Вы тут

У рамках Тыдня культуры пагаварылі пра рэха вайны у беларускім кіно


«Альпійская балада», «Дняпроўскі рубеж», «У жніўні 44-га...», «Брэсцкая крэпасць»... А колькі ваенных фільмаў прыгадаеце вы? Ці будуць сярод іх тыя, якія належаць да ўзораў айчыннага кінематографа? Ці супадзе ваша меркаванне з думкамі кінакрытыкаў? Дарэчы, на мінулым тыдні ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў рамках Тыдня культуры адбыўся круглы стол да 100-годдзя беларускага кіно. Сімвалічна, што напярэдадні 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ён быў прысвечаны менавіта ваенным фільмам, бо абмяркоўвалася тэма «Рэха Вялікай Айчыннай у беларускім кіно».


Кадр з фільма «Ідзі і глядзі»

Аб беларускім кінематографе часоў Вялікай Айчыннай вайны распавяла Антаніна Карпілава, загадчык аддзела экранных мастацтваў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт. Ваенная тэма развівалася ў розных кірунках і жанрах. Пачалі яе распрацоўку франтавыя кінааператары. Сярод іх — Марыя Сухава, чый подзвіг быў адлюстраваны ў ігравым фільме «Глыбокая плынь». «Ігравое кіно стала адгукацца на падзеі Вялікай Айчыннай вайны ў міфалагічным стылі эпохі, буйнога штрыха, высакамоўнай, у чымсьці імперскай манеры — фільмы „Канстанцін Заслонаў“, „Гадзіннік спыніўся апоўначы“ і гэтак далей, — згадвае Антаніна Аляксееўна. — Шасцідзясятнікі прынеслі іншае дыханне — гэта былі людзі, апаленыя вайной у дзяцінстве: Віктар Тураў, Валерый Рубінчык, Ігар Дабралюбаў, Валерый Рыбараў. 1960–1980-я гады я б абазначыла як этап адлюстравання вайны як вялікай трагедыі. Асабліва гэта відаць у фільме „Ідзі і глядзі“ Элема Клімава. Мы яго лічым сваім, бо ён створаны па прозе Алеся Адамовіча і здымкі адбываліся ў беларускіх лакацыях». 

Цяперашні час у кіно спецыяліст асэнсоўвае з доляй горачы, бо яму характэрна вяртанне да лякал і шаблонаў. Сярод самых свежых работ — «Час вярнуцца». На думку Антаніны Карпілавай, гэта якасны дынамічны фільм, які больш адпавядае прыгодніцкім канонам, але гэта кіно не для рэфлексіі, бо ўспрымаецца больш як відовішча. Такая работа сведчыць, што беларускае кіно развіваецца стадыяльна, што не хапае фільмаў, якія прымушаюць думаць. Як прыклад якаснага ваеннага фільма яна згадала карціну «Сведка» Валерыя Рыбарава, дзе на лёсе падлетка паказана, што адбываецца з чалавекам пасля вайны. 

У дакументальным кіно Антаніна Карпілава вылучыла два фільмы Аляксандра Карпава: «Ішоў мокры снег» (споведзь дзяцей, якія перажылі канцлагер) і сімволіка-метафарычную стужку «Палітра памяці». На яе думку, гэта два фільмы-палюсы, паміж якімі і існуе беларускі ваенны кінематограф. Ваенная тэма гучыць і ў анімацыі. Сярод таго, што абавязкова варта паглядзець з нагоды 100-годдзя беларускага кіно, — «263 ночы», дзе ідзе размова пра Халакост, і «Лыжка для салдата» — прытча аб вандраванні лыжкі на фронт. Абодва стварыла Ірына Тарасава. 

Наталля Агафонава, старшы навуковы супрацоўнік аддзела экранных мастацтваў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, закранула тэму ваенных ігравых серыялаў, падзяліўшы іх на так званыя вузлы. Першы — наша вялікае кінабагацце. Гэта ў першую чаргу «Белая зямля» — трохсерыйны фільм зняты на «Беларусьфільме» ў 1970 г. па матывах аднайменнай аповесці Аляксея Лявонцьева (у аснову пакладзена рэальная гісторыя аб аперацыі «Хольцауге»). Наталля Агафонава падкрэсліла вялікі маштаб гэтай ваеннай кінастужкі, дзе паказаны два антаганісты, якія суіснуюць побач. Гэтае кіно ўздымае пытанне, як застацца чалавекам у экстрэмальных абставінах і выжыць пры ўзаемнай падтрымцы. У спісе вялікага — трохсерыйны фільм «Доўгія вёрсты вайны» (1975). па творах Васіля Быкава «Жураўліны крык», «Атака з ходу», «На ўсходзе сонца». Наталля Анатольеўна зазначыла, што на той час гэта быў новы прыём, калі кожная серыя мае сваю назву і сюжэт, аднак фільм не развальваецца на тры аўтаномныя навелы. Дасягаецца гэта дзякуючы скразным персанажам, што папярэднічала сённяшняму серыяльнаму наратыўнаму ўскладненню з яго вертыкальна-гарызантальным разгортваннем сюжэта. У спісе выдатных работ таксама «Яго батальён» па аднайменнай аповесці Васіля Быкава (дзве серыі, 1989 г.). Усе гэтыя тры фільмы аб’ядноўвае асоба аднаго выдатнага майстра — рэжысёра Аляксандра Карпава. Як падкрэсліла Наталля Агафонава, ён паказаў суровую прастату будняў вайны — ростані, безыменныя вышыні, ні манументалізацыі, ні плакатнасці, галоўны герой — пехацінец вайны на маральных ростанях. 

