Вы тут

Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур пройдзе ў Гродне чатырнаццаты раз


Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур пройдзе ў Гродне чатырнаццаты, раз тры дні — з 7 да 9 чэрвеня — і абяцае быць насычанай і разнастайнай. Разам з новымі лакацыямі гасцей сустрэнуць любімыя ўсімі падворкі прадстаўнікоў нацыянальных дыяспар, якія прадставяць свае народныя абрады, культуру, творчасць і стравы. Мяркуецца ўдзел прадстаўнікоў 35 нацыянальнасцяў, многія з якіх не толькі пражываюць у Беларусі, але з’яўляюцца яе грамадзянамі.


Трохдзённы фармат фестывалю, які быў прапанаваны не так даўно, адразу прыйшоўся даспадобы як удзельнікам, так і гасцям. А ўсё таму, што на трэці дзень усе адпраўляюцца на прыроду. Свята працягваецца на шлюзе Аўгустоўскага канала. І сёлета тут чакае насычаная праграма і прыемны адпачынак на старажытным гідратэхнічным збудаванні, будаўніцтва якога пачалося роўна 200 гадоў таму. Юбілейная дата таксама стане адной з асаблівасцяў выязной праграмы.

Але спачатку аб тым, з чаго пачнецца брэндавае свята ў Гродне. Суботнім адвячоркам маляўнічыя калоны пройдуць з песнямі і танцамі па цэнтральнай вуліцы горада да Савецкай плошчы, дзе адбудзецца ўрачыстае адкрыццё з удзелам ганаровых гасцей, прадстаўнікоў замежных дэлегацый, мясцовых і рэспубліканскіх улад. Прагучаць прывітальныя словы, сваё майстэрства прадэманструюць прафесійныя і аматарскія калектывы і артысты. Будуць прадстаўлены найлепшыя нумары заключных тураў абласцей Беларусі, што акрэсліць шырокі нацыянальны склад удзельнікаў канцэрта. Завершыць першы дзень маладзёжная дыскатэка.

Другі дзень лічыцца самым працяглым. Высокія госці разам з кіраўніцтвам вобласці і горада знаёмяцца з нацыянальнымі падворкамі. Тут гасцінна сустракаюць усіх, хто завітае. Падворкі, як правіла, размяшчаюцца ва ўтульных дворыках старога Гродна. Але не толькі. Імправізаваныя пляцоўкі раскінуцца і на пешай вуліцы абласнога цэнтра. У гэты дзень тут заўсёды шматлюдна.
І гродзенцы, і госці горада з задавальненнем наведваюць нацыянальныя падворкі, дзе можна ўбачыць старажытны народны абрад, паслухаць самабытныя песні, ацаніць традыцыйныя стравы.

Сёлета такіх падворкаў будзе 19, на іх сваю адметнасць прадставяць 35 нацыянальнасцяў. Гэта крыху больш, чым на папярэднім фестывалі. Мяркуецца, што на беларускім падворку будуць прадстаўлены ўсе вобласці з іх самабытнымі традыцыямі. Таксама тут выступяць беларусы замежжа. Аб сваім удзеле аб’явілі госці з Расіі, Латвіі, Польшчы.

А ў гонар новых нацыянальнасцяў будуць высаджаны экзатычныя дрэвы на алеі Сяброўства ў Каложскім парку. Сёлета дрэвы будуць прысвечаны Аргенціне, Манголіі, Бураціі, Камеруну і Егіпту. З’явяцца экзоты ад нігерыйцаў і пакістанцаў.

У рамках агульнага свята пройдзе нямала міні-фестываляў. Напрыклад, на плошчы Леніна, якая падчас такіх грандыёзных мерапрыемстваў пераўтвараецца ў вялікі фуд-корт, разгорнецца мясны фестываль. Новым эпізодам стане бібліялетнік, прысвечаны літаратуры розных народаў. Каля доміка гродзенскай пісьменніцы Элізы Ажэшкі будуць гучаць вершы аўтараў розных нацыянальнасцяў у перакладзе. Тыя, хто наведае Новы замак, змогуць пазнаёміцца з турыстычным патэнцыялам Беларусі.

Асобны раздзел — выстаўкі. Адна з іх у культурным цэнтры «Фестывальны» тэматычная і збярэ самыя яркія фотаімгненні папярэдніх свят.

Дарэчы, фоталетапіс мінулых святаў будзе прадстаўлены на гарадскіх вуліцах.

Не застануцца па-за межамі свята і юбілеі. Самаму галоўнаму — 80-годдзю вызвалення Беларусі — будзе прысвечана патрыятычная выстаўка ад Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У дні фестывалю мяркуецца адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў памяць ахвяр генацыду беларускага народа, якія загінулі на тэрыторыі гродзенскай турмы. Таксама адбудзецца прэзентацыя кнігі «80 мірных гадоў». Знойдзецца месца і для дыялогавых пляцовак. У іх ліку «Адзінства народаў — залог Вялікай Перамогі», «Беларусь — наш агульны дом».

Праз увесь фестываль пройдзе тэма сям’і. І гэта не дзіўна. Бо фестываль пазіцыянуе Беларусь як адзіную шматнацыянальную сям’ю, дзе ёсць сяброўства, павага, традыцыі, жаданне жыць у міры і згодзе.

Трэці, заключны, дзень працягнецца на Аўгустоўскім канале. Традыцыйнае месца масавых мерапрыемстваў — шлюз Дамброўка. 

Апоўдні тут разгорнецца гандаль, кірмашы рамеснікаў, выступяць танцавальныя калектывы, адбудзецца конкурс па лоўлі рыбы, спаборніцтвы лесарубаў, флэшмоб у нацыянальных касцюмах, колар-фэст, конкурс харэаграфічнага мастацтва, пеннае шоу, вячэрняе фаер-шоу і многае іншае. Як і належыць сямейнаму адпачынку, на канале будзе нямала дзіцячых пляцовак і атракцыёнаў. У тым ліку дзіцячы гастранамічны фэст.

Трэба сказаць, што фестывальная тэматыка літаральна ахапіла ўвесь горад. Вядзецца ўстаноўка банераў, інсталяцый, упрыгожваюцца кветкамі гарадскія клумбы. Не засталіся ўбаку і вытворцы прадуктаў. На прылаўках крам з’яўляюцца тавары з лагатыпам свята — хлебныя, кандытарскія вырабы, малочныя прадукты. Шмат падрыхтавана сувенірнай прадукцыі з сяміколернай кветкай.

Дарэчы, вясёлкавыя пялёсткі «расцвілі» і на галоўным прызе фестывалю — хрустальнай вазе арыгінальнай формы, якую прыдумалі і ўвасобілі работнікі шклозавода «Нёман» у Бярозаўцы. Днямі ўсе 50 прызоў паступілі да арганізатараў фэсту. Спецыялісты завода з самага пачатку фестывальнага руху штогод пастаўляюць распрацаваныя імі вырабы ў якасці прызоў. І гэтыя творы кожны год розныя.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.