Вы тут

Якія хваробы сістэмы кровазвароту найбольш распаўсюджаныя ў беларусаў?


Хваробы сістэмы кровазвароту па-ранейшаму лідзіруюць у структуры прычын смяротнасці беларусаў. З чым гэта звязана? Пры якіх сімптомах неабходна выклікаць хуткую дапамогу? З якімі памылкамі пацыентаў часцей за ўсё сутыкаюцца спецыялісты, і які міф ім даводзіцца ўвесь час выкрываць?

Размаўляем пра гэта з намеснікам дырэктара па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі РНПЦ «Кардыялогія», кандыдатам медыцынскіх навук Наталляй Шыбека.


— Мала знойдзецца дарослых, якія б не ведалі, што варта рабіць для прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў: пра гэта чуеш і чытаеш увесь час. Разам з тым кардыялагічная паталогія па-ранейшаму працягвае расці. Чым, Наталля Аляксандраўна, Вы гэта тлумачыце?

— Навукова даказана: уклад сучасных дыягнастычных і лячэбных тэхналогій у зніжэнне смяротнасці ад хвароб сістэмы кровазвароту (ХСК) — усяго 20%, астатняе залежыць ад прафілактыкі. Так, сёння ўжо ўсім вядома, што залішняя вага, высокі халестэрын, курэнне, гіпадынамія вядуць да развіцця сардэчна-сасудзістай паталогіі.

Але ведаць — гэта адно, а выключыць для сябе гэтыя фактары рызыкі — іншае. Сучасны рытм жыцця, пастаянныя стрэсы, праца за камп’ютарам, незахаванне рэжыму працы і адпачынку, даступнасць фаст-фуду, нізкая фізічная актыўнасць — усё гэта правакуе рост ХСК.

— Мужчыны ці жанчыны часцей пакутуюць ад ХСК?

— Гарманальны фон жанчын адрозніваецца ад мужчынскага, таму да пэўнага ўзросту жанчыны менш схільныя да атэрасклерозу і ішэмічнай хваробы сэрца (ІХС). Жаночыя гармоны-эстрагены выконваюць ахоўную ролю. Як толькі ў жанчын пачынаецца менапаўза, яны, на жаль, імкліва даганяюць мужчын па захворванні ІХС, у тым ліку інфарктам міякарда.

— Якія новыя метады выкарыстоўваюцца сёння для лячэння кардыялагічнай паталогіі? Ці дазваляюць яны дабіцца рэальнага паляпшэння сітуацыі?

— Пры тым, што смяротнасць ад ХСК не зніжаецца, дзякуючы медыцынскім інавацыям памяншаецца працэнт выхаду гэтай катэгорыі пацыентаў на інваліднасць. Так, пры вострым каранарным сіндроме (любым стане, абумоўленым раптоўным памяншэннем кровазабеспячэння сэрца, што прыводзіць да развіцця інфаркту міякарда — заўв. аўтара) рызыка раптоўнай смерці вельмі высокая. Аднак пры своечасовым звароце можна не толькі выратаваць жыццё, але і захаваць яго якасць, працаздольнасць. Пры падазрэнні на інфаркт міякарда пацыенту робяць каранаграфію, якая дазваляе ўбачыць малюнак сасудаў сэрца. Доступ да сэрца забяспечваецца праз перыферычную артэрыю (у пахвіне або перадплеччы). Калі з-за атэрасклерозу або тромба сасуд сэрца звужаны, у каранарную артэрыю з дапамогай катэтара імплантуюць стэнт — ён павялічвае прасвет сасудаў. У выніку ў міякардзе аднаўляецца кровазабеспячэнне, памяншаецца ішэмія сэрца і плошча яго пашкоджання.

Амаль усе выпадкі інфаркту міякарда зараз лечацца эндаваскулярна — без агульнага наркозу і раскрыцця грудной клеткі. У апошнія гады часта ўжываецца гібрыдная хірургія, якая спалучае эндаваскулярныя метады і традыцыйную кардыяхірургію, што дазваляе «за адзін заход» вырашыць праблемы пацыента. Таксама актыўна развіваецца радыёчастотная абляцыя (РЧА), якая выкарыстоўваецца для лячэння парушэнняў сардэчнага рытму (арытміі).

