Вы тут

Персанальная выстаўка Анатоля Дрыбаса — пра прыгажосць роднага краю


Мастацкая галерэя «Універсітэт культуры» запрашае на персанальную выстаўку фатографа Анатоля Дрыбаса «Вакол нас». 
У экспазіцыі — панарамныя здымкі і пейзажы самых розных куткоў нашай радзімы, зробленыя за апошнія гады.

Анатоль Дрыбас прафесійна займаецца фатаграфіяй з 1981 года. Працаваў фатографам у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі», выкладаў курс «Фотаграфіка» ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Сёння майстар — член фотаклуба «Мінск» і аб’яднання «Фотамастацтва». У сваім прафесійным жыцці не абыходзіцца без творчасці, што пацвярджае яго ўжо сорак першая выстаўка «Вакол нас». Спецыфіка работы фотакарэспандэнта патрабуе ўмення здымаць самыя розныя аб’екты: помнікі культуры, заводы, фабрыкі, інтэр’еры і шмат іншага. 

Але любімай тэмай А. Дрыбаса быў і застаецца беларускі пейзаж.

У экспазіцыі прадстаўлена некалькі дзясяткаў работ, аб’яднаных адной тэмай — прыгажосцю роднага краю. Аўтар звяртае ўвагу як на шырокія прасторы палёў, блакітных азёр, паўнаводных рэк, так і на маленькія дэталі — накшталт чароўнай кветкі ці пухнатай вавёркі. У сваіх работах Анатоль Дрыбас падкрэслівае багацце і гармонію беларускай прыроды, якую людзі рэдка заўважаюць у паўсядзённых клопатах. Дзякуючы фотаздымкам наведвальнікі могуць здзейсніць невялікія імправізаваныя вандроўкі па беразе бліскучай ракі, зімовым лесе, квітнеючых палях... 

Тэматычна работы можна падзяліць на некалькі частак: рэкі, азёры і іншыя вадаёмы нашай краіны, летнія і зімовыя пейзажы, жывёлы і гарадскія замалёўкі. Першую «групу» складаюць фотаздымкі берагоў Свіслачы, Бярэзіны, Рыбчанкі (Радашковіцкі раён). Калаж «Рака Бярэзіна. Поры года» паказвае такую розную, але заўсёды прывабную прыгажосць аднаго і таго ж берага ракі вясной, зімой, летам і восенню. Імправізаваная група «жывёлы» прадстаўлена найменш. Складаецца яна з трох фотаздымкаў, на якіх адлюстравана свабоднае жыццё вавёрак, касуль, качак... Кадры здаюцца жывымі за кошт правільна выбранага моманту і дынамікі. 

Пейзажы і гарадскія замалёўкі прадстаўлены больш маштабна. У гэтай серыі фатограф адлюстроўвае прыгажосць нашай сталіцы. У аб’ектыў майстра трапілі вядомыя мінчанам вулкі,помнікі, храмы. Фотаздымкі Анатоля Дрыбаса вяртаюць да простых паўсядзённых радасцей, паказваюць чараўніцтва роднай прыроды, дапамагаюць запаволіцца і адпачыць ад перажыванняў і клопатаў. Геаграфія творчасці фатографа ахоплівае ўсю Беларусь. Тут можна ўбачыць пейзажы Мінскай, Віцебскай, Брэсцкай абласцей, зазірнуць у розныя куткі нашай краіны і нацешыцца атмасферай спакою.

Анатоль Дрыбас падпісвае свае работы вельмі проста: «Усход. Рака Свіслач», «Усход у лесе», «Вавёрка» і інш. Але яркія фотаздымкі не патрабуюць дадатковага тлумачэння. Агледзеўшы экспазіцыю, можна зрабіць выснову, што восень — любімая пара года фатографа. Работы Анатоля Дрыбаса часам нагадваюць творчасць іншага беларускага фатографа — Міколы Лінніка. Абодва майстры звяртаюць увагу на прыгажосць, якая заўсёды вакол нас, але да якой мы прывыклі і ўжо не заўважаем. «Вакол нас» — добрая нагода для таго, каб вярнуцца, хаця б думкамі, да роднай прыроды, знайсці гармонію ў душы і сэрцы.

Выстаўка працуе да 5 чэрвеня.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...

Сельская гаспадарка

 Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Гродзенскі раён традыцыйна ў ліку перадавых на Гродзеншчыне.