Вы тут

На гэтым тыдні адзінаццацікласнікі здалі першыя два цэнтралізаваныя экзамены


На гэтым тыдні адзінаццацікласнікі здалі першыя два цэнтралізаваныя экзамены, якія адначасова сталі і пачаткам уступнай кампаніі. Таксама ў тыя ж дні — 27 і 30 мая — прайшло цэнтралізаванае тэсціраванне для тых, хто скончыў школу або сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы раней. Наперадзе — яшчэ два экзамены.


Фота БелТА

Вядома, экзамен — сур’ёзная праверка не толькі ведаў, але і псіхалагічнай сталасці маладых людзей. Ды і для больш сталых тэсціраванне далёка не лёгкая прагулка. Не менш адказны гэты перыяд і для ўдзельнікаў камісій па іх арганізацыі і правядзенні. Надта важна забяспечыць не толькі аб’ектыўную ацэнку ведаў, але і стварыць максімальна зручныя, камфортныя ўмовы для выпускнікоў і абітурыентаў.

Сёлета, па даных Міністэрства адукацыі, на ЦЭ зарэгістраваліся 55,7 тысячы выпускнікоў, на ЦТ — 54,9 тысячы чалавек. У пунктах правядзення ЦЭ, а іх у краіне 144 (56 — ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі), працуюць больш за 10 тысяч педагогаў і іншых спецыялістаў адукацыйных устаноў. Самы буйны па колькасці ўдзельнікаў пункт правядзення цэнтралізаваных экзаменаў — у БДУ. Аб некаторых падрабязнасцях працэсу «Звяздзе» расказаў намеснік адказнага сакратара арганізацыйнай камісіі па правядзенні ЦЭ і ЦТ у БДУ Вячаслаў Малафееў.

— Вячаслаў Міхайлавіч, колькі выпускнікоў зарэгістравалася для здачы іспытаў менавіта ў вашым пункце?

— Усяго на ЦЭ і на ЦТ зарэгістравалася 10 381 удзельнік: 5789 з іх — на экзамен і 4592 — на тэсціраванне. На 27 мая для праходжання ЦЭ і ЦТ па профільных прадметах зарэгістравалася 3285 удзельнікаў іспытаў (2896 — на экзамен і 389 — на тэсціраванне). 30 мая на праверку ведаў па рускай і беларускай мове — 3429 чалавек (2893 — на ЦЭ і 536 — на ЦТ). На 3 і 6 чэрвеня для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання зарэгістравалася 3667 удзельнікаў.

— Якой фактычна была яўка?

— 27 мая на цэнтралізаваны экзамен вельмі добрая — 99,6 працэнта з зарэгістраваных. Ва ўсіх, хто не з’явіўся (усяго 10 чалавек), былі абгрунтаваныя ўважлівыя прычыны. Значна больш тых, хто не прыбыў на тэсціраванне, — 17% ад агульнай колькасці зарэгістраваных. Але і тут ёсць свае аб’ектыўныя фактары.

— І экзамен, і тэсціраванне праходзяць адначасова. Ці не ўзнікае ва ўдзельнікаў блытаніны?

— Вядома, не. Усё дакладна вызначана, ЦЭ і ЦТ разведзены па розных аўдыторыях. У нашым пункце на гэтыя мэты вызначана 67 аўдыторый. У кожнай з якіх працавалі два ці тры выкладчыкі БДУ (у залежнасці ад памераў залы) і адзін настаўнік устаноў сярэдняй адукацыі Фрунзенскага раёна Мінска. Таксама ў кожнай аўдыторыі абавязкова знаходзяцца прадстаўнікі дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступнай кампаніі.

— Як вы ацэньваеце настрой дзяцей перад іспытам?

— Хутчэй больш хваляваліся мы, асабліва ў першы дзень, калі выпускнікі здавалі цэнтралізаваны экзамен па прадмеце па выбары. А ў школьнікаў, прынамсі на першы погляд, яўных прыкмет нервавання ці павышанай узбуджанасці не назіралася. Вядома, яны хваляваліся, але побач з імі былі іх настаўнікі, прысутнасць якіх дадавала ўпэўненасці і спакою. За гэта асобная падзяка кіраўніцтву, педагогам устаноў адукацыі Фрунзенскага раёна сталіцы за высокі арганізацыйны ўзровень і такую ж магутную маральную падтрымку дзяцей.

Адзначу і станоўчую ролю рэпетыцыйнага экзамену, які праводзіўся 27 студзеня. Гэты вопыт дазволіў пазбегнуць арганізацыйных праблем, а самі выпускнікі былі ўжо значна больш сабраныя, спакойныя і ўпэўненыя ў сабе.

— Форс-мажорныя сітуацыі ўзнікалі?

— На жаль, так. Прыйшлося зняць з экзамену двух школьнікаў па стане здароўя. Сітуацыі, калі выпускніку або абітурыенту можа стаць дрэнна, у нас прадугледжаны — арганізавана пастаяннае дзяжурства медыкаў, сёлета разгорнуты два медыцынскія пункты. Што да парушэнняў, то іх зафіксавана не было.

Чарговыя дні цэнтралізаванага тэсціравання — 3 і 6 чэрвеня.

Тыя, хто не змог прысутнічаць на ЦЭ і ЦТ у асноўныя дні, маюць магчымасць зарэгістравацца на іх праходжанне ў рэзервовыя дні. Гэтае права дадзена толькі тым, хто ўжо быў зарэгістраваны на асноўны дзень. Рэгістрацыя на ЦЭ і ЦТ у рэзервовыя дні адбудзецца з 10 да 14 чэрвеня.

Рэзервовымі днямі для здачы ЦЭ і ЦТ вызначаны 19, 21, 23 чэрвеня. ЦТ па ўсіх прадметах пройдзе 19 чэрвеня. 21 чэрвеня — ЦЭ і ЦТ па профільных прадметах. 23 чэрвеня адбудуцца ЦЭ і ЦТ па рускай або беларускай мовах.

19 і 21 жніўня іспыты будуць здаваць тыя, хто па ўважлівых прычынах не змог прысутнічаць папярэдні раз, у тым ліку ў рэзервовыя дні, а таксама парушальнікі правілаў паводзін у аўдыторыі.

Алена ВІНАГРАДАВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.