— Пры якіх сімптомах неабходна выклікаць хуткую дапамогу?

— Характэрныя прыкметы стэнакардыі: давяча-сціскальны, пякучы боль за грудзінай, які можа распаўсюджвацца ў ніжнюю сківіцу, левую руку, пад левую лапатку. Часцей за ўсё гэтыя сімптомы звязаны з фізічнай нагрузкай: напрыклад, пасля хады ці працы на дачы. Пры іх з’яўленні неабходна вымераць артэрыяльны ціск (АЦ). Калі ён нармальны або павышаны, прыняць пад язык адну таблетку нітрагліцэрыну. Калі праз 15 — 20 хвілін пасля гэтага боль не знікае, трэба выклікаць хуткую. Калі ж боль праходзіць, дастаткова звярнуцца ў паліклініку, каб пракантраляваць ЭКГ і выканаць аналізы, а пры неабходнасці — атрымаць накіраванне ў клініку.

— Ці праўда, што кардыялагічныя парушэнні могуць выяўляцца не толькі болем у вобласці сэрца, пякотай за грудзінай, але і такімі сімптомамі, як ацёкі ног, пульсацыя вен на шыі, заслона ці мушкі перад вачыма, мяшкі пад імі, сінія вусны, ксантомы на скуры і іншымі?

— Так, праўда. Але заўсёды важна ўлічыць скаргі пацыента і скласці максімальна поўную карціну захворвання. Напрыклад, ксантомы могуць з’яўляцца пры павышаным узроўні халестэрыну, але гэта не азначае, што ў чалавека абавязкова — ХСК. Ацёкі ног могуць паказваць як на хранічную сардэчную недастатковасць, так і на вянозную. Напуханне шыйных вен часцей за ўсё — прыкмета парушэння кровазвароту, але таксама не заўсёды.

— Для прафілактыкі інфаркту міякарда і інсультаў рэкамендуюць зніжаць высокі «дрэнны» халестэрын (ліпапратэіды нізкай шчыльнасці). Лічыцца, што зрабіць гэта могуць толькі статыны. Але супраць іх у многіх сфарміравана стойкая прадузятасць. Наколькі яна абгрунтавана?

— Як практыкуючы ўрач увесь час сутыкаюся з тым, што пацыенты баяцца прымаць статыны, бо перакананыя: яны прыносяць не карысць сэрцу, а толькі шкоду печані. Аднак, перш чым прызначаць гэтыя прэпараты, спецыялісты вывучаюць біяхімічны аналіз крыві, каб высветліць, як функцыянуе печань. Прыём лекаў кантралюецца, пры непажаданых рэакцыях іх дозы змяншаюць ці адмяняюць іх наогул. Пабочныя эфекты на фоне прыёму статынаў развіваюцца рэдка (у 2-5% выпадкаў), пераважная большасць пераносіць іх добра. У цэлым карысць статынаў несумненная: яны не толькі зніжаюць халестэрын, але і тармозяць развіццё атэрасклерозу, стабілізуючы паталагічны працэс у сценках сасудаў.

— Артэрыяльная гіпертэнзія (АГ) — вельмі распаўсюджаная паталогія сістэмы кровазвароту. Такі дыягназ мае на ўвазе пажыццёвае лячэнне?

— АГ — хранічнае захворванне і патрабуе рэгулярнага прыёму прэпаратаў, якія не даюць ціску павышацца. Усім гіпертонікам спецыялісты рэкамендуюць весці дзённік АЦ. Пры неабходнасці схема і дозы лекаў карэктуюцца.

— Падчас пандэміі Covid-19 многія мужчыны і жанчыны з кардыялагічнымі праблемамі адкладвалі візіты да ўрача. Ці адчулі Вы наступствы гэтага?

— Адчулі. Гэта пацвярджае і статыстыка: за 2020-2021 гады яна сведчыць аб зніжэнні ХСК (у тым ліку і інфарктаў міякарда) у параўнанні з папярэднімі гадамі, а паказчыкі за 2023 год ужо супастаўныя з 2019-м.