Другі вузел у ігравых серыялах, паводле меркавання Наталлі Агафонавай, — так званае ідэйнае кіно, дзе пунктам адліку стаў фільм «Руіны страляюць...» Віталя Чацверыкова (1970–1972 гг.). У гэтым жа ваенным кінаблоку «Парашуты на дрэвах» Іосіфа Шульмана (1973 г.), «Дзяржаўная граніца» Вячаслава Нікіфарава (1980-я гг.). Наталля Агафонава лічыць, што Шульман больш арганічна злучыў у сваёй рабоце дакументальны і ігравы матэрыял у адрозненне ад Чацверыкова. 

Трэці вузел, на думку спецыяліста, — так званае іншае кіно часу перабудовы, першая спроба выйсці за рамкі савецкага дыскурсу пра вайну, каб сказаць нешта новае — гэта «Пераправа» Віктара Турава (1988 г.) і «Плач перапёлкі» Ігара Дабралюбава (1990 г.). 

Чацвёрты вузел — прыгодніцкае ваеннае кіно, дзе зыходным пунктам стаў фільм Міхаіла Пташука «Час выбраў нас» (1976, 1978 гг.). У стужках такога жанру больш каштоўная не рэфлексія рэжысёра на тэму чалавека на вайне, а розныя авантуры. Менавіта гэта стала характэрнай рысай ігравых серыялаў 2000-х гадоў, замацаваўшыся ў асноўных клішэ. «У адрозненне ад сваіх папярэднікаў фільмы сталі мець жанравы ўхіл шпіёнскага дэтэктыва, галоўныя героі нагадваюць суперменаў, баявая сюжэтная лінія пераплятаецца з лірычнай, але тая адыходзіць на другі план. Сярод такіх работ — «Замах», «Немец», «Сляды апосталаў», «СМЕРШ», — нагадала Наталля Агафонава. Канешне, гэта любімыя многімі і даволі папулярныя серыялы. Аднак тут сапраўды ёсць над чым задумацца нашаму чытачу: такія фільмы адпавядаюць запатрабаванням сучаснага гледача, але ці не страцілі мы за пагонямі і шпіёнскімі авантурамі душэўнае і інтэлектуальнае кіно? 

Адзін з папулярных сёння прыёмаў у ваенных фільмах — снайпер супраць снайпера. Наталля Агафонава згадала, што адным з першых у гэтым плане стаў «На безыменнай вышыні» (2004). Сярод мноства сучасных серыялаў яна асабліва вылучыла той, які абавязкова варта паглядзець, — «У чэрвені 1941» (2008) па матывах аповесці Алега Смірнова «Чэрвень». Менавіта з гэтага твора, падкрэслівае Наталля Анатольеўна, узяты метафарычны прыём аднаўлення пагранічнага слупа, які можна бачыць у розных ваенных фільмах, у прыватнасці ў «Дзяржаўнай граніцы». 

Наталля Агафонава заклапочана тым, што сённяшні ігравы серыял набліжаны да камп’ютарнай гульні. «Ці чакаць у кіно працягу лініі Карпава-Быкава? — задумваецца яна. — Пакуль не, бо сучаснае кіно арыентавана на шырокага спажыўца, а ён, як правіла, шукае не перажыванні, а асалоду, нешта больш лёгкае».

Вельмі актуальную тэму закранула дацэнт кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін і менеджменту Інстытута сучасных ведаў імя А. М. Шырокава, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Наталля Сцежка — праблему сцэнарыяў. «Беларускае кіно ўвайшло ў сусветнае менавіта дзякуючы фільмам на ваенную тэматыку: „Праз могілкі“ Віктара Турава, „Альпійская балада“ Барыса Сцяпанава, „Сведка“ Валерыя Рыбарава, „Чорная бяроза“ Віталя Чацверыкова, „У жніўні 44-га“ Міхаіла Пташука і г. д. Усе гэтыя фільмы ўваходзяць у залаты фонд беларускага кіно. Іх поспех не толькі ў таленце самога рэжысёра, але і ў якасным сцэнарыі», — заўважае Наталля Рыгораўна. Значнай падзеяй у айчынным кінамастацтве яна назвала выхад у 2009 годзе на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» мастацкага фільма «Ваўкі» (рэжысёр Аляксандр Колбышаў) па матывах аднайменнай аповесці Аляксандра Чакмянёва.

