», у «Литературной газете». У 1982 годзе асобныя кнігі Я. Купалы пабачылі свет на англійскай, казахскай, кіргізскай, латышскай, малдаўскай, рускай, таджыкскай, украінскай, эстонскай мовах. Ці будуць яшчэ ўзноўлены практыкі такога маштабу? Гэта, відаць, у многім залежыць і ад нас саміх, ад беларусаў, ад нашай культурнай, літаратурнай палітыкі. А ў першую чаргу павінна быць зацікаўленасць сучасных замежных перакладчыкаў. Тады, магчыма, будзе і зацікаўленасць выдавецтваў, і запатрабаванасць класічнай беларускай паэзіі ў сучаснага замежнага чытача. Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч былі і застаюцца сімвалам беларускай нацыянальнай літаратуры, мастацкім і народным сімвалам Беларусі. 

Урачыстыя вечары, прысвечаныя векавому юбілею Янкі Купалы, прайшлі не толькі ў Маскве, дзе выступілі Г. Маркаў, М. Танк, Б. Алейнік, М. Дудзін, А. Малдоніс і інш., а яшчэ і ў Жэневе (Швейцарыя). 

У ліпені ў Мінску прайшоў пленум Савета па мастацкім перакладзе Саюза пісьменнікаў СССР. З дакладам выступіў Вячаслаў Рагойша. У спрэчках прынялі ўдзел прадстаўнікі перакладчыцкіх секцый і саветаў Саюзаў пісьменнікаў саюзных рэспублік. 

4 жніўня ў Мінску адкрылася выстаўка казахскай кнігі. Было прадстаўлена звыш 700 кніг. Варта заўважыць, што многія творчыя ініцыятывы ў фармаце беларуска-казахскіх літаратурных сувязей здзяйсняюцца і цяпер. Асабліва плённымі ў гэтым плане аказаліся 2008–2023 гады. Якраз у гэты перыяд у Мінску былі выдадзены ў перакладзе на беларускую мову кнігі Абая «Стэпавы прастор» (перакладчык Мікола Мятліцкі), «Шлях Абая» Мухтара Аўэзава (перакладчык Міхась Пазнякоў). А таксама тры кнігі асветніка, літаратуразнаўца, публіцыста і празаіка Немата Келімбетава «Не хачу губляць надзею», «Зайздрасць», «Лісты да сына» (перакладчыкі Алесь Бадак, Алесь Карлюкевіч, Генадзь Аўласенка). У мінскім Доме літаратара пры перапоўненай зале прайшоў творчы вечар легендарнага савецкага і казахстанскага паэта і публіцыста Алжаса Сулейменава. Пераклады яго вершаў з’явіліся ў часопісе «Полымя». Мікола Мятліцкі напісаў верш «Алжас Сулейменаў у Мінску»: «Святла душы ні блёстачкі не страціў, // Красае зырка іскры дабрыні. // Чытае верш — і ўслед Сяміпалацінск // Рэнтгенаўскія гасіць прамяні. // Цагліны Брэста, дзе пабыў дагэтуль. // Гараць нязмытай чырванню крыві. // Чытаеш верш — нібы з другой планеты // Гукае ў свет пяшчоты і люб¬ві. // І існасць ацалела па-за часам, // І мудрасць вочы роздумна кране. // Чытае верш — і вечнасць над Алжасам // З пытаннем вечным стала: быць ці не?» У апошнія паўтара дзесяцігоддзі ў Беларусі з рознымі творчымі клопатамі, рознымі ініцыятывамі пабывалі казахстанскія пісьменнікі, перакладчыкі, літаратуразнаўцы Святлана Ананьева, Любоў Шашкова, Валерый Міхайлаў, Кайрат Бакбергенаў, Нурдаўлет Акыш, Уміт Тажкен і іншыя літаратары. 
У жніўні ў Доме літаратара прайшла сустрэча творчай інтэлігенцыі з удзельнікамі «Маршу міру-82». Выступілі Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, нарвежская пісьменніца Грын Грэнвальд. 

З 28 верасня да 1 кастрычніка ў Мінску праходзіла Міжнародная навуковая канферэнцыя «Славянскія культуры і сусветны культурны працэс» (Мінск). Праводзілася ў рамках праекта ЮНЕСКА і Міжнароднай асацыяцыі па выву¬чэнні і распаўсюджванні славянскіх культур. У ёй прынялі ўдзел каля 20 ву¬чоных з Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Балгарыі, ГДР, Грэцыі, Даніі, СССР, Індыі, Югаславіі і іншых краін. Адбыліся пасяджэнні трох секцый па тэмах: «Славянскія культуры ў XX стагоддзі», «Славянскія культуры ў старажытнасці і эпоху Сярэдневечча», «Славянскія культуры новага часу». У рэспубліканскім друку апублікаваны тэкст паслання Генеральнага дырэктара ЮНЕСКА Амаду-Махтара Мбоў удзельнікам канферэнцыі. 30 верасня ў Доме літаратара прайшоў круглы стол «Класікі беларускай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас у кантэксце славянскіх культур». 