— Часцей за ўсё пры скаргах на болі ў вобласці сэрца прызначаюць ЭКГ. Але электракардыяграма не дае вычарпальнай інфармацыі аб стане гэтага органа. Якія сучасныя метады яшчэ выкарыстоўваюцца для яго даследавання?

— ЭКГ рэгіструе, як працуе сэрца ў дадзены момант, яна дазваляе выявіць вострыя формы парушэння рытму і харчавання. Адзін раз у год для прафілактыкі рабіць электракардыяграму рэкамендуецца ўсім. Аднак, каб правільна паставіць дыягназ і прызначыць лячэнне, прымяняецца шэраг іншых інструментальных даследаванняў. Так, сутачнае манітараванне ЭКГ (холтар) дае магчымасць прааналізаваць работу сэрца за суткі, часам за 48 гадзін. УГД сэрца (або эхакардыяграфія) дазваляе выявіць прыроджаныя асаблівасці, парокі сэрца, наступствы перанесеных вірусных інфекцый. Велаэргаметрыя (ці трэдміл-тэст) вызначае індывідуальную пераноснасць фізічнай нагрузкі, тым самым выяўляючы парушэнні сілкавання сэрца (ішэмію). Актыўна пачынае выкарыстоўвацца зараз і стрэс-эхакардыяграфія для высвятлення функцыянальнага рэзерву сэрца.

— З якімі самымі распаўсюджанымі памылкамі з боку пацыентаў з сардэчна-сасудзістай паталогіяй Вам даводзіцца сутыкацца?

— Многія пацыенты, убачыўшы эфект ад лячэння, нярэдка памяншаюць дозу лекаў, а то і спыняюць іх прыём. Неўзабаве сімптомы вяртаюцца, і даводзіцца пачынаць усё нанова. Каб дабіцца ўстойлівага выніку, пацыент павінен давяраць спецыялісту і выконваць усе яго рэкамендацыі.

— Для прафілактыкі сардэчна-сасудзістай паталогіі ўрачы рэкамендуюць скідаць лішнюю вагу, адмаўляцца ад курэння, больш рухацца. Разам з тым, добра вядома: у сталым узросце мяняць звычкі, лад жыцця трэба асцярожна. Дык якой жа стратэгіі прытрымлівацца?

— Я лічу: ад шкодных звычак трэба адмаўляцца адразу, раз і назаўжды. Вырашыў скончыць з курэннем ці не есці пасля 18.00 — пачынай прама сёння. За словамі аб згубнасці «рэзкіх змен», па-мойму, часта хаваецца нежаданне «перазагрузіць» сваё жыццё. Знаходзячыся ў стацыянары, амаль 100% мужчын з інфарктамі міякарда кідаюць курыць. Але пасля лячэння прыкладна палова з іх вяртаецца да цыгарэт, а палова — завязвае з нікацінавай залежнасцю назаўжды, тым самым павялічваючы свае шанцы пражыць доўга і паўнавартасна.

Скідаць лішнюю вагу, павялічваць фізічную нагрузку, вядома, лепш паступова, але пры гэтым ператвараючы здаровае правільнае харчаванне і рух у норму, абавязковы атрыбут жыцця. Не трэба ставіць рэкорды, дастаткова хадзіць пешшу 30 хвілін у дзень, але рэгулярна. Па сабе ведаю — гэта няпроста, але толькі ў самым пачатку. Я, напрыклад, навучылася плаваць толькі ў 30 гадоў. Цяпер раз на тыдзень наведваю басейн, двойчы — заняткі па ёзе, кожны дзень праходжу ў сярэднім тэмпе 5 км. Даўно п’ю каву і гарбату без цукру; не ем пасля 18.00. І сёння ўсё гэта мне ўжо зусім не цяжка, наадварот, прыносіць задавальненне.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота дадзена суразмоўцай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Для непаседаў і іх бацькоў

Для непаседаў і іх бацькоў

Пабывалі ў першай дзіцячай мультыбрэндавай краме «Світанак Непаседа» і даведаліся, што пачым.