Наталля Сцежка згадала ў сваім выступленні і самы свежы ваенны фільм «Час вярнуцца». Яна расказала, што першапачаткова гэтае кіно называлася «Казбек» і прысвячалася подзвігу Мамадалі Тапвалдыева па мянушцы Казбек, Героя Савецкага Саюза, камандзіра аддзялення разведкі 5-га атряда партызанскай брыгады «Чэкіст». Фільм павінен быў здымацца з узбекскімі калегамі, але, на жаль, супрацоўніцтва не адбылося. 

Вельмі цікавы разбор стужкі «Час вярнуцца» быў і ў выступленні Алега Сільвановіча, в. а. прарэктара па вучэбнай рабоце, загадчыка кафедры кіно і тэлебачання БДАМ, кандыдата мастацтвазнаўства: «У фільме шмат відовішчных і натуралістычных, разбуральных і крывавых сцэн, закліканых паказытаць нервы гледачоў: абвальванне падарванага чыгуначнага моста, падзенне эсэсаўца ў яму-пастку, расправа з дзіцем, схаваным у сене, пры дапамозе вілаў. Нават на этапе ўступных цітраў, калі пасярод пустога чорнага экрана высвечваецца маркіроўка 12+, чуецца гук стрэлу, і вакол плюса ўтвараецца кружок белай павуцінкі прастрэленага шкла». Алег Ігаравіч акцэнтуе ўвагу на гэтым прыёме, бо відавочна: у ім сумешчаны адсылка да тэмы адабранага вайной дзяцінства і просты спосаб завалодання ўвагай гледача. «Паабяцаць стрэлам відовішчнасць і далей на працягу ўсёй карціны выконваць гэтае абяцанне, падтрымліваючы ўзровень адрэналіну, — рэжысёрская стратэгія ўздзеяння на масавую аўдыторыю, — перакананы ён. — Такім чынам захоплены праглядам чалавек паралельна з успрыманнем уражальных сцэн засвоіць ідэйнае напаўненне фільма». 

Алег Ігаравіч нагадаў, што класічныя беларускія фільмы пра Вялікую Айчынную вайну былі створаны, калі рэпертуар Нацыянальнай кінастудыі фарміраваўся выключна па тэматычным прынцыпе і ў найлепшых фільмах ваенная тэма раскрыта ў розных ракурсах на высокім мастацкім узроўні. Аднак у асноўным у жанры драмы. Засяродзіўшы асноўную ўвагу на рэалізацыі тэмы вайны ў выглядзе тэлесерыяльнай прадукцыі і вострасюжэтных стужак, сучасны беларускі кінематограф працягвае развіццё ваеннай тэмы ў жанравым ключы, не прэтэндуючы на саперніцтва з дасягненнямі мінулых гадоў. 

У шэрагу беларускіх фільмаў, прысвечаных ваеннай тэме, на думку спецыяліста, асабліва вылучаецца сваім ідэйна-мастацкім рашэннем псіхалагічная драма «Ворагі» (2007) — таленавітая дэбютная работа рэжысёра Марыі Мажар. Драматычная гісторыя аб акупаванай немцамі беларускай весцы становіцца полем бітвы са стэрэатыпамі ваеннага кіно: два варожыя бакі вучацца разумець адзін аднаго, знаходзіць кампрамісы, пачынаюць бачыць у сваім ворагу звычайнага чалавека, здольнага адчуваць, перажываць, кахаць. 

У сваім выступленні Алег Сільвановіч падрабязна згадаў гісторыю беларускага кінематографа, пачынаючы ад фільма «Канстанцін Заслонаў», які лічыцца першай айчыннай ваеннай стужкай (рэжысёр А. Файнцымер, В. Корш-Саблін, 1949 г.). 

На думку спецыяліста, асноўным пунктам адліку ў новай распрацоўцы ваеннай тэмы стаў ваенна-прыгодніцкі фільм «У жніўні 44-га...» (2000 г.), пастаўлены па матывах рамана Уладзіміра Багамолава «Момант ісціны». Работа Міхаіла Пташука мела ашаламляльны глядацкі поспех. Яму ўдалося падняць планку жанравага ўзроўню настолькі высока, што яе не ўдаецца дасягнуць да гэтага часу пры ўсіх магчымасцях камп’ютарных тэхналогій сучаснай кінавытворчасці.

Алег Сільвановіч таксама нагадаў пра самы вялікі поспех апошняга дваццацігоддзя Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», звязаны з міжнародным прызнаннем ваеннай драмы «У тумане» (2012 г., знята па аднайменнай аповесці В. Быкава). У вытворчасці карціны акрамя Нацыянальнай кінастудыі прынялі ўдзел кінакампаніі Германіі, Расіі, Нідэрландаў і Латвіі. Частковае фінансаванне фільм атрымаў ад Еўрапейскага фонду развіцця кінематаграфіі «Eurimages». Упершыню ў гісторыі беларускага кіно фільм быў уключаны ў асноўную конкурсную праграму 65-га Канскага міжнароднага кінафестывалю і заваяваў прэстыжны прыз ФІПРЭСІ «За найлепшы фільм».

Ірына ПРЫМАК

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.