У Хабараўскім краі (Расійская Федэрацыя) прайшлі Дні савецкай літаратуры. Пісьменнікі з розных куткоў Савецкага Саюза наведалі Хабараўскі літаратурны музей. БССР прадстаўляў паэт Рыгор Барадулін. Вось што ён згадвае пра паездку ў сваіх дзённікавых запісах: «...г. Хабараўск. Мартэны вулканаў. Гарачыя рэкі, салюты, гарачыя кастры. Крайком. Чорны Аляксей Кляменцьевіч: «Тэрыторыя [Хабараўскага краю] большая 2-х Японій. У асобныя райцэнтры 3–4 гадзіны самалётам, а то 3 гадзіны самалётам, а 4 цягніком». Партрэты Маркса, Энгельса, Леніна. Лясоў прырастае ў 2 разы болей, чым асвойваецца. Забяспечыць большую прыжы¬ваемасць насельніцтва і знішчыць цякучасць кадраў, 900 км з Кітаем мяжы. Людзі не пабеглі пасля стыхійнай бяды (пасля ўзвядзення ЛЭП 200 прыезджых, амаль усе выехалі, іх дужа не ўгаворвалі). Такія пажары, што нават лось не мог уцячы, ад палу некаторыя сёлы датла выгарэлі. 

Нам здаецца, што ў нас усё здорава, а ў іншых горай. Фактар аддаленасці яшчэ болей іграе ролю, чым кліматычныя ўмовы на замацаванне кадраў. Далёкаўсходні каэфіцыент <...> Па Камсамольску-на-Амуры цякучасць знізілася, бо паднялі каэфіцыент. Сялянам на мяжы каэфіцыент за страх — назвалі яны. Усе будуць [атрымліваць] 1,6. А на БАМе 1,7. 

Моталодак болей, чым аўтамашын. Шмат прытокаў, д’ябал не знойдзе, лаві рыбу. Калі трэба, можам усе схавацца, з самалёта бачылі, колькі прытокаў. Трэба, каб у магазінах было... 

Шаша ўсход — захад вядзецца актыўна, з асфальтам, цвёрдым пакрыццём». Кавалак, старонка жывога жыцця... У паездцы ў Хабараўскі край Рыгор Барадулін пазнаёміўся і са звычаямі, і з праблемамі мясцовага насельніцтва. Адкрыў для сябе, хто такія нанайцы. Пабываў у Амурску. Пазнаёміўся з Камсамольскам-на-Амуры. Шмат запісаў у дзённіку — вострыя развагі нанайскага паэта і празаіка Андрэя Аляксандравіча Пасара (1925–2013), які расказвае пра лёс свайго народа, яго судакрананне з цывілізацыяй. Дарэчы, цікавы факт: апошняя кніга А. Пасара — паэма «Бічэхэ Еўропачы. Пасланне ў Еўропу» (2010). Гэта паэтычны антыфашысцкі зварот да 26 нямецкіх салдат, якіх у адзіночку ўзяў у палон яго стрыечны брат, снайпер і разведчык Аляксандр Пасар, Герой Савецкага Саюза. Аляксандр Пасар ваяваў на 1-м Беларускім фронце. Званне Героя Савецкага Саюза атрымаў за подзвігі, здзейсненыя на тэрыторыі Беларусі... 
У Фергане (Узбекістан) у верасні прайшла навукова-творчая канферэнцыя «Савецкая шматнацыянальная літаратура ў духоўным свеце нашага сучасніка». У ёй прыняў удзел крытык Варлен Бечык. 

У Фрунзэ (Кыргызстан) адбылася IV Міжнародная сустрэча пісьменнікаў маладых краін Азіі і Афрыкі. У склад савецкай дэлегацыі быў уключаны і празаік Генрых Далідовіч. 

15 кастрычніка «Літаратура і мастацтва» друкуе грунтоўны артыкул Карласа Шэрмана «Пераадоленне майстэрства», прысвечаны праблемам мастацкага перакладу. Карлас Шэрман (1934–2005) зрабіў неверагодна шмат для развіцця перакладу ў Беларусі. 

У верасні і лістападзе ў Маскве прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння народнага песняра Беларусі Якуба Коласа. 9 верасня — пасяджэнне Усесаюзнага юбілейнага камітэта на чале з Сяргеем Міхалковым. 1 лістапада — урачысты вечар у

Вялікім тэатры Саюза ССР. Выступалі С. Міхалкоў, Я. Ісаеў, Ю. Марцінкявічус, В. Быкаў і іншыя. 

У лістападзе госцем СП БССР быў народны паэт Афганістана Н. Хафез. 

У Кіраўскай вобласці (Расія) прайшлі Дні савецкай літаратуры. Ад Беларусі ўдзельнічаў Васіль Зуёнак. 

Кастусь ЛЕШНІЦА 

Працяг будзе

Мемарыяльны знак на Буйніцкім полі. Фота Кастуся Дробава.
Кадр з фільма "«Дзікае паляванне караля Стаха», 1979 г.
Выданне ў перакладзе М. Мятліцкага, 2011 г.
Народны пісьменнік Казахстана Любоў Шашкова на беларуска-казахскім пісьменніцкім форуме ў СШ № 143 імя М. Аўэзава г. Мінска, 2019 г. Фота Марыны Варабей.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...

Сельская гаспадарка

 Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Гродзенскі раён традыцыйна ў ліку перадавых на Гродзеншчыне.